Заўтра стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне

- 11:12Уступная кампанія

Напярэдадні ўступнай кампаніі варта нагадаць абітурыентам, на якія моманты трэба звярнуць увагу. Нягледзячы на тое, што правілы прыёму не мяняліся, усё ж ёсць некаторыя адметнасці і новаўвядзенні.

ЦТ: не забудзьце пашпарт!

Сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістравалася больш як 62 тысячы абітурыентаў.

— Гэта крыху менш, чым летась, — адзначыла намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч. — Самымі запатрабаванымі прадметамі з’яўляюцца руская мова (звыш 50 тысяч абітурыентаў) і матэматыка (звыш 32 тысяч). Лідарам сярод замежных моў традыцыйна стала англійская мова. Яе плануюць здаваць больш за 23 тысячы абітурыентаў.

Пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне 16 чэрвеня экзаменам па беларускай мове (на яго зарэгістравалася крыху менш як 20 тысяч чалавек). А скончыцца асноўная сесія 8 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі. Як і летась, па найбольш масавых прадметах (руская мова і матэматыка) ЦТ будзе праходзіць у два дні.

— З улікам пандэміі сёлета ў нас даволі жорсткія патрабаванні да пунктаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, — паведаміла Наталля Вайцяховіч. — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў у кожны пункт накіраваў адпаведныя рэкамендацыі. Гэта найперш абмежаваная напаўняльнасць аўдыторый, рассадка абітурыентаў з улікам максімальнага дыстанцыявання. У кожнай аўдыторыі павінны быць антысептыкі, а арганізатары ЦТ — забяспечвацца сродкамі індывідуальнай засцярогі. Дарэчы, абітурыентам таксама варта падумаць пра ўласную бяспеку.

Наталля Мікалаеўна нагадала, што для праходжання ЦТ абітурыентам трэба мець пры сабе арыгінал дакумента, які сведчыць асобу. Гэта можа быць пашпарт, від на жыхарства або пасведчанне бежанца.

— На жаль, з году ў год знаходзяцца абітурыенты, якія прыходзяць на ЦТ з натарыяльна заверанай копіяй пашпарта. Хтосьці ўмудраецца прыйсці з вадзіцельскім пасведчаннем. Гэта недапушчальна, — гаворыць Наталля Вайцяховіч. — Здараецца, што напярэдадні экзамену абітурыент выяўляе страту пашпарта. У такім выпадку трэба звярнуцца ў аддзел міліцыі і атрымаць даведку ўстаноўленага ўзору, што дазволіць удзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні.

Таксама ў пункце тэсціравання абітурыент павінен паказаць пропуск, дзе ўказаны адрас і дата прахо­джання ЦТ. Важна ведаць, што нават калі іспыты праходзяць два дні (руская мова і матэматыка), трэба прыйсці менавіта ў той дзень, які ўказаны ў пропуску.

Пры сабе неабходна мець гелевую ці капілярную ручку з чарніламі чорнага колеру для запаўнення бланка адказаў. На ЦТ па хіміі і фізіцы дапускаецца выкарыстанне простага калькулятара, які не мае ніякіх дадатковых устройстваў для захоўвання і перадачы інфармацыі.

— Калі ў камісіі ёсць сумненні наконт калькулятара, то яго трэба будзе аддаць. У пунктах тэсціравання ёсць рэзерв, і абітурыенту на час экзамену дадуць іншы калькулятар, — патлумачыла Наталля Мікалаеўна. — Любыя іншыя прадметы, у тым ліку тэлефоны, прыносіць у аўдыторыю забараняецца. У кожным пункце тэсціравання арганізаваны месцы для захоўвання лішніх рэчаў.

Спецыяліст раіць абітурыентам уважліва прачы­таць на пропуску адрас, па якім праводзіцца ўступны экзамен.

— Напрыклад, абітурыент ведае, што рэгістраваўся на ЦТ у БДУ і прыходзіць у галоўны корпус, але ж іспыт можа праводзіцца ў іншым корпусе ўніверсітэта. Калі гэта выявіцца ў апошні момант, то можна ўвогуле не трапіць на экзамен. Допуск у аўдыторыю спыняецца ў той момант, калі ўскрываецца канверт з педагагічнымі тэстамі, — тлумачыць Наталля Вайцяховіч. — Калі абітурыент спазняецца па ўважлівай прычыне, то ён мае права прайсці ЦТ у рэзервовы дзень. У іншым выпадку ён губляе магчымасць здаць іспыт па адпаведным прадмеце.

Таксама Наталля Мікалаеўна просіць абітурыентаў быць пільнымі пры запаўненні поля рэгістрацыі ў бланку:

— З году ў год мы сутыкаемся з памылкамі ў прозвішчах, імёнах, імёнах па бацьку. З гэтымі памылкамі потым выпісваюцца сертыфікаты ЦТ, іх даводзіцца мяняць. Некаторыя абітурыенты не поўнасцю запаўняюць поле рэгістрацыі, што выклікае цяжкасці пры праверцы. Варта паставіцца да гэтай справы больш адказна.

Спецыяліст паведаміла, што сёлета павялічылася колькасць замен, якія можа зрабіць абітурыент пры памылковых адказах у полі В.

— Калі раней можна было зрабіць не больш за дзве замены, то цяпер — чатыры. Колькасць замен памылковых адказаў у полі А засталася ранейшай — ш­эсць, — патлумачыла Наталля Мікалаеўна. — Абітурыентам варта быць уважлівымі падчас інструктажу, калі арганізатары тлумачаць правілы замены памылковых адказаў. Трэба памятаць, што бланк адказаў, калі яго сапсаваць, замяніць нельга. Дарэчы, папера для чарнавых запісаў у аўдыторыі выдаецца абітурыентам у той колькасці, якая ім неабходна.

Час пачатку і заканчэння экзамену заўсёды фіксуецца на дошцы ці планшэце. Ва ўсіх аўдыторыях, дзе праходзіць ЦТ, ёсць гадзіннікі. Такім чынам, кожны абітурыент можа кантраляваць час работы над тэстам.

— Калі на экзамене хтосьці з абітурыентаў адчуў сябе дрэнна, то трэба звярнуцца да арганізацыйнай камісіі. У такім выпадку паклічуць медработніка, бу­дзе складзена даведка і абітурыент атрымае права прайсці тэст у рэзервовы дзень, — тлумачыць Наталля Вайцяховіч. — Здараецца, што абітурыент адмаўляецца ад такога права, вяртаецца ў аўдыторыю і працягвае работу над тэстам. Ужо дома ён разумее, што, верагодна, выканаў заданні не так, як яму хацелася, і праз пэўны час піша заяву на пераздачу ў рэзервовы дзень. Хачу нагадаць: як толькі ў пропуску абітурыента з’яўляецца запіс аб праходжанні тэсціравання, адматаць назад немагчыма. Усё трэба рабіць своечасова.

Абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах, пацвер­джаных дакументальна, не змогуць прайсці ЦТ у асноўныя дні, могуць быць дапушчаны да здачы іспытаў у рэзервовыя дні (14, 16 і 18 ліпеня).

— Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна з 2 па 9 ліпеня, — гаворыць Наталля Вайцяховіч. — Абітурыенту трэба прыйсці ў адзін з вызначаных для гэтага пунктаў (іх шэсць — па адным у кожным абласным цэнтры), паказаць пропуск, які не быў выкарыстаны, дакумент, што сведчыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць уважлі­васць прычыны, па якой абітурыент адсутнічаў на экзамене ў асноўны дзень. Паводле прадстаўленых дакументаў камісія прыме рашэнне, дапусціць абітурыента да здачы ЦТ у рэзервовы дзень або адмовіць яму ў гэтым праве.

Сертыфікаты РІКВ перадасць у пункты правя­дзення ЦТ. Тыя, хто здаваў іспыты ў асноўныя дні, змогуць атрымаць іх 16 ліпеня; а хто ў рэзервовыя дні — 23 ліпеня. Па словах Наталлі Вайцяховіч, сертыфікаты не выпішуць толькі тым абітурыентам, якія атрымаюць 0 балаў і хто будзе выдалены з аўдыторыі за парушэнне працэдуры цэнтралізаванага тэсціравання.

Вышэйшая школа: інфармаваць абітурыентаў будуць часцей

Кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэр­ства адукацыі Рэма Герлоўская таксама папрасіла акцэнтаваць увагу абітурыентаў на тым, што мабільныя тэлефоны на час ЦТ трэба пакідаць у спецыяльна абсталяваных месцах. Гэта важна гаварыць дзецям напярэдадні кожнага экзамену!

— У цэнтралізаваным тэсціраванні маюць права прымаць удзел асобы з асаблівасцямі ў развіцці, з парушэннямі зроку і слыху. Такім асобам пажадана папярэдне звязацца з пунктам правядзення ЦТ, каб для іх былі створаны адпаведныя ўмовы, — заўважыла Рэма Пятроўна.

Сёлетні план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі складае амаль 55 тысяч чалавек, з іх 27,8 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту.

— 50 устаноў вышэйшай адукацыі ажыццяўляюць прыём больш чым на 340 спецыяльнасцей, — паведаміла Рэма Герлоў­ская. — Сёлета адкрыта больш за 20 новых спецыяльнасцей, прычым чатыры з іх (у БДУ, БНТУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі) з’яўляюцца абсалютна новымі для краіны.

Прыём дакументаў на бюджэтную форму, а таксама на ўмовах аплаты — для асоб, якія будуць здаваць унутраныя ўступныя выпрабаванні, у вышэйшай школе пачнецца 20 ліпеня.

— Ёсць пэўныя асаблівасці ў тэрмінах прыёму, — заўважыла Рэма Пятроўна. — Агульныя тэрміны прыёму дакументаў на бюджэт — з 20 па 26 ліпеня, а для тых, хто паступае на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці на дзённую форму, — па 28 ліпеня. Такая ж сітуацыя і з падачай дакументаў на ўмовах аплаты. Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, заканчваецца 9 жніўня, а на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці — 10 жніўня.

Залічэнне на бюджэт плануецца правесці да 5 жніўня. Скончыцца ўступная кампанія ва ўстановах вышэйшай адукацыі 11 жніўня залічэннем на платную форму.

— Інфармаванне аб ходзе прыёму дакументаў сёлета будзе ажыццяўляцца крыху па-іншаму, — паведаміла Рэма Герлоўская. — Калі ў мінулыя гады конкурс адлюстроўваўся ў дыяпазоне 10 балаў, то сёлета — 5 балаў. Адпаведна абітурыент можа ўбачыць інфармацыю ў больш вузкім дыяпазоне і лепш зразумець сваё месца ў конкурсе. Акрамя таго, у апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне будзе ажыццяўляцца часцей — у 10, 12, 15 і 17 гадзін. Гэта зроблена для таго, каб абітурыенты, якія бачаць, што не праходзяць па конкурсе, маглі перападаць дакументы на іншую спецыяльнасць ці ў іншую ўстанову.

Рэма Пятроўна таксама нагадала, што сёлета адбудзецца першы выпуск спартыўна-педагагічных класаў (амаль 60 чалавек). Гэтыя асобы атрымаюць прэферэнцыі, аналагічныя тым, што дадзены выпускнікам педкласаў. Пры дастатковых балах у атэстаце яны змогуць паступаць на вызначаныя спецыяльнасці без уступ­ных выпрабаванняў па выніках субяседавання.

Час рабіць медыцынскую даведку

Сёлета на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39,7 тысячы чалавек, з іх за кошт бюджэту — 25,8 тысячы.

— Прыём дакументаў будуць весці 109 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 8 — прыватнай формы ўласнасці. Акрамя таго, абітурыентаў чакаюць 83 установы іншых тыпаў, напрыклад, філіялы ўніверсітэтаў, гімназіі-каледжы, вучылішчы алімпійскага рэзерву, — паведаміла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.

Прыём дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачнецца 20 ліпеня.

Дакументы на аснове 9 класаў на бюджэтную форму (а таксама на платную, калі прадугледжаны ўнутраныя ўступныя экзамены) будуць прымацца па 3 жніўня. Прыём дакументаў на платную форму ад выпускнікоў 9 класа завершыцца 14 жніўня. Залічэнне за кошт бюджэту адбу­дзецца па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

Аляксандра Мікалаеўна адзначыла, што выпускнікі сярэдняй школы, якія не пройдуць па конкурсе ва ўніверсітэты, могуць паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тэрмін прыёму дакументаў ад выпускнікоў 11-х класаў за кошт бюджэту (а таксама на ўмовах аплаты, калі трэба здаваць унутраныя экзамены) — па 12 жніўня. Прыём дакументаў на платнай аснове завершыцца 17 жніўня. Залічэнне на бюджэтную і платную форму — адпаведна па 16 і 18 жніўня.

— Хоць прыёмная кампанія пачнецца толькі 20 ліпеня, хачу нагадаць, што абавязковай умовай для абітурыентаў з’яўляецца наяўнасць медыцынскай даведкі. Калі вы ўжо вызначыліся са спецыяльнасцю, то займіцеся гэтым пытаннем. На атрыманне такога дакумента патрэбен час, — звярнула ўвагу Аляксандра Пятрова.

Сёлета тры дзясяткі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі абнавілі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць весці падрыхтоўку. Таксама з’явілася новая для краіны спецыяльнасць — “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”.

— Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускнікі 9-х класаў паступаюць па конкурсе дакументаў аб агульнай базавай адукацыі. 11-класнікі павінны прадставіць атэстат і сертыфікаты ЦТ, — патлумачыла Аляксандра Пятрова. — Зрэшты, на тыя спецыяльнасці, дзе ў мінулым годзе конкурс складаў 1,5 і менш заявы на месца, абітурыенты будуць залічвацца без ЦТ, на аснове дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтая ж умова распаўсюджваецца на тых, хто паступае на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Для іх прадугледжаны ўступныя іспыты па спецыяльнасці. Аднак калі леташні конкурс быў 1,5 і менш заявы на месца, то паступленне ажыццяўляецца на аснове сярэдняга бала дакумента аб прафтэхадукацыі. Што да творчых спецыяльнасцей, то там уступныя выпрабаванні праводзяцца ў абавязковым парадку.

Аляксандра Мікалаеўна звярнула ўвагу на неабходнасць выканання супрацьэпідэмічных мер.

— Як члены прыёмнай камісіі, так і абітурыенты павінны быць абаронены ў працэсе падачы дакументаў і падчас уступных выпрабаванняў, — адзначыла спецыяліст. — Установы адукацыі будуць няўхільна выконваць усе меры засцярогі. Мы просім аб гэтым таксама абітурыентаў і іх бацькоў.

Сёння пачынаецца прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ён будзе доўжыцца да 20 жніўня.

Прыём на ўзровень ПТА будуць ажыццяўляць 125 устаноў прафтэхадукацыі і 41 установа адукацыі іншых тыпаў (каледжы, філіялы ўніверсітэтаў). Сёлета плануецца залічыць 27,6 тысячы чалавек — гэта 103% ад прыёму 2020 года.

— Установы прафтэхадукацыі вельмі аператыўна абнаўляюць пералік кваліфікацый, якія прапаноўваюцца абітурыентам. Гэта звязана найперш з патрэбамі заказчыкаў кадраў, — паведаміла Аляксандра Пятрова. — Напрыклад, сёлета адкрываецца 135 кваліфікацый, новых для пэўных устаноў адукацыі.


Уся інфармацыя для паступаючых ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ёсць як на сайце Міністэрства адукацыі ў адпаведных раздзелах, так і на сайце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Там можна азнаёміцца з пералікам і кантактамі ўстаноў, што ажыццяўляюць прыём у гэтым годзе, з усімі спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі, якія прапаноўваюцца для навучання. Там жа змешчаны асноўныя нарматыўныя дакументы, якія суправаджаюць уступную кампанію 2021 года. Аб рабоце прыёмных камісій можна даведацца на сайтах адпаведных устаноў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Кацярыны КАВАЛЕНКА.

У Мінску і абласных цэнтрах адкрыты гарачыя лініі Камітэта дзяржаўнага кантролю па пытаннях уступнай кампаніі

Патэлефанаваць спецыялістам можна па наступных нумарах:

Рабочая група Дзяржаўнай камісіі (КДК) — 8 (017) 327-66-80;

Брэсцкая абласная камісія (КДК Брэсцкай вобласці) — 8 (0162) 21-25-08, 21-18-94;

Віцебская абласная камісія (КДК Віцебскай вобласці) — 8 (0212) 37-61-82;

Гомельская абласная камісія (КДК Гомельскай вобласці) — 8 (0232) 23-83-85;

Гродзенская абласная камісія (КДК Гродзенскай вобласці) — 8 (0152) 79-88-40;

Магілёўская абласная камісія (КДК Магілёўскай вобласці) — 8 (0222) 62-47-75, 62-47-73;

Мінская абласная камісія (КДК Мінскай вобласці) — 8 (017) 379-09-06, 397-03-42.

Гарачая лінія Міністэрства адукацыі — 8 (017) 222-43-12.

Спецыялісты будуць прымаць званкі ў будныя дні з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00.