Узорнаму вакальнаму ансамблю «Зараначка» сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С. Вялічкі ў наступным годзе споўніцца 25 гадоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Аб заслугах калектыву гаворыць не толькі каля сотні атрыманых узнагарод, але і тое, што выпускнікі звязваюць сваё прафесійнае жыццё з музыкай. І ўвогуле, якую б прафесію яны ні выбралі, застаюцца творчымі людзьмі.
Увесь час калектывам кіруе Марына Язвінская — выпускніца школы, выдатнік адукацыі. У пары з ёй на працягу 8 гадоў працуе харэограф Яна Шчарбіна.
— Зараначка — гэта маленькая птушачка з прыгожым звонкім голасам, па-іншаму яе называюць малінаўкай. Яе песня звонкая, адна з самых прыгожых, якія можна пачуць у прыродзе. Такія ж прыгожыя, жыццярадасныя, звонкія песні ў выхаванцаў нашага ансамбля. Сёння тут займаецца 30 дзяцей, у тым ліку 13 вучняў пачатковых класаў, — гаворыць М. Язвінская. — Узнагароды — гэта, вядома ж, вельмі важна, але, на мой погляд, яшчэ больш важнае іншае: калі да нас прыходзіць дзіця, якое практычна не мела артыстычных навыкаў, а на выхадзе атрымліваем упэўненую творчую асобу.
Набіраюць у «Зараначку» вучняў 1—2-га класаў і займаюцца з імі да 11-га класа. Ключавое для тых, хто хоча ўліцца ў шэрагі калектыву, — жаданне спяваць і выступаць на сцэне. Атмасфера ў калектыве сяброўская, цёплая, як у адной вялікай сям’і. Тут з любоўю адносяцца да ўсяго, што робяць. Спецыфіка «Зараначкі» — эстрадны вакал. У калектыве тры рознаўзроставыя групы: малодшая, сярэдняя і старшая, якія сумяшчаюць у розных нумарах, каб старэйшыя навучалі малодшых.
— У нас няма такіх нумароў, дзе дзеці проста б стаялі і спявалі, — гаворыць Я. Шчарбіна. — Мы прывіваем сцэнічную культуру і майстэрства, вучым прыгожа рухацца. Танец заўсёды арыгінальны, дзіця можа само прыдумаць яго, зыходзячы са сваіх магчымасцей і фантазіі.
Рэпертуар у калектыву даволі разнастайны. Гэта хоць і эстрадныя песні, але педагогі адносяцца да іх вельмі выбарачна, бо важна фарміраваць музычны густ. Добрая эстрадная песня можа мець духоўна-маральную аснову, дзеці будуць глыбока пранікаць у яе змест, спяваць з душой. У асноўным выбіраюцца кампазіцыі, якія рэдка гучаць.
— Песні павінны падыходзіць нашым выхаванцам па ўзросце, падабацца ім. Напрыклад, нядаўна ставілі песню з рэпертуару калектыву «Чараўнікі двара» — савецкай і расійскай дзіцячай вакальнай групы, — расказала М. Язвінская. — На конкурсе патрыятычнай песнi выконвалi твор маладога беларускага выканаўцы i кампазiтара Кiрыла Ермакова «Беларусь мая сiнявокая». Увогуле, беларускамоўныя песнi займаюць пачэснае месца ў рэпертуары калектыву. З вялiкiм задавальненнем мы выконваем песнi всучасных беларускiх аўтараў («Спявала, гукала, чакала», «Кветкi сiнiя», «Добро пожаловать в мою Беларусь» — муз. Яугена Алейнiка, сл. Юлii Быкавай, «Чыстая, як сляза» — аўтар Валерый Шмат, кампазiтар, мастацкi кiраунiк Арт-групы «Беларусы») і iнш.
«Зараначка» з’яўляецца пераможцай конкурсу песні духоўна-маральнай тэматыкі «Благовест» у рамках штогадовага раённага Велікоднага фестывалю «И Божия нисходит благодать» (7 дыпломаў). Узорны вакальны ансамбль станавіўся лаўрэатам і дыпламантам рэспубліканскага шматжанравага конкурсу-фестывалю Roskvit BY (Магілёў), міжнароднага фестывалю мастацтваў ART FEST (Магілёў), міжнароднага конкурсу мастацтваў START, міжнароднага тэлепраекта «Кубак Дружбы» (Мінск), міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу творчасці MILLENNIUM, міжнароднага конкурсу вакальнай творчасці NEW STAR (Масква), міжнароднага конкурсу вакальнага мастацтва і выканальніцкага майстэрства таленавітых і адораных жыхароў СНД «Наш голас» (Масква), міжнароднага конкурсу мастацтваў «Купальская Зорка — 2023» (Магілёўская абласная філармонія) і іншых.
— Адданасць справе ў нашых дзяўчынак і хлопчыкаў найвышэйшая, — гавораць педагогі. — У іх можа не хапіць часу на ўсё, што заўгодна, але толькі не на заняткі ў калектыве. Пасля ўрокаў яны спяшаюцца да нас. Часта наша сустрэча пачынаецца з чаявання са смачнай выпечкай са сталовай і абмеркавання розных навін. Паступова ўключаемся ў творчы працэс.
Кожны год у маі праходзіць вялікі выніковы канцэрт, падчас якога развітваюцца з выпускнікамі «Зараначкі». Слёз не можа стрымаць ніхто, і асабліва педагогі: бо расставацца даводзіцца з тымі, у каго на працягу многіх гадоў укладваў душу. Вакальны ансамбль налічвае 37 выпускнікоў, якія прайшлі поўны курс навучання з 1-га класа і да выпуску. А ў верасні калектыў папаўняецца новымі «птушачкамі». Часам прыходзяць сыны і дочкі тых, хто раней тут займаўся.
«Зараначка» дае добры старт для развіцця ў сферы музыкі, вучыць уменню камунікаваць, сцэнічнаму майстэрству і бязмежнай любові да творчасці. Выхаванцы паступаюць ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў, каледжы мастацтваў. Напрыклад, выпускнiца калектыву, вядучая салiстка Эвелiна Стаўская ў мінулым годзе скончыла БДУКМ, блiскуча абаранiла дыпломную работу i засталася працаваць на СТБ у якасцi рэжысёра вiдэамантажу.
І нават тыя маладыя людзі, якія ідуць зусім у іншую сферу дзейнасці, паступаюць, напрыклад, у медустановы, праяўляюць сябе і там у творчых калектывах і конкурсах. Выпускнікі «Зараначкі» падтрымліваюць зносіны, сустракаюцца, сябруюць, памятаюць і пра свае карані, любімую школу і педагогаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы