Зрабіць урок эфектыўным настаўніцы пачатковых класаў нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна Алене Бурко дапамагаюць шматлікія метады і прыёмы. Іх настаўніца падбірае, гледзячы на здольнасці кожнага навучэнца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Быць настаўніцай пачатковых класаў Алена Бурко хацела з дзяцінства. Па прызнанні педагога, вялікая роля ў гэтым належыць тым, хто яе вучыў.
“У мяне былі самыя лепшыя настаўнікі, — адзначае Алена Бурко. — Яны кожны дзень захоплена і ўмела перадавалі нам свае веды і ўменні. Гледзячы на іх, мне хацелася так жа ўмела супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, перадаваць ім веды, вучыць”.
Пасля заканчэння МДПІ імя А.М.Горкага (сёння БДПУ) малады спецыяліст засталася працаваць у сённяшняй гімназіі № 20 Мінска. Алена Аляксандраўна дагэтуль памятае свае першыя ўрокі і першых вучняў.
“У першы год маёй работы я вучылася разам з імі, шукала метады і прыёмы, якія дапамаглі б навучыць кожнае дзіця, — гаворыць настаўніца. — Можа, не заўсёды гэта атрымлівалася з першага разу. Мне пашанцавала, што побач са мной працавалі таленавітыя калегі, якія ў многім дапамагалі. Нягледзячы на тое, што я вярнулася працаваць у родную школу ў курортны пасёлак Нарач, мы і сёння падтрымліваем зносіны. Я ніколі не шкадавала аб выбары прафесіі, таму кожны год у Дзень настаўніка нагадваю калегам, што гэта дзень нашага прафесійнага дня нараджэння. Дзеці тонка прыкмячаюць фальш у паводзінах дарослых, таму мы павінны быць для іх прыкладам. Прычым важна быць прыкладам ва ўсім: у паводзінах, у камунікацыі, у адносінах адно да аднаго. Для дзяцей, якія вучацца ў пачатковай школе, вельмі важна правільна арганізаваць рэжым дня, каб само дзіця было здаровым, каб у яго былі ўмовы для працы і адпачынку. Таксама важны бацькоўскі кантроль, тактоўны і ненадакучлівы, развіццё самастойнасці, адказнасці. Калі ўсё вышэйпералічанае выконваецца, настаўнік, прымяніўшы сваё педагагічнае майстэрства, можа арганізаваць навучанне так, каб школьнікі не проста атрымлівалі веды, а набывалі ўменне вучыцца, прымаць актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе, захоўвалі цікавасць да ведаў. Такога выніку можна дасягнуць, калі сям’я і школа аб’яднаюць свае намаганні”.
Разважаючы над тым, якімі якасцямі павінен валодаць першы настаўнік, каб захапіць дзяцей і выклікаць цікавасць да вучобы, Алена Аляксандраўна вывела сваю ідэальную формулу: “Для педагога важна любіць дзяцей, любіць кожнае дзіця, моцнае і слабое, хуткае і марудлівае. Менавіта праз такія адносіны можна дастукацца да кожнага маленькага школьніка, зачапіць стрункі яго душы, развіць жаданне пазнаваць свет, хадзіць у школу з задавальненнем, падтрымліваць зносіны з аднакласнікамі. Прызначэнне настаўніка ў тым, каб дапамагчы вучню раскрыцца як асобе, навучыць яго вучыцца, працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі і вылучаць у ёй галоўнае і патрэбнае для сябе”.
Сучасны настаўнік павінен планаваць урок так, каб на ім дзеці не толькі атрымлівалі веды, але і каб усё, што адбываецца на занятках, выклікала ў малых шчырую цікавасць, захопленасць. Вучань у працэсе навучання набывае ўменне прымаць самастойныя рашэнні і вырашаць праблемы, самастойна атрымліваць новыя веды і імкнуцца да самаадукацыі, умець працаваць у камандзе. А.Бурко зазначыла, што для таго, каб урок прайшоў паспяхова, трэба загадзя прадумаць кожны яго этап, прадбачыць розныя сітуацыі, падабраць эфектыўныя метады і прыёмы ў залежнасці ад здольнасцей кожнага вучня ў класе. Гэта значыць, што настаўніку важна пастаянна самаадукоўвацца.
Алена Бурко прымала ўдзел у рабоце абласных творчых груп па такіх кірунках, як “Выкарыстанне ІКТ у прафесійнай дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў”, “Распрацоўка алімпіядных заданняў для вучняў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, “Распрацоўка вучэбных модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу” і інш.
Педагог праводзіла майстар-клас у рамках рэспубліканскага семінара-практыкуму для членаў творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў у АПА, а таксама вучэбныя курсы для студэнтаў БДПУ. А.Бурко з’яўляецца аўтарам і суаўтарам дапаможнікаў для настаўнікаў і навучэнцаў пачатковых класаў, артыкулаў у навукова-метадычных часопісах, зборніках навукова-практычных канферэнцый. З’яўлялася членам творчай групы праекта Нацыянальнага інстытута адукацыі “Правядзенне доследнай праверкі вучэбных выданняў для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе”.
Педагагічныя тэхналогіі
Цікавымі і прадукцыйнымі ўрокі атрымліваюцца толькі тады, калі падчас іх правядзення настаўнік выкарыстоўвае і спалучае элементы з розных педагагічных тэхналогій. Менавіта таму Алена Бурко пастаянна вывучае вопыт вядомых педагогаў, развіваецца і павышае свой прафесійны ўзровень.
“Я пераканалася, што найбольш эфектыўнымі ў рабоце з дзеткамі з’яўляюцца метад праблемнага выкладання матэрыялу, часткова-пошукавыя, даследчыя метады, метад калектыўнага ўзаемадзеяння, — пералічыла педагог. — Мне вельмі падабаецца праводзіць інтэграваныя ўрокі, выкарыстоўваць элементы тэхналогіі крытычнага мыслення. І, вядома, нельга абысціся на ўроку без дыдактычнай гульні, групавой работы, работы ў парах”.
Самымі прадукцыйнымі настаўніца называе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія прымяняе ў навучанні не першы год. У 2008 годзе Алена Аляксандраўна ўжо была аўтарам педагагічнага праекта “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у пачатковай школе”. З прадстаўленнем гэтага праекта на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года — 2011” яна заняла 2-е месца.
“Гэта падштурхнула мяне да далейшага вывучэння камп’ютарных праграм, — прызнаецца педагог. — З іх дапамогай сёння ствараю прэзентацыі, інтэрактыўныя плакаты, слайд-фільмы для тлумачэння новага матэрыялу, інтэрактыўныя заданні, такія як аблокі слоў, крыжаванкі, запаўненне пропускаў і інш. Для замацавання пройдзенага матэрыялу прапаноўваю вучням тэсты для кантролю ведаў. Выкарыстоўваю, вядома, і гатовыя вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах, якія таксама лічу выніковымі ў рабоце з дзецьмі”.
А.Бурко ўпэўнена, што дасведчанае, абгрунтаванае выкарыстанне ІКТ спрыяе павышэнню эфектыўнасці навучання і фарміраванню ключавых і прадметных кампетэнцый навучэнцаў. Інфармацыйныя тэхналогіі значна пашыраюць для настаўніка магчымасці прадстаўлення вучэбнай інфармацыі, замацавання і кантролю ведаў. У спалучэнні з традыцыйнымі метадамі Алена Аляксандраўна прымяняе ІКТ на пэўным этапе ўрока, у залежнасці ад яго мэт і задач.
“Прымяненне ІКТ у вучэбным працэсе дазваляе павысіць якасць засваення матэрыялу навучэнцамі, ажыццявіць дыферэнцыраваны падыход да іх, арганізаваць адначасова дзяцей, якія валодаюць рознымі здольнасцямі і магчымасцямі, арганізаваць прамежкавы і выніковы кантроль ведаў, — пералічвае настаўнік-метадыст. — Больш за ўсё навучэнцам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай, а не са звычайнай або з друкаваным раздатачным матэрыялам. Калі ў 2011 годзе ў нашай школе з’явілася інтэрактыўная дошка, я асвоіла праграму — дадатак для яе Smart Notebook. Гэта дазволіла ствараць аўтарскія электронныя матэрыялы, якія вельмі любяць вучні. Дзеці самі прызнаюцца, што інтэрактыўны падыход дапамагае ім прымаць найбольш актыўны ўдзел ва ўроку”.
Акрамя ўзмацнення практыкаарыентаванасці, выкарыстанне кампетэнтнаснага падыходу на занятках спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да ведаў, развіццю ўмення рэфлексаваць, ацэньваць узровень сваіх навыкаў. Гэта павышае ў дзяцей матывацыю да атрымання ведаў і дазваляе ўсведамляць уласны адукацыйны рост.
“У арганізацыі адукацыйнага працэсу кампетэнтнасны падыход для мяне — гэта стварэнне магчымасці для самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, — дадае А.Бурко. — Уключэнне заданняў з рознымі варыянтамі правільных адказаў, заданняў з лішнімі данымі, якія дапамагаюць развіваць гнуткасць і варыятыўнасць мыслення. Важным лічу і фарміраванне навыкаў супрацоўніцтва, умення прадставіць аўдыторыі вынік сваёй дзейнасці, і, вядома, пашырэнне адукацыйнай прасторы. Усяму гэтаму спрыяюць інфармацыйныя тэхналогіі”.
На пытанне, чым вызначаецца педагагічнае майстэрства і па якіх акалічнасцях педагог заўважае, што яшчэ на адзін крок наблізілася да яго, Алена Аляксандраўна адказвае: “У першую чаргу гэта асабістыя, прафесійна значныя якасці самога педагога. Важную ролю мае эрудыцыя настаўніка: веданне вучэбных прадметаў, методыкі выкладання, псіхалогіі, педагогікі, уменне згладжваць канфліктныя сітуацыі, а таксама шырокі кругагляд у розных галінах. Таксама важны вопыт, які фарміруецца ў працэсе педагагічнай дзейнасці. Гэта і пастаяннае самаразвіццё, самаадукацыя, выкарыстанне новых тэхналогій, вывучэнне вопыту іншых педагогаў”.
Наталля САХНО
Фота аўтара