Якім атрымаўся першы фестываль «ProАВИА-2024» Беларускай акадэміі авіяцыі

- 11:07Абитуриент, Новости

Інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы, канферэнцыя вучэбна-даследчых работ школьнікаў, экспертны круглы стол і адкрыты дыялог з прадстаўнікамі авіяцыйных арганізацый — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі днямі адбыўся першы навукова-практычны форум класаў авіяцыйнай накіраванасці “ProАВИА-2024”, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова канстатавала, што фестываль педагагічных класаў праводзіцца ўжо на працягу пяці гадоў, сёлета ўпершыню адбыўся форум інжынерных класаў, а зараз і яшчэ адна знакавая па­дзея — першы фестываль авіяцыйных класаў.

— Сетка профільных класаў прафесійнай накіраванасці ў апошнія гады павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, расце колькасць педагагічных, ваенна-патрыя­тычных, спартыўна-педагагічных класаў, з’явіліся аграрныя і інжынерныя. Гэта сведчанне таго, што ўжо сёння ў школах і гімназіях юныя грамадзяне Беларусі задумваюцца аб сваёй прафесійнай будучыні. Гэта не можа не радаваць, бо дзіцячая мара, рэалізаваная затым ва ўстанове вышэйшай адукацыі, вядзе да атрымання на выхадзе сапраўднага прафесіянала. Юныя ўдзельнікі фестывалю — школьнікі і гімназісты, якія мараць звязаць сваё жыццё з гэтай рамантычнай, але стратэгічна важнай і патрэбнай прафесіяй, — дадала Вольга Яўгеньеўна.

А прарэктар па выхаваўчай рабоце БДАА Ігар Яцкевіч нагадаў, што Акадэміі авіяцыі ў кастрычніку споўніцца 50 га­доў:

— Чарговы юбілей стане пацвярджэннем нашага дэвіза: “Надзейныя крылы — бяспека Айчыны”. Першы фестываль “ProАВИА-2024” сабраў прадстаўнікоў розных пакаленняў, аб’яднаных адной ідэяй. Усе яны выступаюць гарантам таго, што наша акадэмія бу­дзе ўпэўнена святкаваць і свой 100-гадовы юбілей. Гэты форум мы задумвалі і право­дзім разам з нашымі калегамі, установамі адукацыі менавіта для таго, каб захаваць пераемнасць пакаленняў у авіяцыі.

“ProАВИА-2024” — адукацыйнае і прафарыентацыйнае мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю профільнай адукацыі, развіццё пазнавальнай цікавасці вучняў да айчыннай грамадзянскай авіяцыі.

Тэрыторыя паспяховага выбару

Эксперты з розных УВА абмеркавалі аспекты функцыянавання педагагічных, інжынерных і іншых класаў. У час форуму “ProAВИА-2024” адбыўся круглы стол “Профільнае навучанне прафесійнай накіраванасці: вопыт і перспектывы”.

— Профільнай адукацыі ў нашай краіне ўдзяляецца сур’ёзная ўвага на ўзроўні Прэзідэнта Беларусі. Наша з вамі агульная задача — развіваць гэты напрамак. Выхаванне дастойных грамадзян сваёй краіны і кваліфікаваных спецыялістаў у сённяшніх рэаліях неабходна ажыццяўляць, пачынаючы са школьнай парты, — падкрэсліла прарэктар па вучэбнай рабоце БДАА Марыя Завалей.

У 2023/2024 годзе ў Мінску функцыянавалі сем авіяцыйных класаў. Усе яны дапамагаюць падлеткам самарэалізавацца, зрабіць правільны і ўсвядомлены выбар прафесіі.

Вольга Трухан

— Наша галоўная справа — пад­рыхтоўка кампетэнтных спецыялістаў, якія будуць працаваць на карысць дзяржавы. Профільнае навучанне ў нашай краіне набірае абароты. Прыемна адзна­чыць, што сёння на нашай сустрэчы прысутнічаюць карыфеі гэтага напрамку, і нам як навічкам будзе карысна пачуць і пераняць вопыт калег. Намі ўжо распрацаваны праграмы факультатыўных заняткаў авіяцыйнай накіраванасці. Спадзяёмся, што ў наступным навучальным годзе яны будуць уведзены ў адукацыйны пра­цэс, — сказала намеснік загадчыка па вучэбна-метадычнай рабоце БДАА Вольга Трухан.

У Мінску і вобласці з 1 верасня будуць функцыянаваць 16 класаў авіяцыйнай накіраванасці.

Пра суправаджэнне дзейнасці айчынных педагагічных класаў расказала начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Неўдах. Яна паведаміла, што за 8 гадоў колькасць педкласаў і навучэнцаў павялічылася ў 8 разоў, сёння ў Беларусі 833 педкласы, у якіх вучацца амаль 8 тысяч дзяцей. Аднак курыраваць дзей­насць усіх класаў рэс­публікі дастаткова складана, таму ў гэтай справе ім дапамагаюць інстытуты развіцця адукацыі.

— У 2015 годзе, калі былі адкрыты першыя педагагічныя класы, мы распрацавалі вучэбную праграму для іх. Зараз рыхтуем да зацвярджэння яе абноўлены варыянт і спадзяёмся, што з пачатку навучальнага года зможам прапанаваць яе для УАСА. Да таго ж у першы год мы падрыхтавалі поўны камплект матэрыялаў для арганізацыі факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, крыху пазней распрацавалі рабочыя сшыткі, дзённік па самадыягностыцы — камплект вучэбных матэрыялаў, якія непасрэдна выкарыс­тоўваюцца на занятках. Усё гэта дазваляе навучэнцам асэнсаваць і зразумець, ці правільны шлях яны выбралі, ці сапраўды педагагічная прафесія — тое, чым ім хацелася б займацца, — дадала Святлана Ігараўна.

Што да інфармацыйнай падтрымкі, то для такіх класаў створаны сайт “Педагагічныя класы”, дзе размешчаны ўсе неабходныя матэрыялы. Новаўвядзенне сайта — банк даных педкласаў. Бо сёння вядзецца работа па адсочванні траекторыі прафесійнага станаўлення выпускнікоў гэтых класаў, якія ўжо скончылі педуніверсітэт і прыступілі да працы ў школе. Дарэчы, тыя, хто паступаў ва УВА як выпускнік педкласа, па заканчэнні ўніверсітэта адпрацоўваюць 5 гадоў.

— Вопыт нашых педкласаў зараз актыўна вывучаецца за мяжой.  У рамках пагадненняў, падпісаных міністрам адукацыі Беларусі і міністрам асветы Расіі, стаіць задача адкрыць беларуска-расійскі цэнтр па навукова-метадычным суправаджэнні профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Гэта новы вектар, над якім мы зараз працуем. Нашы калегі з Казахстана прыязджалі да нас на стажыроўку, цяпер ужо і калегі з Узбекістана зацікавіліся гэтым пытаннем, — паведаміла С.І.Неўдах.

Зараз у Мінску дзейнічаюць чатыры аграрныя класы. Іх вучні наведваюць заняткі па фізіцы, матэматыцы і сельскагаспадарчых машынах у БДАТУ.

— Аграрныя класы былі адкрыты ў 2018 годзе, а ў 2020-м БДАТУ ўжо прыняў іх першых выпускнікоў. На жаль, мы не можам пахваліцца вялікім працэнтам паступаючых з ліку выпускнікоў агракласаў: многіх насцярожваюць нашы тэхнічныя профільныя прадметы — матэматыка і фізіка. Бо па ўмовах ільготнага паступлення вучні павінны мець па іх не ніжэй за 7 балаў. Хаця летась змяніліся правілы прыёму, і ўсе абітурыенты-мэтавікі паступа­юць да нас без уступных іспытаў, — праінфармавала дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі моладзі ўстановы Карына Гаркуша.

Сярод асноўных напрамкаў работы транспартных класаў — прыцягненне выкладчыкаў БелДУТ да адукацыйнага працэсу. Бо, напрыклад, настаўнік фізікі не ведае настолькі добра будову лакаматыва, як выкладчык, знаёмы з тэорыяй і практыкай.

— Да таго ж мы нацэлены на паляпшэнне інфармацыйнай падтрымкі і думаем над стварэннем агульнага рэсурсу, сайта або Telegram-канала, дзе бу­дзе акумулявацца ўся інфармацыя пра транспартныя класы. Але самае галоўнае, чаго хацелася б дасягнуць, — гэта ўвядзенне льгот пры паступленні для выпускнікоў транспартных класаў. На гэты момант яны адсутнічаюць, але ёсць вялікая зацікаўленасць Міністэрства транспарту і камунікацый і Беларускай чыгункі. Зразумела, што калі з’явіцца льготная траекторыя паступлення для выпускнікоў нашых класаў, то гэта павы­сіць іх зацікаўленасць у атрыманні нашых спецыяльнасцей, — перакананы выкладчык БелДУТ Вадзім Шапавалаў.

Дарэчы, пытанне льготнага паступлення для выпускнікоў класаў авіяцыйнай накіраванасці — адно з вострых і для БДАА. Зараз яно актыўна прапрацоўваецца Акадэміяй авіяцыі і Мінадукацыі.

Па завяршэнні круглага стала адбылося падпісанне 9 пагадненняў аб супрацоўніцтве БДАА са школамі і гімназіямі Мінска і Мінскай вобласці. З 1 верасня авіяцыйныя класы з’явяцца ў сталічных гімназіі № 33 і сярэдняй школе № 161, гімназіі Фаніпаля, сярэдняй школе № 14 Маладзечна, сярэдняй школе № 1 Валожына, сярэдняй школе № 2 Стоўбцаў, сярэдняй школе № 10 Салігорска, смалявіцкіх раённай гімназіі і сярэдняй школе № 3.

Па словах дырэктара гімназіі № 33 Мінска А.Б.Якубоўскай, у іх установе распрацаваны і ўкаранёны праект “Гімназія — тэрыторыя паспяховага выбару”. Адзін з яго найважнейшых напрамкаў — стварэнне профільных класаў і дапрофільнай падрыхтоўкі.

— Наша мэта — даць магчымасць кожнаму вучню паспрабаваць тую ці іншую прафесію, таму мы імкнёмся азнаёміць нашых дзяцей з рэальным сектарам эканомікі Беларусі. Дзеці павінны ра­зумець, што адбываецца ў нашай краіне, якая прадукцыя ствараецца і выпускаецца. Нашы навучэнцы рэгулярна наведваюць прамысловыя прадпрыемствы, намі заключана 12 дагавораў аб супрацоўніцтве. Мы праводзім сустрэчы з паспяховымі бацькамі нашых вучняў, актыўна працуем з многімі ўніверсітэтамі Мінска, але мы не спыняемся на гэтым і ідзём далей. Стварэнне авіяцыйнага класа ў нашай гімназіі — яшчэ адзін цікавы напрамак работы, — патлумачыла Аксана Барысаўна.

Аксана Якубоўская і Марыя Завалей

У яе гімназіі ўжо функцыяну­юць чатыры класы ваенна-патры­ятычнай і інжынернай накіраванас­ці. Перш чым заключыць дагавор аб супрацоўніцтве з БДАА, у гімназію некалькі разоў прыязджалі яе выкладчыкі, размаўлялі з вучнямі і іх бацькамі. У выніку 36 чалавек — цэлы 8 клас — выказалі жаданне стаць вучнямі авіяцыйнага класа.

У сярэдняй школе № 3 Смалявіч таксама ўзважылі ўсе за і супраць, правялі апытанне сярод навучэнцаў, і аказалася, што многія васьмікласнікі мараць вучыцца ў авіяцыйным класе.

— Хутка ў нас з’явіцца новы будынак і будзе магчымасць пашырацца. Ад БДАА паступіла прапанова аб супрацоўніцтве. Абмеркавалі з калегамі і бацькоўскай грамадскасцю і вырашылі, што адкрыццё авіяцыйнага класа — гэта вельмі перспектыўны напрамак і для нашага горада-спадарожніка Мінска, і для ўсяго раёна. Да таго ж на тэрыторыі Смалявіцкага раёна размешчаны Нацыянальны аэрапорт Мінск і Мінскі завод грама­дзянскай авіацыі № 407, таму гэтая справа вельмі перспектыўная для ўсіх нас, — упэўнены дырэктар школы Ігар Андрэевіч Юшкевіч.

Узлётная паласа

На палях авіяцыйнага форуму даследчыкі-пачаткоўцы прадставілі 9 праектаў і распрацовак, у якіх закранулі пытанні гісторыі авіяцыі і аэрадынамікі, тэхнічных навінак і бяспекі палётаў.

Некаторыя юныя даследчыкі вывучалі біяграфіі Віктара Бранавіцкага і Антона Аляхновіча, беларускую авіяцыю ў міжваенны перыяд (1918—1939) і іншыя разглядалі беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы беспілотнай авіяцыі і ўплыў матэрыялаў авіябудавання на хуткасць, далёкасць і бяспеку палёту.

Па выніках канферэнцыі вучэбна-даследчых работ 1-е месца заняў вучань 5 класа сярэдняй школы № 226 Мінска Адам Коваль, які ма­рыць стаць авіяканструктарам. Ён прадставіў радыёкіруемую авіяма­дэль “Лятаючае крыло “Вжик”:

— Я ўзяў схему на сайце, чарцяжы раздрукаваў, пасля выразаў дэталі з паперы, перанёс іх на столевую плітку і пачаў склейваць. Пасля да канструкцыі дабавіў матор, мотараму, цягі, элероны, далучыў усе сервапрывады з рэгулятарам абаротаў. Пры вырабе крыла назіралася яго надзвычайная гнуткасць, таму вырашыў дадаткова выразаць лінію, каб уставіць туды ланжэрон з дрэва.

Адам расказаў, што за першы год навучання ў авіяцыйным класе яны вывучалі лётныя характарыстыкі, часткі самалёта:

У авіяцыйным класе цікава, высокі ўзровень падрыхтоўкі па многіх прадметах, паглыбленае вывучэнне англійскай мовы. Нас увесь час запрашаюць на мерапрыемствы, выставы, канферэнцыі і фестывалі, у тым ліку і ў Акадэмію авіяцыі, гэта ўсё развівае далягляд. Авіяцыйную форму мы носім увесь час, з гонарам і годнасцю.

Глеб Нарбаеў, Рыгор Арлоў, Багдан Бандарэнка

На 2-м месцы апынулася трыа дзесяцікласнікаў са сталічнай гімназіі № 10 імя двойчы Героя Савецкага Саюза П.Я.Галавачова Рыгор Арлоў, Багдан Бандарэнка і Глеб Нарбаеў. Яны прэзентавалі праект “Паветраны транспарт самы бяспечны”. Па прызнанні юнакоў, яны доўга вывучалі бяспеку палётаў і прычыны няштатных сітуацый.

— У кнізе ICAO прадстаўлена дакументацыя розных авіяцыйных здарэнняў. Наша асноўная мэта была даказаць людзям, што ля­таць на самалёце — гэта бяспечна. Вельмі шмат існуе сістэм і метадаў, якія гарантуюць бяспеку паветранага транспарту, такія як аўтапілот, сістэма пазбягання сутыкнення ў паветры, строгае навучанне авіяцыйнага персаналу і г.д. Па статыстыцы Міжнароднай арганізацыі грама­дзянскай авіяцыі, аварыі ў паветры вельмі рэдкія: на 1 млн палётаў прыпада­юць тры авіяцыйныя інцыдэнты, пры гэтым смяротных можа і не быць. А вось на 1 млн аўтамабільных паездак да 5% здарэнняў, многія з якіх са смяротным канцом, — расказаў Рыгор.

Усе тры хлопцы нацэлены на спецыяльнасць “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі”, бо стаць пілотамі мараць з дзяцінства.

— Для ажыццяўлення сваёй мары мы і прыйшлі вучыцца ў авіяцыйны клас. Паступалі ў яго па сярэднім бале атэстата, які павінен быць вышэйшы за 7, але і па профільных прадметах — матэматыцы і англійскай мове — таксама павінны быць адзнакі не ніжэйшыя за сямёркі. У гімназіі з’явіліся цікавыя дадатковыя заняткі, якіх раней не было. Напрыклад, такі прадмет, як “Авіяцыйная англійская мова”, дзе вывучаюцца авіяцыйныя паняцці і тэрміны, — дадаў Глеб.

— Акрамя таго, у нас ёсць гурток “Гатовы Радзіме служыць”, дзе адна з тэм прысвечана авіяцыі і канструкцыі самалёта. Калі падлетак вырашыў звязаць сваё жыццё з авіяцыяй, то яму неабходна старанна займацца. Да таго ж мы спа­дзяёмся, хутка з’явяцца льготы для абітурыентаў, якія скончылі авіяцыйныя класы, — выказаў надзею Багдан.

Пасля завяршэння мерапрыемства будучыя авіятары абмяняліся меркаваннямі і думкамі, заручыліся падтрымкай экспертаў і натхніліся ідэямі для наступных праектаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і БДАА