Дзмітрый Парцянка, начальнік аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама, расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра свой педагагічны шлях і задачы, якія ставіць перад сістэмай адукацыі раёна.
Са школьных часоў ён сур’ёзна займаўся лёгкай атлетыкай. І зараз не ўяўляе свайго жыцця без спорту. Сесці на веласіпед у выхадны дзень і праехаць уздоўж Бярэзінскага запаведніка — для яго лепшы сродак не толькі падтрымліваць выдатную фізічную форму, але і пазбавіцца ўсіх негатыўных эмоцый, што назбіраліся за працоўны тыдзень.
Школу Дзмітрый Данілавіч скончыў на выдатна. І калі падаў дакументы на факультэт фізічнага выхавання ў тады яшчэ педагагічны інстытут у Віцебску, не ўсе яго зразумелі. Але ж сам ён аб тым выбары не шкадуе. Два яго старэйшыя браты звязалі свой лёс з мараходствам, а ён — з педагагічнай дзейнасцю, якая стала для яго сэнсам жыцця. Чаму так атрымалася? Хутчэй за ўсё паўплываў прыклад маці. Яна была заслужаным настаўнікам краіны, выдатнікам адукацыі.
— Добра памятаю адзін выпадак. Малы яшчэ быў, ішоў з маці па вуліцы, а насустрач дарослы мужчына. І тут ён знімае капялюш, кланяецца перад мамай і кажа: “Добрага дня вам, Роза Іванаўна!” Хто гэта, запытаўся я. “Адзін з маіх самых першых вучняў”, — адказала мама з усмешкай. Такое трапяткое і паважлівае стаўленне да асобы настаўніка пакінула незабыўны след у маім сэрцы, — дзеліцца Дзмітрый Данілавіч.
За гады плённай працы ў сферы адукацыі ён быў і настаўнікам, і дырэктарам спартыўнай школы, і ўзначальваў установу адукацыі. У 2009 годзе стаў намеснікам начальніка аддзела па адукацыі раёна, у 2013-м — яго кіраўніком.
Асабліва яго хвалюе лёс сельскіх школ, якіх з кожным годам становіцца ў раёне ўсё менш.
— Душа за гэта баліць. У гэтым навучальным годзе колькасць навучэнцаў у сельскіх школах паменшылася на 80 чалавек. У раёне ўсяго 11 устаноў сярэдняй адукацыі, 8 — у сельскай мясцовасці. Зноў паўстала пытанне аб закрыцці яшчэ адной у Бярозках. Там усяго 17 школьнікаў і столькі ж дашкольнікаў. Міністэрства адукацыі не дало згоды, бо час падвозу да найбліжэйшай школы займае амаль гадзіну, — патлумачыў сітуацыю суразмоўнік.
Штогод напярэдадні навучальнага года ў раёне акрэсліваюцца новыя задачы і мэты ў сістэме адукацыі, якія патрабуюць вырашэння.
— На першым месцы — прафарыентацыя. Я перакананы і імкнуся данесці да дырэктараў школ, што ў 10 клас павінны прыходзіць дзеці, якія будуць паступаць ва УВА. Астатніх трэба накіроўваць атрымліваць прафесію пасля 9 класа. А калі потым узнікне жаданне вучыцца далей, такая магчымасць заўсёды ёсць, — лічыць начальнік аддзела па адукацыі. — У гэтым годзе ў нас толькі адзін базавы клас у докшыцкай школе № 1, астатнія — усе профільныя: педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, медыцынскія, інжынерныя. Таму ідзе плённая работа над заключэннем дагавораў з УВА Віцебска і сталіцы.
Марына ЖДАНАВА