Каштоўны вопыт арганізацыі дзейнасці аздараўленчага лагера “Лясны” назапашаны ў Слонімскім раёне Гродзеншчыны. Дырэктарам лагера сёлета зноў, як і ў мінулыя гады, будзе Іна Мандрык, педагог з 4-й слонімскай школы імя П.І.Батава. Многія з яе калег таксама паедуць за горад не ўпершыню, прычым з вялікай ахвотай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Часовы калектыў з моцнымі традыцыямі
“Мы ўсе разам там працуем, дружнай талакой. Бо гэта ж нашы дзеці!” — пачуў я падчас размовы шчырае прызнанне Іны Віктараўны. Яе вопыт работы псіхолагам, а таксама настаўніцай пачатковых класаў (спецыяльнасці атрымала ў Брэсцкім педінстытуце) спатрэбіўся і для адказнай працы ўлетку за горадам — дырэктарам раённага аздараўленчага лагера. Калектыў там не школьны, а часовы. За 30 км ад Слоніма на змены прымаюць рознаўзроставых дзяцей, падлеткаў горада і раёна, бывае, што і Гродна, і нават Расіі — звыш 200 чалавек на кожную. Калі ў 4-й школе, дзе цяпер займаюцца 328 вучняў, практычна ўсіх намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Мандрык бачыць і ведае, то ў “Лясным” — зусім іншая атмасфера, спецыфіка, псіхалогія зносін.
Успамінаю, як у іншай камандзіроўцы пачуў невясёлыя размовы педагогаў: няма грошай, таму і не завершаны бягучы рамонт аздараўленчага лагера. Няма і ў настаўнікаў асаблівага жадання ехаць летам “у лес працаваць”, таму трэба некага прымушаць. Бо лагер быць павінен. І ўжо не добрыя пачуцці кіруюць працэсам, а загады, адміністрацыйныя рэсурсы. Лагер гэты будзе, але з якім каэфіцыентам педагагічнай карыснасці? Як тут не згадаць вядомую ўсходнюю мудрасць: адзін чалавек можа прывесці вярблюда на вадапой, аднак і сто чалавек не прымусяць яго напіцца…
На Слонімшчыне змаглі наладзіць справу так, што ў “Лясны” ўсім хочацца вяртацца: і дарослым, і дзецям. У размове разам з Інай Мандрык удзельнічала яе верная паплечніца і ў школе, і ў аздараўленчым лагеры Алена Лапато, настаўніца хіміі з 4-й школы. Алена Браніславаўна і паведаміла пра летнюю пасаду Іны Віктараўны, калі сказала, што летась яна не змагла быць у школе на выпускным балі: “У яе ж ёсць, акрамя школы, і лагер “Лясны”. Кожнае лета працуе там. Набірае важатых і выхавальнікаў, кухараў, іншы персанал. З дзецьмі пастаянна ў кантакце. Моцныя традыцыі ў лагеры напрацаваны. Карацей, яна там на сваім месцы”.
Усё новае цікава
— Іна Віктараўна, як вы трапілі ў дырэктары?
— Нечакана для мяне тое было. Здаецца, у 2013-м пазваніла ў канцы красавіка Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч, якая ўзначальвала райаддзел па адукацыі. Яна праводзіла нараду па лагерах і запрасіла мяне тэрмінова быць на ёй. Я ж думала, па школьных лагерах пытанне, гэтым я займалася раней, а там ужо мяне як дырэктара “Ляснога” разглядалі. Ён такі на раён адзін: паблізу вёскі Паўлава, па дарозе на Ліду. Гэта быў для мяне сапраўдны шок. У тым лагеры школьніцай я не была. Я з Харашэвіч, са Слонімшчыны, і хоць дачка настаўніцы, але вясковай. Дзялкі давалі ўсім у калгасе і маме таксама: буракі палолі, пазней ільнотрасту паднімалі-вязалі. Летніх клопатаў шмат у вёсцы, а тут лагер. Нават слёзы ў мяне былі, бо ўсё незнаёмае. Але мне сказалі: “Трэба!” — і пераканалі, што я спраўлюся. Перш за ўсё пачала падбіраць людзей: каб камандай брацца за справу. Падтрымала мяне калега і сяброўка, педагог-псіхолаг з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Слонімскага раёна Галіна Іванаўна Шырокава, якая згадзілася працаваць разам. І я зразумела, што мы ўсё адужаем. І ўрэшце праз некалькі гадоў падабраўся ў нас добры калектыў. Першы год быў самы напружаны, але і самы цікавы па эмоцыях. Увогуле, усё новае для мяне цікава.
— Якая ў лагеры матбаза, колькі змен працуе?
— Гэта моцны лагер, з развітой інфраструктурай. Вялізная тэрыторыя, тры карпусы, у якіх жывуць дзеці. Адзін з іх замацаваны за Слонімскім мясакамбінатам: яго рабочыя і рыхтуюць да лета, бягучы рамонт робяць. Працаўнікам СМК і пуцёўкі выдзяляюцца па максімуме. У першым корпусе жывуць падлеткі, у другім — дзеці сярэдняга ўзросту, трэці аддаём малодшым, якім па 6—8 гадоў. Ёсць клуб, сталовая, вялікі медкорпус, адміністрацыйны будынак. Ёсць спартыўныя пляцоўкі, футбольнае поле, летні амфітэатр.
Змен было раней па чатыры штогод, і ў кожнай па 230 чалавек, а сёлета будзе пяць. Раней змены былі па 18 дзён, цяпер будуць па 15 і ў кожнай па 200 чалавек. Плануецца, што так больш поўна задаволім попыт жыхароў раёна, работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў на такую паслугу. Запыты ўсе адрасуюць у райаддзел па адукацыі. Там пуцёўкі размяркоўваюць, выкупляюць іх на бацькоў, якія жадаюць аздаравіць сваіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Калі казаць пра падрыхтоўку да сезона, то два корпусы даводзім да ладу мы, Слонімскі райвыканкам, упраўленне адукацыі, прадстаўнікі школ і дзіцячых садоў. Дапамагаюць і мясцовыя прадпрыемствы. Працуем разам, усё акультурваем. Калі якая арганізацыя чым дапамагае, то мы ў даўгу не застаёмся. І хочацца так усё адладзіць, каб дзецям было камфортна і хацелася ў “Лясны” вяртацца. Каб усё паспець, з красавіка рыхтуемся, камплектуем кадрамі ўсе структуры. Ёсць тыя, хто ездзіць у лагер штогод, — моцны кадравы касцяк педагогаў. Папярэдне вызначаны змены, даты заездаў і выездаў. Гэта важна, бо тыя, хто ў школах і садах працуе, водпускі свае падладжваюць. Мы ж едзем у лагер у свой водпуск.
“Лясны” як слонімскі “Артэк” ці “Зубраня”
— А ці не складана вам без адпачынку, Іна Віктараўна?
— Ёсць такі вядомы выраз: лепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці. А калі папярэдне правільна ўсё наладзіш, то далей атрымліваецца вельмі цікава і займальна. Як дырыжор з аркестрам шмат працуе на рэпетыцыях, а потым выходзіць на сцэну — і нібы музыка сама ўжо гучыць. Вось і мы рыхтуемся старанна і потым ловім “прыгожыя імгненні”, адкрываем дзяцей з іншага боку, чым у школе, заахвочваем да творчасці. У лагеры асаблівая атмасфера, гэта тэрыторыя нейкага іншага жыцця. Алена Браніславаўна таксама наш выхавальнік, ездзіць у лагер даўно. А ёсць і тыя, хто на пенсіі, а летам працягваюць працаваць у лагеры: прыкіпелі душой.
— І вы ўсе пяць змен будзеце ў “Лясным”?
— Раней працавала па некалькі змен, яшчэ прадстаўнікі садоў мне дапамагалі. Цяпер мы, тры завучы слонімскіх школ, дзелім змены паміж сабой. Водпуск мой не бясконцы. Дзве змены магу там адпрацаваць, а іх у нас пяць. У лагеры мы шчыруем дырэктарамі па чарзе, я і мае калегі: Ірына Міхайлаўна Сіняк і Святлана Мікалаеўна Коваль — з 8-й і 9-й школ Слоніма адпаведна. Дамаўляемся. У мяне ў гэтым годзе выпускны 11 клас, я ў ім класны кіраўнік, таму на першую змену не паеду.
— Вы так захоплена гаворыце пра лагер…
— Гэта ўжо не проста частка жыцця… Можна сказаць, гэта непаўторны слонімскі “Артэк” ці “Зубраня”, з якім у тысяч людзей звязаны прыемныя, светлыя ўспаміны. Лагер размешчаны ў вялікім прыгожым лесе, рэчка недалёка — любуемся ёй, але купацца туды не ходзім. У нас ёсць зручныя пераносныя басейны, з імі спакайней важатым і выхавальнікам. Спецыяліст па фізкультуры басейны ачышчае, запаўняе вадой, праводзім там аздараўленчыя працэдуры. Медыкі кантралююць тэмпературу, чысціню вады. Дарэчы, летась мы прымалі абласны семінар Гродзеншчыны: дзяліліся вопытам аздараўлення дзяцей. Было шмат гасцей. У розных намінацыях конкурсу, які праводзіцца сярод падобных лагераў Беларусі, мы займалі прызавыя месцы.
Кожны прыўносіць сваё
— Падзяліцеся вопытам: што цікавае прапануеце хлопчыкам і дзяўчынкам?
— У нас кожная змена мае сваю тэматыку. Яна залежыць, вядома ж, ад падзей у краіне, ад нейкіх памятных дат. Сёлета будзем адзначаць у “Лясным” 80-годдзе вызвалення Беларусі. Адну змену традыцыйна прысвячаем здароваму ладу жыцця, адну — духоўна-маральнаму выхаванню, яшчэ адна творчая. Можа, і лідарская будзе — гэта залежыць ад таго, якія дзеці на змену заедуць. Пад іх падладжваемся. Калі спартсменаў больш, то спартыўная: ім спаборніцтвы, рухавыя гульні патрэбны. Калі з інтэлектуальных школьных клубаў прыязджаюць маладыя людзі, змену больш на інтэлект скіроўваем, каб усім было цікава. Конкурсы розныя абавязкова праводзім. Увогуле, планы вялікія, забяспечваем дзецям усебаковае развіццё, але з нейкай дамінантай. Ёсць у нас піянерскі пакой, ёсць пакой аб’яднанняў па інтарэсах — ад Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У адну змену летась у дзяцей была магчымасць асвоіць азы камп’ютарнага праграмавання пад назвай Scratch. Кожны з педагогаў, які жадае працаваць у лагеры, прыўносіць у яго жыццё нешта сваё.
— Мяркую, дырэктарская пасада зрабіла вас папулярнай на Слонімшчыне…
— Праўду кажаце! Мяне, можна сказаць, увесь горад і раён ведае. Па вуліцы іду і на кожным кроку з кімсьці вітаюся. “Іна Віктараўна, вы ў лагер сёлета едзеце?” — “Еду”. — “І мы едзем! Сустрэнемся!”
Дарэчы, у нас ёсць традыцыя: праводзіць выпускны для падлеткаў, якія вырастаюць і ў лагер ужо не прыедуць. Тым больш што ў лагер некаторыя з 6 гадоў ездзяць. Слёзы развітання, эмоцыі зашкальваюць ва ўсіх. “Лагерных ветэранаў” адзначаем памятнымі падарункамі, сувенірамі. Можна сказаць, мы ўзгадавалі іх у лагеры: заклалі ў іх часцінку сваёй душы, перадалі важныя веды, звычкі. Разумеем тых выхаванцаў, якія зрастаюцца з “Лясным”. Між іншым ёсць лагерныя дзеці, хто засвоіў адметную культурна-духоўную традыцыю, а ёсць і нялагерныя. Дасведчаны выхавальнік лагерных бачыць адразу: у іх асаблівая псіхалогія. У нас вельмі камфортныя бытавыя ўмовы, хутка ідзе сацыялізацыя, лёгка засвойваецца навык жыцця цэлыя суткі ў калектыве, па распарадку. Прывучаем іх і памыць штосьці з адзення, і зашыць, калі трэба. Машыны пральныя ёсць. Часта чуем падзяку ад бацькоў: прыехалі дзеці дадому — многае ўмеюць, больш самастойнымі сталі.
— А калі б яшчэ майстар-клас па гатаванні дранікаў? Цяпер ёсць зручныя электрапліткі — пераносныя, кампактныя.
— Пакуль такое не праводзілі, але ж можна паспрабаваць. Дзякуй за падказку! Мы за тое, каб дзеці як мага больш новых практычных навыкаў асвойвалі ў нас: у жыцці спатрэбіцца.
— Ваш праект, будзем гаварыць мовай эканамістаў, рэнтабельны?
— Так, мы пакрываем усе выдаткі, бо ў нас вельмі дасведчаныя, кампетэнтныя людзі працуюць у райвыканкаме і ва ўпраўленні адукацыі. Яны займаюцца эканомікай праекта, а мы — іншымі, дырэктарскімі, справамі. Да таго ж “Лясны” — гэта не юрыдычная асоба. Мы ўваходзім у структуру раённага ўпраўлення адукацыі. У нас ёсць цэнтр па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі, і яго супрацоўнікі таксама задзейнічаны ў праекце, усё робяць загадзя. Напрыклад, складзены планы на перспектыву: што калі паднавіць, падправіць. А гэта дахі, вокны, дзверы, трубы, санвузлы… Ёсць дапамога ад работнікаў школ і садоў, людзі з прадпрыемстваў часам дапамагаюць — гэта таксама важная справа. Працуем усе разам, талакой. Бо гэта нашы дзеці!
Навошта лічыць зоркі?
— Ну і дзеці, пэўна, самі падтрымліваюць парадак і чысціню?
— Абавязкова! У пакоях ёсць дзяжурныя, праводзім праверкі, выстаўляем адзнакі — рэйтынг па парадку і чысціні складаецца. Па выніках пакой-пераможца заахвочваецца прызам. І ў нас кожную змену выбіраецца найлепшы атрад: па розных паказчыках усё падсумоўваецца. Такім чынам, выбудавана сістэма работы, якая дае магчымасць усім і кожнаму паасобку зарабляць ачкі за добрыя справы. Кожны дзень як своеасаблівая станцыя ў квестах. Сёння добра заслалі ложкі — атрымалі зорачку. Хтосьці на імпрэзе вызначыўся — заахвочваем. І тыя зоркі, якія на працягу змены збірае ўвесь атрад, вывешваюцца на яго стэндзе. Каб іх не падраблялі (бо ўсе ж дзеці хочуць перамагчы), ёсць знакі абароны на зорках. У перадапошні дзень зоркі падлічваюцца і атрад-пераможца не проста ўзнагароджваецца граматай — ён атрымлівае права заняць сваё месца на сцяне ў фотагалерэі як лепшы атрад. Гэта нагода для павышэння самаацэнкі, для гордасці. Наогул, дзівосны свет ствараецца ў лагеры нашымі агульнымі намаганнямі: дарослых і дзяцей. Прычым ён працягвае нябачна існаваць на нейкім узроўні быцця і пасля таго, як усе раз’язджаюцца.
— Можа, вы і летапіс лагера ствараеце?
— Пакуль не: рукі не дайшлі, часу не хапае. Апошняя змена заканчваецца 26 жніўня, і мы — бягом у школу. А там свае клопаты. Праўда, ёсць стэнд пра лагер у гарадскім музеі, прысвечаным гісторыі адукацыі раёна. Цяпер узнікла ідэя ў атрадах даваць заданне актывістам-летапісцам, каб яны ўсё важнае фіксавалі, афармлялі разам з камандзірам атрада маляўнічую старонку змены на ватмане, і потым падшываць гэта ў летапіс лагера. Паспрабуем такое зрабіць.
— Помніцца, у 1976-м я быў у лагеры камсамольскага актыву Брэстчыны “Равеснік”, напісаў верш у насценгазету. І яго потым наступнікі ў іншых насценгазетах перапісвалі: бачыў гадоў праз 7. Вершы, малюнкі, нататкі могуць быць элементамі летапісу лагера.
— Згодна! І ў мяне ёсць сшыткі з апісаннем лагерных падзей, а пісалі гэта дзеці, выхавальнікі. Таксама ў летапіс можна прыкласці. Пашукаем форму. Праўда, цяпер больш запатрабаваны электронны фармат. Хоць жывыя зносіны анічым не заменіш, і такую практыку ў лагеры дзеці асвойваюць. У нас і псіхолаг працуе ў групе па інтарэсах, дае парады юным, як наладзіць узаемадзеянне ў калектыве. Дзеці ўтвараюць часовы калектыў, і нам трэба хутка зрабіць яго моцнай камандай, падказаць хлопцам і дзяўчатам, як пазбягаць дробных спрэчак і канфліктаў, як падтрымліваць камандны дух. А дзеці ж розныя, і гэта рабіць складаней, чым у школе. Мала хто адразу мае навык кругласутачнага жыцця ў калектыве. Таму трэба навічкоў, нялагернікаў, адаптаваць да рэжыму. І прыняць іх так, каб і надалей ім хацелася прыехаць у лагер.
Вось такія ларыкі…
— То можа, замацоўваеце старажылаў за пачаткоўцамі?
— Вы прама думкі нашы ловіце! (Смяецца.) Так і робім. Ёсць куратары: дапамагаюць, падтрымліваюць, падказваюць навічкам, у тым ліку і наконт розных конкурсаў. Толькі заезд — адразу пытаемся, хто быў тут раней. Дзеці рукі паднялі — з улікам гэтага фарміруем потым атрады.
— А спецыяльныя грошы лагерныя ў “Лясным” ёсць?
— І не проста грошы! Праводзіцца займальная, шматхадовая гульня з імі. Ёсць традыцыя: раней ладзіўся дзень ларыкаў, а цяпер дзень бізнесу. Гэта як элемент эканамічнага выхавання і развіцця дзяцей. Ларыкі — нашы грошы: купюры рознай вартасці, адметная папера. Дзеці ў гэты дзень могуць іх зарабляць розным чынам: працуючы, праяўляючы сябе ў спорце, творчасці. Распрацаваны і вывешваецца прэйскурант добрых спраў. Самае простае — шышкі сабраць, градку прапалоць, падмесці частку тэрыторыі. За кожную справу пазначаны кошт у ларыках. Хто зарабіў іх — аддае ў скарбонку атрада. Потым усе разам падлічваюць даход, прыкідваюць, на што можна траціць грошы. Для гэтага таксама распрацаваны прэйскурант. Нават можна сваю справу адкрыць, аказваць паслугі: дзяўчынкі фарбуюць пазногці, прычоскі робяць, татушкі. А яшчэ выхавальнік можа праспяваць за ларыкі песню-калыханку ці пачытаць казку на ноч. Можна выкупіць зарадку — не выходзіць на яе ў наступны дзень. Ці набыць прабежку з прадстаўніком адміністрацыі за тэрыторыяй лагера, да рэчкі прагуляцца, падоўжыць дыскатэку на 15 мінут. У цане і такое: чаю папіць з дырэктарам лагера. Так што і я ў гэтай гульні з ларыкамі таксама ўдзельнічаю.
— Я дадаў бы яшчэ да чаю і ўзбітых вяршкоў, напрыклад, і фінікаў з фісташкамі…
— Вось бачыце: і вы ўжо ў гульні, калі пра такое кажаце. А ўявіце сабе, колькі эмоцый у дзяцей! Яны цэлы дзень у неймаверным руху. Бывае, столькі заробяць, што даводзіцца падаўжаць тэрмін дзеяння ларыкаў. А калі ў гэты дзень да іх у госці хто прыязджае, дык некаторыя хутка забіраюць, што ім прывезлі, ды бягом ларыкі зарабляць: “Мама, усё, няма калі: у нас сёння ларыкі!”
— Дзякуй вам за цікавую размову, Іна Віктараўна! Так расказваеце, што хочацца да вас у “Лясны” прыехаць і таксама крыху ларыкаў зарабіць…
— То прыязджайце! Лагер — гэта наша любімае месца. Людзі з маёй каманды, калегі проста ўлюбёныя ў яго. І начальнік упраўлення адукацыі Святлана Віктараўна Валько, і намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч адданыя лагеру, гэта іх дзецішча, яны стараюцца зрабіць усё магчымае, каб там было камфортна як дзецям, так і работнікам. Увогуле, многія зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць у “Лясным” узорны парадак, каб усё было ў ім прыгожым і ўтульным. Што да мяне, то я ні разу не пашкадавала, што згадзілася на такую клопатную і ў той жа час вельмі творчую летнюю пасаду.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Іны МАНДРЫК