З клопатам пра таленавітых

- 9:32Актуально, Калегіі, пасяджэнні

Арганізацыя работы ў галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сферы адукацыі і работа з адоранай моладдзю сталі галоўнымі тэмамі пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая прайшла ў Мінску.

Удзельнікі пасяджэння засяродзілі ўвагу не столькі на саміх праектах і ініцыятывах для моладзі і з удзелам моладзі, колькі на новых іх формах, на інавацыйных падыходах. А міністр адукацыі Андрэй Іванец звярнуў увагу на тое, што яны павінны быць не эпізадычнымі, а сістэмнымі і з удзелам не толькі навучэнскай, але і працоўнай моладзі: “Адносна нядрэнна і сістэмна наладжана работа з нашымі навучэнцамі, студэнтамі, але ў значна меншай ступені ідзе сістэмны ахоп працоўнай моладзі. Таму мы ў цэнтр увагі ставім сёння гэтае трыа, бо без сістэмнасці на ўсіх узроўнях, пачынаючы з устаноў адукацыі і працягваючы на працоўных месцах, гаварыць аб паўнавартаснай рабоце, а тым больш аб яе эфектыўнасці не даводзіцца”.

Выказаў Андрэй Іванавіч удзельнікам калегіі і свае думкі наконт ацэнкі гэтай эфектыўнасці, хоць галоўнае тут, па яго перакананні, — вынік: “Што мы пакладзём у аснову ацэнкі эфектыўнасці правядзення нашай маладзёжнай палітыкі? Мы бачым шмат розных падыходаў, шмат удзяляем увагі рабоце з адоранай, таленавітай моладдзю і ў якасці крытэрыяў прадстаўляем перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, алімпіядах, даследчых работах, уключэнне гэтых маладых людзей у спецфонды кіраўніка дзяржавы. Але з іншага боку, праз гэтую прызму мы не бачым чалавека. А гэта — самае галоўнае, бо на выхадзе мы павінны атрымаць не толькі кваліфікаванага ў той ці іншай сферы спецыяліста, але і, гаворачы простай мовай, чалавека”.

Звяртаючыся да начальнікаў галоўных упраўленняў і да рэктарскага корпуса, Андрэй Іванавіч адзначыў: “Мне падаецца, што мы не ў поўнай меры выкарыстоўваем усе магчымыя рэсурсы. Не варта выхаваўчую работу поўнасцю перанакіроўваць на сваіх намеснікаў або на прарэктарскі склад па выхаваўчай рабоце. Вы скажаце — гэта іх работа? З аднаго боку, так, работа з моладдзю пачынаецца са звычайнага настаўніка, класнага кіраўніка, дырэктара школы і заканчваецца рэктарам і кіраўніком прадпрыемства, на якім працуе малады чалавек. Інакш вынікаў мы не атрымаем. Моладзь — вельмі адчувальная частка грамадства. Калі яна будзе бачыць, што гэтая работа выбудавана не ад кіраўніцтва, а ад узроўню намесніка, яна будзе разумець, што частка гэтай працы носіць пэўны планавы характар, што часам можа мець на ўвазе славуты фармалізм. Вось у тым ліку і таму мы вельмі сур’ёзна ўзяліся за ідэнтыфікацыю работы нашых аб’яднанняў студэнтаў і маладых навукоўцаў”, — адзначыў Андрэй Іванец.

Каменціруючы ўдзел навучэнцаў у конкурсах, міністр адзначыў недастатковую актыўнасць моладзі на розных рэспубліканскіх конкурсах. І выказаў свае прапановы. У прыватнасці, адзначыў, што ўжо ёсць дамоўленасць з рэктарскім складам у будучыні конкурс “100 ідэй для Беларусі” праводзіць спачатку ў кожным універсітэце, а пасля ўжо наступныя этапы адбору. Адзначыў міністр і недастатковую зацікаўленасць педагогаў у атрыманні грантаў. Акрэсліў і такое праблемнае пытанне: “Нам трэба перагледзець падыходы да ацэнкі выніковасці кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай, УВА і ацэньваць іх не толькі па тым, якая колькасць выпускнікоў школ паступіла ва УВА, выступіла на алімпіядах, але і па іх удзеле ў іншай, пазаўрочнай сферы — спартыўных, культурных, грамадскіх мерапрыемствах. Мы павінны падтрымаць і саму моладзь, а не толькі кіраўніка. Самыя простыя і прымітыўныя меры — размеркаванне выпускнікоў УВА. Сёння мы ўлічваем фактычна толькі іх сярэдні бал паспяховасці. А гэта няправільна. Тыя маладыя людзі, якія актыўна прымалі ўдзел у спартыўным, грамадскім, культурным, сацыяльным жыцці ўніверсітэта, павінны таксама мець адпаведныя прэферэнцыі падчас размеркавання”.

Андрэй Іванец:

“Адносна нядрэнна і сістэмна наладжана работа з нашымі навучэнцамі, студэнтамі, але ў значна меншай ступені ідзе сістэмны ахоп працоўнай моладзі. Таму мы ў цэнтр увагі ставім сёння гэтае трыа, бо без сістэмнасці на ўсіх узроўнях, пачынаючы з устаноў адукацыі і працягваючы на працоўных месцах, гаварыць аб паўнавартаснай рабоце, а тым больш аб яе эфектыўнасці не даводзіцца”.

Улічваючы важнасць работы з адоранай моладдзю, члены калегіі абмеркавалі ініцыятывы па іх падтрымцы. Прагучалі прапановы па ўдасканаленні гэтай работы праз стварэнне кластара на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. “Гэта будзе аб’яднанне ўстаноў адукацыі, навуковых арганізацый, суб’ектаў гаспадарання, органаў дзяржаўнай улады і кіравання з мэтай выяўлення, падтрымкі і станаўлення адораных дзяцей і моладзі, — патлумачыў Сяргей Сачко, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. — Асноўныя задачы кластара — стварэнне комплекснай сістэмы выяўлення, падтрымкі, развіцця адораных дзяцей і моладзі, рэалізацыя механізмаў узаемадзеяння ўстаноў адукацыі, ажыццяўленне падтрымкі выпускнікоў НДТ пры выбары прафесіі, сістэматычнае правядзенне рознага ўзроўню арганізацыйна-масавых мерапрыемстваў, бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў, а таксама стварэнне рэгіянальных кластараў па рабоце з адоранай моладдзю, цэнтрамі якіх стануць апорныя ўстановы адукацыі, а ядром кластара — Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”.

Святлана НІКІФАРАВА.