Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт сёлета адзначыць 90-годдзе. За гэты час пуцёўку ў жыццё атрымалі 185 тысяч спецыялістаў. Сярод іх — дзясяткі вядомых вучоных, якія развіваюць не толькі эканамічную навуку, але і робяць адкрыцці ў самых розных галінах. Пра іх і пагаворым з рэктарам установы Аляксеем ЯГОРАВЫМ.
— Аляксей Уладзіміравіч, сёння ваш універсітэт не толькі вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі эканамічнага профілю, але і буйны навуковы цэнтр. Раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць вашых вучоных.
— Сапраўды, наш універсітэт займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па канцэнтрацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі эканамічнага профілю ў галіне сусветнай і нацыянальнай эканомікі, фінансаў, маркетынгу, менеджменту, бухгалтарскага ўліку, статыстыкі, матэматычных метадаў у эканоміцы і інш. У нас функцыянуе 10 навукова-педагагічных школ: па нацыянальнай эканоміцы; эканомікі і кіравання на прадпрыемстве; бухгалтарскага ўліку, аналізу гаспадарчай дзейнасці, кантролю, рэвізіі і аўдыту; фінансаў; статыстыкі; маркетынгу; сусветнай эканомікі; матэматычных метадаў эканомікі; эканомікі і кіравання ў гандлі; кіравання вытворчасцю.
БДЭУ праводзіць эканамічныя фундаментальныя і прыкладныя сацыяльна-эканамічныя даследаванні па актуальных праблемах нацыянальнай эканомікі. У мінулым годзе выконвалася 65 навукова-даследчых работ. Універсітэт актыўна ўзаемадзейнічае з інстытутамі НАН Беларусі. Нашы супрацоўнікі ўдзельнічаюць у дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў на 2021—2025 гады: “Сельскагаспадарчыя тэхналогіі і харчовая бяспека”, “Канвергенцыя-2025”, “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы”.
Сучасная база ўніверсітэта дазваляе рыхтаваць навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Аспірантам мы прапаноўваем 15 спецыяльнасцей па эканамічных, юрыдычных, тэхнічных і палітычных навуках і рыхтуем дактарантаў па 6 эканамічных спецыяльнасцях.
Ацаніць аб’ём і якасць навуковай работы БДЭУ можна, зазірнуўшы, напрыклад, у рэйтынг Расійскага індэкса навуковага цытавання. Паводле яго, наш універсітэт уваходзіць у тройку лепшых сярод беларускіх навуковых арганізацый па колькасці цытаванняў і ў пяцёрку — па колькасці публікацый. Індэкс Хірша нашага ўніверсітэта па публікацыях у РІНЦ на канец 2022 года склаў 85. Гэта дастаткова высокі паказчык для эканамічнага профілю.
— Якія ўмовы для развіцця навукоўцаў-пачаткоўцаў створаны ў БДЭУ?
— Наша студэнцкая моладзь уносіць істотны ўклад у навуку і эканоміку краіны. Далучэнне студэнтаў да навукі адбываецца, можна сказаць, з атрыманнем студэнцкага білета. Разумеючы ўсю важнасць гэтага працэсу, мы імкнёмся стварыць для маладых людзей самыя спрыяльныя ўмовы.
Чытайце матэрыял Вольгі Антоненкавай у нумары ад 27 студзеня 2023 года.