Дрэва роду, народа жывое, пакуль мы памятаем нашых папярэднікаў, зберагаем памяць пра іх. У 2-й школе Рэчыцы, якая мае статус Школы міру, такую ідэю ўвасабляе адметны праект “Дзеці міру пра дзяцей вайны”, падтрыманы грашовым грантам Беларускага фонду міру. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
І Снягурка з ліку міратворцаў!

Што гэта менавіта Школа міру — бачым прама ў холе на першым паверсе. Кубкі за перамогі, дыпломы, фотаздымкі… Паказваючы тэматычны стэнд, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і куратар міратворчых праектаў Алена Козырава звяртае ўвагу на два аўтографы Героя Беларусі — намесніка старшыні праўлення Беларускага фонду міру Марыны Васілеўскай. Здымкі зафіксавалі сумесную працу школы і з Цімафеем Глушаковым, старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення фонду. Вядомага міратворца летась не стала, але жыве пачатая ім справа — міжнародны дзіцячы палатачны лагер сяброўства славянскіх народаў “Крынічка”. У ім бывалі таксама і юныя рэчыцкія міратворцы.
“Каб прэзентаваць нашу 2-ю школу, мы там рабілі мабільны банер: у форме шасцівугольніка, якая нам спадабалася, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Вы яшчэ падобныя ў нас убачыце. І кветка васілёк тут прыжылася з лагера: быў майстар-клас, дзе такія рабілі, бо змена ў 2024-м прысвячалася 80-годдзю вызвалення Беларусі. Дарэчы, перад “Крынічкай” мы паспяхова паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы міратворчы праект, абаранілі яго — сябрам пра тое расказвалі”.
Школа 1 верасня 2022 года стала Школай міру, сёмай на Гомельшчыне. Цяпер у кожным раёне такія ёсць, а ў вобласці іх 27.
Гаворачы аб праекце “Дзеці міру пра дзяцей вайны”, Алена Мікалаеўна ўдакладняе, што спачатку зрабілі эскіз, які адобрылі ў фондзе і ўручылі грант на ўвасабленне праекта. З красавіка 2024-га пачалі працаваць, найперш збіраць інфармацыю. Задзейнічалі практычна ўсю школу, а ёсць і канкрэтны атрад міратворцаў — вучні 11 “Б” класа.
“У іх класны кіраўнік — Алена Валянцінаўна Зінавенка, — прадаўжае суразмоўніца. — Калі яны былі ў 9 класе, яе ўшанавалі званнем “Класны міратворац”, якое ёсць на Гомельшчыне. Бачым на стэндзе і здымкі з раённага фэсту педагагічнага майстэрства “Класны кіраўнік — класны міратворац!”. На яго запрашалі класных кіраўнікоў з усяго раёна. Кожны расказваў пра сваю дзейнасць, самых актыўных заахвочвалі. У раёне 2-я школа — пакуль адзіная Школа міру, і гэта база для развіцця мясцовага міратворчага дзіцячага руху, тут і фонд ладзіць свае імпрэзы. Летась, напрыклад, сумесна з ім школа зладзіла “Ёлку міру”, на якую запрасілі дзяцей з сацыяльна неабароненых катэгорый жыхароў. Пры гэтым фонд узяў на сябе клопаты пра салодкія падарункі, а школа — святочна-забаўляльную імпрэзу”.
І была яна з міратворчасцю звязана, што пацвярджае Алена Мікалаеўна:
“Як Школа міру мы чарговы раз рабілі казачны паказ… без вобразаў, скажам так, нячыстай сілы. Нам прапанавалі — мы паспрабавалі, атрымалася. Вось жа варта падумаць: калі мы спавядаем ідэі міру, міласэрнасці, спагады, то навошта прыўносіць у святочную атмасферу “ліхі пачатак”, матывы негарманічных дачыненняў? Перад Новым, 2025 годам паставілі “Казку пра страчаны час”. Актуалізавалі, зрабілі акцэнты на мабільных тэлефонах, пустых размовах. Я — за рэжысёра, у пастановачнай камандзе яшчэ Вольга Жалязняк, Вікторыя Новікава — педагогі дадатковай адукацыі. Дзеці з іх аб’яднанняў па інтарэсах спявалі, танцавалі — мы ўключылі нумары ў паказ, у якім паўдзельнічала больш за 20 школьнікаў. Дзеці з міратворчага атрада ўпрыгожвалі ёлку, залу, і Снягурка ў нас на “Ёлцы міру” была — з ліку юных міратворцаў”.
Парадак на тваёй планеце

Алена Мікалаеўна цікава расказвае, як у школе ладзяцца з дзецьмі размовы-дыспуты пра тое, адкуль пачынаецца мір. Пры тым звяртаецца ўвага, ці ўмеюць школьнікі падтрымліваць добрыя зносіны за партай, у класе, з роднымі-блізкімі. Паступова дарослыя падводзяць выхаванцаў да разваг, наколькі важная мірнасць унутры саміх нас, мір ва ўласным сэрцы. Бо лёгка прыйсці да высновы: хто заклікае іншых да міру, і сам павінен быць зміраным, умець кантраляваць свае эмоцыі, думкі, з павагай і дабрынёй ставіцца да іншых.
Пра гэта, дарэчы, гаварыў сёлета на сустрэчы ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” старшыня праўлення Фонду міру Максім Місько: калі ў саміх нас міру няма, у сэрцах і думках нашых, то не знойдзем яго нідзе. А значыць — ні з сябрамі-калегамі, ні з роднымі, ні з суседзямі, ужо не кажучы пра тых, каго, нам падаецца, варта міру павучыць… Трэба найперш усталяваць мір у самім сабе. Зразумець, што ў нас выклікае ўнутраны неспакой. Калі добра ўсведамляем, чаму варта жыць па законах любові, спагады, то і мірнасць будзе пакрыху ўсталёўвацца знутры, а потым — і вакол нас.

З гэтым Алена Мікалаеўна пагаджаецца і заўважае, што для дзяцей, асабліва ў падлеткавым узросце, такое вельмі складана. Многія ж да сябе ставяцца крытычна, бывае, і не любяць сябе, і не прымаюць. Таму ў школе паступова рухаюцца ў міратворчым выхаванні ад знешняга да ўнутранага. Яна разумее: дзеці вырастуць, і такую духоўна-міратворчую практыку варта даваць ім, як кажуць, навыраст. А інакш які сэнс у барацьбе за мір, у Школах міру, калі ўнутры цябе раздрай?
Немагчыма зберагчы мірнасць у глабальным маштабе, калі засяроджвацца толькі на знешнім. “Устаў раніцай, памыўся, прывёў сябе ў парадак — і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету…” Напэўна ж, планету сваёй душы і розуму завяшчаў нам штодзень прыбіраць філосаф і пісьменнік-гуманіст Антуан дэ Сент-Экзюперы вуснамі яго Маленькага прынца.
Зала міру і стваральнасці

Залу стварылі на другім паверсе ў калідоры 2-й рэчыцкай школы ў 2023-м. Пакуль не ўдаецца музей зрабіць, гаворыць Алена Козырава, толькі зала. Усё ў вольным доступе: хто зойдзе, мае непасрэдны кантакт з экспанатамі, матэрыяламі. Сімвалічна экспазіцыя зладжана ў некалькіх частках: ёсць гісторыя, у тым ліку ваеннае мінулае краіны, і ёсць мірная сучаснасць. Аб’ядноўвае іх тое, што атрымала школа з рэчыцкага ваенна-патрыятычнага клуба “Радзіма”, які з ёй супрацоўнічае. Працуе клуб пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Марозава на базе ДТСААФ. Перадалі адтуль у школу нават сапраўдны крапавы берэт, прадстаўлена і форма міліцэйская, і форма міратворцаў, і муляж гранатамёта з вялікай пластыкавай трубы…
Некаторыя стэнды аформілі нядаўна
“Праходзіў раённы конкурс праектаў пра Афганістан, і мы адкрылі для сябе ў Рэчыцы былога воіна-афганца, яго ўнук у нас вучыцца, — паказвае экспанаты Алена Мікалаеўна. — Сабралі матэрыял, зрабілі своеасаблівы “афганскі куток”. Тут ёсць нават браняшлем “Алтын”, а якраз такія былі 27 снежня 1979 года ў байцоў савецкіх спецпадраздзяленняў пры аперацыі “Штурм палаца Аміна”. Нам гаварылі, што шлем і цяпер на ўзбраенні ў некаторых падраздзяленнях. І бронекамізэлька, што на манекене, з гісторыяй. Такія былі на тых, хто вызваляў заложнікаў тэрарыстаў у 1-й школе Беслана: там 1 верасня 2004 года ў заложніках аказаліся звыш тысячы школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў. На такім прыкладзе бачна, да чаго прыводзяць нянавісць і варожасць і які няўстойлівы, далікатны мір на зямлі”.

Адзін стэнд у зале прысвечаны згаданаму воіну-інтэрнацыяналісту Андрэю Мельнічэнку, дзядулю сямікласніка Вадзіма Герыловіча. На другім стэндзе змясцілі звесткі пра Афганістан. Так гісторыя Беларусі, подзвігі яе сыноў прарастаюць праз лёсы вучняў школы, моцна знітоўваюцца з імі — нібы ніткі ў ісламскай хустцы-арафатцы, якая таксама “заляцела” ў рэчыцкую Залу міру і стваральнасці. А дзед-інтэрнацыяналіст, дарэчы, прыходзіў на лінейку ў школу 1 верасня. Потым яго пра многае распыталі, зрабілі вучнёўскую даследчую работу. Андрэй Мельнічэнка прыносіў дакументы, рэчы, узнагароды — з іх і рабілі копіі, макеты, якія зманціравалі на стэнды. Цяпер Андрэй Сямёнавіч удзельнічае ў школьных уроках мужнасці.
“Ствараючы такую залу, мы ставілі звышзадачу: пранікнуць да розумаў і сэрцаў выхаванцаў, — акцэнтуе ўвагу Алена Мікалаеўна. — Мы гаворым з імі на мове фактаў, цікавых экспанатаў, дакументаў пра цесную сувязь пакаленняў. Вось уявіце сабе: у Андрэя Сямёнавіча і яго дзядуля, і бацька, і дзядзька былі вайскоўцамі. Колькі ўсяго прайшлі-перажылі! А ўнук у нас вучыцца… У зале ўсё ўплецена ў лёсы вучняў школы. Найбольшая ўвага — да мясцовай гісторыі, сучаснасці Рэчыцкага раёна. Гістарычныя і здымкі людзей на стэндах: яны бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ці перажылі яе ў акупацыі, потым адбудоўвалі нашу Радзіму. І гэта пераважна родзічы-сваякі нашых навучэнцаў і настаўнікаў”.
Дзеці міру пра дзяцей вайны

“Самі з гэтым працуем, у тым ліку і са штучным інтэлектам: каб усё было цэльна і глядзелася, — дзеліцца вопытам Алена Козырава. — Ні на каго работу не перакладаем, вучняў актыўна падключаем. Усе макеты распрацаваны ў дадатку Canva (бясплатны анлайн-інструмент для графічнага дызайну). Там у нас ёсць група, куды і запрашаем вучняў: для іх гэта новыя кампетэнцыі. А ідэю праекта “Дзеці міру пра дзяцей вайны” падала Аляксандра Гурбач, малады спецыяліст, настаўніца біялогіі. Яна крэатыўны чалавек, і мы з ёй прадумвалі, як ідэю ўвасобіць”.
Глядзім відэаролік. Спачатку Аляксандра Сцяпанаўна Кавалькова, якая дзіцем перажыла вайну, дзеліцца ўспамінамі. А далей яе ўспаміны агучвае трэцякласніца Вікторыя Жалязняк, яе праўнучка, якая вучыцца ў 2-й школе. Аповеды перамяжоўваюцца. “…Я засталася жыць, дзякуй богу… Калі вайна скончылася, ішлі дадому пешшу. Прыйшлі — а дома няма…” — гэта расказвае дзяўчынка. Далей голас яе прабабулі пра той жа час: “Нічога няма… Усё згарэла… Жылі ў хляве, бо хлеў яшчэ застаўся…” Па такім прынцыпе зманціраваны ўсе відэаролікі: успаміны пачынае дзіця вайны, а працягвае іх, нібы пранікшы ў тое грознае мінулае, дзіця нашага часу. Такіх ролікаў зроблена 8, і работа прадаўжаецца.
“Робіцца відэазапіс успамінаў ветэрана, далей з матэрыялам працуем, — пасвячае ў тонкасці рабочага працэсу Алена Козырава. — Голас запісваем на дыктафон, робім тэкставы файл. Потым прапануем дзецям — нашчадкам таго, хто ўспамінае, тэкст не проста вывучыць, а паглыбіцца ў яго сэнс, усё праз сябе прапусціць. Вядома ж, для дзяцей гэта няпроста: нешта даводзіцца тлумачыць, у нечым іх накіроўваць. Робім у тэксце карэктывы, бо мова ж часам не літаратурная — трасянка. Дапамагаем правільна зрабіць усе акцэнты. Падбіраем адпаведны гукавы фон”.
Вынік такой работы ўражвае. Мы бачым у відэароліках, якія выстаўлены ў YouTube, жывы дыялог родных людзей. Сённяшнія дзеці міру ўжываюцца ў перажыванні дзяцей вайны, нібы самі праз тое ліхалецце праходзяць. Успаміны, галасы з мінулага трансліруюцца дзякуючы сучасным тэхналогіям праз сучасных дзяцей — у будучыню.
Зялёныя лісточкі на старым дрэве
Праект “Дзеці міру пра дзяцей вайны” і цяпер у развіцці. Ён адкрыты, няма ніякіх абмежаванняў па месцы жыхарства, нараджэнні дзяцей вайны.
“Практычна кожны можа на відэа запісаць успаміны пра вайну свайго сваяка і даслаць нам. У мінулым годзе, скажам, звярнулася да нас жанчына. Яе сям’я з розных прычын выязджала з Рэчыцы, а блізкія хацелі, каб іх бабулю, якой пад 90 гадоў, таксама ў наш праект уключылі. Яны запісалі ўспаміны, даслалі відэа і праўнучку яе, вучаніцу школы, падключылі да праекта. І ёсць вынік! Мы паштоўкі робім з QR-кодамі, сваякам дасылаем, і яны могуць знайсці ролік у інтэрнэце, падзяліцца спасылкай з іншымі. Шукаць трэба па словах “Дети мира о детях войны”. Праглядаў пакуль няшмат, але ўсё большае, і тут шмат залежыць у тым ліку ад актыўнасці сваякоў”, — кажа Алена Мікалаеўна.
Звернем увагу і на вокладку-застаўку да праекта. Яе рабілі Алена Козырава з Аляксандрай Гурбач і прыцягнулі нейрасетку, якая згенерыравала хлопчыка з заплаканым тварам. Ёсць на застаўцы і сімвал пераемнасці пакаленняў: старое дрэва з магутнымі каранямі і невялікімі зялёнымі лісточкамі ў кроне.
“Мы тым самым паказваем: дрэва роду жывое, пакуль жывая наша памяць, пакуль мы памятаем тых, хто быў да нас, — раскрывае задуму Алена Мікалаеўна. — Яшчэ тут знакі-сімвалы: калючы дрот, чорныя птушкі, а сярод іх — белы голуб, які нясе зялёную галінку. Так, голуб міру. Мы закладваем стваральныя, міратворчыя ідэі ў падсвядомасць юных і праз такія выявы. У зале, дзе прэзентуем стэнд аб праекце “Дзеці міру пра дзяцей вайны”, усё мае значэнне. Тут ёсць звесткі пра станаўленне міратворчых традыцый у школе, паказваем і добрыя справы нашага ваенна-патрыятычнага класа: у 8-м ёсць аб’яднанне па інтарэсах “Юны патрыёт”. Да таго ж дзеці працуюць у цесным кантакце з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Вядома ж, школа ўдзельнічае штогод 9 Мая ў традыцыйным рэчыцкім парадзе акцябрацкіх войскаў, а таксама ў ваенна-патрыятычных гульнях “Зарніца”, “Зарнічка” і “Арляня”. Так мы прадаўжаем ранейшыя традыцыі і ствараем новыя, умацоўваем сувязь пакаленняў”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы





