Якасную падрыхтоўку і выдатныя веды паказалі школьнікі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах

- 11:04Новости

Абласныя алімпіяды па хіміі і біялогіі сабралі на Магілёўшчыне звыш 160 юных аматараў гэтых навук. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў разнастайныя заданні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Фармат заданняў застаўся раней­шым, змяніўся падыход да правядзення тэарэтычнага тура. У задачы, якія датычацца агульнай, арганічнай хіміі і хіміі элементаў, былі ўключаны фрагменты тэстаў. Практычныя заданні таксама былі даволі шматгранныя. Вучні 9-х класаў праводзілі сінтэз пентагідрату сульфату ме­дзі, 10-я класы рабілі якасны функцыянальны аналіз арганічных злучэнняў, а адзінаццацікласнікі вызначалі колькасны склад кампанентаў у сумесі прапанаваных рэчываў. Для выканання заданняў патрэбны былі не толькі трывалыя веды, але і навыкі лабараторных даследаванняў. Важна, што для правядзення алімпіяды былі створаны ўсе належныя ўмовы. Нягледзячы на вялікі аб’ём задач і абмежаваную колькасць часу на іх выкананне, усе дзеці выступілі даволі доб­ра, — паведаміла старшыня журы алімпіяды па хіміі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры біялогіі раслін і хіміі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Вольга Паддубная.

Арыгінальныя заданні былі і на алімпіядзе па біялогіі. Падчас тэарэтычнага тура школьнікі сутыкнуліся з пытаннямі па заалогіі, батаніцы, анатоміі чалавека, экалогіі, фізіялогіі раслін, эвалюцыі, генетыцы, біясістэматыцы, малекулярнай біялогіі. У ходзе практыкі дзевяцікласнікі і дзесяцікласнікі рашалі задачы па сістэматыцы жывёл, выводзілі формулы кветак, рабілі марфалагічнае апісанне структур раслін, разважалі над аспектамі нервовай і гумаральнай рэгуляцыі органаў чалавека. Адзінаццацікласнікі займаліся біясінтэзам бялку, ідэнтыфікавалі структурныя часткі біяпалімераў, апазнавалі структуры і працэ­сы воднага абмену, размяркоўвалі расліны па экалагічных групах, вызначалі асаб­лівасці энергетычнага абмену клетак, разлічвалі індэксы біялагічнай разнастайнасці экасістэм. Для рашэння такіх заданняў неабходны выключная канцэнтрацыя ўвагі, логіка, уменне выконваць складаныя матэматычныя разлікі. Але навучэнцы выдатна справіліся.

Фота Ганны Сінькевіч

— У алімпіядным руху мы ўжо не адзін год. Сёлета заданні выходзілі за рамкі школьнай праграмы, але былі цікавыя. Спадабалася, што было шмат заданняў з доследамі. Гэта дазволіла адчуць сябе біёлагамі-­аналітыкамі. Нейкіх цяжкасцей не ўзнікла: з нашай настаўніцай Юліяй Георгіеўнай Шайтанавай мы грунтоўна падрыхтаваліся да алімпіяды. Біялогію плануем узяць за аснову прафесіі: ра­зам хочам паступаць на біяфак БДУ, — падзяліліся вучаніцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Настасся Атлі­ванчык і Ганна Шульгоўская.

Акрамя Настассі і Ганны, з ліку навучэнцаў Юліі Шайтанавай на алімпіядзе выступалі яшчэ шэсць хлопцаў і дзяўчат. Выхаванцы гэтай настаўніцы штогод пакараюць алімпіядныя вяршыні як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню.

— Падрыхтоўцы ўдзяляю вялікую ўвагу. Разам з навучэнцамі шмат працуем над назапашваннем тэарэтычных ведаў і адпрацоўкай практычных навыкаў. Імкнуся выкарыстоўваць магчымасці рэгіянальнага рэсурснага цэнтра, прыслухоўваюся да парад калег, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў. Сама неверагодна захоплена біялогіяй, і для мяне прынцыпова, каб заняткі былі ў радасць вучням. Дзеці адчуваюць шчырасць і неабыякавасць, для іх такія адносіны — істотная матывацыя. Лічу, што захопленасць прадметам і вучнёўскія поспехі напрамую залежаць менавіта ад настаўніка, — сказала Юлія Георгіеўна.

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Магілёўшчыне аб’яднаў звыш 1000 навучэнцаў. Лепшых выяўлялі ў 18 дысцыплінах. Пераможныя дыпломы атрымалі каля 460 таленавітых вучняў.

Удзельнікі біялагічнай алімпіяды таксама годна праявілі сябе.

— У нас вельмі разумныя дзеці, якія дасканала ведаюць як школьны курс біялогіі, так і яе маладыя раздзелы. За гэтым хаваецца вялікая праца педагогаў, якія раскрываюць здольнасці вучняў, — адзначыла старшыня журы, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Ірына Жарына.

Па выніках абласных алімпіяд па хіміі і біялогіі ўзнагароды атрымалі 70 навучэнцаў. Уладальнікамі дыпломаў І ступені па хіміі сталі вучаніцы сярэдняй школы № 21 Магілёва Аляксандра Садоўская і Марыя Новікава, навучэнцы гімназіі № 3 Бабруйска імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Мікіта Талсцянкоў і Яўген Багданаў, вучаніца сярэдняй школы № 2 Мсціслава Дар’я Саланевіч і навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Андрэй Яфрэмаў. У веданні біялогіі лепшымі сталі вучань сярэдняй школы № 2 Чавус Сяргей Малолаў, навучэнец сярэдняй школы № 4 Шклова Расціслаў Шкуратаў, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Марыя Гапонава, навучэнец сярэдняй школы № 21 Магілёва Станіслаў Ярмоленка, вучаніца Магілёў­скага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Ганна Шульгоўская і навучэнка сярэдняй школы № 27 Магілёва Ганна Пратасевіч.

***

Якасную падрыхтоўку паказалі вучні Брэстчыны на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і каледжаў Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Маларыты, а таксама абласнога ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

У сярэдняй школе № 10 Пінска сабраліся 64 знаўцы інфарматыкі.

— Кожны з двух практычных тураў, на якія адводзілася па 5 гадзін, уключаў чатыры “касмічныя” задачы, звязаныя з сучаснымі мовамі праграмавання і метадамі алгарытмізацыі (“Нечаканая знаходка”, “Паразіты”, “Страва з падвохам”), — паведаміў старшыня журы алімпіяды па інфарматыцы, загадчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзмітрый Грыцук. — Кожная задача будавалася вакол адзінага сюжэта і прадугледжвала выкананне пэўных аперацый. Вучні паказалі добрую падрыхтоўку, у тым ліку пяць дзяўчат і пяць пераможцаў заключнага этапу мінулагодняй алімпіяды. Максімальны бал — 708 з 800 магчымых (летась 756). Асабліва парадавалі выхаванцы Уладзіміра Коржыча з сярэдняй школы № 12 Пінска, Ірыны Гарбацэвіч з гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці Брэста, Алы Лаўрыновіч з гімназіі № 4 Баранавіч, Івана Трагубава з сярэдняй школы № 2 Лунінца і Ігара Гардынца з Маларыцкай раённай гімназіі.

Дыпломы І ступені атрымалі дзесяцікласнік Уладзіслаў Цішчанка з гімназіі № 4 Баранавіч, адзінаццацікласнікі Ягор Кушнярэвіч і Антон Фадзееў з сярэдняй школы № 12 Пінска, Мікіта Сланеўскі з Маларыцкай раённай гімназіі і Максім Астапчук з гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.

***

Алімпіяда па працоўным навучанні сабрала 50 юнакоў і дзяўчат у майстэрнях сярэдняй школы № 7 Кобрына і Кобрынскага дзяржаўнага політэх­нічнага каледжа.

— За 4 гадзіны практычнага тура патрабавалася вырабіць драўляную скрыню для інструментаў памерам 33 на 23 сантыметры з дэкаратыўнымі элементамі ў выглядзе металічнага рубанка і накладных ключоў з фанеры. Найбольшыя цяжкасці былі звязаны з захаваннем вызначаных памераў вырабу, — расказаў старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічнай працы) настаўнік працоўнага навучання Дзмітрый Грушко з Брашэвіцкай сярэдняй школы Драгічынскага раёна.

Падчас трохгадзіннага тэарэтычнага тура алімпіяднікі рашалі разліковыя і творчыя задачы, каб паказаць свой узровень тэхнічнага мыслення і ўменні па складанні тэхналагічных карт.

— Якасць вучнёўскіх ведаў з году ў год даволі высокая, але па-ранейшаму актуальныя пытанні, звязаныя з чытаннем чарцяжоў і правільнасцю іх афармлення, напісаннем тэхналагічных карт, кантролем памераў вырабаў і матэматычнай падрыхтоўкай школьнікаў, неабходнай для дакладных разлікаў, — заўважыў Дзмітрый Грушко.

— У практычным туры дзяўчаты выраблялі двухколерную льняную касметычку з акруглымі краямі, падкладкай і дэкаратыўнай вышыўкай, — паведаміла старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговай працы) настаўніца працоўнага навучання кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Галіна Зуй з сярэдняй школы № 3 Пружан. — Высокатэхналагічнае заданне правярала розныя ўменні і навыкі школьніц, звязаныя з чытаннем графічных выяў, выкананнем машынных швоў. Акрамя таго, патрабавалася самастойна вызначыць паслядоўнасць і тэхналогію вырабу, што выклікала пэўныя цяжкасці, а таксама прыдумаць раслінны матыў і, выкарыстоўваючы некалькі відаў упрыгожвальных швоў і гладзі, выканаць кампазіцыю. Алімпіядніцы праявілі багатую фантазію ў гэтым. Тым не менш педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу тэарэтычным заданням, найперш творчага характару, і якасці выканання тэхналагічных аперацый.

Дыпломы І ступені атрымалі адзі­наццацікласнікі Дзяніс Лазіцкі з сярэдняй школы № 2 Лунінца і Арсеній Валасевіч з сярэдняй школы № 3 Пружан, а таксама мінулагоднія пераможцы — адзінаццацікласніцы Яна Пранкевіч з сярэдняй школы № 3 Баранавіч і Валерыя Каржаневіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.

Арсеній Валасевіч удзельнічае ў алімпіядным руху з 5 класа. Спачатку юнак аддаваў перавагу матэматыцы і фізіцы, а потым пераключыўся на працоўнае навучанне, якое выкладае ў сярэдняй школе № 3 Пружан яго бацька Эдуард Паўлавіч. Прыклад майстравітага таты, захапленне сталярнай справай і старанная падрыхтоўка прывялі да заканамернай перамогі.

— Заданне практычнага тура працаёмкае, але цікавае, — прызнаўся юнак. — Каб паспяхова справіцца з ім, давялося шмат займацца з татам: выконваць заданні мінулых алімпіяд, распрацоўваць уласныя.

Хлопец не сумняваецца, што набытыя ўменні і навыкі абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. А сваю прафесійную будучыню Арсеній звязвае з інжынернай спецыяльнасцю, якую плануе на­быць у БНТУ.

Падрыхтавалі Ганна СІНЬКЕВІЧ і Сяргей ГРЫШКЕВІЧ