14 медалёў атрымала каманда Гомельшчыны ў фінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. Прадстаўнікі Гомельскай вобласці заваявалі два залатыя, шэсць сярэбраных і шэсць бронзавых медалёў. У каманду ўваходзіла 40 маладых рабочых, спецыялістаў, навучэнцаў і студэнтаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Дырэктар абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Таццяна Радкоўская расказала, што “золата” ў кампетэнцыі “Тэхналогіі праектавання будынкаў (BIM)”, якая ўпершыню была прадстаўлена на рэспубліканскім конкурсе, заваявалі супрацоўніцы ТАА “Праектнае бюро “ЖылБудПраект” Марына Жукава і Таццяна Фралова. Яшчэ адзін медаль вышэйшай якасці ў студэнта ГДУ імя Ф.Скарыны Данііла Дамасканава. Яго “золата” ў кампетэнцыі “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”.
Другое месца ў кампетэнцыі “Фларыстыка” заваявала Ганна Губарэвіч з Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя. Настасся Неўдашанка, якая прадстаўляе Гомельскі мастацкі каледж, на той жа прыступцы па “Графічным дызайне”, Павел Іовенка з Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання — па “Цырульніцкім мастацтве”, Кацярына Грыб і Вольга Шулярэнка з Гомельскага ДПТК кулінарыі — па “Кулінарным мастацтве” і “Хлебапячэнні” адпаведна. У Веранікі Гуньковай з Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага — сярэбраны медаль у кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”.
Бронзавыя медалі заваявалі Міхась Друзік (Светлагорскі індустрыяльны каледж) — кампетэнцыя “Сантэхніка і ацяпленне”, Васіль Зенчанка (Мазырскі прафесійны ліцэй будаўнікоў) — кампетэнцыя “Сталярная справа”, Ягор Вельгош (Гомельскі аграрна-эканамічны каледж) — кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, Ганна Варошка (“Фларыстыка”, ГДУ імя Ф.Скарыны), Ілья Дашкевіч (Гомельскі ГПТК электратэхнікі) — кампетэнцыя “Зварачныя тэхналогіі” і Дар’я Іванчыкава (Гомельскі прафесійны шматпрофільны ліцэй) — кампетэнцыя “Рэстаранны сэрвіс”.
— Асобныя ўдзельнікі з Гомельскай вобласці ўвойдуць у нацыянальную зборную, якая ў наступным годзе паедзе на чэмпіянат WorldSkills Competition у Шанхай (Кітай), — адзначае Таццяна Радкоўская. — На працягу гэтага часу ўдзельнікі будуць трэніравацца, каб годна прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.