Матывацыя, стымул і падтрымка

- 11:15Якасць адукацыі

У канцы студзеня ў БДУ назвалі ўладальнікаў грантаў конкурсу “Стыпендыя Wargaming”. Імі сталі 22 студэнты з шасці факультэтаў.

Шосты раз у БДУ прайшоў конкурс на атрыманне стыпендыі ад вядучага распрацоўшчыка камп’ютарных гульняў. Такое спаборніцтва праводзіцца з 2019 года і накіравана на стымуляванне і матывацыю моладзі да навуковай дзейнасці, падтрымку таленавітых студэнтаў і стварэнне кластара маладзёжных ідэй і праектаў рознай навуковай тэматыкі.

Каб стаць прэтэндэнтамі на атрыманне гранта, студэнтам неабходна вучыцца на адным з шасці факультэтаў (механіка-матэматычным, фізічным, біялагічным, хімічным, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій), мець высокую ацэнку паспяховасці, падрыхта­ваць матывацыйнае эсэ і аўтабіяграфію, а таксама весці навукова-даследчую дзейнасць.

Другакурснік ФПМІ Арцём Недзь­ведзь упершыню стаў удзельнікам конкурсу і адразу атрымаў узнагароду: “Я прадставіў даследчы артыкул, напісаны яшчэ на першым курсе, пра сектарную анімацыю і тое, як з яе дапамогай можна зрабіць анімацыю больш націўнай для карыстальніка”. Зараз жа інтарэсы студэнта крыху змяніліся, але, калі будзе час, ён працягне вывучаць анімацыю. Пакуль жа яго цікавяць нейронныя сеткі і камп’ютарны зрок: “Сёння гэта дастаткова папулярная тэма. Гаворачы простай мовай, камп’ютар бачыць карцінку і можа распазнаць на ёй пэўныя аб’екты, прычым як элементы пейзажу, так і цэлага горада праз спутнік. Атрыманую стыпендыю я якраз патрачу на новыя курсы па гэтай тэме, падпіскі на навуковыя часопісы, а таксама набыццё рэсурсаў, пры дапамозе якіх можна апрацоўваць анімацыю. Я перакананы, што такія гранты вельмі карысныя для студэнтаў, якія плануюць займацца навукай”.

В.Карпушэнкава: “Я — будучы біяфармахімік і пасля заканчэння ўніверсітэта спадзяюся займацца распрацоўкай лекаў”.

З Арцёмам згодна і студэнтка трэцяга курса хімічнага факультэта Вераніка Карпушэнкава. “Кожны канкурсант прапісвае, для чаго яму неабходны пэўныя грашовыя сродкі. Напрыклад, для закупкі таго ці іншага абсталявання, тэхнікі для апрацоўкі якіх-небудзь даных і г.д., — сказала дзяўчына. — На сённяшні дзень я хачу абна­віць сваю тэхніку, праграмнае забеспячэнне, асабістае штодзённае абсталяванне. Ра­зам з навуковым кіраўніком, дацэнтам, кандыдатам хімічных навук Яраславам Вячаслававічам Фалетравым,  мы займаемся вывучэннем розных злучэнняў з пэўнымі лекавымі актыўнасцямі, напрыклад, антымікробнымі. Я вось спрабую знайсці злучэнні, якія маглі б дапамагаць як дыягнаставаць захворванне, так і ля­чыць яго. Асноўная мэта — вывучаць лекавыя сродкі і ўдасканальваць іх альбо знаходзіць для іх іншае прымяненне, адкрываючы дадатковае станоўчае ўздзеянне, якое можа пашырыць іх спектр прымянення”.

Дарэчы, Вераніка атрымлівае спе­цыяль­насць “Лекавыя злучэнні”, а таму яна — будучы біяфармахімік: “Гэта спецыяліст шырокага спектра, які можа праца­ваць як на вытворчасці, так і ў навуковай або аналітычнай лабараторыі. Гэта чалавек, які перш за ўсё з’яўляецца хімікам, бо праходзіць асноўны курс хіміі і фізікі, і пры гэтым разумее логіку фармацэўтычнай вытворчасці, стварэння і распрацоўкі лекавых прэпаратаў і рэчываў, звязаных з вакцынамі. Пасля заканчэння ўніверсітэта такі спецыяліст будзе займацца распрацоўкай лекаў. Мне вельмі падабаецца выбраны профіль”.

А.Афоненка:
“Я сканцэнтраваны на вучобе, планую паступаць у магістратуру, і з такой фінансавай падтрымкай можна спакойна займацца даследаваннямі”.

Сярод пераможцаў конкурсу і трэцякурснік ФРФіКТ Анатоль Афоненка. Ён ужо трэці раз стаў уладальнікам гранта, які таксама патраціць на тэхніку — прынтар, камп’ютар і, канечне, спецыялізаваную адукацыйную літаратуру: “Я сканцэнтраваны на вучобе, планую паступаць у магістратуру, мне цікава навуковая тэматыка, а з такой фінансавай падтрымкай можна спакойна займацца даследаваннямі”.

Анатоль заўсёды грунтоўна падыхо­дзіў да выбару будучай прафесіі. Спачатку ў сталічнай гімназіі № 41 на яго фізіка-матэматычнае станаўленне паўплываў Леанід Іванавіч Лаўрыновіч. Пасля ў Ліцэі БДУ Ігар Васільевіч Малышчыц зацікавіў яго астраноміяй, ён нават стаў адным з пераможцаў на рэспубліканскай алімпіядзе, што дазволіла паступаць ва ўніверсітэт без ЦТ.

“Мяне ў той час якраз зацікавіла камп’ютарнае мадэляванне, і я шукаў якую-небудзь спецыяльнасць на стыку фізікі і інфарматыкі, каб мадэляваць складаныя фізічныя працэсы пры дапамозе камп’ютара. І такое знайшоў на ФРФіКТ. Паступіў на спецыяльнасць “Камп’ютарная бяспека”, бо там быў самы высокі бал і, адпаведна, самая матываваная група студэнтаў. З першага курса дэкан нашага факультэта выкладчык фізікі Дзмітрый Уладзіміравіч Ушакоў уцягнуў мяне ў навуковую дзейнасць па лазернай тэматыцы. Пад яго кіраўніцтвам мы прааналізавалі выявы лазерных структур, атрыманых электронным мікраскопам”, — узгадаў юнак.

У конкурсе ўдзельнічаў з работай па мадэляванні квантава-каскадных лазераў. “Мы разглядалі лазер мікрахвалевага дыяпазону, тэрагерцаў. Гэтая тэма лічыцца перспектыўнай, але мала крыніц такога выпраменьвання. Мы лічым, што мікрахвалевымі лазерамі можна замяніць рэнтгенаўскія ўстаноўкі ў аэрапортах, метро і г.д. Рэнтгенаўскае выпраменьванне шкоднае для чалавека, а гэтае больш бяспечнае”, — патлумачыў студэнт.

Так конкурс матывуе студэнтаў займацца навуковай дзейнасцю. Атрыманыя стыпендыі дазваляюць ім набываць абсталяванне і рэактывы, публікаваць свае матэрыялы ў замежных выданнях. “А яшчэ, што таксама вельмі важна, такія гранты дазваляюць нам, юным вучоным, канцэнтравацца толькі на вучобе, не адцягваючыся на падпрацоўкі”, — рэзюмаваў А.Афоненка.

Вольга АНТОНЕНКАВА.