Мужчынская прафесія

- 10:56Актуально, Апошнія запісы, Людзі адукацыі, Суразмоўца

Так склалася, што настаўнікамі ў нашых школах працуюць пераважна жанчыны. 
Чаму так атрымалася? І хто гэтыя адважныя мужчыны, якія ўсё-такі ідуць вучыць дзяцей? Што імі рухае? Ці лёгка працаваць/кіраваць жаночым калектывам? 
Як прыцягнуць мужчын у педагогіку? Пра гэта напярэдадні 23 лютага мы вырашылі даведацца ў саміх мужчын-педагогаў.

Валерый СТАНЧЫК,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 6 Жодзіна: 

— Стаць настаўнікам я марыў яшчэ з пачатковай школы. Добра памятаю, як на канікулах з сябрамі гулялі ў школу: і дзённікі рабілі, і журналы вялі. Несумненна, “настаўнікам” быў я: дамашнія заданні правяраў, ставіў адзнакі. Мне гэта вельмі падабалася. І ніхто ў маім акружэнні не здзівіўся, калі я паступіў у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, а потым скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, праўда, па спецыяльнасці “Геаграфія”.

Вярнуўся настаўнічаць у родную Каўшарскую школу Іўеўскага раёна, якую калісьці скончыў. Тры гады адпрацаваў настаўнікам геаграфіі, але ўжо тады зразумеў, што мне больш падабаецца ўзаемадзейнічаць з малодшымі школьнікамі. Маленькія дзеці — гэта чыстыя, адкрытыя сэрцы, якія з радасцю бягуць табе насустрач. Пазітыў з самай раніцы! Гэта найбольш цікавы ўзрост, калі навучэнцы адкрытыя, шчырыя, чулыя, адгукаюцца на такія праяўленні, як увага, любоў, строгасць. Усё гэта яны адчуваюць і ўспрымаюць. Настаўнік пачатковых класаў для іх — і тата, і мама, і дзядуля, і бабуля. З усімі сваімі праблемамі маленькія вучні ідуць да цябе, і для кожнага трэба знайсці патрэбнае слова, падтрымаць і штосьці параіць. Памятаю, па маладосці з усмешкай успрымаў няправільныя адказы сваіх вучняў. Зараз жа ўжо ніякім версіям не здзіўляюся, нават самым фантастычным. “Малай­чынка, — гавару. — А хто яшчэ як мяркуе?” Дзякуючы таму, што прымаю ўсе адказы, мае вучні не баяцца, калі іх выклікаюць, і смела выказваюць свае меркаванні. А яшчэ ёсць такое адчуванне, быццам ты можаш штосьці змя­ніць у лёсе сваіх выхаванцаў. Гэта як пластылін, з якога можна вылепіць усё, што захочаш. Але пластылін бывае і мяккім, і цвёрдым, таму не ўсё так проста, як здаецца. 

У прафесіі я ўжо 41 год і ні разу не пашкадаваў аб зробленым выбары. Я проста не ўяўляю сябе ў іншай сферы. 

У нашым калектыве каля 10 працэнтаў мужчын. У жаночым асяроддзі працуецца добра: мужчын у нас любяць, цэняць. Нейкага асаблівага стаўлення да жанчын-педагогаў з боку дзяцей, бацькоў не заўважаў. З вопыту бачу, што баць­кі ахвотней аддаюць сваіх дзяцей у клас да педагогаў мужчын. Безумоўна, калі дзіця хоча паскар­дзіцца, прытуліцца, то хутчэй гэта зробіць з жанчынай-настаўніцай, а шукаць абарону і ра­зуменне будзе ў мужчыны. Хаця да сваіх вучняў я таксама стаўлюся з любоўю і пяшчотай, бо трэба і пашкада­ваць, і абняць, і па галоўцы пагладзіць. Сэнс работы настаўніка — у любові да дзяцей. Калі яе няма, то і настаўніка няма.

Магчымасці кар’ернага росту для мужчын-педагогаў у адукацыі ёсць. Пры жаданні, калі ты творчая, ініцыятыўная асоба, цябе заўва­жаць. Асабіста мяне не прывабліваюць высокія пасады, хаця і былі прапановы. Мне падабаецца проста працаваць з дзецьмі, я не бачу сябе кіраўніком. 

Як у сям’і павінны быць тата і мама, так і ў школе павінны быць мужчыны-педагогі і жанчыны-педагогі. У нас сёння шмат няпоўных сем’яў, вучням не хапае бацькоўскай увагі, вось яны і цягнуцца да настаўнікаў мужчын. Лічу важным, каб у школе навучэнцы бачылі ўзор паводзін мужчыны ў грамадстве, узаемаадносін з калегамі жанчынамі. 

Каб хлопцы ішлі ў настаўніцкую прафесію, думаю, трэба больш прапагандаваць яе, асабістым прыкладам дэманстраваць яе перавагі. Дарэчы, сярод маіх выпускнікоў таксама ёсць настаўнікі, чым я ганаруся. Сёння пытанне не ўпіраецца ў аплату працы. Пры жаданні, прыклаўшы пэўныя намаганні, педагог можа атрымліваць дастойную зарплату. Магчыма, стварэнне педагагічных класаў у некаторай ступені дапаможа вырашыць гэтую праблему.

Іван КАЛКОЎСКІ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце бараўлянскай сярэдняй школы № 2:

— Падчас навучання ў школе ў нас быў дзень самакіравання і мне прапанавалі правесці ўрок матэматыкі ў малодшых школьнікаў. Пасля гэтага я зразумеў, што хачу праца­ваць у пачатковай школе. Шкада­ваць аб зробленым выбары мне ніколі не даводзілася, бо кожны дзень, прыходзячы ў школу, атрымліваю задавальненне ад работы і зносін з вучнямі. Бачу, як гараць вочы дзяцей, як ім цікава і з якім задавальненнем яны бягуць у школу, — менавіта гэта і прываблівае ў рабоце.

У нашым педагагічным калектыве 10% мужчын-настаўнікаў. Кіраваць жаночым калектывам не складана, бо настаўнікі ўсё роўна прыслухоўваюцца да мужчынскага меркавання, да таго ж я працаваў з імі звычайным настаўнікам, разумею і дзесьці магу адста­яць іх меркаванне, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Галоўнае ў рабоце кіраўніка — не нашкодзіць сваім рашэннем.

Ідучы ў педагогіку, кожны ста­віць перад сабой пэўныя мэты: хтосьці хоча пабудаваць кар’еру, а хтосьці — працаваць з дзецьмі. Так, мужчынам лягчэй пабудаваць кар’еру ў сферы адукацыі, бо іх мала і лягчэй заўва­жыць. Але калі ты ідзеш працаваць у адукацыю толькі дзеля кар’еры і без любові да дзяцей, то будзе складана.

Стэрэатып пра тое, што настаўнікамі могуць быць толькі жанчыны, памылковы. Мужчыны — выдатныя настаўнікі, і стаўленне дзяцей да педагогаў мужчын зусім іншае. Дзецям падабаецца, калі ўрокі ў іх вядуць мужчыны. У каледжы я быў адным хлопцам у групе, які вучыўся на настаўніка пачатковых класаў. Тады мала хто верыў, што я пайду працаваць з дзецьмі. Прыйшоўшы па размеркаванні ў бараўлянскую школу, я быў ужо трэцім мужчынам — настаўнікам пачатковых класаў.

Калі дзіця бачыць перад сабой узаемадапаўняльныя лініі паво­дзін мужчыны і жанчыны, розныя сацыяль­ныя ролі і ўзаемасувязі, то яно развіваецца гарманічна. Таму вяртанне мужчын у педагогіку сёння як ніколі актуальнае.

Для таго каб мужчыны ішлі працаваць у сістэму адукацыі, неабходна падняць статус настаўніка. Гэта паважаны чалавек, з добрым дастаткам, бо мужчына павінен забяспечваць сям’ю. Словам настаўніка павінны давяраць, і асоба настаўніка не павінна падвяргацца крытыцы з боку грамадства. Калі настаўнікаў пачнуць пава­жаць, тады і мужчын у сістэме адукацыі стане больш.

Ігар МАСЛАЎ,
дырэктар ліцэя № 1 Гродна:

— Для мяне выбар педагагічнай прафесіі быў прадвызначаны асобамі настаўнікаў, у якіх мне давялося вучыцца. У Лідскім тэхнічным каледжы гэта была настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Валянцінаўна Мальцава, а пасля, ва ўніверсітэце (паступаў спачатку на спецыяль­насць “Радыёфізіка”, а на трэцім курсе зрабіў іншы выбар і перайшоў на спецыяльнасць “Навукова-педагагічная дзейнасць”), вялікую ролю адыграла Ларыса Мікалаеўна Хутарская, якая вяла методыку выкладання фізікі. Гэта захоплены прафесіяй, улюбёны ў педагогіку чалавек. 

Пачынаў працаваць з 2003 года ў школе-ліцэі № 19 Гродна, якая пасля была пераўтворана ў гімназію № 3. Быў некаторы перыяд, калі я працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, аднак работа з дзецьмі ўзяла верх. Гэта тая прафесія, якая дазваляе мне рэалізаваць сябе, свой патэнцыял. Па сённяшні дзень з’яўляюся практыкуючым настаўнікам — выкладаю фізіку, рыхтую дзяцей да алімпіяд па астраноміі. Шчаслівы, калі бачу дасягненні сваіх вучняў. Так, зусім нядаўна Арсеній Камароў атрымаў бронзавы медаль на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы.

Дырэктарская работа зусім іншая. Што падабаецца ў ёй? Я люблю сваю ўстанову адукацыі. Мне вельмі пашанцавала, бо ліцэй як тып установы — унікальны: гэта адна ўзроставая група дзяцей, свая спецыфіка работы. Тут працуюць захопленыя педагогі, якія бачаць сваю задачу ў развіцці патэнцыялу вучняў. Адміністратарская работа мае больш вектараў для развіцця: адначасова трэба выкон­ваць некалькі відаў дзейнасці і рабіць гэта эфектыўна. Гэта стымулюе цябе да самаразвіцця. Да таго часу, пакуль чалавек развіваецца ў прафесіі і ў яго для гэтага ёсць магчымасці і ўмовы, ён не будзе выгараць, і прафесія для яго будзе цікавай. 

У ліцэі ў нас працуе дастаткова шмат педагогаў мужчын, каля 30 працэнтаў. Магчыма, гэта абумоўлена тым, што ў нас старшая ступень навучання. Мае значэнне і добразычлівая атмасфера, якая пануе паміж педагогамі і вучнямі, паміж адміністрацыяй і педагогамі. Гэта з’яўляецца адным з важных фактараў, які ўтрымлівае мужчын у адукацыі. 

Думаю, не важна, якім калектывам ты кіруеш — жаночым ці мужчынскім. Калі кіраўнік для сябе прымае пазіцыю ўмець прадбачыць і, як гаварыў Капіца, не перашкаджаць добрым лю­дзям працаваць, то тады кіраванне будзе эфектыўным і сур’ёзных цяжкасцей у рабоце з калектывам не ўзнікне. Безумоўна, ёсць свае прынцыпы, якімі я кіруюся. Ключавы з іх — прынцып павагі да асобы вучня і настаўніка, другі — гатоўнасць дэлегаваць свае паўнамоцтвы і ствараць сітуацыю поспеху для кожнага. Калі чалавек, які працуе ў школе, будзе разумець, што для яго створаны адпаведныя ўмовы, каб ён мог займацца той дзейнасцю, якая дазваляе яму самарэалізоўвацца і быць паспяховым, то тады гармонія ў рабоце з калектывам будзе дасягнута. Яшчэ адзін прынцып — выхаванне ўласным прыкладам. 

Не згодны з тым, што мужчыны ідуць у педагогіку, каб зрабіць кар’еру. Думаю, што ў любой сферы ёсць кар’ерысты, тыя, хто імкнецца падняцца па службовай лесвіцы. І ў гэтым нічога дрэннага няма. Хтосьці павінен быць кіраўніком, менеджарам. Але ў педагогіцы ёсць прыклады педагогаў мужчын, якія робяць кар’еру гарызантальную, г.зн. рэалізоўваюць сябе менавіта ў настаўніцкай прафесіі і адкрываюць новыя грані ў гэтай дзейнасці. Сумаваць ім сапраўды не даводзіцца. З году ў год з’яўляюцца новыя распрацоўкі, новыя задачы, прыходзяць новыя дзеці — і ты працуеш па-новаму. Гэта заўсёды цікава!

Калі мы гаворым пра паўнацэнную, гарманічна развітую асобу дзіцяці, то разумеем, што мужчынскі ўплыў таксама неабходны. Мне вельмі падабаецца думка Э.Фрома: маці — гэта дом, з якога мы сыходзім, а бацька — гэта той, хто ву­чыць, як даведацца дарогу ў свет. У рабоце з дзецьмі патрэбны баланс, гармонія. І мужчыны-педагогі тут уносяць важны ўклад. 

Галоўная роля ў прыцягненні мужчын у педагогіку павінна адводзіцца не толькі самой школе і сістэме настаўніцтва, але і ўніверсітэту. Ва УВА, напрыклад, у межах студэнцкага самакіравання павінны стварацца магчымасці для рэалізацыі мужчын. Магчыма, варта адкрыць спецыяльнасць “Адукацыйны менеджмент”, дзе рыхтаваць кіраўнікоў для сістэмы адукацыі. І думаю, мужчын-педагогаў стане больш. Мэтавае размеркаванне выпускнікоў у школы можа пасадзейні­чаць таму, што мужчыны будуць заставацца ў сістэме адукацыі. Адкрыццё педагагічных класаў і груп таксама ўносіць свой уклад у вырашэнне праблемы. А стэрэатып наконт нізкай зарплаты педагогаў сёння ўжо не актуальны.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
kaliadich@nastgaz.by