Зрабіць канікулы цікавымі і бяспечнымі — на гэтым робяць акцэнт педагогі Барысаўскага раёна

- 13:16Репортаж

Зрабіць канікулы цікавымі, запамінальнымі і бяспечнымі — на гэтым падчас арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі робяць акцэнт педагогі Барысаўскага раёна. Менавіта гэты раён Міншчыны быў выбраны для чарговага прэс-туру прадстаўнікоў Выдавецкага дома. Педагогі Барысаўшчыны час ад часу друкуюць свае артыкулы на старонках “Настаўніцкай газеты”, але супрацоўніцтва варта пашыраць і рабіць больш актыўным. З гэтым пагадзілася і начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская.

“Нашым педагогам ёсць чым па­дзяліцца, — адзначыла Ірына Міхайлаўна. — Што тычыцца “Настаўніцкай газеты”, заўсёды прыемна на яе старонках бачыць імёны сваіх калег. Вельмі падабаецца чытаць пра формы правядзення ўрокаў, метадычны вопыт. Часам, калі сустракаю цікавую інфармацыю, запісваю яе, каб пасля гэтыя ідэі рэалізоўваць і ў сваім рэгіёне”.

Акрамя пытанняў супрацоўніцтва, начальнік упраўлення па адукацыі спынілася на арганізацыі аздараўленчай кампаніі.

“Гэтым летам у лагерах усіх тыпаў пабывае 6741 дзіця, з іх 3105 адпачнуць у лагерах з дзённым знаходжаннем, 3000 — у аздараўленчых летніках з кругла­сутачным знахо­джаннем, а 636 дзяцей выбралі спартыўна-аздараўленчыя лагеры з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, — прывяла даныя І.Садоўская. — У стацыянарных аздараўленчых лагерах адпачнуць 1925 дзяцей, 870 дзяцей аздаровяцца ва ўмовах профільных аздараўленчых лагераў з кругласутачным знахо­джаннем, 35 — у лагерах працы і адпачынку, 170 — у лагерах ваенна-­патрыятычнага профілю”.

Лагер ваенна-патрыятычнага профілю “Гатовы Ра­дзіме служыць!” другі год запар арганізоўваецца ў 72-м гвар­дзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сёлета ў ім адпачывалі і набывалі новыя ўменні 339 навучэнцаў-кадэтаў з усёй краіны. Тут жа, у цэнтры, чарговы раз прайшлі дзве дзевяцідзённыя змены аздараўленчага лагера ваенна-патрыятычнага профілю “Абаронца Айчыны” для 90 падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а таксама для тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, для дзяцей з мнагадзетных і няпоўных сем’яў.

“У нас запланавана дзейнасць 30 кругласутачных дзевяцідзённых лагераў: ваенна-патрыятычных, турыстычна-краязнаўчых, экалагічных, для адораных навучэнцаў і лідарскага актыву, культурна-адпачынкавага, лагера праваслаўнага краязнаўства, валанцёрскага, — пералічыла Ірына Садоўская. — У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі прадоўжана рэалізацыя інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, акцыі “Крок да пос­пеху” з удзелам знакамітых гасцей, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і дзяржаўных дзеячаў. Таксама ў нас была арганізавана змена псіхалагічнага здароўя, дзе значная ўвага ўдзялялася развіццю навыкаў самазахавання, паводзінам у стрэсавых сітуацыях, і тэматычная акцыя на працягу ўсяго лета “Святыні Барысаўскай зямлі”. У Год якасці асаблівая ўвага ўдзелена экскурсіям і турам ваенна-патрыятычнага кірунку”.

Помніць PROДабро

У гімназіі № 1 Барысава на працягу дзвюх змен працуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Вясёлыя рабяты”.

Ён стаў месцам адпачынку для 189 навучэнцаў. Начальнік лагера педагог-арганізатар гімназіі Кацярына Кандраценка расказала, што змена мае сваю тэму — “Дарогамі Ра­дзімы — дарогамі памяці”, згодна з якой фарміраваўся спіс мерапрыемстваў для вучняў.

“Наша змена патрыятычная, — расказвае педагог-арганізатар. — Мы праводзілі мітынгі ля помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, конкурс патрыятычнай песні”.

Прыдумваць для дзяцей мерапрыемствы — адзін з самых любімых заняткаў педагога. Дарэчы, дзякуючы сваім ідэям, Кацярына Цімафееўна не так даўно стала пераможцай конкурсу “Малады лідар Міншчыны” ў намінацыі “Грамадская дзейнасць”. Але прыйсці да перамогі ёй удалося з трэцяй спробы: у мінулыя гады педагог-арганізатар атрымлівала дып­ломы ўдзельніка.

“Я прадстаўляла праект “PROДабро”, накіраваны на валанцёрскую дзейнасць, — тлумачыць нас­таўніца. — Ён расказвае пра ўзаема­дзеянне і навучанне валанцёраў, важнасць удзелу ў дабрачынных акцыях, уменне працаваць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі”.

Ідэю, якую рэалізуе педагог, падтрымалі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Барысаўскага раёна. Дзякуючы сумеснай рабоце з ТЦСАН, навучэнцы гімназіі падчас квест-гульні “Іншая рэальнасць” вучыліся ўзаема­дзейнічаць з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці.

“Толькі дзякуючы непасрэднаму ўзаемадзеянню з асаблівымі дзецьмі, у нашых вучняў выхоўваюцца такія якасці, як спачуванне, уменне прыходзіць на дапамогу, — падкрэслівае К.Кандраценка. — Гэтаму школьнікаў трэба вучыць яшчэ з пачатковых класах, таму мы актыўна працуем у адзначаным напрамку і падчас летніх канікул, у аздараўленчым лагеры”.

100 гадоў запальваць зоркі

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна падчас летніх канікул праводзіць у школах горада і раёна мерапрыемствы і майстар-класы па шматлікіх кірунках.

Некалькі гадоў назад па даручэнні начальніка ўпраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірыны Садоўскай дзве ўстановы — Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна і Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму — пачалі праводзіць у шосты школьны дзень адпачынкавыя праграмы ў школах горада.

“Падчас навучальнага года ў шосты школьны дзень, а летам у любы дзень тыдня спецыялісты цэнтраў выяз­джаюць ва ўстановы адукацыі горада і раёна, каб правесці свае праграмы”, — тлума­чыць сістэму ўзаемадзеяння са школамі Ірына Міхайлаўна.

Пра тое, што пэўныя мерапрыемствы будуць право­дзіцца ў школе, навучэнцам расказваюць настаўнікі. Дзеці могуць прыняць удзел у майстар-класах, конкурсах, якія ім прапануюць спецыялісты цэнтраў дадатковай адукацыі. Дарэчы, гэта добрая магчымасць, каб вызначыцца, якія гурткі для сябе можна вы­браць на перспектыву.

“Вучням вельмі падабаюцца гульні на камандаўтварэнне, трэнінгі, — дзеліцца І.Садоўская. — Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, дзеці пастаянна чымсьці заняты, шука­юць захапленне па душы. А для нашых цэнтраў гэта таксама значны крок: яны могуць заявіць пра сябе, папулярызаваць сваю дзейнасць”.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — шматпрофільная ўстанова адукацыі, у якой займаюцца 7000 дзяцей горада і раёна. Заканамерна, што і кірункаў дадатковай дзейнасці ў ім вельмі многа.

“Адукацыйны працэс у нас арганізаваны па мастацкім, фізкультурна-спартыўным, спартыўна-тэхнічным, культурна-адпачынкавым, грамадска-гуманітарным, сацыяльна-педагагічным і іншых профілях, — прэзентавала цэнтр яго дырэктар Ірына Зуёнак. — Наша шматпрофільная ўстанова прадастаўляе даступныя і якасныя адукацыйныя паслугі для дзяцей любога ўзросту. Што тычыцца працэсу навучання, то ён носіць сістэмны і адкрыты характар. Гэта дазваляе навучэнцам і бацькам пастаянна валодаць інфармацыяй аб выніковасці навучання, знаё­міцца з дасягненнямі цэнтра, вынікамі маніторынгаў, якія праводзяцца”.

Сёлета Цэнтр творчасці адзначыў знакавы юбілей — 100 гадоў. Спецыяльна да гэтай даты педагогі аддзялення дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці адкрылі выставу ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х.Каладзеева. На ёй прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках і жанрах рукамі юных мастакоў і вопытных майстроў-педагогаў.

“Мы беражліва захоўваем і прымнажаем самае лепшае і цікавае, пастаянна трансліруем свае дасягненні на многіх мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, — зазначае Ірына Зуёнак. — Таму будзем рады, калі вы наведаеце выставу “100 гадоў запальваючы зоркі” і станеце сведкамі творчасці і таленту нашых выхаванцаў”.

Яе пазыўны — “Чайка”

Не кожны ведае, у гонар каго ў Барысаве назвалі загарадны аздараўленчы лагер “Чайка”: такі пазыўны быў у першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай.

“Чайка” знаходзіцца недалёка ад былой вуліцы Аэрадромнай (сёння тут пабудаваны новы мікрараён), дзе калісьці быў аэрадром, а побач размяшчаліся казармы для лётчыкаў.

“Сёння мы думаем над тым, каб запрасіць у госці ў “Школу актыўнага грамадзяніна” Марыну Васілеўскую, — расказвае начальнік лагера дырэктар Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Кацярына Ракіцкая. — Спадзяёмся, што гісторыя паходжання назвы лагера зачэпіць касманаўта і нашы выхаванцы сустрэнуцца з ёй”.

Менавіта з такімі планамі ў “Чайцы”, якая з’яўляецца філіялам Барысаўскага цэнтра экалогіі і турыз­му, некалькі дзён назад адкрылі трэцюю змену. Кацярына Ракіцкая ўпэўнена, што галоўная мэта аздараўлення ў любым летніку — зрабіць так, каб дзецям было цікава і бяспечна.

“Наш лагер вельмі кампактны і ўтульны, — расказвае дырэктар. — Тут за ўсё лета можа аздаравіцца толькі 300 дзяцей, а ў адну змену — 75 чалавек, якія дзеляцца на 4 атрады. Самы маленькі атрад — гэта 13 школьнікаў, а самы вялікі — 22”.

У лагеры адпачываюць дзеці ад 6 да 14 гадоў, прычым сярод старэйшых вельмі многа тых, хто прыяз­джае ў “Чайку” ўжо не першы раз. К.Ракіцкая гаворыць, што бацькі могуць быць спакойнымі: набываючы пуцёўкі, яны давяраюць сваіх дзяцей камандзе прафесіяналаў.

“Да нас ідуць працаваць выхавальнікамі педагогі ўстаноў адукацыі Барысаўскага раёна. У асноўным гэта настаўнікі фізкультуры, педагогі- псіхолагі і педагогі сацыяльныя, — дадае Кацярына Валер’еўна. — Кожны, хто трапляе ў нашу каманду, умее працаваць з дзецьмі і знахо­дзіць падыход да любога па характары і тэмпераменце вучня”.

Кожная змена тут адрозніваецца ад папярэдняй. Безумоўна, гэта залежыць ад дзяцей, якія трапляюць у адзін атрад. Каб згуртаваць іх, педагогі загадзя прадумва­юць праграму адпачынку і актыўных гульняў.

“Мы стараемся зрабіць канікулы дзяцей насычанымі, прапаноўваем ім мерапрыемствы розных кірункаў, — дадае дырэктар лагера. — Самы папулярны — спартыўны, далей ідзе творчы. Пры гэтым мы ніколі не забываем пра бяс­пеку”.

Ужо каторы год першая змена ў “Чайцы” традыцыйна праводзіцца пры міжведамасным узаемадзеян­ні структур Барысаўскага раёна, сярод якіх МНС, Асвод, Чырвоны Крыж, Дэпартамент аховы МУС і інш. Прадстаўнікі гэтых арганізацый прыязджаюць не толькі для таго, каб правесці інтэрактыўнае мерапрыемства па бяспецы, але і з прафарыентацыйнай мэтай.

“Навучэнцы старшых класаў ужо задумваюцца над будучай прафесіяй, — канстатуе кіраўнік лагера. — Дзякуючы знаёмству з супрацоўнікамі адпаведных структур, дзеці могуць больш даведацца пра спецыфіку работы ў кожнай з іх, а значыць, ім выпадае магчымасць прымераць на сябе тую ці іншую прафесію”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА