Для юных эколагаў краіны і іх педагогаў новы год традыцыйна пачынаецца ажыўшай казкай “Лёд. Кветкі. Фантазія” ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Конкурс-выстава з аднайменнай назвай стала самай брэндавай падзеяй для юных фларыстаў краіны. Кожны з іх марыць пра тое, што менавіта яго работа трапіць на гэтую выставу, бо толькі лепшыя з лепшых атрымліваюць такое права. Госці ж выставы кожны снежань і студзень імкнуцца на гадзінку-другую пагрузіцца ў атмасферу заснежаных прыродных фарбаў, фантазійных вобразаў пад лёдам, каб ярчэй адчуць зімова-святочны настрой.
Зіма ў інтэр’еры
Сёлетні конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія” набыў нечаканае гучанне. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам пакрэатывіць у такіх намінацыях, як фларыстычны аб’ект “Сняжынкі”, інтэр’ернае пано “Фантазіі фларыста”, калажы “Знакі задыяка” і фларыстычны аб’ект Corn Design. Сярод традыцыйных намінацый толькі фларыстычная ёлка “Новы погляд”. Усяго на выставе было прадстаўлена больш за 300 работ.
“У гэтым годзе ў нас з’явілася намінацыя “Сняжынкі” — гэта вялікія, па 1—2 метры ў вышыню, падвесныя арт-аб’екты. Прадстаўлена 36 такіх кампазіцый, — праводзіць экскурсію па выставе Вольга Камінская, загадчык лабараторыі аддзела прыкладной батанікі і фітадызайну РЦЭіК, член журы. — І тут фантазія проста ўражвае: і плеценыя, і з лісточкаў, і з пялёсткаў, і з яечнай шкарлупіны, і з цынерарыі, і са слюды, і з воску, і з джутавых шнуроў. Па канструкцыі яны нагадваюць традыцыйныя для беларускай культуры падвесныя саламяныя павукі. Такія кампазіцыі ўпрыгожаць любы інтэр’ер — і кафэ, і магазіна, і школы, і дома.
Парадавалі сваёй неардынарнасцю і фларыстычныя ёлкі. Нягледзячы на тое, што гэта пастаянная намінацыя (куды ж без сімвала свята?), кожны раз мы здзіўлены. Нашы навучэнцы і іх педагогі знаходзяць новыя спалучэнні, цікавыя элементы, прыёмы — і мы атрымліваем новы погляд. Здавалася б, матэрыялы практычна аднолькавыя — кара, шышкі, елкі, іголкі, але работы зусім не падобныя адна да адной. Мы спецыяльна адабралі ўсе трохвугольныя ёлкі (хаця прадстаўлены і іншыя формы) і размясцілі іх побач, каб падрэсліць, наколькі яны розныя”.
Найбольш часу Вольга Уладзіміраўна праводзіць на выставе, разглядваючы калажы. Яна ўваходзіць у склад журы, але нават прыкладна не бярэцца вызначыць лепшыя работы, бо большасць з іх выкананы віртуозна, на прафесійным узроўні. Сёлета арганізатары прапанавалі ў розных калажных тэхніках, выкарыстоўваючы прыродны матэрыял, увасобіць знакі задыяка. Яны таксама самыя розныя — з кукурузы, яечнай шкарлупіны, сухацвету, імху, пялёсткаў кветак.
Найбольшую колькасць гледачоў збірае вакол сябе набор пано “Астралагічны код маёй сям’і” 14-гадовай Настассі Любінай з сярэдняй школы № 13 Жлобіна (кіраўнік Т.Ф.Любіна). На кавалачках “чорнага неба” яна размясціла сузор’і Рыбы, Дзевы і Блізнят, пад якімі нарадзіліся члены яе сям’і. Дзяўчынка зрабіла іх з саломкі і пялёсткаў гартэнзіі — любімай дэкаратыўнай расліны сваёй мамы. Пад кветкі, залітыя эпаксіднай смалой, дзяўчынка падлажыла аснову з люмінафорам — парашком з рэдказямельных металаў, які здольны паглынаць святло, а ў цемры яго аддаваць. Таму Насціны сузор’і свецяцца ў цемры.
Жукі-стымпанкеры і кукуруза-салістка
Не менш уражваюць і інтэр’ерныя пано па тэмах “Рыбы” і Жукі”. Арганізатары прапанавалі скамбінаваць фларыстыку з тэхнікай стымпанк, таму да прыродных матэрыялаў дабавіліся інертныя, металічныя прадметы, другасныя матэрыялы, розныя шасцярэнькі, заклёпкі, гузікі. Атрымаўся своеасаблівы сімбіёз сучаснага мастацтва і фларыстыкі з яркімі, прэзентабельнымі творамі.
Чаму жукі і рыбы? З гэтымі тэмамі, як адзначылі у РЦЭіК, працаваць цікава. Вобразаў жукоў і рыб у прыродзе шмат і іх адлюстраванне заўсёды — нечаканасць. Прычым не толькі захопленыя экалогіяй юннаты, але і фларысты пагрузіліся ў свет рыб і насякомых, дасканала даследавалі герояў сваіх кампазіцый. І па-новаму зірнулі на стварэнне пано, знаходзячы вобразы ў бяросце, саломе, кветках. Цікавыя і прыёмы, якія ствараюць
3D-эфект. Напрыклад, адчуванне, быццам назіраеш за рыбамі ля палонкі, надае слюда на першым плане, якая стварае ілюзію прабітага лёду на вадаёме.
Нечакана была ўвасоблена і намінацыя Corn Design. Ужо не першы раз арганізатары задаюць у якасці асновы работ канкрэтны плод. Так, у мінулыя гады сярод пладоў-салістаў былі бульба, шышка і інш. З кукурузы фларысты стваралі скульптуры і мініяцюрныя работы.
Вольга Камінская падводзіць да паліцы і інтрыгуе: “Кожны год у мяне ёсць работа-фаварыт — тая, што на выставе здзівіла мяне больш за ўсё. Сёлета гэта конік-скрыпач, якога зрабіла 12-гадовая навучэнка сярэдняй школы № 14 Мазыра Ульяна Гуцко пад кіраўніцтвам Ляны Уладзіміраўны Колкавай. За гады работы ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства я з такой тэхнікай не сутыкалася”. Сапраўды, уражваюць прапрацоўка элементаў і нечаканы падыход: у аснове работы — кукурузны пачатак. І ён, і ўсе дэталі — крылы з лістоў курурузы, капялюшык, скрыпка — зроблены з розных экаматэрыялаў, але адтаніраваны спецыяльнай фарбай, і работа выглядае быццам медная.
“Кожная работа здзіўляе фантазіяй, уменнем па-новаму ўвасобіць знаёмую ідэю. Адчуваецца дзіцячае бачанне, што выгадна вылучае работу. Увогуле, майстэрства дзяцей і педагогаў у фларыстыцы з кожным годам расце. Нездарма апошнія некалькі гадоў у нас дзеці спаборнічаюць не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, з педагогамі. Мы гэта робім свядома, бо любы конкурс, любое спаборніцтва прымушаюць педагогаў думаць арыгінальна, глядзець па-новаму, адпрацоўваць тэхніку. Так расце педагог і, адпаведна, растуць іх навучэнцы. Тут і педагогі вучацца ў дзяцей, і дзеці ў педагогаў. І нават журы ёсць чаму ў іх павучыцца. Дзіцячыя работы больш фантазійныя, свабодныя. Часам складана сказаць, хто каго матывуе — дзіця педагога ці наадварот. Гэта і ёсць працэс творчасці”, — адзначыла Вольга Камінская.
Салодкі букет для Мароза
Магчымасцю праявіць сябе прама на вачах у журы сталі вочныя намінацыі: для дзяцей — “Букет для Дзеда Мароза”, а для педагогаў — настольная кампазіцыя “Напарэдадні Каляд”. За дзве гадзіны ўдзельнікі павінны былі стварыць мастацкі аб’ект з прадастаўленых арганізатарамі прыродных матэрыялаў.
“Мы прывыклі прымаць ад Дзеда Мароза прысмакі, але думаю, ён і сам любіць салодкае, — гаворыць, маскіруючы ў букеце ледзяшы на палачках, Варвара Мароз, навучэнка Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. — Букет павінен быць не толькі прыгожым, але і смачным, таму я схавала ўнутры кветак арэхі, дабавіла цукерак, дапоўніла апельсінавымі цукатамі. Водару і яркасці кампазіцыі надало класічнае навагодняе спалучэнне хвоі і ёлачных цацак. Белы фетр, нарэзаны стружкай, быццам барада, у дуэце з вогненна-чырвонымі кветкамі “Калядная зорка” — гэта ўвасабленне традыцыйных колераў убору Дзеда Мароза.
Варвара ўжо 6 гадоў у фларыстыцы, не раз прымала ўдзел у спаборніцтвах. Для яе гэта не толькі магчымасць прэзентаваць сябе і сваю ўстанову, даведацца пра апошнія тэндэнцыі ў кветкавай модзе, але і развівацца ў тэхнічным плане. Так, за 2-е месца на чэмпіянаце па фларыстыцы яна атрымала сертыфікат на набыццё розных матэрыялаў і інструментаў для фларыстыкі, а таксама зялёныя аазісы. Дарэчы, ужо сёння дзяўчынка марыць рэалізавацца ў гэтай сферы. У прыватнасці, яна бачыць перспектывы ў развіцці салодкай фларыстыкі. У сваім аб’яднанні “Экадызайн” гэты кірунак даўно сярод асноўных. “Гэта знімае пытанне, што падарыць і чым здзівіць блізкіх, сяброў, настаўнікаў. Гэта ўжо мая традыцыя — дарыць салодкія букеты, зробленыя сваімі рукамі”, — гаворыць Варвара.
Лявон Комар з Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, нягледзячы на свае 12 гадоў, таксама вопытны ўдзельнік фларыстычных баталій. Гэты рэспубліканскі конкурс — ужо пяты па ліку для яго. Букет Дзеду Марозу ён сабраў не толькі з хвоі, іскрыстых ёлачных шароў, але і з руж, высушаных гарбузікаў як напаміну пра лета, а таксама салодкіх пачастункаў — зефіру і пасцілы. Знаёмству з летам для казачнага госця паспрыяла і выкарыстанне канкурсантамі ў сваіх кампазіцыях сена, кары, бяросты, галінак, імху і інш.
Самая юная ўдзельніца сёлетняга конкурсу — 9-гадовая Сафія Вольская са Жлобінскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Гэта яе конкурсны дэбют, таму, каб дзяўчынка не хвалявалася, гэтую місію ўзялі на сябе і яе педагог, і мама, і нават дырэктар экацэнтра — ўсе яны прыехалі ў Мінск як група падтрымкі і трымаюць кулачкі за сваю канкурсантку, чакаючы яе на калідоры.
“Пакуль я не ведаю, якім павінен быць букет, каб стаць лепшым, таму я яго ствараю, арыентуючыся на свой густ. Адзінае — я стараюся спалучыць кветкі па колерах, каб букет быў яркім, святочным — ён жа навагодні. Але звычайна я не люблю мудрагелістасць, яркія кантрасты — мне бліжэй сціплыя, а лепш за ўсё палявыя кветкі. Летам я часта выходжу на луг недалёка ад дому і збіраю там кветкі. Асабліва прыгожыя атрымліваюцца букеты з валошак. Тое, што нам прапанавалі стварыць салодкія букеты, — правільна. Да гэтага я іх не стварала, ды і кветак Дзеду Марозу не дарыла, а вось салодкае, дакладна ведаю, ён любіць, бо кожны год пакідаем з братам ласункі для яго пад ёлкай і яны знікаюць. Гэтым разам збіраліся пакінуць для Дзеда Мароза пад ёлкай круасаны і какаву, але думаю, букетам з цукерак я яго таксама парадую”.
Убачыць на свае вочы заснежаныя работы юных фларыстаў і ацаніць іх можна ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Гасцей там чакаюць да 15 студзеня новага года.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.