Жывапісныя імгненні

- 12:45Культура

Гэтымі днямі ў сталічнай мастацкай галерэі “Вільнюс” праходзіць выстава жывапісу Валянціны Ранцэвіч “Скользящее мгновенье”. Экспазіцыя складаецца з 47 палотнаў, напісаных за апошнія тры гады. Кожная карціна — гэта шчырае і рэалістычнае адлюстраванне навакольнага свету. Мастачка з любоўю перадае прыродныя вобразы, што натхняюць яе.

— На выставе дэманструюцца мае пейзажы і кветкавыя нацюрморты, асабліва люблю адлюстроўвац­ь бэз, півоні, палявыя кветкі, поры года, а таксама свае сны і асабістыя ўспаміны пра матулю і бабулю, пра дзяцінства, што прайшло ў мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, — расказала Валянціна Аляксееўна. — Назва экспазіцыі “Скользящее мгновенье” нагадвае пра тое, што нашы ўражанні — гэта імгненні, што нічога не бывае застылым, усё пастаянна мяняецца. Ты нешта ўбачыў — і да цябе прыходзіць азарэнне, якое потым натхняе на стварэнне пэўнага палатна. Прычым я заўсёды пішу не з натуры, а па ўражаннях, проста з галавы, пішу, як думаю і адчуваю.

У час адкрыцця выставы адбылася і прэзентацыя альбома “Пішу тое, што хвалюе”, які ўключае рэпрадукцыі 100 карцін В.Ранцэвіч, якія натхнілі паэтэсу Алену Абрамчык на напісанне 100 вершаў да іх. “На выставе толькі частка карцін, якія суправаджаюцца вершамі, затое яны дапамагаюць наведвальнікам галерэі лепш зразумець сутнасць маіх работ, — дадала мастачка. — Увогуле пры напісанні карцін мной рухае жаданне адчуць радасць ад пагружэння ў свет фарбаў і эмоцый, бо я заўсёды перадаю тое, што хвалюе, што захапляе, што сніцца”.

Дарэчы, жывапісная творчасць у жыцці дацэнта, кандыдата фізіка-матэматычных навук, выкладчыка БДУІР Валянціны Аляксееўны Ранцэвіч з’явілася 20 гадоў назад. За гэты час яна напісала больш за 200 карцін, многія з якіх былі прадэманстраваны на пяці персанальных выставах. Сёння яе творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях розных краін свету.

— Пасля заканчэння механіка-матэматычнага факультэта БДУ ў 1972 годзе я пачала працаваць у Інстытуце матэматыкі АН БССР, дзе і скончыла аспірантуру. Потым перайшла на выкладчыцкую пасаду ў БНТУ, а пасля перавялася ў БДУІР, дзе з 1988 па 2016 год працавала дацэнтам кафедры вышэйшай матэматыкі, — прыгадала мастачка. — У маім жыцці да 2000 года жывапісу не было, хоць выяўленчым мастацтвам я захаплялася ўсё жыццё, рэгулярна наведвала сталічныя выставы разам са сваёй сям’ёй і студэнтам пра іх расказвала. На Новы год сын падарыў мне набор фарбаў і мальберт. Я зрабіла некалькі акварэльных малюнкаў, якія вельмі спадабаліся маім родным і сябрам. Вось так пачатак новага тысячагоддзя супаў з пачаткам майго творчага жыцця.

Валянціна Ранцэвіч 11 гадоў працавала выкладчыкам, знаходзячыся на пенсіі. Магла б і далей працягваць педагагічную дзейнасць, але ў 2016 годзе вырашыла, што настаў час для творчай самарэалізацыі. Яна лічыць, што чалавек пастаянна павінен быць чымсьці захоплены — як у 20, 30 гадоў, так і ў 70, 80: “Кажуць, што шчасце, калі супадае хобі і работа. Але, на маю думку, чалавеку трэба пераключацца з аднаго віду дзейнасці на другі, бо гэта абагачае яго. Нельга ўвесь час займацца толькі адной справай, бо каб быць нам гарманічнымі, варта мець хобі і лепш не адно”.

Пераканацца ў тым, што творчы патэн­цыял можна рэалізаваць у любым узросце, зможаце і вы, зазірнуўшы на выставу “Скользящее мгновенье”, якая будзе дэманстравацца да 5 чэрвеня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Валянціны Ранцэвіч.