Сустрэча ў рамках інфармацыйна-асветніцкага праекта «Заліковая размова», калі вядомыя медыяперсоны, палітолагі, эксперты абмяркоўваюць са студэнтамі УВА і навучэнцамі каледжаў сітуацыю ў краіне і свеце, адбылася ў БДУ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
З 200 студэнтамі — прадстаўнікамі розных курсаў і факультэтаў — вёў дыялог гісторык і палітолаг Вадзім Гігін. Напярэдадні размовы з моладдзю ён падзяліўся сваімі чаканнямі ад сустрэчы: «Студэнты — вельмі патрабавальная аўдыторыя, і сама «Заліковая размова» як акцыя разлічана менавіта на зносіны з моладдзю. Тут спікера заўсёды чакаюць некалькі пастак. Найперш, гэта жаданне быць модным. Думаючы, што размаўляеш з моладдзю на адной мове, насамрэч ты падстройваешся пад аўдыторыю, і гэта не выклікае асаблівага даверу. З іншага боку, нельга быць ганарлівым ментарам, гэта заўсёды адштурхоўвае слухачоў. Трэба размаўляць са студэнтамі як роўныя, таму што ўсе мы, незалежна ад узросту і вопыту, грамадзяне адной краіны».
В. Гігін адзначыў, што бачыць сваю задачу як спікера праекта ў тым, каб даносіць да моладзі пазіцыю дзяржавы, чуць меркаванні, якія існуюць у грамадстве, забяспечваць зваротную сувязь з органамі ўлады. Ён падкрэсліў, што не баіцца пачуць розныя, нават дыяметральна супрацьлеглыя меркаванні. «Больш за ўсё запамінаюцца сустрэчы з аўдыторыяй, дзе ёсць цікавасць, дзе існуе іншы пункт гледжання, дзе ёсць спрэчка, дзе адбываецца дыскусія. Нават сярод нашых патрыятычных сіл ёсць розныя ацэнкі тых ці іншых падзей або рашэнняў, якія прымаюцца. І гэта нармальна. У нас здаровае грамадства», — сказаў палітолаг.
Падчас размовы са студэнцтвам былі ўзняты пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі, адносіны з краінамі Захаду, будучыя парламенцкія выбары і многае іншае.
Міхаіл Дзегцярэнка, аспірант філалагічнага факультэта БДУ, падзяліўся ўражаннем ад сустрэчы: «У Вадзіма Францавіча мерапрыемствы заўсёды праходзяць вельмі цікава, з належным інтэрактывам. Сёння былі закрануты важныя грамадска-палітычныя пытанні. Мяне асабіста больш за ўсё цікавіў знешні контур. Я рады, што мы, захаваўшы фармат свабоднага адкрытага дыялогу, змаглі лепш пазнаёміцца і адкрыць грані нашага студэнцтва ў новым фармаце».
Нагадаем, што інфармацыйна-асветніцкі праект «Заліковая размова» прадоўжыцца некалькі месяцаў — вядомыя палітолагі, медыяперсоны, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў наведаюць усе ўніверсітэты і каледжы краіны.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота аўтара