На старце даследчых здзяйсненняў

- 10:45Якасць адукацыі

Першая адукацыйная змена ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў гэтым годзе стартавала з новага напрамку — “Біятэхналогіі”. На навучанне ў Мінск прыехалі школьнікі з усёй Беларусі. Заняткі праходзілі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДТУ. Работа ішла і па традыцыйных напрамках “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Робататэхніка”. Па агульнаадукацыйных прадметах 40 навучэнцаў змены ўпершыню займаліся на базе сярэдняй школы № 225 Мінска, якая ўзводзілася як адзін з аб’ектаў тэхнапарка.

 

Вучнёўскія ідэі — у жыццё! 

— Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы функцыянуе з 1 студзеня 2021 года. На працягу года тут прайшло 11 адукацыйных змен для 370 навучэнцаў 9—11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны працягласцю 24 дні кожная, — расказаў дырэктар тэхнапарка Сяргей Міхайлавіч Сачко. — Навучанне вялося па адукацыйнай праграме дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі па напрамках “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Робататэхніка”, “Інжынерная экалогія”. Практычныя заняткі праводзілі выкладчыкі БДУ, БДУІР, БНТУ, БДТУ ў сваіх аўдыторыях і лабараторыях. 

Навучэнцы папярэдніх дзесяці адукацыйных змен распрацавалі звыш 300 індывідуальных і групавых праектаў. Дзіцячы тэхнапарк праводзіў рэспубліканскія мерапрыемствы, пераможцы і прызёры якіх былі заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Трое з іх — навучэнцы тэхнапарка — пераможцы XI Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Гэта Дзмітрый Максімук з работай “Сістэма аўтаномнага даследавання планет Phantom Trio” (1-е месца, Мінск), Арцём Шэпелеў з работай “Праграмна-апаратны комплекс WheelGo” (2-е месца, Віцебская вобласць), Расціслаў Шчуроўскі з работай “Модульнасць у вымяральных прыборах” (3-е месца, Мінская вобласць).

— Хацелася б расказаць пра дасягненні школьнікаў, якія прайшлі ў нас навучанне, — працягвае Сяргей Міхайлавіч. — Выпускнікі Яўген Жукоўскі і Максім Борыс прынялі ўдзел у IV Міжнародным студэнцкім экалагічным кангрэсе, які адбыўся на базе хімічнага факультэта БДУ і сабраў звыш 100 маладых эколагаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Туркменістана і Бангладэш. Падчас кангрэса прайшла навуковая канферэнцыя, дзе Яўген і Максім былі адзінымі школьнікамі. Яны прадставілі даклад “Экалагічны сінтэз наначасціц серабра для ўвядзення ў біяраскладальныя палімерныя плёнкі” і заваявалі дыплом I ступені. 

Яшчэ адзін наш выпускнік Андрэй Мамаеў пачаў распрацоўваць свой праект аб атрыманні высокаактаўных мікра- і мезапорыстага вуглёў з адходаў дрэваапрацоўчай прамысловасці яшчэ падчас адукацыйнай змены тэхнапарка на хімічным факультэце пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ ФХП Дзмітрыя Грыншпана.

Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што з пілавіння, стружкі, дранкі і кары можна атрымлі­ваць высокаактаўны вугаль і выкарыстоўваць яго для паглынання са сцёкавых вод буйных малекул, фарбавальнікаў, таксічных і радыеактыўных рэчываў. Невялікі кошт і якасныя паказчыкі новага прадукту дазволяць з прыбыткам вырабляць яго ў Беларусі, перапрацоўваючы адходы лясной прамысловасці. У выніку юнак стаў абсалютным пераможцам і заваяваў гран-пры ў конкурсе “Экаідэі — у жыццё”. Конкурс адбыўся ў рамках Міжнароднага студэнцкага экалагічнага кангрэса. Навучэнец атрымаў права на рэалізацыю свайго інавацыйнага праекта на базе НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. 

У кастрычніку мінулага года ў Мінску праходзіў XXV Беларускі энергетычны і экалагічны форум, які ўключаў у сябе конкурс інавацыйных і стартап-праектаў Belarus ENERGY Award 2021. Выпускнік тэхнапарка Расціслаў Шчуроўскі стаў фіналістам конкурсу ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”. Ён прадставіў праект “Evosol. Модульнасць у вымяральных прыборах”, распрацаваны пад кіраўніцтвам педагога Сяргея Лістападава. 

На базе Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ адбылася V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бесперапынная сістэма адукацыі “Школа — універсітэт”. Інавацыі і перспектывы”, дзе выпускніца тэхнапарка Марыя Бань прэзентавала сумесны з педагогам Юліяй Матрунчык праект “Робат-памочнік у медыцынскіх установах”. Аўтаматызаваны памочнік на сёння вельмі запатрабаваны, паколькі зможа выконваць шырокі спектр задач у сферы аховы здароўя, у тым ліку па зніжэнні рызык распаўсюджвання COVID-19.

Біятэхналогіі і дабрабыт чалавецтва  

Што такое біятэхналогіі? У чым іх каштоўнасць і актуальнасць? Чаму могуць навучыцца школьнікі? Якія навыкі здабудуць або ўдасканаляць у тэхнапарку? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да аднаго з куратараў новага кірунку “Біятэхналогіі” Алега Ула­дзіслававіча Астравуха — дацэнта кафедры біятэхналогіі БДТУ, кандыдата тэхнічных навук. 

— Біятэхналогіі ў агульнапрынятым сэнсе — гэта мэтанакіраванае выкарыстанне біялагічных аб’ектаў для вытворчасці ў прамысловых маштабах прадуктаў, карысных з практычнага пункту гледжання, — адзначыў Алег Ула­дзіслававіч. — Часцей за ўсё для гэтага бяруцца мікраарганізмы. Чалавек прымяняе іх вельмі даўно для вытворчасці хлеба, сквашвання малака, вырабу віна. Цяпер пра біятэхналогіі прынята гаварыць больш шырока. Вылучаюць біятэхналогію раслін, жывёл, фармацэўтычную і экалагічную біятэхналогію. Гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў навукі, з якім звязва­юць дабрабыт усяго чалавецтва ў найбліжэйшай будучыні. Ад яго чакаюць рэвалюцыйных змяненняў у якасці жыцця чалавека, і гэтыя надзеі цалкам абгрунтаваныя. Біятэхналогіі непарыўна звязаны з вытворчасцю вакцын і лекаў, вітамінаў і харчовых дабавак, ферментаў і гармонаў, кармоў і ўгнаенняў, а таксама з вытворчасцю біяпаліва і ачысткай навакольнага асяроддзя ад забруджванняў. 

Нашы навучэнцы (джуніёры) вывучалі магчымасці і перспектывы сучасных біятэхналогій, вучыліся правільна шукаць інфармацыю і планаваць эксперымент, самі праводзіць яго, апрацоўваць атрыманыя вынікі і параўноў­ваць іх з літаратурнымі данымі, каб у выніку прадставіць на суд гледачоў свой даследчы праект. Усе маладыя людзі вельмі матываваныя і зацікаўленыя. Мы, выкладчыкі, у сваю чаргу стараемся, каб навучанне для іх было цікавым, пазнавальным і карысным. 

Гатуем фітачай “па навуцы”

Падчас эксперыменту вучні кіраваліся вучэбна-метадычным дапаможнікам па біятэхналогіі, распрацаваным Аленай Андрэеўнай Флюрык — яшчэ адным куратарам новага напрамку — дацэнтам кафедры біятэхналогіі БДТУ, кандыдатам біялагічных навук.

— Кірунак, які мы прапанавалі школьнікам для даследавання, — біятэхналогія раслін, а тэма — “Распрацоўка новых рэцэптур фітачаёў, якія валодаюць зададзенымі ўласцівасцямі”, — расказала Алена Андрэеўна. — Расліны — гэта скарбніца біялагічна актыўных рэчываў, якія можна выкарыстоўваць у многіх сферах, пачынаючы ад фітачаёў, заканчваючы атрыманнем сур’ёзных лекавых прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння нават такіх сур’ёзных захворванняў, як анкалогія. 

Першы дзень заняткаў на базе ўніверсітэта — азнаямленчы. Навучэнцы пабывалі на кафедры біятэхналогіі і ў лабараторыях факультэта, успомнілі тэхніку бяспекі і папрацавалі з мікраскопамі. Далей ім прапанавалі раслінную сыравіну — суданскую ружу, мелісу, брусніцы, зялёны чай і буякі. Чым багата гэтая сыравіна, якія карысныя ўласцівасці мае? Каб даведацца, вучні праводзілі фармакагнастычны аналіз сыравіны: макра- і мікраскапічны, таваразнаўчы і фітахімічны. Таксама неабходна было вызна­чыць тэхналагічныя ўласцівасці сыравіны: вільгот­насць, насыпная шчыльнасць, каэфіцыент набракальнасці, парознасць, золь­насць, фракцыйны склад і інш. Вучні рабілі водныя экстракты сыравіны, каб даведацца ўтрыманне ў ёй біялагічна актыўных рэчываў — антацыянаў, дубільных рэчываў, аскарбінавай кіслаты, флаваноідаў і інш. Пры дапамозе спектрафатометра вызначалі аптычную шчыльнасць экстрактаў, вынікі падстаўлялі ў формулы і рабілі разлікі. Усе гэтыя маніпуляцыі неабходна было зрабіць для таго, каб атрымаўся травяны чай, арыгінальны па кампазіцыі і рэцэптуры, а галоўнае — карысны. У напітку павінна была пераважаць адна з пяці прапанаваных раслін, астатнія выкарыстоўваліся ў якасці дадаткаў. Навучэнцы падзяліліся на пяць падгруп. 

Навучэнцы (джуніёры) вывучалі магчымасці і перспектывы сучасных біятэхналогій, вучыліся правільна шукаць інфармацыю і планаваць эксперымент, самі праводзіць яго, апрацоўваць атрыманыя вынікі і параўноўваць іх з літаратурнымі данымі, каб у выніку прадставіць на суд гледачоў свой даследчы праект.

— Мы з напарніцай узялі ў распрацоўку суданскую ружу, у простанароддзі каркадэ, якая стала асноўным кампанентам нашага чаю, — расказала Настасся Ліпніцкая, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 108 Мінска. На заняткі ў тэхнапарк дзяўчына прыехала другі раз. — Мы вывучалі склад і ўласцівасці суданскай ружы, паказчыкі якасці, спалучальнасць з іншымі раслінамі. Нельга, напрыклад, змешваць расліну, якая бадзёрыць, з той, якая супакойвае. Да суданскай ружы ў колькасці 1 г у невялікай колькасці дадавалі іншую сыравіну, каб атрымалася 2,5 г чаю, праводзілі дэгустацыю і выбіралі найлепшы варыянт па смакавых і карысных уласцівасцях. Лепш за ўсё суданская ружа спалучаецца з мелісай і зялёным чаем. 

У іншых групах вучні таксама стваралі ўнікальныя напіткі. Для атрыманых узораў кожная падгрупа распрацавала сваю ўпакоўку. Хтосьці зрабіў карамелізаваны варыянт, а хтосьці — звыклыя нам пакуначкі, але прыгожа аформленыя. Вынік быў прадстаўлены падчас калектыўнай абароны даследчага праекта.

Школьныя заняткі працягваюцца

Заняткі ў лабараторыі ўніверсітэта праходзілі штодзень з раніцы. У другой палове дня вучні адпраўляліся на вучобу ў сярэднюю школу № 225 Мінска, дзе асвойвалі асноўную школьную праграму. Ва ўстанове для іх быў абсталяваны сучасны вучэбны блок на чацвёртым паверсе.

— Сёння ў нас займаюцца 40 дзяцей, якія вучацца ў тэхнапарку. Мы дзелім іх на групы ў залежнасці ад класа — 9, 10 і 11-ы, — расказала дарэктар школы Таццяна Уладзіміраўна Качан. — Кожнаму дзіцяці выдаецца планшэт з выхадам у інтэрнэт. Вучні займаюцца па індыві­дуальных планах і праграмах, якія склалі іх школьныя настаўнікі. Прахо­дзіць максімум па тры ўрокі ў дзень. Выкладаюць тут як настаўнікі нашай школы, так і запрошаныя, найбольш дасведчаныя педагогі з найбліжэйшых устаноў адукацыі. 

Навучэнцы тэхнапарка не толькі актыўна працавалі, але і адпачывалі, весела бавілі час на мерапрыемствах, арганізаваных Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Пражывалі яны на базе інтэрната БНТУ. Але ў хуткім часе тэхнапарк прырасце новымі будаўнічымі аб’ектамі. Недалёка ад школы вялікімі тэмпамі ўзводзіцца вучэбна-лабараторны корпус, які будзе ўключаць у сябе вучэбныя лабараторыі, фаблаб, выставачны павільён, адміністрацыйны блок. Неўзабаве тут з’явіцца і інтэрнат на 300 месцаў, дзе бу­дуць пражываць навучэнцы тэхнапарка. Для іх створаць зручнае для вучобы, работы і адпачынку асяроддзе.  

У студзені гэтага года з ходам будаўніцтва аб’ектаў тэхнапарка і арганізацыяй вучэбнага працэсу ў сярэдняй школе № 225 азнаёміўся намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. 

Да новых сустрэч і адкрыццяў!

У пачатку лютага ў тэхнапарку прайшла чарговая адукацыйная змена, якая прыняла 40 адораных і таленавітых школьнікаў з усёй краіны. З 9 сакавіка пачынаецца новая адукацыйная змена. 28 лютага стартуе падача заявак на май.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА