Як змагацца з ГРУБАСЦЮ?!

- 13:57Псіхалогія +, Рознае партфолiо

ДЫЯЛОГ З ЧЫТАЧОМ

Нават самы прафесійны, ураўнаважаны, добры педагог хоць аднойчы сутыкаўся з грубасцю дзіцяці, падлетка, магчыма, і дарослага. Вядома, хваляваўся, разважаў над прычынамі, шукаў адказ на пытанне “як з гэтым быць”? Бо грубасць непрыемная і небяскрыўдная нават для чалавека, ад якога яна зыходзіць. Каб пачаць барацьбу з гэтай праявай у чалавечых паводзінах, важна зразумець, што гэта такое. Грубасць — сацыяльна-псіхалагічная рыса чалавека, розныя праявы жорсткасці ў стасунках, непачцівасці, чэрствасці, няветлівасці, пэўнага кшталту душэўнай блізарукасці (А.Я.Анцупаў, А.І.Шыпілаў, Слоўнік канфліктолага, 2009 г.).
Грубасць можна разгледзець і як праяву псіхалагічнага насілля ў зносінах, агрэсіі. Многія справядліва лічаць, што вытокі такога спосабу ўзаемадзеяння дзіцяці са светам трэба шукаць у сям’і. Некаторыя бацькі ўпэўнены, што самы хуткі і эфектыўны спосаб выхавання — гвалт. Аднак навукоўцы псіхолагі перасцерагаюць, што такое выхаванне перашкаджае развіццю асобы, здольнай кантраляваць свае паводзіны і не толькі. Плён выхавання ў такім стылі: неўрозы, псіхасаматычныя захворванні, сур’ёзныя дэфармацыі асобы. Напэўна, кожны чытач можа прыгадаць сцэнку з жыцця, дзе ён стаў сведкам славеснай і неславеснай агрэсіі бацькоў у адносінах да дзяцей. Даволі часта бацькі не ведаюць пра ўзроставыя нормы і патрабуюць ад сваіх дзяцей немагчымага. Напрыклад, каб дзіця ведала, калі захоча ў туалет, каб чатырохгадовы малы разумеў, што такое 10 хвілін або паўгадзіны, каб стаяў на месцы спакойна ў 5-гадовым узросце, каб разумеў тэрміналогію з прафесіі бацькоў і прагназаваў наступствы ўсіх сваіх учынкаў у падлеткавым узросце.
Адзін мой знаёмы расказваў, што ў дзяцінстве ўвесь час хацеў высветліць у сваіх бацькоў, што азначае іх просьба “будзь чалавекам”. Часта бацькі ставяць дзіця ў становішча, у якім яно вымушана адчуць бездапаможнасць, сорам, віну і прыніжэнне ў экстрэмальнай для яго сітуацыі, замест таго, каб падтрымаць, суцешыць, дапамагчы. На жаль, у адносінах да дзіцяці так могуць праяўляць сябе і іншыя дарослыя. Акрамя шкоды псіхалагічнаму здароўю, ёсць яшчэ адзін вельмі сур’ёзны мінус у такім выхаванні: дзіця не можа навучыцца якасным мадэлям паводзін. Асновай для прыняцця агрэсіўнасці як галоўнай формы паводзін служыць не толькі асабісты вопыт дзіцяці. Яго акружае шмат крыніц, здольных навучыць агрэсіўнасці: камп’ютарныя гульні, тэлебачанне, інтэрнэт. І ўсё ж самым важным “настаўнікам” агрэсіўных паводзін (грубасць — адна з праяў агрэсіўнасці) з’яўляецца сям’я.
Калі настаўнік сутыкаецца з грубасцю падапечнага, то яму трэба з гэтым штосьці рабіць. Змяненне грубых маўленчых паводзін — такі ж складаны працэс, як і выхаванне ў цэлым. Задача максімум у такіх абставінах — пераканаць вучня, што грубасць не з’яўляецца прыкметай сілы, навучыць новай мадэлі паводзін.

Каб адэкватна процістаяць грубасці, педагогу неабходна задумацца аб прычынах такіх паводзін падапечнага і нават па магчымасці паспрабаваць вывучыць гэтыя прычыны. Агрэсія ў дзяцей і падлеткаў — гэта, перш за ўсё, рэакцыя на фізічны, псіхічны дыскамфорт, стрэсы. Прычыны грубасці могуць быць самымі разнастайнымі: сямейнымі, асабістымі, сітуатыўнымі, сацыяльна-біялагічнымі.
У любым выпадку, змагаючыся з грубасцю дзіцяці, паспрабуйце ўзяць у саюзнікі бацькоў. Райце ім прааналізаваць сваё маўленне, паводзіны на прысутнасць у іх агрэсіі. Растлумачце ім, што наступны за маўленчай агрэсіяй крок — агрэсія фізічная, і што калі ў сям’і дзейнічаюць двайныя стандарты, цяжка спадзявацца, што дзіця не возьме прыклад з бацькоў. Раскажыце мамам і татам, што адказваць грубасцю на грубасць дзіцяці непрадукцыйна. Гэта тое ж самае, што часаць камарыны ўкус, раскалупваць рану, гэта значыць, наносіць сабе пашкоджанні, якія не маюць сэнсу. Важна вучыцца самавалоданню і не даваць толькі эмоцыям вызначаць вашы ўчынкі. Важна, каб у сямейным жыцці не атрымлівалася так, што толькі дзёрзкасць і грубасць сына, дачкі прыцягвала да іх пільную ўвагу сям’і.
Зацікаўленасць трэба праяўляць да пазітыўных паводзін. Гэты ж прынцып варта параіць выкарыстоўваць дзіцяці, калі да яго звяртаюцца груба, калі яго дражняць. У гэтым выпадку важна трэніравацца валодаць сабой, захоўваць спакой, адстойваць сваю пазіцыю. Такі стыль процістаяння не заўсёды адразу спыніць агрэсара, ніколі яго не пераробіць і не правучыць, але дазволіць парушыць планы грубіяна. Агрэсар хоча, каб адрасат яго нападу ўдзельнічаў у зносінах па яго сцэнарыі, гэта значыць, рэагаваў, мучыўся, нерваваўся. А вось калі “ахвяра” катэгарычна не ўспрымае абразы, то і абражаць з часам становіцца нецікава. Раскажыце дзецям гісторыю, якая дапоўніць параду і надасць сілы супраціўляцца грубасці разумнымі сродкамі.
Малады самурай пачаў абражаць свайго настаўніка-старога: ён кідаў у яго камяні, пляваўся і лаяўся. Але стары заставаўся спакойным і працягваў заняткі. У канцы дня раздражнёны і стомлены малады баец пайшоў ні з чым. Вучні, здзіўленыя тым, што стары выцерпеў столькі абраз, спыталіся ў яго:
— Чаму вы не выклікалі яго на бой? Няўжо спалохаліся паражэння?
Стары самурай адказаў:
— Калі нехта падыдзе да вас з падарункам і вы не возьмеце яго, каму будзе належаць падарунак?
— Свайму ранейшаму гаспадару, — адказаў адзін з вучняў.
— Тое ж адбываецца з зайздрасцю, нянавісцю і лаянкамі. Да таго часу, пакуль ты не прымеш іх, яны належаць таму, хто іх прынёс.

Сустракаючыся з грубасцю ў прафесійнай дзейнасці, педагогу вельмі важна выбіраць спосабы рэагавання ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Існуе некалькі спосабаў і прыёмаў.
Спосаб “Няўцягванне” дапаможа пагасіць маўленчую агрэсію ў вострай сітуацыі. Можна захоўваць спакой нават у самых стрэсавых сітуацыях, хоць гэта не заўсёды лёгка. Калі чалавек хоча абразіць, трэба задаць сабе пытанне: “Навошта?”. Ці самасцвярджаецца ён за ваш кошт, ці хоча пазбавіцца ад свайго раздражнення? Пасля асэнсавання прычынна-выніковых сувязей лягчэй выбраць мадэль паводзін. Выкарыстанне прыёму “Няўцягванне” можна пачаць з думак аб тым, што ў агрэсара быў цяжкі дзень. Зрабіць дзесяць глыбокіх удыхаў і выдыхаў. Падысці да акна і разгледзець які-небудзь аб’ект, што знаходзіцца ўдалечыні. Прыбярыце хаця б на некаторы час тыя струны, на якіх іграе ваш крыўдзіцель, тое, за што вас можа зачапіць агрэсар. На грубасць інстынктыўна хочацца адказаць грубасцю. Аднак сучасныя псіхолагі-даследчыкі падкрэсліваюць, што зло і насілле толькі спараджаюць самі сябе. Калі ўсё ж вам здаецца, што варта актыўна процідзейнічаць грубасці, то ёсць і такія спосабы.
Спосаб “Мастацтва пытання”. Спрактыкаваныя спецыялісты ў галіне вядзення дыялогу кажуць: “Хто пытае, той і кіруе!”. Пытаннем можна запатрабаваць тлумачэнні. Настойваць на справядлівасці, падбадзёрваць, унушаць, патрабаваць прывядзення фактаў, канкрэтызацыі выказванняў суразмоўцы. Не саромейцеся адказваць пытаннем на пытанне. Пачатковы, самы мяккі прыём самаабароны ў рамках спосабу “Мастацтва пытання” — гэта “псіхалагічны заслон”. Сваімі ветлівымі і канкрэтнымі заўвагамі, пытаннямі можна абмежаваць асабістую прастору, даючы зразумець суразмоўцу, што ён робіць замах на чужую тэрыторыю. Вось прыклады такіх адказаў: “Дзякуй за вашу ўвагу, хіба вам трэба пра гэта турбавацца; прашу вас, не турбуйцеся…; даруйце, але хіба гэта ваша справа?”. У выпадку выкарыстання прыёму вельмі важная інтанацыя. Вашы выказванні павінны гучаць па-сапраўднаму ветліва.
Спосаб “Апісанне дзеянняў”. З дапамогай апісання дзеянняў грубіяна можна пераключыць увагу на яго асобу. Педагогу варта карыстацца гэтым спосабам з асаблівай асцярожнасцю ў дачыненні да навучэнцаў і іх бацькоў, не перастарацца. Любое дзеянне суразмоўцы можна падаць у выглядзе карціны, намаляванай не фарбамі, а словамі. Агрэсару здаецца, што навакольныя ўспрымаюць толькі яго словы, а яго самога не бачаць, не ацэньваюць. Таму, каб збянтэжыць грубіяна, варта апісаць яго паводзіны. Напрыклад, “Вы самі чуеце, што зараз гаворыце (пераказваеце сваімі словамі)”, “Вы разумееце, што зараз выглядаеце (апісвайце сваімі словамі ў рамках культуры)”. Вельмі эфектыўны і далікатны як апісанне дзеянняў прыём Мілтана Эрыксана (вядомага гіпнапсіхатэрапеўта) “Метафары і расказы”. Метафара ўяўляе сабой выгляд ускоснага ўнушэння. Метафара пераносіць сэнс, абыходзячы свядомы кантроль і бар’еры. Гэты прыём мы ўжо выкарыстоўвалі, калі пераконвалі ў дзейснасці спосабу “Няўцягванне” (гісторыя пра падарунак).
Спосаб “Іронія і гумар”. Удалы жарт здольны зменшыць або наогул ліквідаваць раздражненне суразмоўцы. З.Фрэйд быў упэўнены, што варта выкарыстоўваць дасціпны адказ, які прыходзіць нам сам па сабе, без асаблівага напружання. Вось жарт, які з’яўляецца годным прыкладам пераймання: “Калі вас нешта бянтэжыць ува мне — не абавязкова паведамляць мне аб гэтым, паспрабуйце перажыць узрушэнне самастойна…”.
Здараецца, што педагогу неабходна абараніцца ад некарэктных заўваг. У гэтым выпадку дапаможа прыём “Перарыванне. Разрыў шаблону”. Лагодная шчырая ўсмешка ў адказ на хамства — адзін з прыкладаў прымянення.
Прыём “Так, але…”. Эзоп калісьці прымяніў гэта, параіўшы пагадзіцца выпіць мора, але каб да гэтага аддзялілі мора ад вады рэк, якія ў яго ўпадаюць.
Прыём “Эўфемізм”. Калі ў ваш адрас выкарыстоўваюцца лаянкавыя словы і вы не ўтрымліваецеся ад адказу, то замяняйце грубыя выказванні прымальнымі. Напрыклад, на абразу можаце адказаць: “Так. Я асаблівы (асаблівая)”.

Агульныя парады для бацькоў і педагогаў па рэагаванні на грубасць дзіцяці, падлетка могуць быць такія:
— Накіроўвайце свае заўвагі на паводзіны, а не на асобу дзіцяці. Напрыклад, “Калі я гавару з табой, ты адварочваешся, сыходзіш. Гэта праява непавагі. Не трэба так больш рабіць”.
— Навучыцеся гаварыць з дзіцем нароўні, а не сюсюкайце і не прыгнятайце — дайце яму адчуць сваю значнасць, каб яно не шукала іншых спосабаў для атрымання гэтага адчування.
— Тлумачце дзіцяці, як правільна, а як не; што можна, а што нельга. Не думайце, што яно само ведае, як трэба правільна сябе паводзіць.
— Нават калі дзіця няправільна і груба сябе паводзіць, рабіце яму заўвагу толькі сам-насам, а не ў прысутнасці іншых дарослых або дзяцей.
З малодшым школьнікам дапаможа апора на станоўчы “Я-вобраз”: “Ты ж разумны, добры, а так кажуць толькі слабыя, неразумныя і жорсткія!”. З малодшым школьнікам дзейснай мерай будзе пераключэнне ўвагі. Якое-небудзь нечаканае пытанне зусім не аб прадмеце спрэчкі, жарт, заўвага (“Пачакай, а памятаеш, мінулым летам…”) дапамогуць не ўзмацняць вастрыню канфлікту. Але потым, у спакойнай абстаноўцы, прыйдзецца пагаварыць з дзіцем аб тым, як яно само ставіцца да сваёй грубасці. І з малодшым школьнікам, і з падлеткам можна паспрабаваць прыём “Частковай згоды”. Яго сэнс у тым, што дарослы пагаджаецца з пачуццямі дзіцяці, прымае іх, але не згаджаецца з формай іх выражэння. Гэта значыць, бацькі быццам падымаюцца над сітуацыяй. “Я разумею, што ты засмучаны… Я бачу, што табе крыўдна… Я згодны, што табе непрыемна, але…” . Гэта вельмі дзейсны прыём ва ўсіх тых выпадках, калі грубасць дзіцяці выклікана нейкімі негатыўнымі псіхалагічнымі перажываннямі. Бо якраз тут “грубіян” жадае не нагрубіць, а выплюхнуць эмоцыі, хоча, каб яго зразумелі.
Надавайце больш увагі дзецям, дарыце больш свайго душэўнага цяпла, будзьце сумленнымі і шчырымі з імі. Тады ў нашых сыноў, дачок, выхаванцаў і навучэнцаў будзе ўсё добра! Чалавек, у якога ўсё добра, грубіць не будзе, так робіць толькі той, каго мучыць унутраны боль, няўпэўненасць у сабе, недахоп чалавечага цяпла і прызнання навакольных. Паспрабуем вучыцца ўзаемаразуменню ўсе разам: дзеці, бацькі, педагогі. Мы ўсе ў адной звязцы, і залежым адзін ад аднаго, як альпіністы падчас узыходжання. Калі дзіця адкрые нам сваю душу і сэрца, то так лёгка будуць любіць яго бацькі, педагогі, увесь свет.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.