З акцэнтам на прафарыентацыі: вопытам правядзення шостага школьнага дня дзеляцца педагогі Жыткавіч

- 13:00Новости, Шестой день

Якія формы арганізацыі шостага дня лепш за іншыя ўпісаліся ў суботні графік у сярэдняй школе № 3 Жыткавіч імя І.М. Банава, даведвалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пытанне, кім стане дзіця ў будучыні, хвалюе як школьнікаў і іх бацькоў, так і педагогаў. Каб мець уяўленне аб свеце прафесій, у сярэдняй школе № 3 Жыткавіч імя I.М.Банава не першы год праводзяць прафарыентацыйныя экскурсіі ў рамках шостага школьнага дня. Наведваючы Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод, падраздзяленні РАНС або РАУС, хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца з сучаснай вытворчасцю, прафесіямі, у іх фарміруецца ўяўленне аб рынку працы рэгіёна.

— Прафэкскурсіі праводзяцца для дзяцей 5—11 класаў на працягу навучальнага года ў шосты школьны дзень, а таксама на канікулах, — адзначае в.а. дырэктара сярэдняй школы № 3 Жыткавіч імя I.М.Банава Марына Яфімава. — За гэты час дзеці ўжо азнаёміліся з унутранай “кухняй” многіх арганізацый. Пачалі з “Сатурна-1” — маладога машынабудаўнічага прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца і спецыялізуецца на вытворчасці металавырабаў і металаканструкцый для базавых галін народнай гаспадаркі: горнаруднай, нафтаздабыўной, домабудаўнічай і чыгуначнага транспарту. Пасля інструктажу па тэхніцы бяспекі хлопцы наведалі вытвор­часць і ўбачылі прадукцыю. Падчас экскурсіі на Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод дзеці даведаліся, што гэта адзі­нае прадпрыемс­тва па вытворчасці шасцерневых помп для сельскагаспадарчай тэхнікі ў рэспуб­ліцы. Тут таксама вырабляецца прадукцыя авіяцыйнага прызначэння. Юныя госці наведалі цэхі прадпрыемства, азнаё­міліся з працэсам вытворчасці вырабаў, разгле­дзелі станкі і пачулі пра спецыяльнасці, якія запатрабаваны. А на Тураўскім малочным камбінаце вопытныя сыравары расказалі аб працэсе вытворчасці паўцвёрдых і мяккіх сыроў, а яшчэ расказалі гісторыю стварэння камбіната. Выпускнікі цікавіліся зарплатай і перспектывамі кар’ернага росту.

Як пазней прызналіся вучні, яны ўпершыню пабывалі на такіх прадпрыемствах. Іх уразілі аб’ёмы вытворчасці, разнастайнасць спецыяльнасцей, прапанаваных для працаўладкавання.

Таксама школьнікі прынялі ўдзел у экскурсіі па будынку РАУС, даведаліся аб гісторыі і рабоце розных падра­з­дзяленняў, бачылі віды зброі, тэхнікі і спецыяльных сродкаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні ў праваахоўнікаў. Падчас наведвання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці з задавальненнем акунуліся ў рабочыя будні ратавальнікаў, паглядзелі на асноўную тэхніку, абсталяванне і абмундзіраванне, якое знахо­дзіцца на ўзбраенні агняборцаў. Самыя смелыя і адважныя змаглі патрымаць у руках пажарныя ствалы, адчуць вагу гідраўлічнага абсталявання, паспрабаваць, як на практыцы прымяняюцца спецыяльныя прыстасаванні для пажарных рукавоў. Кожнае дзіця на міг адчула сябе ратавальнікам, седзячы ў пажарнай машыне і ўяўляючы, што спяшаецца на тэрміновы выклік і менавіта яго дапамогі зараз так чакаюць у горадзе.

Такім чынам, кожны шосты школьны дзень стаў займальнай і пазнавальнай падзеяй у жыцці навучэнцаў. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў першую чаргу для разумення таго, як гарадскія прадпрыемствы і службы працуюць, чым займаюцца спецыялісты, якія кадры запатрабаваны і дзе можна атрымаць неабходную кваліфікацыю. Карысць работы ў гэтым напрамку відавочная — выпускнікі ўсё часцей з’яўляюцца студэнтамі прэ­стыжных УВА, у тым ліку выбіраюць для паступлення педагагічныя спецыяльнасці і ведамасныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Прыемна і тое, што школьнікі становяцца мэтавікамі, а гэта значыць, што яны загадзя вызначаюцца не толькі з месцам вучобы, але і з месцам працы — атрымаўшы прафесію і стаўшы кваліфікаваным спецыялістам, моладзь з радасцю вяртаецца на малую радзіму.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота ўстановы адукацыі