Знак якасці

- 9:30Апошнія запісы

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылося ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.

На мерапрыемстве прысутнічалі першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Старавойтава, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Анатольевіч Богуш, а таксама супрацоўнікі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, кансультанты па пытаннях адукацыі Сусветнага банка, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі.

Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі  — гэта новая структура як у сістэме адукацыі краіны, так і ў сферы забеспячэння якасці. З прыняццем і ўступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі надзелена паўнамоцтвамі па дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі. 

— Нацыянальнае агенцтва — гэта магчымасць забеспячэння якасці адукацыі праз дадатковы аналіз адпаведнасці дзейнасці ўстановы адукацыйным стандартам. Адзначу, што Кодэксам аб адукацыі ўстанаўліваюцца дадатковыя нормы, якія дазваляюць палепшыць сістэму адукацыі, павысіць яе даступнасць. Нам трэба будзе стварыць новыя крытэрыі і механізмы, адпрацаваць пытанні, якія тычацца ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў па вырашэнні гэтай задачы. Самае галоўнае — у нас ёсць калектыў, які працаваў над стварэннем агенцтва. Гэта вопытныя людзі, здольныя справіцца з пастаўленай задачай. У далейшым гэта дазволіць нам быць канкурэнтаздольнымі на міжнароднай арэне, — адзначыла Ірына Анатольеўна Старавойтава.

Таксама ў абавязкі Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі ўваходзіць устанаўленне адпаведнасці адукацыйнай дзейнасці адукацыйным стандартам, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм, іншым патрабаванням у сферы адукацыі практычна на ўсіх узроўнях: агульная, сярэдняя, спецыяльная, сярэдняя спецыяльная, вышэйшая, дадатковая адукацыя дарослых (перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў). Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі будзе знешняе забеспячэнне якасці на ўзроўні вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, прынятымі на еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, такімі як стандарты ESG-2015.

Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага дырэктарам агенцтва прызначана Вольга Зайніеўна Рыбаключава. Першы намеснік міністра адукацыі ва ўрачыстай абстаноўцы перадала Вользе Зайніеўне праваўстанаўліваючыя дакументы створанай дзяржаўнай установы. 

— Сёння перад агенцтвам стаіць задача выпрацаваць аптымальныя суадносіны паўнамоцтваў дзяржаўных органаў і арганізацый па кіраванні, кантролі і забеспячэнні якасці ў сферы адукацыі; прывесці нарматыўныя прававыя акты ў сферы дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі ў адпаведнасць з тымі змяненнямі, якія закладзены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі; выпрацаваць рэгламенты, працэдуры і крытэрыі знешняга забеспячэння якасці адукацыі па ўсіх узроўнях  адукацыі. Упэўнена, што дзейнасць Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі будзе накіравана не толькі на рэалізацыю пастаўленых задач, але і на далейшае прасоўванне брэнда беларускай адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы, павышэнне яго канкурэнтаздольнасці, — падагульніла Вольга Зайніеўна.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.