Займацца музыкай — з задавальненнем!

- 11:55Культура

У цэнтры сталіцы працуе маладая музычная школа, гаспадарыць у якой не толькі яе вялікасць Музыка, але і павага, добразычлівасць, сяброўства і індывідуальны падыход да кожнага вучня. Заснаваў яе віртуозны піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, магістр мастацтвазнаўства, стыпендыят і дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Арцём Шаплыка. Да таго ж ён шосты год з’яўляецца салістам Белдзяржфілармоніі і за гэты час паспеў даць звыш 150 канцэртаў класічнай музыкі па ўсёй краіне, а таксама арганізаваць шмат музычных мерапрыемстваў. Пра Арцёма часта гавораць, што ён неверагодна творчы і мэтанакіраваны чалавек, захоплены любімай справай. Што ж яму дапамагае паспяхова спалучаць выканальніцкую і педагагічную дзейнасць, аб чым марыць і якія праекты рыхтуе для прыхільнікаў музычнага мастацтва, ён расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Арцём, якім быў ваш шлях у музыку?

— Займацца музыкай я хацеў з ранняга дзяцінства. Ужо ў 3 гады сказаў бацькам, што хачу быць артыстам, музыкантам і хачу іграць менавіта на фартэпіяна. Напэўна таму, што мама таксама некалі хацела стац­ь піяністкай, але скончыла музычную школу па класе баяна. Яна часта спявала дома, і музыку я ўбіраў у сябе літаральна з нараджэння.

Родам я з Салігорска. Там у 1993 го­дзе не было магчымасцей для такога ранняга навучання. Таму прыйшлося чакаць 5 гадоў, каб мяне ўзялі на падрыхтоўчае аддзяленне ў Салігорскую дзіцячую музычную школу. Памятаю, што мой першы экзамен адбыўся 21 мая, якраз у мой дзень нараджэння. Але я быў зусім маленькага росту, і ўсе ў прыёмнай камісіі з­дзіўляліся, як такі малы прыйшоў у музычную школу. Праўда, нягледзячы на гэтую акалічнасц­ь, я лёгка і паспяхова здаў іспыты і паступіў.

Маёй першай настаўніцай была Таццяна Аўраамаўна Чарнаморац, якая сёння з’яўляецца педагогам у маёй прыватнай школе. Яна правучыла мяне два гады — падрыхтоўчы і 1 клас, а потым раптоўна з’ехала ў Мінск. Гэта надзвычайны педагог, вельмі чуйны і добры чалавек, які ўлюбляе дзяцей у музыку раз і назаўсёды, таму я бег на яе ўрокі з вялікім задавальненнем.

Дарэчы, першыя два гады ў мяне не было асабістага інструмента, але цяга навучыцца іграць была настолькі моцнай, што я займаўся ўсюды, дзе толькі мог: і ў суседзяў, і дадаткова ў музычнай школе. Ды і навучанне давалася мне лёгка, а літаральна праз 2 гады я стаў лаўрэатам аднаго з занальных конкурсаў піяністаў у Салігорску. Мне далі першую прэмію — было вялікай радасцю і нечаканасцю, што перамагло такое маленькае дзіця. Пасля гэтага пра мяне нават напісалі першую нататку ў салігорскай газеце (усміхаецца). А бацькі зразумелі, што маё захапленне музыкай сур’ёзнае і трэба набываць свой інструмент.

— А ці заўсёды хацелася займацца музыкай? Ніколі не ўзнікала жадання кінуць музычную школу?

— Пасля ад’езду Таццяны Аўраамаўн­ы прыйшлося перайсці да іншага педагога з больш суровым падыходам да навучання. Яна лічыла, што калі вучань будзе баяцца ісці на ўрок, значыцца, стане больш узмоцнена займацца, каб добра іграць. У той перыяд я часта плакаў, і бацькі пасля заняткаў не раз прапаноўвалі мне кінуць музычную школу. Але я, хоць і быў зусім малым, цвёрда казаў: “Не!” Шмат займаўся і ішоў на чарговы ўрок. За час вучобы выйграў нямала рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, выступіў на шматлікіх канцэртах і паспяхова скончыў музычную школу.

Потым я паступіў у Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў клас заслужанага артыста Беларусі прафесара Юрыя Мікалаевіча Гільдзюка. І якім жа моцным было маё здзіўленне, што заняткі могуць праходзіць у зусім іншай форме, у добразычлівай і сяброўскай атмасферы. Пасля скончыў і акадэмію музыкі па класе фартэпіяна (дыплом з адзнакай), і магістратуру (усё ў класе прафесара Ю.М.Гільдзюка). Па размеркаванні трапіў у Белдзяржфілармонію, дзе і цяпер працягваю супрацоўнічаць з Юрыем Мікалаевічам, бо ён там мастацкі кіраўнік.

— Вы з удзячнасцю і цеплынёй расказваеце пра Юрыя Мікалаевіча. А які самы галоўны ўрок вынеслі з яго заняткаў?

— У першую чаргу гэта паважлівае стаўленне да вучняў і студэнтаў. Бо да яго прыходзяць дзеці ад 12 гадоў, і студэнты, і моладзь, але ён да ўсіх ставіцца з вялікай павагай. Ён з усімі аднолькава і якасна працуе. У яго толькі павага, добразычлівасць і мяккае выкладанне, у той жа час вельмі якаснае, скрупулёзнае, падрабязнае — прафесійнае.

Памятаю, калі я толькі прыехаў у Мінск і пачаў займацца ў яго — прафесара акадэміі музыкі, то баяўся хадзіць на яго ўрокі, таму што адчуваў адказнасць і хваляванне, бо мне нельга падвесці ні сябе, ні свайго педагога. А потым я зразумеў, што можна хадзіць на ўрокі без страху, а музыкай можна займацца з задавальненнем. І гэта другое, што я зразумеў: вучні павінны займацца з задавальненнем, асабліва ў першы год навучання і асабліва дзеткі 5—6 гадоў, каб не прапала іх жаданне іграць. Бо калі першапачаткова паказваць дзіцяці, як складана займацца музыкай, то яно хутка пачне супярэчыць гэтаму. Цяпер гэтыя прынцыпы я пераношу ў сваю педагагічную дзейнасць, і ў маёй школе ўсе настаўнікі ведаюць, наколькі важны першы год навучання.

— Прызнаюся, слухаю вас, а ў галаве гучыць пытанне: чаму ж многія мае знаёмыя, і я ў тым ліку, скончыўшы музычную школу, больш не дакрануліся да інструмента?..

— Так, на жаль, большасць людзей, якія скончылі музычную школу, потым не дакранаюцца да інструмента. Атрымаць музычную адукацыю заўсёды было папулярна і важна, таму што бацькі разумеюць, што музыка развівае дзяцей, што гэта добрае хобі і дадатковая прафесія. Сёння ў Мінску налічваецца каля 20 музычных школ. У кожным маленькім ці вялікім горадзе ёсць музычныя школы, у якія натоўпамі прыводзяць дзяцей, але затым у большасці выпадкаў адбываецца непрыманне. Таму што раней навучанне было арыентавана на вынік: або ты лепшы, або ты ніхто, а так не павінна быць.

Музыка — адзін з самых складаных і доўга фарміруемых чалавечых навыкаў. На адной з лекцый я пачуў, як працуе мозг падчас праслухоўвання музыкі, і даведаўся, ці трэба чалавеку ў цэлым музыка. Дык вось музыка нам не вельмі і патрэбная, таму што ў чалавека дзве базавыя патрэбы, пра якія ўсе выдатна ведаюць. Таму мозг адштурхоўвае музыку як штосьці чужароднае, тым больш што ёй трэба вучыцца, а гэта вельмі складана. А калі яшчэ і педагог толькі крытыкуе, дык увогуле наш мозг адхіляе думку пра навучанне музыцы. Таму музычная педагогіка павінна быць зусім іншай і адрознівацца ад традыцыйнай школьнай педагогікі.

— Арцём, а можа, часам праблема ў тым, што дзіця ці яго бацькі памыліліся ў выбары інструмента?

— Я не думаю, што ў гэтым праблема. Таму што ў прынцыпе не важна, на якім інструменце ты іграеш, важна, як праходзяць заняткі і якія адносіны з педагогам. Канечне, калі ў аднаго дзіцяці абсалютны слых, то яму будзе лягчэй навучыцца іграць, напрыклад, на скрыпцы, а калі ў другога крыху горшы слых, яму будзе складаней знайсці тую ці іншую нотку, але ён усё роўна рана ці пазна знойдзе яе, было б жаданне.

— Атрымліваецца, калі гавораць, што ў дзіцяці няма слыху — гэта глупства?

— Так. Мне вельмі спадабалася, як сказаў адзін з нашых выкладчыкаў у акадэміі музыкі, што існуе хвароба ангеданія — неўс­прымальнасць да музыкі, якой пакутуюць толькі 2—3% насельніцтва Зямлі. Таму калі чалавек слухае музыку і ўспрымае яе, значыц­ь, у яго ёсць слых і ўсё добра. Проста ёсць такое паняцце, як абсалютны слых і неабсалютны. Я лічу, што музыцы трэба вучыць усіх гэтак жа, як чытанню і лічэнню, нават нягле­дзячы на тое, што музычны навык фарміруецца значна складаней. Калі б мы пачыналі іграць, як і гаварыць, з 2 гадоў, то ўжо ў 6 мы былі гэткімі ж выканаўцамі, як Моцарт. Або калі б мы ігралі столькі, колькі размаўляем або чытаем, то, натуральна, дасканала валодалі б музычным інструментам. Але звычайна музыкай мы займаемся два разы на ўроку і яшчэ два разы дома па гадзіне ў лепшым выпадку, разам атрымліваецца 4—6 гадзін на тыдзень, а гэта вельмі мала.

— На ваш погляд, колькі часу варта адводзіць музычным заняткам?

— Адназначна і не адкажаш, бо існуе 4 тыпы тэмпераменту, а таму аднаму дастаткова 1 раз паўтарыць, каб засвоіць патрэбную інфармацыю, а камусьці 5 разоў — тут няма адзінай формулы. Але калі ў дзіцяці будзе жаданне, то яно будзе і па дзве гадзіны ў дзень іграць. Я ж іграю па некалькі гадзін штодня.

— У кастрычніку 2017 года ў нашай краіне з’явілася новая ўстанова дадатковай адукацыі — Музычная школа Арцёма Шаплыкі. Што вас натхніла на стварэнне сваёй музычнай школы?

— Захацелася стварыць нейкую альтэрнатыву музычнай адукацыі, якая існуе ў нашай краіне. Яшчэ ў студэнцкія гады я пачаў выкладаць: працаваў і ў дзяржаўнай музычнай школе, і ў гімназіі-каледжы пры акадэміі музыкі. Бачыў, што дзеці і бацькі імкнуцца займацца ў мяне. І тады я падумаў: калі ёсць цікавасць, то трэба паспрабаваць даць лю­дзям нешта новае, але не насуперак старому. І з таго моманту была праведзена велізарная праца, якая цягнулася не адзін год.

— Ваша школа працуе тры гады. Раней вы гаварылі, што ваша мара — вывесці музычную адукацыю на новы ўзровень, ці атрымліваецца гэта?

— Наша школа пакуль маленькая і не прэтэндуе на змены ў сферы адукацыі і культуры. Мы не разбураем старое, а прыўносім новае, стараемся праводзіць яркія і цікавыя мерапрыемствы. Так, мы арганізоўваем канцэрты выкладчыкаў і справаздачныя канцэрты вучняў. Яны цікавыя тым, што ў нас выступа­юць усе, нават калі чалавек правучыўся 2 месяцы — калі ласка, ідзі на сцэну, хочаш іграць па нотах — выконвай па нотах. У пачатку канцэрта я заўсёды гавару, што гэта не акадэмічны канцэрт, а канцэрт з задавальненнем! Што можна памыляцца, можна пачаць іграць наноў, а калі не атрымаецца — можна ўстаць і сказаць, што вы выступіце наступны раз. Бо зразумела, што большасць дзяцей не стануць вялікімі піяністамі, дык навошта ад іх патрабаваць немагчымага. Вывучыў твор — малайчына, выступіў на сцэне — тройчы малайчына, а тое, што крыху памыліўся — не страшна, наступны раз выканаеш лепш.

— Колькі вучняў і педагогаў зараз у вашай школе?

— Сёння школа налічвае больш за 150 вучняў, якім ад 3 гадоў і да бясконцасці, ёсць і тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Дарэчы, дарослыя людзі часта прыходзяць з пытаннем, ці змогуць яны з нуля асвоіць музычны інструмент. Як паказвае практыка, могуць. У нашай школе няма строгіх меж паміж вучнямі і выкладчыкамі. На ўроках нароўні з класічнымі творамі можна вывучаць саўндтрэкі да вядомых фільмаў і папулярныя песні.

У штаце працуе звыш 10 педагогаў, кожны з якіх заўсёды вядзе музычны дыялог са сваімі вучнямі. У нас распрацаваны дзве сістэмы навучання: класічная і індывідуальная. Першая — гэта сістэмнае паслядоўнае навучанне, якое разлічана на працяглы тэрмін. Яна спалучае ў сабе ключавыя прынцыпы распаўсюджанай ва ўсім свеце “Балонскай сістэмы”, у межах якой студэнт можа самастойна выбіраць вучэбныя дысцыпліны або адукацыйныя праграмы дзіцячых музычных школ, распаўсюджаныя ў нашай краіне. Другая сістэма нацэлена на вырашэнне канкрэтных пастаўленых задач, а адукацыйны працэс не абмежаваны вучэбнымі планамі і тэрмінамі, адсутнічае кантроль засваення ведаў. Зыходзячы з пастаўленых задач навучанне можа быць арганізавана па двух курсах. “Экспрэс”-курс складаецца з 10 заняткаў, за якія вучань з нуля навучыцца выконваць самую любімую п’есу ў адаптаваным варыянце або вывучыць твор для канкрэтнага мерапрыемства. А курс “Канцэртнае выступленне” дапамагае падрыхтавацца да публічнага выступлення, конкурсу або фестывалю.

— 28 чэрвеня вы правялі Міжнародны канцэрт класічнай музыкі “Гранд-лета” ў анлайн-фармаце, які сабраў больш за 100 музыкантаў з 5 кантынентаў…

— Так! Яго ўдзельнікамі сталі як юныя, так і дарослыя аматары класічнай музыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Германіі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і іншых краін. У 7-гадзінным канцэрце прагучалі творы Баха, Гайдна, Моцарта, Бетховена, Шапэна і іншых вялікіх кампазітараў. Усе музыканты ігралі проста для задавальнення і з любоўю. Сваё майстэрства паказалі не толькі выканаўцы-прафесіяналы, але і аматары. Галоўнай мэтай нашага канцэрта стала аб’яднанне і зносіны на мове музыкі лю­дзей розных прафесій і ўзростаў.

Прынамсі, хутка і школу можна будзе назваць міжнароднай, таму што цяпер мы праводзім анлайн-урокі і з жыхарамі Канады, ЗША, краін Афрыкі, Кітая і г.д.

— Арцём, вы яшчэ і арганізатар самых розных творчых мерапрыемстваў. Так, у мінулым годзе адной з яркіх летніх падзей стаў Вялікі фартэпіянны марафон, які доўжыўся 12 гадзін. Якія ў вас яшчэ планы?

— На жаль, сёлетні фартэпіянны марафон прыйшлося перанесці на наступны год. На 30 жніўня мы запланавалі канцэрт з удзелам нашых педагогаў і адначасовай прэзентацыяй школы, у час якой прадставім новую сістэму навучання, але пакуль захаваем інтрыгу. А 25 верасня спадзяёмся паказаць канцэрт “Віртуозы сцэны”, які ўжо двойчы пераносілі. Канцэрт абяцае быць вельмі цікавым, таму што мы падабралі яркую праграму і нават будуць нумары ў тры раялі і 16 рук, а таксама фартэпіянныя дуэлі.

— Давайце падагульнім, што ж для вас музыка?

— Мэта майго жыцця! Бо я займаюся музыкай з ранняга дзяцінства, яна са мной усё жыццё, я не ўяўляю ў прынцыпе жыцця без музыкі і не разумею, як людзі могуць жыць без музыкі, не займацца ёю, не слухаць класіку. Музыка — гэта культурны складнік любой цывілізаванай нацыі і краіны, таму яе павінна быць шмат, асабліва класічнай. Мне вельмі хочацца, каб і ў будучыні ў нас усё гэта развівалася і падтрымлівалася, а навучанне музыцы было добразычлівым, каб стваралася больш канцэртных залаў класічнай музыкі. А чытачам параю ўпусціць музыку ў свае сэрцы і пажадаю адчуваць гармонію, заўважаць прыгажосць вакол сябе і ствараць нешта добрае.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Арцёма ШАПЛЫКІ.