За кожнай перамогай вучня стаіць карпатлівая праца настаўніка. Менавіта таму сваю перамогу на фестывалі-конкурсе “Зімовая казка” Марыя Блошкіна прысвяціла любімаму педагогу — выкладчыку вакальнахаравых дысцыплін старшыні цыклавай камісіі “Дырыжыраванне” (акадэмічны хор) Магілёўскай дзяржаўнай гімназіікаледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава Вікторыі Віктараўне Галуза.
— Вікторыя Віктараўна, вы чакалі такога выніку?
— Па ўмовах конкурсу ў праграму павінны былі ўваходзіць 2 творы на 8 мінут гучання. А гэта дастаткова сур’ёзна. У нас у рэпертуары ёсць такія складаныя рэчы, і мы вырашылі: чаму б не паспрабаваць? У Марыі такі вялікі рэпертуар, што мы гатовы прыняць удзел у любым конкурсе любой складанасці ў любы час. Маша вельмі працавітая. З 10 гадоў ёй даводзіцца спяваць на розных мовах: італьянскай, нямецкай, французскай. Акрамя таго, што ўсё гэта трэба вывучыць, неабходна яшчэ працаваць над вымаўленнем і ведаць пераклад тэкстаў. Конкурсы і канцэрты патрабуюць вялікай аддачы, цярпення, уседлівасці. Працаваць з такой колькасцю твораў вельмі складана, даводзіцца шмат чытаць і ведаць пра розныя стылі, эпохі і жанры. У большай ступені гэта самастойная работа вучня, бо на ўроку асноўны час адводзіцца спевам.
— У вас і акрамя Машы шмат праслаўленых вучняў…
— Прафесія — гэта маё жыццё. Сказаць, што люблю яе, — нічога не сказаць. Усё гэта дзякучы навучальнай установе, дзе я ўжо шмат гадоў працую. Я прыйшла ў гімназію-каледж імя Яўгена Глебава амаль 30 гадоў назад, амаль з моманту яе заснавання, і лічу гэта вялікай удачай. На працягу ўсіх гэтых гадоў наша навучальная ўстанова трымае першынство сярод лепшых у краіне. Мы ўнікальныя тым, што дзеці прыходзяць да нас у 1 клас, а пасля 9 класа тыя, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з музыкай, паступаюць у каледж. З году ў год нашы выпускнікі становяцца студэнтамі БДАМ і іншых вядучых УВА Беларусі. Ёсць выпускнікі Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай кансерваторый. Нашы выхаванцы працуюць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Самы галоўны метад у навучанні спевам — не нашкодзіць! Навучыць спяваць на апоры, выбіраць творы, якія адпавядаюць узросту і магчымасцям, развіваць музычнасць нават у большай ступені, чым голас, не імкнуцца да выніку любымі сродкамі тут і зараз, працаваць на перспектыву. Голас павінен расці разам з дзіцем.
З зорнага эшалона можна назваць Марыну Пінчук, запрошаную салістку тэатраў у Балонні, Валенсіі, Мадрыдзе, Барселоне і якая спявае на адной опернай сцэне з Пласіда Дамінга; Пятра Ялфімава, прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанні-2009”’; Дар’ю Шкрэдаву, артыстку Маладзёжнай опернай праграмы Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі. Я сама кірую ўзорным канцэртным хорам, які ў свой час стаў уладальнікам гранд-прэміі і многіх іншых узнагарод спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Мы прайшлі вялікую колькасць конкурсаў, зрабілі шмат канцэртных праграм, заўсёды займалі толькі прызавыя месцы.
— У вас ёсць асаблівыя педагагічныя прыёмы, якія дапамагаюць дасягнуць высокіх вынікаў?
— Па праўдзе кажучы, ніколі пра гэта не думала. Наколькі яны асаблівыя, таксама не магу сказаць. Спачатку была вельмі добрая школа. Ганаруся тым, што я і салісты нашага опернага тэатра Ніна Шарубіна і Сяргей Франкоўскі вучыліся ў аднаго педагога па вакале і мы разам спявалі ў студыі ў Людмілы Яўгенаўны Браілоўскай. Затым веды назапашваліся з вопытам. А самы галоўны метад у навучанні — не нашкодзіць! Навучыць спяваць на апоры, выбіраць творы, якія адпавядаюць узросту і магчымасцям, развіваць музычнасць нават у большай ступені, чым голас, не імкнуцца да выніку любымі сродкамі тут і зараз, працаваць на перспектыву. Голас павінен расці разам з дзіцем. Вельмі многія спрабуюць апярэдзіць гэты працэс і атрымліваюць не самыя добрыя вынікі, аж да страты голасу. У нас вельмі шмат дзяцей, якія падаюць вялікія надзеі. Сказаць “таленавітых” і хачу, і крыху баюся, бо талент — гэта здольнасці, памножаныя на працу. Але здольных вельмі шмат. Галоўнае ў нашай рабоце — дапамагчы ім стаць сапраўднымі музыкантамі, знайсці сябе ў прафесіі і ў жыцці.
— Якія асноўныя прафесійныя і чалавечыя якасці вы стараецеся выхаваць у сваіх вучняў?
— Імкненне да самаразвіцця (ніколі не спыняцца на дасягнутым, бо няма мяжы дасканаласці). Ставіць перад сабой рэальныя задачы і паспяхова іх вырашаць. Голас — гэта дыямент, які патрабуе агранкі! Нельга спяваць аднолькава старадаўнюю арыю і народную песню, творы нямецкіх рамантыкаў і рускую арыю. Гэта ўсё трэба ведаць, і, як вы самі разумееце, веды без працы не даюцца нікому.
Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота з асабістага архіва герояў.