Як зрабіць урок эфектыўным, ведае настаўніца пачатковых класаў Алена Бурко

- 9:00Главная, Образование

Зрабіць урок эфектыўным настаўніцы пачатковых класаў нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна Алене Бурко дапамагаюць шматлікія метады і прыёмы. Іх настаўніца падбірае, гледзячы на здольнасці кожнага навучэнца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Быць настаўніцай пачатковых класаў Алена Бурко хацела з дзяцінства. Па прызнанні педагога, вялікая роля ў гэтым належыць тым, хто яе вучыў.

“У мяне былі самыя лепшыя настаўнікі, — адзначае Алена Бурко. — Яны кожны дзень захоплена і ўмела перадавалі нам свае веды і ўменні. Гледзячы на іх, мне хацелася так жа ўмела супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, перадаваць ім веды, вучыць”.

Пасля заканчэння МДПІ імя А.М.Горкага (сёння БДПУ) малады спецыяліст засталася працаваць у сённяшняй гімназіі № 20 Мінска. Алена Аляксандраўна дагэтуль памятае свае першыя ўрокі і першых вучняў.

“У першы год маёй работы я вучылася разам з імі, шукала метады і прыёмы, якія дапамаглі б навучыць кожнае дзіця, — ­гаворыць настаўніца. — Можа, не заўсёды гэта атрымлівалася з першага разу. Мне пашанцавала, што побач са мной працавалі таленавітыя калегі, якія ў многім дапамагалі. Нягледзячы на тое, што я вярнулася працаваць у родную школу ў курортны пасёлак Нарач, мы і сёння падтрымліваем зносіны. Я ніколі не шкадавала аб выбары прафесіі, таму кожны год у Дзень настаўніка нагадваю калегам, што гэта дзень нашага прафесійнага дня нараджэння. Дзеці тонка прыкмячаюць фальш у паво­дзінах дарослых, таму мы павінны быць для іх прыкладам. Прычым важна быць прыкладам ва ўсім: у паво­дзінах, у камунікацыі, у адносінах адно да аднаго. Для дзяцей, якія вучацца ў пачатковай школе, вельмі важна правільна арганізаваць рэжым дня, каб само дзіця было здаровым, каб у яго былі ўмовы для працы і адпачынку. Таксама важны бацькоўскі кантроль, тактоўны і ненадакучлівы, развіццё самастойнасці, адказнасці. Калі ўсё вышэйпералічанае выконваецца, настаўнік, прымяніўшы сваё педагагічнае майстэрства, можа арганізаваць навучанне так, каб школьнікі не проста атрымлівалі веды, а набывалі ўменне вучыцца, пры­маць актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе, захоўвалі цікавасць да ведаў. Такога выніку можна дасягнуць, калі сям’я і школа аб’яднаюць свае намаганні”.

Разважаючы над тым, якімі якасцямі павінен валодаць першы настаўнік, каб захапіць дзяцей і выклікаць цікавасць да вучобы, Алена Аляксандраўна вывела сваю ідэальную формулу: “Для педагога важна любіць дзяцей, любіць кожнае дзіця, моцнае і слабое, хуткае і марудлівае. Менавіта праз такія адносіны можна дастукацца да кожнага маленькага школьніка, зачапіць стрункі яго душы, развіць жаданне пазна­ваць свет, хадзіць у школу з задавальненнем, падтрымліваць зносіны з аднакласнікамі. Прызначэнне настаўніка ў тым, каб дапамагчы вучню раскрыцца як асобе, навучыць яго вучыцца, працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі і вылучаць у ёй галоўнае і патрэбнае для сябе”.

Сучасны настаўнік павінен планаваць урок так, каб на ім дзеці не толькі атрымлівалі веды, але і каб усё, што адбываецца на занятках, выклікала ў малых шчырую цікавасць, захопленасць. Вучань у пра­цэсе навучання набывае ўменне пры­маць самастойныя рашэнні і вырашаць праблемы, самастойна атрымліваць новыя веды і імкнуцца да самаадукацыі, умець праца­ваць у камандзе. А.Бурко зазначыла, што для таго, каб урок прайшоў паспяхова, трэба зага­дзя прадумаць кожны яго этап, прадба­чыць розныя сітуацыі, падабраць эфектыўныя метады і прыёмы ў залежнасці ад здольнасцей кожнага вучня ў класе. Гэта значыць, што настаўніку важна пастаянна самаадукоўвацца.

Алена Бурко прымала ўдзел у рабоце абласных творчых груп па такіх кірунках, як “Выкарыстанне ІКТ у прафесійнай дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў”, “Распрацоўка алімпіядных заданняў для вучняў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, “Распрацоўка вучэбных модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу” і інш.

Педагог праводзіла майстар-клас у рамках рэспубліканскага семінара-практыкуму для членаў творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў у АПА, а таксама вучэбныя курсы для студэнтаў БДПУ. А.Бурко з’яўляецца аўтарам і суаўтарам дапаможнікаў для настаўнікаў і навучэнцаў пачатковых класаў, артыкулаў у навукова-метадычных часопісах, зборніках навукова-практычных канферэнцый. З’яўлялася членам творчай групы праекта Нацыянальнага інстытута адукацыі “Правядзенне доследнай праверкі вучэбных выданняў для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе”.

Педагагічныя тэхналогіі

Цікавымі і прадукцыйнымі ўрокі атрымліваюцца толькі тады, калі падчас іх правядзення настаўнік выкарыстоўвае і спалучае элементы з розных педагагічных тэхналогій. Менавіта таму Алена Бурко пастаянна вывучае вопыт вядомых педагогаў, развіваецца і павышае свой прафесійны ўзровень.

“Я пераканалася, што найбольш эфектыўнымі ў рабоце з дзеткамі з’яўляюцца метад праблемнага выкладання матэрыялу, часткова-пошукавыя, даследчыя метады, метад калектыўнага ўзаемадзеяння, — пералічыла педагог. — Мне вельмі падабаецца право­дзіць інтэграваныя ўрокі, выкарыстоўваць элементы тэхналогіі крытычнага мыслення. І, вядома, нельга абысціся на ўроку без дыдактычнай гульні, групавой работы, работы ў парах”.

Самымі прадукцыйнымі настаўніца называе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія прымяняе ў навучанні не першы год. У 2008 годзе Алена Аляксандраўна ўжо была аўтарам педагагічнага праекта “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у пачатковай школе”. З прадстаўленнем гэтага праекта на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года — 2011” яна заняла 2-е месца.

“Гэта падштурхнула мяне да далейшага вывучэння камп’ютарных праграм, — прызнаецца педагог. — З іх дапамогай сёння ствараю прэзентацыі, інтэрактыўныя плакаты, слайд-фільмы для тлумачэння новага матэрыялу, інтэрактыўныя заданні, такія як аблокі слоў, крыжаванкі, запаўненне пропускаў і інш. Для замацавання прой­дзенага матэрыялу прапаноўваю вучням тэсты для кантролю ведаў. Выкарыстоўваю, вядома, і гатовыя вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах, якія таксама лічу выніковымі ў рабоце з дзецьмі”.

А.Бурко ўпэўнена, што дасведчанае, абгрунтаванае выкарыстанне ІКТ спрыяе павышэнню эфектыўнасці навучання і фарміраванню ключавых і прадметных кампетэнцый навучэнцаў. Інфармацыйныя тэхналогіі значна пашыраюць для настаўніка магчымасці прадстаўлення вучэбнай інфармацыі, замацавання і кантролю ведаў. У спалучэнні з традыцыйнымі метадамі Алена Аляксандраўна прымяняе ІКТ на пэўным этапе ўрока, у залежнасці ад яго мэт і задач.

“Прымяненне ІКТ у вучэбным працэсе дазваляе павы­сіць якасць засваення матэрыя­лу навучэнцамі, ажыццявіць дыферэнцыраваны падыход да іх, арганізаваць адначасова дзяцей, якія валодаюць рознымі здольнасцямі і магчымасцямі, арганізаваць прамежкавы і выніковы кантроль ведаў, — пералічвае настаўнік-метадыст. — Больш за ўсё навучэнцам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай, а не са звычайнай або з друкаваным раздатачным матэрыялам. Калі ў 2011 годзе ў нашай школе з’явілася інтэрактыўная дошка, я асвоіла праграму — дадатак для яе Smart Notebook. Гэта дазволіла ствараць аўтарскія элект­ронныя матэрыялы, якія вельмі любяць вучні. Дзеці самі прызнаюцца, што інтэрактыўны падыход дапамагае ім прымаць найбольш актыўны ўдзел ва ўроку”.

Акрамя ўзмацнення практыкаарыентаванасці, выкарыстанне кампетэнтнаснага падыходу на занятках спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да ведаў, развіццю ўмення рэфлексаваць, ацэнь­ваць узровень сваіх навыкаў. Гэта павышае ў дзяцей матывацыю да атрымання ведаў і дазваляе ўсведамляць уласны адукацыйны рост.

“У арганізацыі адукацыйнага працэсу кампетэнтнасны падыход для мяне — гэта стварэнне магчымасці для самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, — дадае А.Бурко. — Уключэнне заданняў з рознымі варыянтамі правільных адказаў, заданняў з лішнімі данымі, якія дапамагаюць развіваць гнуткасць і варыятыўнасць мыслення. Важным лічу і фарміраванне навыкаў супрацоўніцтва, умення прадставіць аўдыторыі вынік сваёй дзейнасці, і, вядома, пашырэнне адукацыйнай прасторы. Усяму гэтаму спрыяюць інфармацыйныя тэхналогіі”.

На пытанне, чым вызначаецца педагагічнае майстэрства і па якіх акалічнасцях педагог заўважае, што яшчэ на адзін крок наблізілася да яго, Алена Аляксандраўна адказвае: “У першую чаргу гэта асабістыя, прафесійна значныя якасці самога педагога. Важную ролю мае эрудыцыя настаўніка: веданне вучэбных прадметаў, методыкі выкладання, псіхалогіі, педагогікі, уменне згладжваць канфліктныя сітуацыі, а таксама шырокі кругагляд у розных галінах. Таксама важны вопыт, які фарміруецца ў працэсе педагагічнай дзейнасці. Гэта і пастаяннае самаразвіццё, самаадукацыя, выкарыстанне новых тэхналогій, вывучэнне вопыту іншых педагогаў”.

Наталля САХНО
Фота аўтара