Юныя куцюр’е з Давыд-Гарадка ствараюць сучасныя касцюмы з аўтэнтычным акцэнтам

- 15:00АРТ-квартал, Новости

Куцюр’е з Давыд­-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці ў сваіх модных калекцыях пераплялі традыцыі роднага краю з яго сучаснасцю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Палескі стыль

Сваё аб’яднанне па інтарэсах “Давыд-СІЦІ” Іна Мікалаеўна Петрусевіч стварыла гадоў 8 назад, калі ў Брэсце праходзіў першы фестываль юных мадэльераў. На ім педагог і яе навучэнкі прадставілі сваю першую калекцыю, якую падрыхтавалі да раённага конкурсу “Залатое вераценца”. Тая калекцыя была ва ўсходнім стылі, і, відаць, таму яе аўтарам не ўдалося надта ўразіць брэсцкае журы. Затое фестывальны дэбют даў ім магчымасць паглядзець, што прадстаўляюць пераможцы, якога ўзроўню іх калекцыі, і… выра­шыць, што якраз мясцовая аўтэнтыка роднага горада стане для іх вызначальным модным кірункам. І не памыліліся: за 8 гадоў яны стварылі мноства калекцый і за кожную з іх атрымлівалі конкурсныя ўзнагароды.

— Кожны год мы прадстаўляем на фестывалі юных мадэльераў свае новыя калекцыі. Праз іх мы паказваем нашу адметнасць, наш мясцовы, палескі стыль. Адну — “Кветкі правінцыі” — мы назвалі па аднайменнай аповесці нашага земляка пісьменніка Георгія Марчука. Аснова калекцыі — дзіцячыя сукенкі з кветкавымі аплікацыямі. І гэта невыпадкова. Давыд-Гарадок здаўна славіўся сваім насеннем. Мясцовыя жыхары заўсёды вырошчвалі розныя віды агародніны, кветак, збіралі з іх насенне, якім забяспечвалі ўвесь былы Савецкі Саюз. Якраз гэта мы і падкрэслілі ў створаных вобразах, прысвяціўшы свой праект роднаму гораду, — дзеліцца Іна Петрусевіч.

Цікава, што гэтая калекцыя рэдка бывае ў шафе: яна носіцца. Яркія сукенкі — па адной і ўсе адразу — апранаюць дзяўчаты-мадэльеры на канцэрты, выступленні ці на святы. Карыстаецца попытам і іх калекцыя касцюмаў, пашытых з хустак. Калекцыя “Белая Русь” прысвечана Давыд-Гарадоцкаму краю і мае яго традыцыйную каларыстыку. Яе адметнасць — аздабленне касцюмаў вышыўкай рышэлье.

Па стагоддзях — праз вясельную намітку

Бадай, ні ў якім іншым рэгіёне Беларусі так ашчадна не ставяцца да сваёй культурнай спадчыны, як на Палессі. Тут прадметы побыту, элементы адзення і іншыя рэчы, якія варты стаць экспанатамі этнаграфічных музеяў, і сёння выкарыстоўваюцца ў жыцці звычайных жыхароў.

Такая ж сітуацыя і з адзеннем. Для мяне было нечакана сустрэць, прагульваючыся пад вечар па вуліцах Давыд-Гарадка, групку дзяўчат у льняных сукенках з мясцовым вышытым арнаментам. Тут гэта натуральная з’ява. Прычым, адзначае І.М.Петрусевіч, больш сталыя жанчыны носяць рэчы нават не стылізаваныя, а тыя ж, што некалі тут насілі:

— Асабліва гэта папулярна ў Цераблічах, Аздамічах, Кароцічах і навакольных вёсках. Тут захоўваюць каларытны стыль мінулых стагоддзяў. Бабулі і цяпер носяць такія ж спадніцы, што насілі раней. Такія ж шыем і мы на занятках. Вось адна з іх — вясельная. У яе ёсць сакрэцік: на таліі — зборкі. Калі маладая жанчына зацяжарыць, зборкі распускаюцца, а пасля нараджэння дзіцяці зноў збіраюцца. Так, дзякуючы рэгуліроўцы памеру, адной спадніцы жанчыне хапала ледзь не на паўжыцця.

Аднаўляюць у “Давыд-СІЦІ” і больш старадаўнія рэчы, якія стагоддзі назад зніклі з ужытку. Такія рэчы — вялікі скарб. Па-першае, іх стварэнне было вынікам этнаграфічных даследаванняў. Па-другое, элементы некаторых строяў — сапраўдная сямейная рэліквія. Асабліва шануюць тут адзін адмысловы касцюм — вясельны ўбор нявесты канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Цяпер ён у цэнтры ўвагі многіх людзей, якія прыязджаюць на яго паглядзець, бо ва ўсім раёне гэта адзіная рэканструкцыя мясцовага строю таго часу. Іна Мікалаеўна прадстаўляла гэты касцюм на Днях беларускай культуры ў Татарстане.

— Кожную дэталь гэтага касцюма я аднавіла па старэнькіх фотаздымках. Гэта адзінае, што я магла знайсці. Рабіла яго амаль цалкам сама (дзецям давярала толькі фастрыгаванне дэталей), бо мне хацелася, каб строй як мага больш быў падобны на той даўні варыянт, без усялякіх сучасных змяненняў, — расказвае педагог. — Гэта касцюм не сялянскі, а мяшчанскі, у ім выкарыстоўвалася не саматканая, а фабрычная тканіна. Белы фартух, кашуля з адкладным каўняром на гузічках, таму больш падобная да блузкі. Толькі заможныя людзі маглі сабе дазволіць такія рэчы. Вышыўку я аднавіла таксама па старых фотаздымках. Такая вышыўка была толькі ў нявест.

Але самае галоўнае ў касцюме — галаўны ўбор галовачка. У яго аснове — каркас, на які на­дзяваецца чапец, а ўжо на чапец завіваецца вакол галавы намітка.

— Гэтую намітку-сярпанку мама маёй свякрухі некалі атрымала ў спадчыну ад сваёй мамы, ураджэнкі Кароціч, — дэманструе яе Іна Мікалаеўна. — Намітка адмысловая, яе тканіна танюсенькая, лёгкая. Раней я бачыла падобныя ў Церабліцкім музеі этнаграфіі, але тады яшчэ не разумела іх каштоўнасці. Калі ж паглыбілася ў вывучэнне тэмы, выйшла на Кунсткамеру — знакаміты музей Санкт-Пецярбурга. Там захоўваецца такі ж наш давыд-гарадоцкі галаўны ўбор. Гэта знаходка вучоных, якія ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя прыязджалі да нас і вывучалі мясцовыя традыцыі. На сайце музея я знайшла тэхналогію завіўкі гэтага галаўнога ўбору. Можа, толькі на 105-ы раз мне ўдалося яе паўтарыць.

Цяпер творчы калектыў плануе стварыць яшчэ адну калекцыю і ўключыць у яе гэты касцюм. Будуць тут і касцюмы, якія пакажуць далейшыя змяненні мясцовага строю ажно да пачатку XX стагоддзя. Пасля на аснове гэтай калекцыі калектыў хоча ства­рыць яшчэ адну, са стылізаванымі касцюмамі, але з элементамі аўтэнтычных, каб дзяўчаты маглі на­сіць іх у штодзённым жыцці.

Поўным ходам ідзе набор у аб’яднанне па інтарэсах. Жадаючых традыцыйна шмат. Работу над новымі калекцыямі хутка пачнуць старэйшыя дзяўчаты, якія ўжо па некалькі гадоў займаюцца ў Іны Мікалаеўны, але шмат і новенькіх.

— Я вучу дзяўчат усім сакрэтам швейнай справы. Але галоўнае, што на нашых занятках дзеці спазнаюць сваю культуру, моду, свой стыль. Хоць мы вывучаем строі розных мясцовасцей, усё ж асобную ўвагу ўдзяляем свайму, Давыд-Гарадоцкаму, — адзначае педагог.

Алена Вандзіч, дырэктар Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці, падсумоўвае:

— Мы паказваем дзецям усю прыгажосць, самабытнасць Палесся, каб яны любілі свой край, расказвалі пра яго іншым і, галоўнае, атрымаўшы адукацыю, вярталіся сюды, развівалі свой рэгіён.

Даведка

У аб’яднанні па інтарэсах “Давыд-СІЦІ” займаюцца дзяўчаты з усяго горада, пачынаючы з 5—6-х класаў. Некаторыя выпускніцы Іны Петрусевіч ужо сталі яе калегамі і прафесійна займаюцца шыццём.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара