Прага да навукі

- 17:44Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

“Настаўнікі жывуць у сваіх вучнях” — гэты знакаміты выраз выдатна характарызуе дзейнасць нашага сённяшняга героя Алега ДЗЕМІДЗЕНКІ, прарэктара па навуковай рабоце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сёння многія з яго студэнтаў ужо сталі калегамі.

Жыццёвыя арыенціры

Доктар тэхнічных навук прафесар Алег Дземідзенка ў канцы чэрвеня атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”. Гэтую ўзнагароду ён лічыць не ўласнай, а калектыўнай. І хоць для апісання яго асабістых дасягненняў спатрэбіўся б асобны артыкул, ён аддае перавагу размове не пра сябе, а пра сваю любую альма-матар, з якой звязана 45 гадоў яго жыцця. Тут ён атрымаў спецыяльнасць “Арганізацыя механізаванай апрацоўкі эканамічнай інфармацыі”, застаўся працаваць выкладчыкам, 14 гадоў быў загадчыкам кафедры аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі на фізічным факультэце, а ў 2007 годзе стаў прарэктарам.

Да таго ж Алег Міхайлавіч — лаўрэат Скарынінскіх чытанняў, уладальнік нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” і дзяржаўнага медаля “За працоўныя заслугі”, кіраўнік навуковай школы ў галіне мадэлявання складаных вылічальных сістэм, а яшчэ — аўтар больш як 200 навуковых работ, у тым ліку 6 манаграфій і звыш 30 вучэбных дапаможнікаў.

— Калі я быў загадчыкам кафедры, з 1993 па 2007 год, змог стварыць выдатны калектыў, у склад якога сёння ўвахо­дзяць і мае вучні. Вось гэтая навуковая школа зараз цудоўна працуе і выконвае цікавыя даследаванні. Усім вядомы выраз “Настаўнікі жывуць у сваіх вучнях” — спа­дзяюся, што і мне гэта ўдаецца. З ліку маіх вучняў 6 аспірантаў паспяхова абаранілі дысертацыі і сталі кандыдатамі тэхнічных навук. Зараз ужо іх вучні рыхтуюцца да абароны кандыдацкіх. І вось гэта сапраўднае дасягненне, — сказаў Алег Дземідзенка.

Пасаду прарэктара Алег Міхайлавіч зай­мае апошнія 16 гадоў. За гэты час супрацоўнікамі ўніверсітэта абаронена каля 150 кандыдацкіх і 20 доктарскіх дысертацый, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Японіі, Германіі, Швецыі. Пры яго ўдзеле створаны 23 студэнцкія лабараторыі з 48, што дзейнічаюць ва УВА. Наколькі яны паспяховыя і запатрабаваныя, сведчыць такі факт: толькі ў мінулым годзе больш за 200 навуковых распрацовак укаранілі ў вытворчасць.

У абноўленым рэйтынгу Webometrics, апублікаваным у ліпені 2022 года, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны заняў трэцюю пазіцыю сярод беларускіх УВА і 3832-е месца сярод больш як 30 тысяч універсітэтаў свету.

— Высокая ўзнагарода, якой мяне ўдастоілі летам, — гэта вынік працы ўсяго нашага калектыву. З яго дапамогай удалося стабілізаваць навуковыя даследаванні ўніверсітэта, і штогод мы выконваем аб’ём платных навуковых паслуг на суму да 1 млн долараў. Для невялікага рэгіянальнага ўніверсітэта гэта даволі значная лічба. Мы супрацоўнічаем з арганізацыямі розных краін свету. Дзякуючы гэтаму, нашы вучоныя могуць выязджаць за мяжу і дэманстраваць свае дасягненні, перай­маць вопыт калег і выводзіць свае навуковыя даследаванні на больш высокі ўзровень. І сёння наш універсітэт уваходзіць у тройку лепшых айчынных УВА ў шэрагу міжнародных рэйтынгаў, апераджаюць нас толькі БДУ і БНТУ. Гэта таксама дарагога варта, бо мы правялі велізарную работу, каб падняць узровень навуковых даследаванняў і публікацыйнай актыўнасці нашых супрацоўнікаў, — дадаў прарэктар.

Ад ідэі да ўвасаблення

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны класічны, таму і навуковыя даследаванні тут выконваюцца па 6 прыярытэтных напрамках нашай краіны: фізіка-матэматычным, тэхнічным, біялагічным, філалагічным, гістарычным і грамадскім. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца распрацоўкі па атрыманні новых матэрыялаў, у тым ліку нанаматэрыялаў і нанатэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, экалагічнай бяспекі. Немалаважнае значэнне маюць і даследаванні па гісторыі і культуры Беларусі, бо іх вынікі выкарыс­тоўваюцца ў працэсе патрыятычнага выхавання.

— Вышэйшая адукацыя, асабліва ўніверсітэцкая, немагчыма без уключэння студэнтаў у актыўную даследчую дзейнасць. У арганізацыі навукова-даследчай работы нашых навучэнцаў вылучаюцца два аспекты. Першы і найбольш масавы — арганізацыя вучэбнага працэсу, калі пры выкананні практычных, лабараторных, курсавых і дыпломных работ студэнты набываюць навыкі навуковых даследаванняў. Другі аспект заключаецца ў адборы лепшых маладых людзей і далучэнні іх да навукова-даследчай работы ў індывідуальным парадку або праз арганізацыю студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Так, цяпер ва ўніверсітэце працуе 48 лабараторый, а да навукова-даследчай работы далучана больш за 40% студэнтаў, — адзначыў Алег Дземідзенка.

Па яго словах, у рабоце з моладдзю дапамагаюць разнастайныя стартапы, якія даюць магчымасць студэнтам і магістрантам рэалізаваць сябе. З 2016 года працуе бізнес-школа “Стартап — ГДУ”, створаная для падтрымкі і развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва ва ўніверсітэце. У мерапрыемствах бізнес-школы кожны год бя­руць удзел больш за 150 студэнтаў. Сіламі “Стартап — ГДУ” ва ўстанове адукацыі праводзіцца штогадовы конкурс бізнес-праектаў “Мой стартап”. З кожным разам праекты становяцца ўсё больш маштабнымі. А знамянальнай падзеяй 2021 года стала адкрыццё пляцоўкі ўніверсітэцкага стартап-цэнтра, на якой рэгулярна право­дзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу і вучэбныя семінары для студэнтаў розных факультэтаў.

— Лепшае з прапанаванага навучэнцамі мы спрабуем рэалізаваць у выглядзе прамысловых праектаў. Да таго ж матывуем студэнтаў займацца навукай, прыцягваючы іх да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях і конкурсах навуковых работ. Таксама тых, хто цягнецца да навукі і спрабуе праявіць сябе, мы запрашаем у студэнцкія лабараторыі, дзе разам з выкладчыкамі яны працуюць на сучасным абсталяванні, — падкрэсліў Алег Міхайлавіч.

Сярод апошніх адметных студэнцкіх навуковых праектаў, якія выклікаюць гордасць у нашага героя, — мабільны дадатак для геалакацыі пацыента і машын хуткай медыцынскай дапамогі, электронны расклад заняткаў для студэнтаў ГДУ, сайт універсітэцкага музея і яго мабільны дадатак, дзеючая мадэль пераноснага хала­дзільніка, які дазваляе выбіраць пэўны тэмпературны рэжым для транспарціроўкі медыкаментаў і вакцын, люмінесцэнтныя пакрыцці для сонечных батарэй і інш. На рэспубліканскім этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў 2019 годзе інфармацыйны партал “Пляцоўка.бай”, распрацаваны студэнтам факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Ільёй Галавачом і асістэнтам кафедры агульнай фізікі Аляксеем Зайцавым, стаў пераможцам у намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера”. Акрамя таго, для выяўлення таленавітай моладзі штогод праводзяцца агульнаўніверсітэцкія конкурсы “Лепшая вучэбная група” і “Ану, першакурснік!”.

На пытанне, як маладому вучонаму рэалізаваць сябе, Алег Міхайлавіч адказаў так:

— Аднаго жадання “я хачу стаць вучоным” недастаткова. Гэта як у адной гаспадыні добры боршч атрымліваецца без асаблівых намаганняў, а ў другой, што б яна ні рабіла і ні дабаўляла, ён усё роўна будзе нясмачным. Тое ж самае і з навукай: у чалавека павінны быць смак і прага да яе. А задача выкладчыкаў — заўважыць такога студэнта і дапамагчы яму, накіраваць, даць інструментальныя сродкі, пазнаёміць з лабараторыямі і тымі масцітымі вучонымі, пад чулым кіраўніцтвам якіх ён зможа рэалізаваць свае ідэі. І такую падтрымку мы аказваем кожнаму зацікаўленаму студэнту.

— Вядома, адна з прыярытэтных задач універсітэцкай навукі — актыўнае ўкараненне распрацовак у рэальны сектар эканомікі. Асноўная частка нашых даследаванняў выкарыстоўваецца ва ўласнай дзейнасці УВА для вытворчасці і рэалізацыі сваёй прадукцыі, аказання платных паслуг, у тым ліку і для замежных арганізацый. Мы займаемся вытворчасцю камплектуючых для вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны. Так, намі былі зроблены пастаўкі абсталявання для “Гомсельмаша” і суспензій для “Інтэграла”. Да таго ж мы практычна манапалісты па пад­рыхтоўцы і вырабе маламернага шліфавальнага інструменту і пастаўляем яго амаль на ўсе прадпрыемствы краіны, у тым ліку на Беларускі металургічны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў. А яшчэ мы рамантуем і абнаўляем дэталі для 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода ў Баранавічах і іншых ваенных арганізацый”, — паведаміў прарэктар па навуковай рабоце.

Зразумела, што гэта далёка не поўны спіс работ, якія праводзяцца ў ГДУ імя Ф.Скарыны, і іх колькасць, безумоўна, бу­дзе расці з кожным годам, бо ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для развіцця навуковай дзейнасці.

— Мы працягваем працаваць з усходнім сектарам, у нас добрыя кантакты з навучальнымі і навуковымі ўстановамі і арганізацыямі Кітая, В’етнама, Індыі, Японіі, выконваем для іх навуковыя даследаванні. Да таго ж прапаноўваем свае распрацоўкі розным краінам і спадзяёмся, што вектар міжнароднага супрацоўніцтва будзе пашырацца, — падзяліўся планамі Алег Дземі­дзенка.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва ГДУ імя Ф.Скарыны.