За час работы праграмы «Настаўнік для Беларусі» яе ўдзельнікамі і выпускнікамі сталі 70 педагогаў з усёй краіны

- 11:12Новости

48 школ ва ўсіх абласцях Беларусі з’яўляюцца партнёрамі праграмы “Настаўнік для Беларусі”, таму выпускны чацвёртага набору праграмы і пяцігоддзе фонду “Новая школа” сталі нагодай для цёплай сустрэчы з віншаваннямі і падвядзення вынікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праграма “Настаўнік для Беларусі” стартавала ў 2019 го­дзе, калі было падпісана пагадненне паміж Ашчадбанкам і Міністэрствам адукацыі Рэс­публікі Беларусь. Акрамя таго, рашэннем назіральнага савета адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадбанк” быў створаны мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа”, каманда якога рэалізавала больш за 20 спецыяльных праектаў і курсаў для настаўнікаў.

За час работы праграмы “Нас­таўнік для Беларусі” яе ўдзельнікамі і выпускнікамі сталі 70 таленавітых педагогаў з усёй краіны. 95% з іх працягнулі працаваць у адукацыі, 7 выпускнікоў далучыліся да каманды праграмы.

За пяць гадоў удзельнікамі было рэалізавана больш за 120 праектаў для дзяцей з усіх школ Беларусі, якія ахапілі больш за 30 тысяч чалавек. Гэтыя праекты дапамага­юць рэалізоўваць сябе ў блогерстве, навуцы, праграмаванні, творчасці, выкладанні. Дзеці з розных школ знаёмяцца і наладжваюць зносіны, дзеляцца вопытам, атрымліваюць падтрымку, рэалізуюць ідэі.

З 2021 года быў запушчаны фармат адукацыйных канферэнцый у школах, якія даюць магчы­масць праявіць лідарскія якасці нас­таўнікам і дзецям. На сёння такіх канферэнцый прайшло 10 і ўдзельнікамі сталі больш за 1000 педагогаў.

Выпускнікамі чацвёртага набору сталі 11 педагогаў з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іх настаўнік-метадыст настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Турава Таццяна Зямлянік, якая адзначыла, што праграма “Настаўнік для Беларусі” — адукацыйнае асяроддзе, суполь­насць настаўнікаў-лідараў, якая дае вялікую прафесійную падтрымку і дапамагае ўпэўнена рухацца наперад кожнаму ўдзельніку. 

“Кожны атрымлівае індывідуальную метадычную падтрымку і працуе над тым, у чым адчувае пэўныя цяжкасці. Хтосьці ўдасканальвае свае ўрокі, хтосьці вывучае новыя адукацыйныя метады і інструменты павышэння матывацыі дзяцей да вучобы. Іншым патрэбна павысіць метадычны ўзровень свайго прафесіяналізму. Але аб’ядноўвае ўсіх імкненне выконваць сваю работу якасна. Сярод удзельнікаў праграмы я знайшла аднадумцаў, якія гатовы падтрымліваць адно аднаго, натхняць на пошукі і эксперыменты. Сярод нас няма канкурэнцыі. 

За час удзелу ў праграме я рэалізавала два праекты. Праект “Хуткая дапамога” — гэта сумесная з маім куратарам Ганнай Піскуновіч ініцыятыва. Праект накіраваны на метадычную падтрымку настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. У межах яго рэалізацыі быў праве­дзены шэраг анлайн-сустрэч па запыце ўдзельнікаў групы ў Telegram.

Другі праект “МедыЯпісьменныЯ” накіраваны на фарміраванне медыяінфармацыйнай пісьменнасці вучняў 5 класаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Асноўная ідэя праекта — фарміраванне метапрадметных кампетэнцый вучняў без страты прадметнага складніка ўрокаў. Таксама, дзякуючы падтрымцы праграмы, я паступіла і паспяхова скончыла ў 2024 годзе магістратуру ў БДПУ”, — падзялілася Таццяна Мікалаеўна.

Ганна Піскуновіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 42 Магілёва, каардынатар метадычнай падтрымкі праграмы “Настаўнік для Беларусі”, адзначыла, што асноўнай мэтай метадычнай падтрымкі з’яўляецца дапамога ў прафесійным самаразвіцці ўдзельнікаў праграмы. Кожны з метадыстаў працуе ў межах трох задач: дыягнастычнай, інфармацыйнай і адукацыйнай.

“Метадысты для складання асабістай траекторыі развіцця кожнага ўдзельніка прымяняюць коўчынгавы падыход (такія інструменты, як “Лінія часу”, “Кола балансу”, “Рамонак” і “Фармат канчатковага выніку”). Гэта дазваляе вызна­чыць эфектыўныя рэсурсы, скласці план развіцця, вызначыць канчатковую мэту развіцця ўдзельніка і прасачыць, як рэалізуецца план развіцця на кожным этапе. Таксама добра зарэкамендаваў сябе такі інструмент планавання і аналізу, як SWOT-аналіз”, — адзначыла Ганна Рыгораўна.

Для рэалізацыі інфармацыйнай задачы на сумесных адукацыйных сустрэчах, падчас асабістых кансультацый удзельнікі знаёмяцца з тэхналогіямі, метадамі і прыёмамі, якія потым выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай практыцы.

Адукацыйныя задачы вырашаюцца на метадычных мерапрыемствах (у прадметнай групе для ўсіх удзельнікаў праграмы, у школах-партнёрах і іншых установах адукацыі); у рабоце па ўдасканаленні ўрока (планаванне, канструяванне, наведванне і ўзаеманаведванне, прагляд відэазапісаў, зваротная сувязь); падчас суправаджэння ўдзель­ніка ў пастаноўцы і рэалізацыі мэт прафесійнага самаразвіцця.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара