Экскурс у геаграфію

- 15:29Адукацыйная прастора, Актуальна, Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў

Дзевяць кабінетаў геаграфіі прызнаны лепшымі ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны.

На абласны агляд-конкурс  кабінетаў геаграфіі было прадастаўлена 36 прэзентацыйных матэрыялаў з 19 раёнаў Гродзенскай вобласці. Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення эфектыўнага вопыту педагагічнай дзейнасці па стварэнні і выкарыстанні рэсурсаў кабінетаў геаграфіі для фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў і павышэння якасці адукацыі.

Журы ацэньвала наяўнасць і якасць афармлення дакументацыі, якая рэгламентуе функцыянаванне вучэбнага кабінета, выкананне норм аховы працы і санітарна-гігіенічных норм, эстэтычных патрабаванняў да афармлення кабінета, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, змястоўнасць і якасць афармлення прэзентацыйных матэрыялаў. Дыпломамі I ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі ўзнагароджаны 9 кабінетаў: гімназіі № 6 Гродна, сярэдніх школ № 8 Ліды, № 5 Смаргоні, Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) Шчучынскага раёна, трох сярэдніх школ Ваўкавыска — №№ 4,7 і 8, гімназіі № 1 Ліды і Воранаўскай сярэдняй школы. За афармленне і арганізацыю работы ў кабінетах геаграфіі яшчэ 8 устаноў адукацыі атрымалі дыпломы II ступені, 6 — дыпломы III ступені.

Калекцыя глобусаў і работа 24/7

— Кабінет геаграфіі для мяне — гэта ў першую чаргу творчая майстэрня для сумеснай дзейнасці навучэнцаў і настаўніка, той масток, з якога пачынаецца пазнавальная актыўнасць, — расказала загадчыца кабінета геаграфіі настаўніца геаграфіі Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) Шчучынскага раёна Аксана Бараноўская. — У сваёй рабоце вялікую ўвагу ўдзяляю афармленню і аснашчэнню вучэбнага кабінета. З мэтай пашырэння кругагляду навучэнцаў, фарміравання іх пазнавальнай цікавасці выкарыстоўваю крыніцы інфармацыі, якія ёсць у кабінеце, камп’ютарныя тэхналогіі. Пачала прымяняць у сваёй рабоце інтэрактыўную сістэму, якую, дарэчы, мы атрымалі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за перамогу ў конкурсе кабінетаў геаграфіі.

Настаўніца на базе кабінета таксама праводзіць метадычную работу. А.К.Бараноўская ўваходзіць у групу педагогаў краіны, якія займаюцца доследнай праверкай вучэбнага дапаможніка “Геаграфія. Геаграфія Беларусі. 9 клас”, і  на працягу навучальнага года вядзе дзённік, вывучае кожны параграф дапаможніка.   

У кабінеце сабраны, сістэматызаваны і выкарыстоўваецца багаты вучэбна-метадычны матэрыял. А яго візітнай карткай  стала калекцыя глобусаў, якія Аксана Казіміраўна прывезла з розных краін свету.

— У маёй калекцыі ёсць розныя глобусы: вялікія і маленькія, шкляныя, каменныя і пластмасавыя, глобус-гадзіннік, з пазламі, глобус-кубак УЕФА, глобус-запальнічка, глобус-бірулька і іншыя, якія з’яўляюцца дапаўненнем кабінета і яго іскрынкай, — расказала настаўніца.

У сваёй рабоце А.К.Бараноўская імкнецца выкарыстоўваць усё новае і цікавае. Арганізоўваць адукацыйны працэс і ажыццяўляць зваротную сувязь з навучэнцамі дапамагае акаўнт у Instagram. Інтэрнэт-праект “Урокі геаграфіі. Падарожнічаем разам” быў створаны ў 2019 годзе. Яго кантэнт — інфармацыя на геаграфічныя тэмы, кансультацыі, правядзенне анлайн-віктарын, апытанняў і многае іншае. Такім чынам, можна сказаць, што кабінет геграфіі працуе 24/7.

Падказкі на сценах 

Абноўлены кабінет геаграфіі ў сярэдняй школе № 8 Ліды атрымаўся вельмі цікавым для школьнікаў і зручным для настаўнікаў. Фоташпалеры з геаграфічнай тэматыкай, храналагічная шкала, карысныя выкапні, прыгожыя стэнды ў выглядзе ветразяў не толькі эстэтычна выглядаюць, але і служаць вучням падказкай на ўроках. Кабінет у сярэдняй школе № 8 Ліды нават знаходзіцца ў “правільным” па метадычных нормах месцы — на паўднёвым усходзе.  

— Секцыя замяняе цэлую лабаранцкую, усё на месцы, сістэматызавана і акуратна раскладзена па палічках: лэпбукі, карта падарожжаў і даследаванняў, іншыя матэрыялы. Вучні могуць карыстацца такімі падказкамі падчас урока, але гэта іх адказ, іх уменне працаваць з картай. Сабраны матэрыял падыходзіць не толькі для правядзення ўрокаў, але і для падрыхтоўкі да ЦТ, работы з алімпіяднікамі. Дастаткова месца і для размяшчэння дзіцячых творчых работ. Працаваць у такім кабінеце вельмі цікава і зручна, матэрыялу за шмат гадоў сабрана вялікая колькасць, а карыстацца ім проста. Да таго ж увесь матэрыял ёсць і ў электронным выглядзе. Конкурс кабінетаў падштурхнуў да таго, каб прывесці ўсё ў сістэму, — расказала загадчыца кабінета геаграфіі настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 8 Ліды Алена Лапян. 

Кіраўніцтва школы заўсёды ідзе насустрач, дапамагае загадчыцы кабінета ў рэалізацыі ўсіх ідэй і задум. Так, у класе з’явілася лічбавая метэастанцыя. У любы момант дзеці могуць паглядзець, якая тэмпература на вуліцы і ў памяшканні, якая вільготнасць паветра, як мяняецца атмасферны ціск і якім будзе надвор’е.

— Дзеці ў захапленні ад гэтага, нават выпускнікі, заходзячы ў госці, добра адгукаюцца аб нашым кабінеце. Вучням тут вельмі цікава і пазнавальна, — дадала А.С.Лапян.

Дапамагаюць QR-коды

У кабінеце геаграфіі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска па пяці гадзінніках можна даведацца, які час у гарадах, размешчаных у розных гадзінных паясах, а таксама знайсці іх на палітычнай карце свету. Тут можна паразглядаць розныя віды аблокаў, ландшафты Зямлі і тут жа атрымаць інфармацыю пра іх.

— Дадатковую інфармацыю пра самыя папулярныя ў турыстаў мясціны свету, славутасці Беларусі, у тым ліку і Гродзенскай вобласці навучэнцы могуць атрымаць па QR-кодах, — расказала загадчыца кабінета геаграфіі настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска Аксана Башко. — А ў краязнаўчым кутку “Вывучаем родны край” акрамя літаратуры сабраны наглядны матэрыял па прамысловасці Ваўкавыскага раёна. Багаты матэрыял могуць знайсці старшакласнікі, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў алімпіядах. Для дзяцей, якія цікавяцца геаграфіяй, займаюцца ў факультатывах, сабраны часопісы “Атлас мира”. Цікавыя таксама калекцыі мінералаў, хімічных угнаенняў, якія выпускаюцца ў краіне.

Прыгожа, з душой аформленыя кабінеты геаграфіі ў многіх школах сапраўды сталі акенцам у свет ведаў, далучаючы школьнікаў да вывучэння гэтага прадмета. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі.