З Сібіры з прапановамі

- 10:01Вышэйшая школа, Якасць адукацыі

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце віталі гасцей з Новасібірска. Прадстаўнікі Новасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прыехалі ў нашу краіну з цікавымі прапановамі і жаданнем адкрываць новыя гарызонты супрацоўніцтва. 

У БДТУ быў аранізаваны круглы стол, прысвечаны тэме развіцця навуковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Новасібірскай вобласцю ў галіне энергаэфектыўных тэхналогій, энерганазапашвальнікаў, электроннай тэхнікі. 

Сяргей Віктаравіч Браванаў, прарэктар па навуковай рабоце Новасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, расказаў, што НДТУ з’яўляецца буйным адукацыйным і навуковым цэнтрам. Тут вядуць навуковыя распрацоўкі па шэрагу напрамкаў, а асноўнымі стратэгічнымі кірункамі, па якіх універсітэт плануе працаваць у найбліжэйшай перспектыве, з’яўляюцца сілавая электратэхніка і інтэлектуальная энергетыка, новыя матэрыялы для прарыўных тэхналогій, новыя інжынерныя рашэнні і штучны інтэлект для біямедыцыны. Расійскія калегі пазнаёмілі беларускі бок з некаторымі сваімі навуковымі распрацоўкамі. 

Рэктар БДТУ Ігар Вітальевіч Войтаў адзначыў высокі навуковы патэнцыял Новасібірскага ўніверсітэта і падкрэсліў, што два ўніверсітэты маюць шмат агульных кропак для развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне аўтаматызацыі, электратэхнікі і распрацоўкі новых матэрыялаў. Адным з перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння можа стаць ўкараненне расійскіх тэхналогій на аб’ектах энергетыкі Беларусі.

Былі выказаны прапановы па рэалізацыі двума ўніверсітэтамі сумесных навукова-даследчых і інавацыйных праектаў. Такія праекты могуць быць карыснымі для патрэб рэальнага сектара эканомікі, што пацвер­дзілі прадстаўнікі шэрага беларускіх прадпрыемстваў, якія таксама прынялі ­ўдзел у мерапрыемстве. 

Напрыклад, госці расказалі аб назапашвальніках электрычнай энергіі, распрацаваных Інстытутам сілавой электронікі НДТУ. Гэта самыя магутныя ў цяперашні час назапашвальнікі энергіі на тэрыторыі СНД.  Сутнасць распрацоўкі заключаецца ў стварэнні комплексу абсталявання, якое дазваляе назапашваць электрычную энергію ў перыяды яе лішку і імгненна вяртаць у сетку ў перыяды дэфіцыту. Аналагічныя назапашвальнікі вырабляюць усяго некалькі вытворцаў у свеце. Расійская распрацоўка істотна таннейшая, чым у замежных канкурэнтаў, а таксама з’яўляецца больш “разумнай” і хуткадзейнай за кошт унікальнага праграмнага прадукту. У Расіі такія назапашвальнікі ўжо вы­рабляюцца і пастаўлены карыстальнікам. Распрацоўка можа быць карыснай для розных прадпрыемстваў і ў Беларусі. Напрыклад, калі для кампаніі дзейнічаюць дыферэнцыраваныя тарыфы на электраэнергію і ноччу яна каштуе танней: ноччу электраэнергію можна назапашваць, а днём выкарыстоў­ваць, і такім чынам эканоміць. Таксама такія назапашвальнікі незаменныя там, дзе рэгулярна здараюцца перабоі з электраэнергіяй. 

Выказаны прапановы па рэалізацыі БДТУ і НДТУ сумесных навукова-даследчых і інавацыйных праектаў. Такія праекты могуць быць карыснымі для патрэб рэальнага сектара эканомікі.

Расійскі бок прапануе не толькі ўзяць на ўзбраенне такія прыборы, але і ў перспектыве наладзіць іх сумесную  вытворчасць у Беларусі. 

— Назапашвальнікі энергіі — гэта значны і перспектыўны праект. У расійскага боку ёсць вопыт у гэтым напрамку, а наш універсітэт можа дапамагчы адаптаваць і рэалізаваць гэты вопыт у Беларусі, перанесці яго на беларускую энергетычную ма­дэль, таму што зыходныя даныя і ўмовы ў нас свае, —  тлумачыць Міхаіл Васільевіч Дзядзенка, начальнік навукова-даследчай часткі БДТУ. —  Калі будзе вырашана пытанне вытворчасці такіх назапашвальнікаў у нас, то вучоныя БДТУ змогуць аказваць навуковае суправаджэнне агранізацыі вытворчасці, кансультацыйную дапамогу. 

Новасібірскія калегі пазнаёміліся з работай БДТУ, тэхналагічнымі і навуковымі магчымасцямі ўніверсітэта і пераканаліся, што перспектывы для супрацоўніцтва самыя шырокія. БДТУ ёсць што прапанаваць. Універсітэт на працягу ўсёй сваёй больш чым 90-гадовай гісторыі займае вядучыя пазіцыі ў адукацыйнай і навуковай сферах. Сёння ўстанова з’яўляецца ўнікальным інавацыйным і навуковым цэнтрам. Універсітэт паспяхова развівае розныя навуковыя напрамкі ў галінах лясной гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, хіміі і хімічных тэхналогій, эканомікі, паліграфіі.

БДТУ мае высокі міжнародны аўтарытэт, тройчы акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навукоўцы ўніверсітэта выконваюць заданні дзяржаўных праграм розных узроўняў, асобныя міжнародныя і інавацыйныя праекты, гранты, праекты Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, гаспадарчыя дагаворы па заказах прадпрыемстваў і арганізацый. Ва ўніверсітэце створаны і функцыянуюць каля 50 структурных навуковых падраздзяленняў, уключаючы 8 галіновых лабараторый, шэраг навукова-даследчых і выпрабавальных лабараторый, 10 суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры: Міжнародны інфармацыйна-аналітычны цэнтр трансферу тэхналогій, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр нафтахімічных тэхналогій і вытворчасцей, вучэбна-адукацыйны і навукова-практычны цэнтр шкла і керамікі і г.д.

Візіт расійскай дэлегацыі  завяршыўся падпісаннем пратакола аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі.

Дар’я РЭВА.