З капуснікам, вальсам і сустрэчай світання… Як пройдуць выпускныя вечары ў школах сталіцы

- 12:02Актуально, Новости

Больш за 11 600 адзінаццацікласнікаў заканчваюць школы і гімназіі Мінска ў 2024 г. Якія традыцыі правядзення выпускных вечароў склаліся ва ўстановах адукацыі горада і як ідзе падрыхтоўка да іх, высветліла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Апошні званок для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў празвініць 25 мая. А выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў пройдуць 14 чэрвеня.

Як расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, прымаецца адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама, якое рэгламентуе фармат і парадак правядзення выпускнога вечара. Пэўныя даручэнні даюцца і адміністрацыям раёна, і сістэмам аховы здароўя і адукацыі. Праваахоўныя органы забяспечаць грамадскі парадак і бяспеку.

Выпускныя вечары пачнуцца ў 20.00 — 21.00 з урачыстай часткі, дзе навучэнцам уручаць атэстаты і сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену. На яе звычайна запрашаюцца прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, вядомыя палітычныя, грамадскія, культурныя дзеячы. Камітэт па адукацыі арыентуе педагагічныя калектывы на тое, каб сцэнарыі вечароў мелі ідэалагічную аснову і сваё адлюстраванне ў свяце знайшлі такія тэмы, як 80-годдзе вызвалення Беларусі, Год якасці.

Традыцыйна выпускныя вечары арганізуюцца ў сценах родных школ і гімназій. Але ёсць выключэнні. Напрыклад, у некаторых установах адукацыі праводзяцца рамонтныя работы, і вучні займаюцца ў іншых школах і гімназіях або ўмяшчальнасць актавых зал не дазваляе паўнавартасна правесці свята. У гэтых выпадках выпускныя арганізуюць на пляцоўках устаноў культуры, дадатковай адукацыі. Выпускны вечар у навучэнцаў гімназіі № 36 пройдзе ў Нацыянальнай школе прыгажосці, бо ўстанова адукацыі з 1 чэрвеня закрыецца на капітальны рамонт. Гімназія № 24 правядзе выпускны ў Доме культуры ветэранаў, які знаходзіцца побач, сярэдняя школа № 4 — у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, гімназія № 12 — у гарадскім Палацы культуры.

Большасць устаноў адукацыі сталіцы скарыстаецца паслугамі камбіната школьнага харчавання, які прапануе святочнае меню. Фактычна з верасня загадчыкі вытворчасці разам з навучэнцамі і бацькамі абмяркоўвалі выпускное меню, прапаноўвалі розныя варыянты закусак, гарачых страў. Улічваліся ўсе пажаданні школьнікаў.

І яшчэ адна добрая традыцыя: пасля завяршэння танцавальна-забаўляльнай праграмы выпускнікі выйдуць або на тэрыторыю школы, або за яе межы — у лесапаркавую зону, на набярэжную — і сустрэнуць світанне. Дарэчы, маршруты выпускнікоў будуць узгоднены загадзя.

Жанна Гвозд, дырэктар гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе:

— Падрыхтоўка да выпускнога вечара пачалася яшчэ ў верасні, бо для адзінаццацікласнікаў гэта галоўнае свята школьнага жыцця. І традыцыйна ў нас яна вядзецца па чатырох ключавых напрамках. Першы — распрацоўка праграмы ўрачыстай часткі вечара, на якой адбываецца цырымонія ўручэння атэстатаў, куды мы запрашаем знакавых гасцей. Сёлета, напрыклад, да нас прыйдзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін. Арганізацыяй гэтага мерапрыемства займаецца каманда педагогаў у складзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзяніса Карлюка, педагогаў-арганізатараў Валерыі Алёшка і Настассі Басалыга. Да работы яны, зразумела, прыцягваюць вучнёўскі актыў, каб падрыхтаваць пэўныя сюрпрызы. У гімназіі ёсць два цудоўныя калектывы: узорна-інструментальны ансамбль «Міраж» і эстрадная майстэрня «Акадэмія вакалу», а таму артысты ў нас свае, прафесійныя, і свята заўсёды атрымліваецца вельмі яркім, прыгожым, звонкім.

Ва ўстанове невялікая актавая зала, таму традыцыйна выпускны вечар праводзіцца спачатку на пляцоўцы перад гімназіяй, гэта дазваляе не абмяжоўваць кола ўдзельнікаў мерапрыемства. Сёлета ў нас выпускаецца 67 адзінаццацікласнікаў, і на свята прыйдуць бацькі, бабулі і дзядулі, а таксама людзі, якія жывуць побач з гімназіяй. У нас цудоўная тэрыторыя, і можна нават пасядзець на лужку і паглядзець на прыгожых выпускнікоў.

Другі напрамак — арганізацыя капусніка, які праходзіць у актавай зале, яго рыхтуюць самі выпускнікі. Актавая зала пераўтвараецца ва ўтульнае школьнае кафэ, дзе ёсць чай, кава, выпечка, бутэрброды. Дарэчы, камбінат школьнага харчавання займаецца абслугоўваннем выпускнога мерапрыемства. Выпускнікі рыхтуюць сюрпрызы для нас, педагогаў. Летась, напрыклад, вучні прапанавалі відэавіктарыну, нарэзаўшы фрагменты з кінафільмаў, дзе педагогі ў героях пазнавалі саміх сябе.

Наступны напрамак звязаны з педагогамі, якія працавалі ў выпускных класах. Традыцыйна мы таксама рыхтуем сюрпрыз для выпускнікоў. Гэта можа быць відэаролік, які запісваем загадзя, пераробленая песня пра нашых выхаванцаў. Заўважу, што звычайна творчыя нумары атрымліваюцца вельмі кранальнымі і душэўнымі.

Яшчэ адзін напрамак рэалізуюць бацькі. Яны звычайна знаходзяцца ў самым хвалюючым стане, бо перажываюць і за сваіх дзяцей, і за тое, як усё адбудзецца, і за саміх сябе, бо ўсведамляюць, што іх дзеці ў адзін момант становяцца дарослымі. Яны рыхтуюць творчы віншавальны нумар для дзяцей, выказваюць падзяку гімназіі.

На выпускным заўсёды многа кветак, усмешак, кранальных цёплых слоў. Прыгожа афармляецца фотазона, каб зафіксаваць яркі момант у жыцці выпускнікоў. А раніцай на гімназічным стадыёне мы ўсе разам сустракаем світанне.

На сёння сцэнарый мерапрыемства ўжо практычна напісаны, уносяцца пэўныя карэктывы. Адзінае, што мы пакуль адно аднаму не раскрываем свае сюрпрызы. Лічу: для таго, каб свята было ў радасць, каб яно ўсім спадабалася, кожны вучань павінен прыняць удзел у ім. Калі адзінаццацікласнікі праявяць актыўнасць, будуць галоўнымі завадатарамі ўсіх гісторый, выпускны пакіне незабыўны след у іх душы. Улічваючы, што ў гімназіі пануе цёплая, сямейная атмасфера, спадзяюся, у нас усё атрымаецца.

Дзмітрый Бекцяшкін, дырэктар сярэдняй школы № 130 Мінска імя Рут Уолер:

— Выпускны вечар — завяршэнне важнага этапу ў жыцці школьніка. Безумоўна, гэтая падзея павінна застацца ў памяці дзяцей (яна здараецца толькі раз у жыцці) і нас, педагогаў. Хочацца, каб свята, да якога малады чалавек ідзе 11 гадоў, мела непаўторнае аблічча. Таму мы імкнёмся зрабіць яго вельмі яркім і запамінальным, распрацоўваем да дробязей кожную дэталь мерапрыемства. Але гэтая прыгажосць не вымяраецца грашамі. Урачыстасць рыхтуецца з удзелам дзяцей, бацькоў, педагогаў такім чынам, каб кожная хвіліна была дэманстрацыяй іх лепшых чалавечых якасцей, а не фінансавых магчымасцей.  

У падрыхтоўцы да выпускнога заняты ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Свята падзяляецца на тры часткі. Першая — цырымонія ўручэння атэстатаў. Навучэнцы (а іх сёлета 52 чалавекі — 2 класы) заходзяць у актавую залу па парах пад музыку. Каб стварыць адпаведны настрой, мы прыгадваем найбольш яркія фрагменты школьнага жыцця выпускнікоў, пачынаючы з 1-га класа да выпуску. Гэта вельмі кранальныя моманты, бо назіраеш, як выраслі і змяніліся нашы дзеці, якія стаяць на парозе дарослага жыцця. З залы кожны навучэнец па чырвонай дарожцы падымаецца на сцэну. Добрыя, матывуючыя словы гучаць у адрас кожнага дзіцяці, прыгадваюцца яго поспехі, дасягненні (хтосьці праявіў сябе ў інтэлектуальных спаборніцтвах, нехта — у творчасці, а хтосьці— у спорце або грамадскай справе), робіцца фота на памяць. Звычайна мы запрашаем на мерапрыемства гасцей — людзей, якія дасягнулі нечага ў жыцці і могуць ярка прадэманстраваць гэта навучэнцам.

Пасля ўрачыстай часткі пачынаецца капуснік, творчыя нумары для якога зроблены самімі дзецьмі: сцэнка, лірычная мініяцюра, відэасюжэт і інш. пра настаўнікаў. Дарэчы, папярэдняя падрыхтоўка да яго стартуе яшчэ ў першай чвэрці. Выступленні навучэнцаў камбінуюцца з выступленнямі настаўнікаў, якія рыхтуюць крэатыўныя віншаванні для сваіх выхаванцаў. Гэта заўсёды вельмі цікава, бо педагогі дэманструюць свае таленты і раскрываюцца зусім з іншага боку. У нас шмат школьнікаў з мнагадзетных сем’яў, і бацькі атрымліваюць пэўнае ўяўленне аб тым, якія настаўнікі працуюць з іх дзецьмі. Рыхтуюць творчыя нумары і мамы з татамі. Ім на дапамогу прыходзяць педагогі-арганізатары.

Потым у холе гімназіі арганізуецца танцавальна-забаўляльная праграма. І калі ў мінулыя гады бацькі запрашалі аніматараў, то сёлета мы вырашылі зрабіць і гэтую частку выпускнога вечара сваімі сіламі. У нас працуюць натхнёныя і творчыя педагогі-арганізатары Ганна Міронава і Наталля Худзенка. Яны падрыхтавалі цікавую праграму. Мне здаецца, што сумаваць не давядзецца нікому. Ды і гэта знізіць фінансавую нагрузку на бацькоў, што таксама немалаважна.

У фінале вечара запланаваны вальс выпускнікоў, які рыхтуецца загадзя. Дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў, кіраўніку танцавальнага гуртка Таццяне Атрошчанка ў школе арганізаваны рэпетыцыі, якія праходзяць у шосты школьны дзень, пасля ўрокаў. А завершыцца танцавальная праграма выкананнем фінальнай песні, якую заспяваюць усе ўдзельнікі святочнага вечара.

Што тычыцца бяспекі, то тут у многім задачу нам аблягчае прапускны рэжым. Традыцыйна ахову забяспечваюць работнікі міліцыі. Будзе арганізавана таксама дзяжурства педагогаў і бацькоўскага актыву.

Я даўно працую ў школе і магу з упэўненасцю сказаць, што ў свядомасці бацькоў адбываюцца змяненні ў адносінах да выпускнога: ён не зводзіцца да застолля, а становіцца запамінальнай падзеяй у жыцці маладых людзей. Дарэчы, святочны стол ў Ленінскім раёне камбінат школьнага харчавання арганізоўвае на працягу апошніх гадоў якасна, стравы смачныя, прыгожае афармленне. І сёлета мы таксама скарыстаемся яго паслугамі. Спадзяёмся, выпускны атрымаецца такім, якім мы яго задумалі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара