Калі верыць фільмам, то дзеці, у якіх дыягнаставаны аўтызм, баязлівыя інтраверты, якія не ўмеюць паводзіць сябе з аднагодкамі, але любяць вучыцца. Пра тое, ці з’яўляецца гэта праўдай і чаму для гарманічнай сацыялізацыі такім школьнікам абавязкова трэба знаходзіцца ў адным класе з равеснікамі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дацэнт кафедры педагогікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Алена Феліксаўна Сівашынская.
Правільная інтэрпрэтацыя
— Алена Феліксаўна, якія асноўныя праявы аўтызму? Як іх заўважыць педагогам і бацькам?
— Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, расстройствы аўтыстычнага спектра выяўляюцца прыкладна ў 1 са 100 дзяцей.
Асноўныя праявы такіх расстройстваў: устойлівае зніжэнне здольнасці ініцыіраваць і падтрымліваць сацыяльнае ўзаемадзеянне і камунікацыю; абмежаваныя шаблоны паводзін, якія часта паўтараюцца; нетыповыя або залішнія для ўзросту і сацыякультурнага кантэксту інтарэсы ці заняткі. Прыкметнымі гэтыя парушэнні ў развіцці звычайна становяцца ў раннім дзяцінстве, але сімптомы могуць праяўляцца і пазней, калі сацыяльныя патрэбы дзіцяці, якое сталее, перавышаюць яго абмежаваныя магчымасці. Пры гэтым няздольнасць да сацыяльнага ўзаемадзеяння і камунікацыі выяўляецца настолькі моцна, што выклікае праблемы ў розных сферах жыцця.
Разам з асноўнымі сімптомамі расстройствам аўтыстычнага спектра характэрны і іншыя асаблівасці. Яны не ўваходзяць у лік дыягнастычных крытэрыяў, але важныя для вызначэння адукацыйнага маршруту, напрамкаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з РАС падчас іх сацыялізацыі і адукацыі. Да такіх асаблівасцей адносяцца цяжкасці апрацоўкі сенсорнай інфармацыі (сенсорная гіпа- або гіперадчувальнасць), парушэнне маторыкі, фізічная нязграбнасць, беднасць рытму і інтанацыі маўлення, парушэнне пачуцця небяспекі, шэраг кагнітыўных асаблівасцей і інш.
Адну з найбольш дэзадаптуючых праблем дзяцей і падлеткаў з РАС складаюць цяжкасці ва ўстанаўленні кантакту з іншымі людзьмі, у тым ліку з аднагодкамі, няздольнасць да гнуткага прымання навізны ў сацыяльным асяроддзі і карэкцыі ўласных паводзін у адпаведнасці са змяненнем знешніх умоў. Парушэнні сацыяльнага ўзаемадзеяння выяўляюцца ў наіўнасці, эгацэнтрызме, няздольнасці разумець метафары, складаныя правілы сацыяльнага ўзаемадзеяння, у няправільнай інтэрпрэтацыі сацыяльных знакаў і ацэнцы сацыяльнай дыстанцыі і г.д. Пачуццё эмпатыі і сінхроннасць у эмацыянальных перажываннях з навакольнымі людзьмі, у першую чаргу з аднагодкамі, фарміруюцца ў такіх дзяцей вельмі цяжка. Ім складана ініцыіраваць і падтрымліваць дыялог, яны не імкнуцца да спантаннага пошуку радасці, якую можна раздзяліць з навакольнымі, да агульных інтарэсаў ці дасягненняў. Гэтыя асаблівасці дзяцей з РАС вызначаюцца спецыялістамі як сацыяльная слепата і прыводзяць да вялікіх цяжкасцей у звычайных жыццёвых сітуацыях. Напрыклад, ім складана зразумець, з’яўляюцца дзеянні іншых наўмыснымі або ненаўмыснымі, пры якіх абставінах можна гаварыць пра асабістыя праблемы або інтарэсы, а калі лепш памаўчаць пра гэта. Таксама яны не разумеюць, у якіх выпадках важна перастаць рабіць тое, што табе падабаецца, і засяродзіцца на патрэбах і інтарэсах іншага чалавека або на больш значнай у пэўны момант дзейнасці.
Парушэнне ў дзяцей і падлеткаў з РАС здольнасці да пабудовы міжасобасных зносін у штодзённым жыцці пагаршаецца адсутнасцю сяброў. Як паказваюць вынікі даследаванняў, сацыяльная ізаляцыя такіх дзяцей прагрэсіруе з узростам. Іх зносіны абцяжарваюцца ў тым ліку нізкай стрэсаўстойлівасцю.
— Неаднаразова даводзілася чуць, што, каб навучыцца сацыяльным паводзінам, дзецям з аўтызмам дастаткова знаходзіцца побач з норматыповымі аднагодкамі. Ці адпавядае гэта рэчаіснасці?
— Як правіла, тое дзіця, якое знешне не праяўляе цікавасці да іншых людзей і ні з кім не падтрымлівае зносін, хоча стаць часткай сацыяльнага свету і мець сяброў. Разам з тым меркаванне, быццам дзеці з РАС могуць навучыцца сацыяльным паводзінам, калі проста знаходзяцца побач з аднагодкамі, памылковае. Няма сэнсу чакаць, што інклюзіўнае асяроддзе само па сабе паспрыяе вырашэнню праблем сацыяльнага характару. Норматыповыя дзеці асвойваюць большую частку сацыяльных уменняў без спецыяльнага навучання — шляхам назірання, пераймання і мадэлявання. Што тычыцца дзяцей з РАС, то, як правіла, для іх гэтыя спосабы недаступныя. Гэта значыць, што такіх непаўналетніх неабходна вучыць сацыяльна прымальным паводзінам гэтак жа, як і прадметным ведам і ўменням. Калі дакладна вызначыць мэты і задачы ў галіне сацыялізацыі канкрэтнага дзіцяці, аказаць яму карэкцыйна-педагагічную дапамогу з ужываннем практык з даказанай эфектыўнасцю, стварыць развіццёвае дамашняе асяроддзе, то яно стане нашмат больш сацыяльна адаптаваным.
— Што з’яўляецца найважнейшай умовай развіцця навыкаў сацыяльных паводзін дзяцей з РАС?
— Сацыяльныя паводзіны ўяўляюць сабой сукупнасць дзеянняў, накіраваных чалавекам на ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі для задавальнення сваіх патрэб, выяўлення пачуццяў, абмену інфармацыяй і вопытам. Сацыяльныя паводзіны актывізуюць камунікатыўныя ўменні і навыкі, здольнасць разумець сацыяльныя сігналы і адпавядаць сацыяльным чаканням. Прыкладамі сацыяльных уменняў і навыкаў з’яўляюцца ўстанаўленне зрокавага кантакту, распазнаванне мімікі і іншых невербальных сігналаў, навыкі прывітання і развітання, захаванне асабістай прасторы (сацыяльнай дыстанцыі) і інш.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Найважнейшая ўмова развіцця навыкаў сацыяльных паводзін дзяцей з РАС — гэта арганізацыя такой дзейнасці, якая будзе патрабаваць ад іх выканання пасільных адаптацыйных задач і напаўняць сэнсам штодзённае жыццё. У цэлым ускладненне сацыяльнага асяроддзя становіцца неабходным стымулам у развіцці такіх дзяцей. Вопыт паказвае, што вялікае значэнне для сацыяльнай інклюзіі дзяцей з РАС мае як рэальная магчымасць выйсці ў больш складанае сацыяльнае асяроддзе, так і гатоўнасць сацыяльнага асяроддзя прыняць іх. У сувязі з гэтым найбольш адэкватнай і прадукцыйнай стратэгіяй навучання сацыяльным уменням і навыкам з’яўляецца індывідуальна арыентаваная, паступовая інтэграцыя ў групу або клас да дзяцей таго ж узросту і падобных інтэлектуальных здольнасцей, але якія не маюць выяўленых камунікатыўных праблем. У гэтым выпадку ў дзіцяці з РАС ёсць магчымасць прытрымлівацца ўзораў адэкватных сацыяльных паводзін сваіх аднагодкаў і паступова асвойваць спачатку складанае і дынамічнае адукацыйнае асяроддзе, а затым — жыццёвую прастору ў цэлым.
Бачыць, а не чуць
— Галоўны рэсурс па фарміраванні сацыяльных уменняў і навыкаў для дзяцей з РАС — які ён?
— Менавіта інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе ўстановы адукацыі павінна разглядацца педагогамі і бацькамі дзяцей з РАС як найважнейшы рэсурс фарміравання сацыяльных уменняў і навыкаў. Варта актыўна заахвочваць зносіны, сацыялізацыю дзіцяці з РАС з іншымі вучнямі. Таксама важна, каб у школе знайшліся неабыякавыя навучэнцы, якія прыглядаюць за дзіцем з РАС, уключаюць яго ў гульні і іншыя агульныя заняткі. Пры гэтым пажадана хваліць навучэнцаў, калі яны ставяцца да аднакласніка з РАС са спачуваннем і прыязнасцю, падкрэсліваць акадэмічныя здольнасці такога дзіцяці, ствараць вучэбныя і іншыя сітуацыі, якія патрабуюць узаемадзеяння і супрацоўніцтва. Не менш важна вучыць асаблівае дзіця рэагаваць на сацыяльныя намёкі, эмоцыі іншых людзей, забяспечваць яго варыянтамі стандартных адказаў на розныя жыццёвыя сітуацыі, прайграваючы з ім трэніровачныя дыялогі. Педагогам і бацькам варта, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, абараняць такіх дзяцей ад магчымых нападкаў і пераследаў з боку аднагодкаў. Трэба даступна растлумачыць норматыповым аднакласнікам або дзецям у двары, што азначае гэты дыягназ, акрэсліць сацыяльныя і іншыя праблемы людзей з РАС.
— Алена Феліксаўна, якія педагагічныя стратэгіі і метады карэкцыйнай дапамогі з’яўляюцца прыярытэтнымі і эфектыўнымі ў рабоце з дзецьмі з РАС?
— Выбар педагагічных стратэгій вызначаецца зыходным узроўнем развіцця сацыяльных і іншых уменняў і навыкаў дзяцей.
Так, эфектыўнасць стратэгіі візуальнай падтрымкі абумоўлена тым, што дзеці з РАС з большай верагоднасцю лепш разумеюць не тое, што чуюць, а тое, што бачаць. Наглядныя апоры дапамагаюць дзіцяці арыентавацца ў паслядоўнасці дзеянняў і падзей і служаць напамінам пра іх. Напрыклад, візуальны расклад з’яўляецца эфектыўнай альтэрнатывай слоўным або пісьмовым інструкцыям. Яго прымяненне падчас школьных і дамашніх заняткаў дапамагае педагогам і бацькам структураваць дзейнасць дзяцей, спрыяе лепшаму разуменню таго, што адбываецца, больш спакойнаму пераходу ад аднаго задання да іншага. Спецыялісты рэкамендуюць чаргаваць складаныя заданні з больш лёгкімі, матывацыйнымі, бо гэта змяншае верагоднасць праяўлення непажаданых паводзін.
Стратэгія “Паводзінскі момант” выкарыстоўваецца педагогамі і бацькамі з мэтай павышэння матывацыі дзяцей да выканання вучэбных і іншых заданняў, а таксама да праяўлення ініцыятывы ў зносінах з аднагодкамі. Напрыклад, у выпадку, калі дзіця не хоча выконваць заданні і патрабаванні, можна ўключаць нематывацыйныя інструкцыі ў серыю матывацыйных.
Акрамя названых, існуе шэраг іншых стратэгій і метадаў: “Праймінг”, “Паводзінскі момант”, “Падказка”, “Заахвочванне” і інш. Усе практыкі вызначаюць прыкладны аналіз паводзін і зарэкамендавалі сябе эфектыўнымі пры навучанні дзяцей з РАС сацыяльным уменням і навыкам, пры фарміраванні ў іх сацыяльна прымальных паводзін. Тым настаўнікам і бацькам, якія іх прымяняюць, варта ісці ад пастаяннага суправаджэння асаблівага дзіцяці і структурызацыі яго дзейнасці да поўнага ўключэння непаўналетняга ў нарматыўнае сацыяльнае асяроддзе.
Наталля САХНО