Юныя міратворцы з устаноў адукацыі сталіцы збяруцца 20 верасня на II Мінскую гарадскую лінейку міру

- 12:15Школа мира

Мерапрыемства пройдзе пад слоганам «Дзейнічай сёння ў імя міру!»: ён абвешчаны ААН дэвізам Міжнароднага дня міру ў 2025 годзе, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як з малых ручайкоў пачынаюцца вялікія рэчкі, так і з энергіі міратворчых думак, учынкаў, дзеянняў кожнага з нас можа ўтварацца вялізная, пазітыўна зараджаная на стваральнасць і згоду ў грамадстве, сусветнай супольнасці плынь: міратворчы рух. А ён, дарэчы, дзякуючы розным ініцыятывам Беларускага фонду міру залучае ў сябе ўсё новыя сілы. І міратворчыя традыцыі нараджаюцца, і колькасць Школ міру ў краіне штогод павялічваецца.

Плануецца, што на II Мінскую гарадскую лінейку міру на прасторнай пляцоўцы каля Свята-Духава кафедральнага сабора (Верхні горад) збяруцца каля 700 юных мінчан-міратворцаў, якія далучыліся да праекта Беларускага фонду міру «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» — ён рэалізуецца сумесна з Мінадукацыі. Па словах старшыні праўлення Мінскага гарадскога аддзялення фонду Дзмітрыя Караня, у сталіцы статус «Школа міру» атрымалі ўжо 70 устаноў адукацыі. Суполкі юных міратворцаў маюць 4 каледжы, 4 цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 17 гімназій, 43 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы. Дзмітрый Дзмітрыевіч нагадаў, што па ініцыятыве 121-й сярэдняй школы Мінска імя М.Ф. Ягорава першая лінейка міру (пад назвай «Звон Мiру») прайшла ў 2024 г.: на плошчы Незалежнасці, ля знакавага сімвала — беларускага Звона міру. Тады ў мерапрыемстве паўдзельнічалі 350 юных міратворцаў.

«Высокую мэту, як і канкрэтную форму правядзення лінейкі міру, якой да мінулага года ў нашай практыцы не было, падказала само жыццё, — адзначыў напярэдадні падзеі старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. — Мы такім чынам прыцягваем увагу розных людзей да праблем вайны і міру. Мы нібы засяваем ідэі міру і згоды, паразумення ў свядомасць маладых людзей — пашыраецца іх светапогляд, актывізуецца моцны беларускі культурны код, бо нават і ў Дзяржаўным гімне першы радок сведчыць, што «Мы, беларусы — мірныя людзі». Мы, збіраючыся на лінейку міру, падаём нашы галасы за ўмацаванне дружбы і адзінства, за згоду паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і культур, за развіццё талерантнасці, за тое, каб з павагай ставіцца да таго, што ёсць адрозненні паміж людзьмі — як у знешнасці, веравызнанні, так і ў светапоглядзе, ладзе жыцця».

На лінейцы міру будзе прыняты зварот юных міратворцаў сталіцы да народаў планеты. Яго асноўная ідэя — гэта заклік да ўсіх людзей і кіраўнікоў падумаць пра тое, што імпульс да жыцця ў міры, згодзе, любові трэба найперш адшукаць у сваім сэрцы. Адтуль, з глыбінь нашага духу, і пачынаецца мір на ўсёй Зямлі. Юныя міратворцы заклікаюць усіх пазбягаць канфліктаў і спрэчак, працягнуць руку адно аднаму і абвясціць мір на ўсёй планеце ў імя жыцця.

У акцыі запрошаны паўдзельнічаць сенатары, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Мінадукацыі, гарсавета дэпутатаў, дыпмісій у Рэспубліцы Беларусь, а таксама святары.

Міжнародны дзень міру ўстаноўлены па рашэнні Генасамблеі ААН у 1981 г., ён адзначаецца штогод 21 верасня. Беларускі дзень міру ўстаноўлены ў 2002 г.: 12 верасня быў прыняты адпаведны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адзначаецца ў трэці аўторак верасня (сёлета — 16 верасня). Традыцыйна Беларускі фонд міру дзве гэтыя важныя даты паядноўвае ў Тыдзень міру — ладзяцца розныя імпрэзы па ўсёй краіне. Так, сёлета праводзяцца лінейкі міру ва ўстановах адукацыі, таксама адкрываюцца адрэстаўраваныя помнікі, камфортныя палаты для ветэранаў войнаў і працы ў медустановах. Запланаваны фестывалі Школ міру ў Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Пройдзе акцыя «Дзіця міру» — ушанаванне дзяцей, якія нарадзіліся 21 верасня, іх сем’яў. На Гродзеншчыне адбудзецца фінал дабрачыннага конкурсу «Галасы міру». У Магілёўскай і Брэсцкай абласцях новыя ўстановы адукацыі атрымаюць ганаровы статус «Школа міру».

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Беларускага фонду міру