Якая сітуацыя складваецца з мэтавай падрыхтоўкай кадраў на Брэстчыне?

- 10:06Новости

Якая сітуацыя складваецца з мэтавай падрыхтоўкай кадраў на Брэстчыне, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Кірыл Мяснікоў, начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама:

— Мы праводзім вялікую работу па максімальным укамплектаванні ўстаноў адукацыі раёна неабходнымі кадрамі, у тым ліку на аснове мэтавых дагавораў. Адміністрацыі школ і класныя кіраўнікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з адзінаццацікласнікамі і іх бацькамі, прапаноўваючы прадоўжыць адукацыю па мэтавых накіраваннях па запатрабаваных спецыяльнасцях, звязаных з псіхалогіяй, матэматыкай, інфарматыкай і фізікай.

Летась былі заключаны два мэтавыя дагаворы на адно месца (для стварэння конкурсу) з Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Лагапедыя”.

Сёлета будуць заключаны мэтавыя дагаворы з БрДУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Псіхалогія” і БДПУ па спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”.   

Найбольш вострым у школах раёна з’яўляецца пытанне, звязанае з запаўненнем вакансій педагога-псіхолага і сацыяльнага педагога. У сувязі з гэтым у галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама пада­дзена заяўка на 19 маладых спецыялістаў, у тым ліку на 5 педагогаў-псіхолагаў і 2 сацыяльныя педагогі. Летась падобная патрэба ў іх (3 і 2 адпаведна) не была задаволена з-за вялікай колькасці заявак і недастатковай колькасці выпускнікоў УВА. 

Таццяна Шастак, начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама:

— Даволі часта моладзь губляецца сярод мноства прафесій і не можа спыніць выбар на адной з іх, каб яна адначасова была запатрабаванай, прыносіла задавальненне і фінансавы дабрабыт. Таму гарадское ўпраўленне  па адукацыі імкнецца ства­рыць неабходныя ўмовы для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння выпускнікоў у адпаведнасці з іх здольнасцямі і інта­рэсамі, а таксама з патрэбамі мясцовага рынку працы ў кад­рах.

Сістэмная і мэтанакіраваная прафарыентацыя школьнікаў прыносіць плён: выпускнікі дакладна ведаюць, дзе хочуць вучыцца і дзе плануюць працаваць. Як вядома, з 2022 года зняты тэрытарыяльныя абмежаванні ў адносінах да месцазнаходжання заказчыкаў кадраў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Цяпер атрымаць мэтавае накіраванне можа любы абітурыент, што павышае яго шансы на навучанне ва УВА на бюджэтнай форме і на гарантаванае першае месца работы.

Сёння ў Баранавічах каля 200 мэтавых месцаў. З улікам развітой машынабудаўнічай галіны іх асноўная частка прыпадае на заводы (42). Горад імкліва развіваецца, таму яму неабходны высокакваліфікаваныя спецыялісты будаўнічай сферы (30 мэтавых дагавораў). З’яўляючыся буйным чыгуначным вузлом, Баранавічы маюць патрэбу ў адпаведных спецыялістах. Мясцовае аддзяленне Беларускай чыгункі гатова прыняць 25 мэтавікаў. Больш за 20 мэтавых накіраванняў выдадуць прадпрыемствы лёгкай прамысловасці.

Для шырокага інфармавання выпускнікоў і іх бацькоў пра магчымасці мэтавай падрыхтоўкі і знаёмства з заказчыкамі кадраў у горадзе рэгулярна праводзіцца кірмаш “Цаніць чалавека. Ганарыцца прафесіяй. Любіць Беларусь”. З мінулага навучальнага года арганізавана 8 такіх кірмашоў, у якіх прынялі ўдзел больш за 7 тысяч вучняў 9—11 класаў і іх бацькоў, а таксама звыш 30 прадпрыемстваў, што дазволіла істотна павялічыць колькасць заявак на мэтавыя месцы ва ўстановы вышэйшай і прафесійнай адукацыі.

Калі ў 2022 годзе толькі 18 выпускнікоў паступілі па мэтавых дагаворах, то ў 2023-м ужо 135, а сёлета мэтавыя накіраванні чакаюць 200 юнакоў і дзяўчат.

Вызначыцца з прафесіяй школьнікам дапамага­юць ранняя прафарыентацыя і профільнае навучанне. Так, у 2023/2024 навучальным годзе 328 старшакласнікаў з 12 устаноў адукацыі атрымлівалі веды ў інжынерных (112), педагагічных (99), ваенна-патрыятычных (58), спартыўна-педагагічных (28) і тэхніка-тэхналагічных (31) класах.

Гарадская сістэма адукацыі мае вострую патрэбу ў нас­таўніках матэматыкі і фізікі, таму 6 выпускнікоў прэтэндуюць на мэтавыя дагаворы па педагагічных спецыяльнасцях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, 
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі