Міжнародны конкурс па штучным інтэлекце AIIJC… Гучыць па-кібернетычнаму магутна. Відавочна, у гэтым конкурсе ўдзельнічаюць вопытныя праграмісты, якія калісьці замест макбука асвойвалі ЭВМ. Дзесяцікласнік сталічнай гімназіі № 37 Максім Раманоўскі можа з гэтым паспрачацца. У лістападзе ён стаў чэмпіёнам AIIJC, а днямі заняў 2-е месца на Сусветнай алімпіядзе па робататэхніцы.
Гартаў навіны, падаў заяўку і перамог
Штучны інтэлект заснаваны на праграмаванні, а значыць, прадугледжвае стварэнне алгарытмаў і кодаў. Калі казаць простай мовай, гэта тая ж інфарматыка, якую вывучаюць у школе, але на больш прасунутым узроўні. Сярод усіх спаборніцкіх праектаў у сферы IT Міжнародны конкурс па штучным інтэлекце AIIJC лічыцца адным з самых прэстыжных. У гэтым годзе ён аб’яднаў 26 тысяч удзельнікаў са 101 краіны.
— Даведаўся аб AIIJC са стужкі ва “УКантакце”, — расказвае Максім Раманоўскі. — Проста гартаў навіны і ўбачыў пост пра тое, што стартуе конкурс па стварэнні інтэлектуальных сістэм на аснове праграмавання. Адразу падаў заяўку — прыцягнулі цікавыя заданні і крутыя прызы.
Конкурсная праграма складалася з трох этапаў. Першы — кваліфікацыя, дзе ўдзельнікі знаёмяцца з фарматам практыкаванняў і навучаюцца новым падыходам да рашэння нестандартных задач, накіраваных на далейшае практычнае прымяненне. Затым ідзе этап стварэння каманд і выбару аднаго з 10 конкурсных напрамкаў — трэкаў. Наша зборная складалася з трох чалавек і называлася FTL, а трэк — “Штучны інтэлект у геасэрвісах”. Трэці этап — фінальны. У ім сустрэліся 50 лепшых каманд па выніках адборачных стадый.
Фішка ў стратэгічным планаванні
Прайшоўшы ўсе папярэднія раўнды, калектыў Максіма Раманоўскага апынуўся ў ліку наймацнейшых. Наперадзе быў фінал, дзе трэба было распрацаваць уласную нейрасетку. Хлопцы з FTL змаглі здзівіць журы глыбінёй прапрацоўкі пастаўленых задач і нестандартнымі падыходамі да іх рашэння. Вынік гаворыць сам за сябе — 1-е месца на міжнародным конкурсе па штучным інтэлекце.
— Калі тлумачыць простай мовай, неабходна ўзяць вялікую колькасць даных, прааналізаваць, а затым злучыць і зрабіць на іх аснове новыя высновы. Мы выкарыстоўвалі набор дарожных знакаў і трэніравалі нашу нейрасетку іх распазнаваць. У выніку яна навучылася спраўляцца з падобнымі задачамі самастойна. Створаны намі алгарытм фіксуе асобныя атрыбуты, напрыклад, лічбы на знаку, якія абазначаюць мяжу максімальнай хуткасці. Дзякуючы гэтаму можна праграмаваць беспілотны транспарт, правяраць бяспеку дарог і ствараць дакладныя карты.
Каб запусціць такую нейрасетку, неабходна напісаць код на адной з моў праграмавання. Для распрацоўкі сістэм штучнага інтэлекту часцей за ўсё выкарыстоўваецца Python. Практычна ўсе выкарыстоўвалі яго — былі ў роўных умовах. І ўсё ж наша каманда здолела знайсці перавагі, дзякуючы якім удалося перамагчы. Калі апусціць тэхнічныя падрабязнасці, мы былі мацнейшыя за кошт стратэгічнага планавання. Большасць удзельнікаў пайшлі па няправільным шляху і з-за гэтага не ўклаліся ў таймінг.
Пад белымі крыламі
На святкаванне перамогі ў Максіма Раманоўскага часу амаль не было. Ужо праз тыдзень ён прымаў удзел у Сусветнай алімпіядзе па робататэхніцы WRO. У гэтым прэстыжным спаборніцтве праграмістаў і інжынераў удзельнічаюць школьнікі і студэнты ад 8 да 25 гадоў з 50 краін свету. Галоўная мэта турніру — развіваць творчыя здольнасці маладых талентаў.
— На сусветнай алімпіядзе па робататэхніцы таксама дзейнічае камандны фармат. Наша зборная называлася White storks і павінна была стварыць і запраграмаваць робата, здольнага самастойна пераадольваць розныя перашкоды — зялёныя і чырвоныя маркеры. На практыцы наша прылада спатрэбіцца пры эксплуатацыі беспілотных аўтамабіляў.
Робататэхніка — гэта на 70% праграмаванне і на 30% інжынерыя. Каб дапамагчы робату прайсці дыстанцыю, неабходна напісаць максімальна дакладны алгарытм, кіруючыся якім прылада зможа пракласці шлях. Думаю, мы справіліся добра — занялі другое месца ў катэгорыі “Будучыя інжынеры”, уступіўшы ўсяго 0,75 бала камандзе з Расіі. Там моцныя хлопцы — перамаглі заслужана.
Вынік таго варты
Акрамя міжнароднага конкурсу па штучным інтэлекце і сусветнай алімпіяды па робататэхніцы Максім Раманоўскі перамог у дзевяці розных турнірах у сферы IT-тэхналогій. І гэта толькі за мінулы навучальны год! Хлопец не збіраецца спыняцца на дасягнутым і працягвае ўдасканальваць свае навыкі.
“У гэтым галоўная фішка: старацца, не пасаваць перад цяжкасцямі, пастаянна ставіць перад сабой больш высокія мэты. Яшчэ трэба працаваць не столькі ўпарта, колькі разумна. Як толькі адчуваеш стомленасць, пераключайся і адпачывай, а потым з новымі сіламі ў бой”.
— З самага дзяцінства я цікавіўся камп’ютарамі. Мама гэта заўважыла і адвяла мяне на гурток робататэхнікі, які дзейнічае на базе нашай гімназіі. З кожным днём праграмаванне захапляла мяне ўсё больш. Потым пайшлі першыя спаборніцтвы, я пагрузіўся ў гэтую тэму з галавой. З таго часу, як пачаў займацца, ніколі не спыняюся і працягваю развіваць свае навыкі, пастаянна вучуся нечаму новаму. Бывалі моманты, калі нічога не хацелася рабіць, але я ўключаў характар і працягваў працаваць. Потым накрывае ні з чым не параўнальная радасць, так што гэта таго варта.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Максіма Раманоўскага.