Калі табе нешта падабаецца і з’яўляецца для цябе важным, то можна прысвяціць гэтаму ўсё сваё жыццё. І, як ні дзіўна, застаецца запал, не заканчваюцца сілы, з’яўляюцца ідэі. Такімі людзьмі пашчасціла быць нямногім, як нямногім пашчасціла з такімі пазнаёміцца. Мне пашанцавала: я сустрэлася і пагутарыла з Мікалаем Уладзіміравічам Шрымфам, дырэктарам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ХК “Маладзечна-2018”.
— Мікалай Уладзіміравіч, раскажыце спачатку пра сябе.
— Я трапіў у спорт у 1969 годзе. Тады мне было 14. Сам навучыўся кідаць дыск, ядро штурхаць, паехаў на першынство раёна. Потым узялі на абласную спартакіяду школьнікаў, там мяне заўважыў Яўген Сяргеевіч Коўбан, намеснік дырэктара па вучэбна-спартыўнай рабоце Рэспубліканскай школы-інтэрната спартыўнага профілю. Тады гэта была адзіная спартыўная ўстанова на поўным дзяржаўным забеспячэнні, якая рыхтавала прафесіяналаў.
Спачатку я спецыялізаваўся на кіданні, потым на мнагаборстве, з часам перайшоў на бег на 110 метраў з бар’ерамі і неаднаразова перамагаў на чэмпіянаце Беларусі сярод школьнікаў. А ў 1972 годзе быў удзельнікам Усесаюзнай алімпіяды школьнікаў у Кіеве, дзе заняў 6-е месца. У тым жа годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры, займаўся ў Анатоля Іванавіча Юліна, заслужанага трэнера БССР і СССР.
У 1976 годзе прыехаў у Маладзечна працаваць трэнерам у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Чаму сюды? Таму што тады ў Маладзечне быў адзіны лёгкаатлетычны манеж сучаснага ўзроўню. Раней там трэніравалася зборная Беларусі. Працаваў трэнерам, старшым трэнерам, потым узначаліў школу.
У 1987 годзе прапанавалі работу ў райвыканкаме, у камітэце фізічнай культуры і спорту. Назва пасады мянялася, але сутнасць заставалася той жа. Сёлета я стаў начальнікам аддзела спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. Папрацаваў да кастрычніка. Прыйшла моладзь, я перадаў ёй эстафету. Лічу, што маладыя людзі там больш патрэбны. Яны бачаць па-іншаму, тым больш наша галіна патрабуе шмат сіл і часу.
Для сябе я вырашыў, што спорт не пакіну, бо аддаў яму 50 гадоў. Прамяняць гэта на канапу было б для мяне няправільна. Зараз працую дырэктарам ДЮСШ ХК “Маладзечна-2018”. Гэта зноў дзеткі, гэта зноў трэнеры — мне такое бліжэй. Раней было шмат арганізацыйнай работы, фінансавых пытанняў, а тут больш падрыхтоўкі вучэбна-трэніровачнага працэсу.
— Трэнер — ён хто? Якім павінен быць?
— Гэта будзе абсалютна не пафасна, калі я скажу, што трэнерам не становяцца, трэнерам нараджаюцца. Трэба любіць сваю прафесію, любіць дзяцей, не шкадаваць свайго часу. Гэта не значыць, што ты правёў трэніроўку і на гэтым зносіны з дзіцем скончыліся. Трэнер павінен ведаць і фарміраваць захапленні сваіх вучняў, кантактаваць з бацькамі, каб дапамагаць ім выхоўваць дзіця.
Трэба разумець, што калі ты трэнер, то ты ў пастаяннай барацьбе. Ты павінен выхоўваць, зараджаць вучняў энергіяй, настроем на тое, што трэба лезці вышэй, вышэй і вышэй. Не кожны так можа. Трэнер — ён жа таксама чалавек, у яго ёсць сям’я, праблемы, пытанні. Гэта жыццё. А тут трэба не лічыцца са сваім часам. У камандных відах спорту справы ідуць асаблівым чынам. Калектыў фарміруецца не толькі на гульнявой пляцоўцы. Трэба з дзецьмі, напрыклад, і ў тэатры пабываць, і на пікнік выехаць, і ў карыснай грамадскай працы паўдзельнічаць. Трэба чалавека расціць, а не толькі чэмпіёна. У індывідуальных відах трэнер павінен дакладна разумець: я, скажам, Пецю зрабіў чэмпіёнам Еўропы ў трайным скачку, але трэба перадаць яго наверх. І ісці шукаць іншага Пецю. Колькі неабходна душэўных сіл, каб пастаянна быць нацэленым на дасягненні, на барацьбу!
— А як складваюцца зносіны трэнераў з бацькамі?
— На першым этапе спрэчных момантаў не ўзнікае. Калі паўстае пытанне, што рабіць далей (ісці ў вялікі спорт ці не), тады трэба сустракацца з бацькамі і абмяркоўваць гэтую тэму. Але калі трэнер не ведаў бацькоў да гэтага этапу, то яму не будзе пра што з імі размаўляць. Таму сувязь павінна быць наладжана з самага пачатку.
— Як бацькам вызначыцца, куды аддаць сваё дзіця?
— Для пачатку падыдуць гімнастыка, плаванне, футбол, хакей, гандбол, баскетбол, валейбол. Вельмі шмат дае гімнастыка, з яе дзеці гатовы ісці ў любы іншы від спорту. Яны займаюцца над расцяжкай, каардынацыяй, ідзе сілавая падрыхтоўка. Плаванне добра развівае розныя функцыі арганізма, сардэчна-сасудзістую сістэму, дыханне. Потым трэба глядзець і раіцца з прафесіяналамі, да чаго больш здольнае канкрэтнае дзіця.
— Якая для вас ідэальная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа?
— Зараз усе спартыўныя школы стараюцца зрабіць так, каб у іх былі спецыялізаваныя базы, і гэта правільна. Напрыклад, у нас 8 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ на тэрыторыі рэгіёна. Першая развівае грэка-рымскую барацьбу і бокс. Яны маюць свае залы, дзе ёсць усё, што трэба менавіта іх навучэнцам. Другая — гэта конны спорт і фехтаванне. Таксама ўсё арганізавана пад іх віды. Так і з астатнімі. Раней у нас былі і гімнастыка, і грэка-рымская барацьба, і лёгкая атлетыка — усё ў адной школе. Прыходзілася прыстасоўваць памяшканні пад канкрэтную трэніроўку. Цяпер мы на зусім іншым узроўні.
— Чым лепшыя вынікі, тым больш складана дасягаць новых вышынь. Што чакае паспяховых юнакоў-спартсменаў?
— Адзін з самых складаных момантаў — перадача спартсменаў з юнацкага спорту ў дарослы. Гэта цэлая тэма, яна вывучаецца псіхолагамі, фізіёлагамі, трэнерамі. Калі дастаткова добра развіты спартсмен заканчвае школу, умоўна кажучы, у Маладзечне, ён павінен думаць пра тое, як удасканальваць сябе далей. Абавязкова трэба, каб чалавек вучыўся, атрымліваў прафесію, бо ў любым відзе спорту час кар’еры даволі кароткі. Трэнер не можа з ім паехаць вучыцца і ўвесці на новы ўзровень, у яго ёсць яшчэ вучні. Ды і хто яму забяспечыць умовы ў новым горадзе? Стыкаваць усе моманты не заўсёды атрымліваецца, таму адбываюцца вялікія страты на этапе перадачы ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі. Там спартсмена чакаюць новыя праблемы. Вялікая канкурэнцыя. Да гэтага трэба быць псіхалагічна падрыхтаваным. У сваім горадзе ён ці яна былі асаблівымі, а на наступным этапе сталі толькі аднымі з асаблівых. Спорт як уздым на скалу: ты лезеш, лезеш, глядзіш уніз, табе яшчэ больш страшна становіцца, і ты працягваеш лезці.
— Што рабіць тым, хто не далез?
— Памятаць, што чэмпіён нараджаецца адзін на 10 мільёнаў. Гэта генетыка. У спорт трэба прыходзіць са здароўем, а не шукаць яго тут. Заўсёды ёсць іншы шлях: спорт для сябе. Гэта мае шмат плюсоў. Напрыклад, спорт як нішто іншае арганізоўвае. Чалавек вучыцца прыходзіць у час, самастойна збіраць рэчы. Таксама спорт дапамагае развіваць і фізічныя здольнасці, і псіхалагічныя, што ўзвышае яго над равеснікамі.
— Трэнеры абменьваюцца вопытам ці лічаць за лепшае не выдаваць сакрэтаў поспеху?
— На ўзроўні дзіцяча-юнацкага спорту асаблівых сакрэтаў няма, як у спорце высокіх дасягненняў, напрыклад. Я стараўся шмат ездзіць па міжнародных турнірах і заўважыў цікавую рэч. Пасля афіцыйных спаборніцтваў, напрыклад, па дзюдо, усе каманды застаюцца яшчэ на 3 дні. Ранішнюю трэніроўку праводзіць, скажам, спецыяліст з Расіі. У яго свае падыходы, сваё бачанне выканання пэўных прыёмаў. Днём трэніроўка ад беларуса і г.д. Потым дзеці ў сваіх вагавых катэгорыях змагаюцца, кожны з кожным. Такі від трэніровак дае шмат як вучням, так і трэнерам.
— Самае складанае, але самае важнае пытанне: якія праблемы існуюць у дзіцяча-юнацкім спорце?
— У дзяцей з’явілася вельмі шмат іншых захапленняў. Асаблівае месца — у гаджэтаў. Бачу гэта нават па сваёй дачцэ: як толькі вольная хвіліна, яна ці ў планшэце, ці ў камп’ютары. У канцы 70-х, калі я толькі сутыкнуўся з трэнерскай дзейнасцю, хлопцу было сорамна не падцягнуцца на турніку, адзін з адным нават спаборнічалі, хто “сонейка” пакруціць, хто ўпор сілай зробіць на перакладзіне. Зараз нейкія іншыя крытэрыі самаацэнкі і ацэнкі. Я лічу, што ў гэтай сітуацыі неабходна дапамога бацькоў. Яны павінны падказваць, а часам нават прымушаць. Так, трэба ўмець карыстацца камп’ютарам, але і пра здароўе не забываць. Адкуль з’явяцца здаровае сэрца, здаровыя лёгкія, калі іх ніхто не трэніруе?
Мне здаецца, што зараз праводзіцца недастатковая работа тлумачальнага характару. Здаровы лад жыцця павінен актыўней даносіцца да розуму дарослых праз СМІ, інтэрнэт, тады гэта будзе перадавацца і падрастаючаму пакаленню. Я разумею: бацькі прыходзяць стомленыя з работы, ім хочацца адпачыць, а трэба адправіць дзіця на заняткі ў секцыі, аб’яднанні па інтарэсах, можа, нават адвезці і сустрэць. Але яны павінны разумець, што гэта вельмі важна, бо гэта ж здароўе іх дзіцяці. І фізічнае, і псіхалагічнае.
Гэтую праблему трэба вырашаць разам. Грамадству неабходна з усіх бакоў “захварэць” гэтай тэмай і працаваць у сукупнасці. Але не думайце, што толькі ў нас існуе такая праблема. Немцы раней з ёй сутыкнуліся, і яны прапанавалі абмяжоўваць па часе дзецям прагляд тэлевізара, а дарослым — час выкарыстання гаджэтаў. Гэта раней на Захадзе былі лепшыя базы для заняткаў: штучнае пакрыццё, сучаснае абсталяванне. Цяпер жа мы не адстаём па гэтых паказчыках. Але ці прыбаўляе гэта прызавыя месцы на сусветнай арэне?
Пад пытаннем і якасць падрыхтоўкі маладых спецыялістаў-трэнераў. Некаторыя прыходзяць на заняткі і не ведаюць, з якога боку да дзіцяці падысці, як наладзіць з ім зносіны, асабліва калі гэта дзеючыя спартсмены: з імі займаюцца, ім забяспечваюць вырашэнне ўсіх бытавых праблем. А як самому арганізаваць работу дзіцячай групы, як яе набраць, з кім кантактаваць, з чаго пачынаць — з гэтым узнікаюць праблемы. Ва ўніверсітэце, напэўна, трэба зрабіць 50 на 50 тэорыі і практыкі. Няхай бы студэнты прыходзілі ў ДЮСШ, станавіліся побач з вопытнымі трэнерамі і працавалі. Тады б усе ўяўлялі, з чаго складаецца трэнерскі хлеб.
— Мабыць, моладзь лічыць, што цяпер прафесія трэнера не такая прэстыжная, як раней. Як змяніць гэтае меркаванне?
— Усе гавораць пра тое, што ўзровень зарплаты можа адыграць у гэтым вырашальную ролю. Але трэнеры дастаткова прастымуляваныя з боку дзяржавы, асабліва за якасную падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, якія выступаюць на міжнароднай арэне. Нават калі твае выхаванцы становяцца прызёрамі на юніёрскіх першынствах Еўропы і свету, то гэтыя заслугі ідуць і ў скарбонку трэнера. Плюс прысвойваецца новая катэгорыя, даецца большая нагрузка, існуе даплата за прадстаўніцтва ў зборных камандах Беларусі.
— Якія віды спорту, на ваш погляд, варта больш актыўна развіваць у краіне?
— Тут не трэба выдумляць нічога новага. Ёсць традыцыі, за якімі ішлі і развіццё матэрыяльнай базы, і падрыхтоўка кадраў. Калі разважаць згодна з гэтай логікай, то, напрыклад, у лёгкай атлетыцы больш за ўсё медалёў давала кіданне, бег на сярэднія дыстанцыі. Што тычыцца гульнявых відаў спорту, то я звярнуў бы ўвагу на гандбол. Сярод зімніх відаў назваў бы фрыстайл.
Нягледзячы на занятасць і ўзрост, Мікалай Уладзіміравіч не пакідае заняткі спортам: ён плавае ў басейне, ездзіць на конях, а зімой катаецца на лыжах, бо спорт — гэта звычка.
Гутарыла Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва М.У.Шрымфа.