З чаго пачынаецца мір

- 9:56Апошнія запісы, Якасць адукацыі

Днямі стартаваў нацыянальны праект новай “Школы міру”. Гімназія № 33 Мінска стала першай навучальнай установай у 2022 годзе, якой прысвоены гэты ганаровы статус.

Беларускі фонд міру існуе ўжо 60 гадоў. Гэта багатая гісторыя міратворчай, дыпламатычнай дзейнасці не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і на міжнародным узроўні. У аснову работы фонду пакладзены прынцыпы міратворчасці, прапаганды дружбы і згоды паміж людзьмі. На гэта накіраваны ўсе праграмы і праекты. Але без падтрымкі, дапамогі і дабрачынных акцый у прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання не атрымалася б увасобіць столькі карысных праектаў. Асаблівая ўвага фонду міру накіравана на пажылых людзей і самых маладых грамадзян. Сярод найбольш знакавых мерапрыемстваў — акцыя “Наша ўвага ветэранам войнаў і працы”, якая стартавала да 75-годдзя Вялікай Перамогі, у рамках якой фонд спансіруе стварэнне спецыялізаваных палат для ветэранаў войнаў і працы ва ўсіх установах аховы здароўя.

— Мы ўдзячны нашым глыбокапаважаным ветэранам вайны. На жаль, сыходзяць з жыцця ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія далі нам магчымасць жыць сёння. Мы павінны шанаваць мір, заваяваны цаной іх жыццяў. Фонд міру вырашыў зацвердзіць доўгатэрміновую праграму — праект па абсталяванні палат для ветэранаў войнаў і працы ва ўсіх бальніцах Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы добраахвотным адлічэнням, у тым ліку і ад гімназіі № 33, у Мінску створаны 194 такія палаты. Кожная з іх аснашчана тэлевізарам, халадзільнікам, шматфункцыянальным ложкам, медыцынскай тумбачкай і трыма відамі дыягнастычных апаратаў: электронным тэрмометрам, танометрам, пульсаксіметрам, — расказаў старшыня праўлення Мінскага гарадскога аддзялення Беларускага фонду міру Дзмітрый Дзмітрыевіч Карань.

Сама гімназія № 33 вядзе актыўную дзейнасць ва ўсіх сферах. Дарэчы, установа стала пераможцай сацыяльна-эканамічнага спаборніцтва сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках адукацыйнай дзейнасці гімназія занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Таксама яна з’яўляецца пераможцай рэспубліканскага конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы ў намінацыі “За значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства”. Гімназія № 33 прадстаўлена на Рэспубліканскай дошцы гонару Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Установа ганарыцца і тым, што з 2018 года яна з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА і цэнтрам партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь.

— Хачу падзякаваць усім педагогам, бацькам і вучням. Менавіта наша установа адкрывае Нацыянальны праект у Рэспубліцы Беларусь. Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. У год 30-годдзя нашай гімназіі мы сталі “Школай міру”. Сваёй працай, стаўленнем адзін за аднаго мы даказалі  грамадству і дзяржаве, што здольны здзяйсняць самыя добрыя і сумленныя справы. Міласэрнасць, спачуванне, любоў да Радзімы, клопат пра яе будучыню — гэта тыя паняцці і прыярытэты, якія з’яўляюцца галоўнымі для кожнага з нас. “Школа міру” — гэта школа эфектыўнай работы, якасных ведаў, высокага ўзроўню выканаўчай дзейнасці. Мір пануе ў нашай краіне, у нашых сэрцах і ў нашых памкненнях. Мір — тое, што павінна аб’ядноўваць усіх нас, — адзначыла кавалер ордэна Францыска Скарыны дырэктар гімназіі № 33 Аксана Барысаўна Якубоўская.  

Настасся ЧАРКАНАВА.