Старт гэтай яркай гісторыі — фестывалю “Памяць сэрца — ад пакалення да пакалення” — дала ініцыятыва выхавальніка Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці Мікалая Башкатава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог прапанаваў праз фестываль творчасці ўшанаваць памяць свайго сябра Леаніда Бяліцкага: іх цесна звязаў лёс, абодва вучыліся ў Сызрані і ваявалі ў Афганістане. Ідэя Мікалая Мікалаевіча атрымала гарачую падтрымку ў калектыве. Сёлета прысвечаны Леаніду Бяліцкаму фестываль “Памяць сэрца — ад пакалення да пакалення” адсвяткаваў сваё 25-годдзе. Юбілейная дата паслужыла нагодай для сустрэчы з музычным кіраўніком Віцебскага кадэцкага вучылішча Юрыем Грыгароўскім, які ў творчых справах установы адукацыі стаў пераемнікам Мікалая Башкатава.
Вытокі
Леанід Бяліцкі — выпускнік сярэдняй школы № 3 Віцебска і Сызранскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў. У 26 гадоў ён стаў зампалітам эскадрыллі. Восенню 1983 года эскадрылля з Кобрына вылецела ў Афганістан. На верталёце Мі-8 Леанід здзейсніў звыш тысячы баявых вылетаў. Подзвігі віцябляніна Радзіма адзначыла медалём “За адвагу” і ордэнам “Чырвоная Зорка”. 27 жніўня 1984 года ён зрабіў чатыры баявыя вылеты, падчас апошняга верталёт збілі мяцежнікі. Пасмяротна герой — адзіны з воінаў-інтэрнацыяналістаў Віцебшчыны — быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Родная школа Леаніда Бяліцкага з лютага 2022 года носіць яго імя.
— Юрый Уладзіміравіч, якая галоўная мэта фестывалю?
— Каб удзельнікі і гледачы адчулі адзінства з важнымі вехамі айчыннай гісторыі праз сілу мастацтва. І, несумненна, у ліку мэт фестывалю — развіццё, прапаганда, папулярызацыя песеннай творчасці патрыятычнай накіраванасці ва ўстанове адукацыі. Да выканання на конкурсе дапускаюцца творы сацыяльна-палітычнай і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, уключаючы аўтарскія: пра Вялікую Айчынную вайну і ваенных гадоў, пра Беларусь і родны край, гісторыю дзяржавы, вайну ў Афганістане. Кожны клас рыхтуе не менш за два нумары. Абавязковыя відэасуправаджэнне або інсцэніроўка, якія адпавядаюць тэксту песні. Лепшаму намінанту прысуджаецца гран-пры.
— З чаго пачыналася традыцыя?
— У лютым 2000 года адзінаццацікласнікі гімназіі выступілі на сцэне з літаратурна-музычнай кампазіцыяй, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам: чыталі вершы, ігралі на гітары, выконвалі песні. Тады для ваенна-патрыятычнага класа гэта быў калектыўны творчы дэбют.
Добрая традыцыя прыжылася і вырасла ў фестываль, які з наступнага лютага штогод праводзіўся ў Лужаснянскай гімназіі, а затым і да гэтага дня — у Віцебскім кадэцкім вучылішчы.
Калі прыйшоў працаваць у вучылішча, я адразу з галавой акунуўся ў падрыхтоўку. Афіцыйная назва гэтага прыгожага мерапрыемства — “Памяць сэрца — ад пакалення да пакалення”, але паміж сабой у вучылішчы мы называем яго фестывалем Бяліцкага: “Дзе будзем выступаць?” — “На Бяліцкага”.
— Леанід Бяліцкі сябраваў з музыкай?
— Менавіта так: з песняй, музыкай і, дарэчы, са спортам. У юнацтве вучыўся ў музычнай школе, асвоіў некалькі музычных інструментаў. А заснавальнік і доўгі час галоўны рухавік фестывалю Мікалай Башкатаў выдатна іграе на гітары і з’яўляецца аўтарам многіх песень і вершаў. У тым ліку ён напісаў песню “Лёня”, у якой расказвае пра сяброўства і баявы подзвіг таварыша.
— Напэўна, яе часта можна пачуць на фестывалі?
— Гэта не конкурсная песня, мы яе не ставім у намінацыі. Твор гучыць лейтматывам. Песня-гісторыя, песня-традыцыя…
Творчае сузор’е
— Зоркі першых фестываляў — хто яны цяпер?
— Сёлетні фестываль завяршыўся гала-канцэртам пераможцаў і лаўрэатаў розных гадоў. Мы пастараліся сабраць нашых выпускнікоў — і вучылішча, і гімназіі. Падтрымліваем з імі сувязь. Напрыклад, уладальнікам гран-пры першага фестывалю ў 2001 годзе стаў Сяргей Батурын. Пасля заканчэння авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі яго накіравалі лётчыкам-штурманам верталёта на 50-ю змешаную ордэна Чырвонай Зоркі авіяцыйную базу. У складзе гэтага злучэння ваенна-паветраных сіл некалі служыў Леанід Бяліцкі. У цяперашні час Сяргей Сяргеевіч — інспектар-лётчык галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у званні падпалкоўніка. Ён збіраўся да нас, хацеў выканаць кампазіцыю, пагутарыць з педагогамі і кадэтамі. І ўсё ж афіцэрская служба не дазволіла яму прыехаць. Калі здарыцца такая магчымасць наступны раз, будзем яму рады.
— Ці становяцца дзяўчаты лаўрэатамі?
— Становяцца. З некаторымі мы сустрэліся на фестывалі. Так, прыехалі нашы выпускніцы Кацярына Фокіна, Настасся Казлова, Дар’я Ягадка, Паліна Шыдлоўская. Дар’я, уладальніца гран-пры ў 2020 годзе, выбрала для працягу адукацыі МДЛУ. Кацярына і Настасся — першакурсніцы БДСГА і авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі адпаведна. Там жа вучыцца Паліна, лаўрэат 2023 года.
— Чвэрць стагоддзя — вялікі жыццёвы тэрмін для любога фестывалю. Што абумовіла яго творчае даўгалецце?
— Найперш нашы дзеці, традыцыі ўстановы адукацыі, змена пакаленняў і пераемнасць. Калі ў вучылішча прыходзіць 1 курс, старэйшыя кадэты падахвочваюць навічкоў: “Вось у лютым мы паглядзім на вас, як зможаце выйсці на сцэну!” Плюс, магчыма, сама канцэпцыя фестывалю адыгрывае сваю ролю. Разумееце, справа не ў тым, каб сабраць на канцэрце зорных салістаў і танцораў, шыкоўных дэкламатараў. У шырокім сэнсе наш прыярытэт — максімальна садзейнічаць таму, каб удзельнікі і гледачы выразна асэнсавалі гісторыю, сучаснасць і ўласную ролю ў стварэнні будучыні Радзімы. Мы робім усё, каб кожны навучэнец выявіў свае творчыя магчымасці. Ён пра іх, можа, і не ведае яшчэ. Некаторыя дзеці з нуля за лічаныя месяцы асвойваюць гітару, раскрываюцца як вакалісты. “Не спяваю, не танцую, таму на сцэну не пайду” — не пра нас. Адважыцца на першы крок — варты павагі ўчынак, і гэта норма. Тым больш што таварышы заўсёды падтрымаюць і мы дапаможам.
“А давайце вось гэта паспрабуем!”
— Менавіта для вас чым стаў фестываль за дзесяць гадоў?

— Гэта любімая работа, вучні і выпускнікі. І, канечне ж, творчасць. Стараюся падбіраць рэпертуарны план пад дзяцей, калі яны прыходзяць з прапановамі: “А давайце вось гэта паспрабуем!” Здараецца, прылятаюць узрушаныя, вочы гараць: “Мы адшукалі такую цікавую песню пра Вялікую Айчынную вайну!” — “Як называецца?” — “Не знайшлі, у інтэрнэце пазначана як лірычная песня”. Між тым высвятляецца, што твор мне добра знаёмы, проста дастаткова рэдка гучыць. Натхняе, калі ў творчым пошуку вучні нанова адкрываюць для сябе класіку, невядомую для іх.
— А вы самі на сцэне спяваеце?
— Так. У нас і дырэктар Алег Дзямідаў, і яго папярэднік Сяргей Лагвіненка песні не цураюцца. Сярод кампазіцый, якія мы разам з усёй залай традыцыйна выконваем на завяршэнне фестывалю, — знакамітая “Синева”, неафіцыйны гімн паветраных дэсантнікаў. Атрымліваецца вельмі кранальна.
— Вам даводзілася падчас канцэртаў сустракацца з выпускнікамі на сцэне?
— Бывае часам. Натхняльна і ганарова выступаць у адной праграме з вучнем… Па-за сцэнай у нас з выпускнікамі больш кантактаў. Мы сочым за іх развіццём, падпісаны адно на аднаго ў сацыяльных сетках і месенджарах, радуемся іх поспехам. Яны да нас прыязджаюць у госці. Калі трэба, звяртаюцца па дапамогу — напрыклад, у падборы музычнага матэрыялу. Прыемна назіраць, як выпускнікі, якіх ты падтрымаў у творчасці, становяцца галасамі ўніверсітэтаў. У іх ліку цяперашнія студэнты Марк Асланаў, Уладзімір Ізотаў. Хаця пераемнасць у нас не толькі ў напрамку развіцця вакальных даных. Хтосьці ў вучылішчы раскрыў свой талент у арганізацыі і правядзенні канцэртаў, напісанні сцэнарыяў і сёння паспяхова працягвае гэтым займацца. Хтосьці танцуе, дэкламуе. Творчасць, песня — гэта стан душы і лад жыцця, яна ў любой прафесіі застаецца з чалавекам.
Душэўна і па-дамашняму
— Колькі чалавек аб’ядноўвае фестываль Бяліцкага?
— З 2016-га штогод на фестывалі прадстаўляецца каля 40—48 нумароў з адборачнымі. Гэта звыш 100 удзельнікаў… За чатыры гады навучання ў фестывалі ўдзельнічаюць практычна ўсе нашы кадэты. На працягу некалькіх гадоў ужо традыцыйна да нас далучаецца сярэдняя школа № 3 Віцебска. Сёлета дэбютаваў Пскоўскі кадэцкі корпус: прыбыла дэлегацыя з 15 чалавек, прывезлі тры нумары. Выступілі, ацанілі ўзровень і сказалі: “Хочам прыехаць зноў. Толькі рыхтавацца будзем крыху па-іншаму”. Мы іх абавязкова запросім.
— Якія ў вас планы, звязаныя з фестывалем?
— Развівацца так, каб не страціць каштоўнае, што вызначае аблічча фестывалю. Мы не бяжым стрымгалоў, без разбору расчыняючы новыя дзверы. Калі з’яўляюцца вартыя ідэі, навучэнцы прапаноўваюць нешта цікавае — бяром. Але пашырацца да маштабаў “Славянскага базару ў Віцебску” не імкнёмся. У нас дамашні, душэўны фестываль.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва Ю.ГРЫГАРОЎСКАГА





