З роду Ярмолаў герба Касцеша

- 11:38Выхаванне

Збіраецеся ў Мёры? Абавязкова прагуляйцеся па набярэжнай возера Мёрскага, пастойце каля велічнага Успенскага касцёла, наведайце візіт-цэнтр рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, а яшчэ завітайце ў сярэднюю школу № 3 да настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Вітольда Антонавіча Ермалёнка — чалавека, які ведае пра Мёршчыну ўсё і нават больш.

За амаль 40 гадоў педагагічнай дзейнасці Вітольд Антонавіч (хоць настаўніку больш падабаецца, калі да яго звяртаюцца Вітаўт Антонавіч, так і мы будзем яго называць) дасягнуў многіх вяршынь. Стварыў тры школьныя музеі, сабраў тысячы артэфактаў мінулага і дзясяткі дыпломаў, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў і як сапраўдны мужчына-краязнавец вырасціў сына-гісторыка, пабудаваў разам з ім дом-музей, пасадзіў вакол гэтага дома цэлы сад. Першую ж сваю краязнаўчую вяршыню наш герой пакарыў у першым класе ў далёкім 1960 годзе. Старэйшая сястра Марыя аднойчы прыйшла са школы і сказала брату, што настаўнік гісторыі раскрыў сапраўдную таямніцу: аказваецца, на Браслаўшчыне (малой радзіме Вітаўта Антонавіча) літаральна на кожным кроку ў зямлі знаходзяцца скарбы. Гэтая інфармацыя настолькі ўразіла хлопчыка, што ён тут жа ўзяў рыдлёўку і пайшоў на вясковую дарогу шукаць таямнічы скарб. Хоць скрыня з золатам-брыльянтамі і не была знойдзена, аднак хлопчык выкапаў не менш каштоўную рэч — жалезны крук ад каромысла, а таксама рэшткі старадаўняй керамікі.Пра гэты выпадак настаўнік узгадвае з усмешкай. Аказваецца, у той вечар па дарозе ехала падвода з сенам, возчык у прыцемках не заўважыў яму, наехаў на яе колам, і воз перавярнуўся. Ну і дасталася ж хлопцу! Хто ведае, калі б Вітаўт не трапіў выпадкова рыдлёўкай на крук ад каромысла, калі б не знайшоў рэшткі керамікі, ды і наогул не атрымаў ад бацькі аплявуху за свавольства, ці запаліўся б у яго дзіцячым сэрцы краязнаўчы агеньчык. Усё, што ні робіцца, да лепшага. З таго часу і пачаліся актыўныя пошукі, і ў першую чаргу звестак пра свой радавод. Калі надаралася вольная ад сялянскай працы хвілінка, ён распытваў у бацькоў пра жыццё продкаў. Праз многія гады на аснове гэтых успамінаў сынам Вітаўта Антонавіча Антонам Вітольдавічам (ён таксама настаўнік гісторыі і таксама мёрскай сярэдняй школы № 3) была створана работа “Гераічныя і трагічныя старонкі майго радаводу”, якая была адзначана дыпломам І ступені Рэспубліканскага конкурсу радаводаў.
Яблык ад яблыні, як вядома, не далёка падае. Краязнаўчы лад жыцця Вітаўта Антонавіча адыграў вялікую ролю ў выхаванні яго сына. Свой першы краязнаўчы скарб Антон Вітольдавіч знайшоў таксама ў дзяцінстве і таксама ў шасцігадовым узросце. Праўда, гэта быў не крук ад каромысла і нават не рэшткі керамікі, а куды больш каштоўная рэч — крамянёвая пласціна свідэрскай культуры перыяду позняга палеаліту, якая ляжала на паверхні старадаўняга кургана каля возера Важа Мёрскага раёна.— Першыя згадкі ў гістарычных дакументах пра нашых продкаў роду Ярмолаў герба Касцеша адносяцца да XVI стагоддзя. Пра многіх яго прадстаўнікоў разам з татам мы сабралі даволі цікавыя звесткі. Так, дзядзька майго прапрапрадзеда ўдзельнічаў у паўстанні 1831 года. Яго атрад прыкрываў ранняй вясной адыход асноўных паўстанцкіх сіл да Вільні, аднак рэгулярныя войскі акружылі іх каля возера Снуды. Майму продку ўдалося ўцячы. Ён кінуўся ў сцюдзёную ваду і даплыў да вострава. На тым востраве жылі людзі з прозвішчам Ермалёнак. Незадоўга да гэтай сустрэчы ў возеры ўтапіўся іх сын, таму яны прынялі госця як роднага. Памяць пра нашых продкаў захоўваецца ў фотаздымках, сямейных рэліквіях. Самымі каштоўнымі з’яўляюцца ўзнагароды прадзеда і прапрадзеда за ўдзел у руска-турэцкай, руска-японскай і Першай сусветнай войнах, — паведаміў Антон Вітольдавіч.
Першыя пошукі таямнічага скарбу, аповеды пра гераічныя лёсы продкаў назаўсёды вызначылі жыццёвы шлях юнага даследчыка. Гэтыя словы аднолькава адносяцца і да Вітаўта Антонавіча, і да Антона Вітольдавіча. Так, Ермалёнак-старэйшы пасля вучобы ў школе паступае на гістарычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Сын таксама становіцца студэнтам гістфака, праўда, ужо БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1976 годзе бацька вярнуўся ў Браслаўскі раён. Пасля заканчэння гістфака БДУ сын таксама прыязджае на малую радзіму. Нядоўгай была радасць Вітаўта Антонавіча ад вяртання ў родныя мясціны. Вольнай вакансіі настаўніка гісторыі ў раёне не знайшлося, таму давялося пераехаць у суседнія Мёры, куды была размеркавана жонка Марыя Георгіеўна, таксама педагог, таксама апантаны краязнавец, захавальнік музейных фондаў.
З першых дзён свайго настаўніцтва Вітаўт Антонавіч вёў гурток “Кароткі курс гісторыі Беларусі на прыкладзе мясцовага краю”. Праз пэўны час яго назву замяніў на больш кароткую і рамантычную — “Арганаўты мінулага”. На сёння гэта найстарэйшы гісторыка-краязнаўчы гурток краіны. Усяго за некалькі гадоў гурткоўцамі пад кіраўніцтвам маладога настаўніка была сабрана вялікая колькасць прадметаў мінулых эпох. Хутка ўзнікла неабходнасць у стварэнні музея. Ажыццявіць гэтую задуму ўдалося толькі ў 1986 годзе. Праз больш як 20 гадоў у 3-й школе адкрыўся яшчэ адзін музей — кнігі і друку. Пра ўнікальныя экспазіцыі мы паведамлялі ўжо на старонках “Настаўніцкай газеты”. Было гэта ў 2009 годзе. І вось 2015 год, 22 мая. На тэрыторыі мёрскай сярэдняй школы № 3 адкрываецца музей “Сялянская хата”. Сотні прылад працы і побыту канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя, якія дагэтуль захоўваліся пераважна ў запасных фондах гістарычнага музея, набылі другое жыццё, былі размешчаны ў тым самым доме-музеі, які Вітаўт Антонавіч пабудаваў разам з сынам і каля якога разам з дырэктарам школы Валянцінай Генадзьеўнай Атрошка і выпускнікамі 2010 года пасадзіў яблыневы сад.— Стварэнне падобнага музея мы планавалі даўно. Уся затрымка, як гэта ні банальна гучыць, заключалася ў фінансавых магчымасцях. Дзякуючы дырэктару школы, якая, дарэчы, падтрымлівае кожную маю краязнаўчую ініцыятыву, непадалёк ад Мёраў, у вёсцы Чапукі, мы знайшлі закінуты будынак. Звязаліся з гаспадарамі, дамовіліся пра кошт. Разам з Антонам і тэхнічнымі работнікамі школы пры транспартнай падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму разабралі, перавезлі і склалі хату за адно лета. Далей пачалося афармленне экспазіцыі, якое доўжылася амаль два гады. Канечне, не ўсё ўдалося, што планавалі. Дому ўсё ж такі 120 гадоў, частка бярвення, як аказалася, згніла. Мы страцілі варыўню і камору, ды і ад першапачатковай даўжыні дома ў 21 метр засталося толькі 11. Для большай аўтэнтычнасці трэба было пакрыць яе саломай, аднак на гэта проста не хапіла сіл, хаця ў мяне ёсць і неабходны інструмент, ды і справу гэтую ведаю з дзяцінства. Наогул, хочацца пакрыць дах гонтай, як рабілі гэта ў канцы ХІХ стагоддзя заможныя сяляне, — дзеліцца Вітаўт Антонавіч.
Пад адным дахам, пакуль што шыферным, у трох асобных пакоях-раздзелах размяшчаюцца сотні ўнікальных экспанатаў. Кожны раздзел — гэта пэўны перыяд гісторыі. Першы прысвечаны канцу ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, экспанаты другога адносяцца да міжваеннага перыяду, калі Мёршчына ўваходзіла ў склад Польшчы. У трэцім раздзеле прадстаўлены прадметы, якія суправаджалі штодзённае жыццё сялян у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Сустракаюць гасцей хаты па даўняй мёрскай традыцыі жорны. І гэта не дзіўна, бо хлеб, як вядома, — аснова асноў сялянскага жыцця. У музеі гэта не проста жорны, а жорны, якія біў прадзед Вітаўта Антонавіча, той самы герой руска-турэцкай вайны, пра якога нам ужо расказваў Антон Вітольдавіч. Жорны дзеючыя, таму кожны ахвочы можа змалоць на іх зерне, а потым прасеяць муку праз спецыяльнае сіта.Некалькі тыпаў сіта — гэта яшчэ што. Толькі адных шчотак для часання лёну Вітаўт Антонавіч сабраў больш за дзясятак. Сярод іх такія ўнікальныя, як шчоткі са свінога шчаціння, а таксама скуры і іголак вожыка. Пра розныя тыпы ганчарных і бандарных вырабаў, прылад працы для апрацоўкі драўніны, конскай збруі, металу, бязмены (напрыклад, бязмен з каменнай сякеры першабытнага чалавека), а таксама ўнікальныя рэчы чараўніка Вітаўт Антонавіч можа расказваць гадзінамі. Калі перанесці яго словы ў газету, то не хопіць і цэлага спецвыпуску. Таму парада такая: калі вы жадаеце па-новаму паглядзець на знаёмыя рэчы, прыязджайце ў Мёры. У 3-й школе вас сустрэнуць як самага дарагога госця, пра ўсё раскажуць і ўсё пакажуць. Абавязкова пазнаёмяць з экспазіцыямі трох музеяў. Тут вы зможаце пагартаць фаліянты XVII стагоддзя і нават патрымаць люстэрка славутай Эміліі Плятэр. Як яно трапіла да Вітаўта Антонавіча — гэта ўжо асобная гісторыя, пра якую лепш даведацца з першых вуснаў.
Другі раздзел этнаграфічнага музея расказвае пра побыт міжваеннага перыяду. Праз многія рэчы, што захоўваюцца ў гэтым пакоі, відаць імкненне сялян да прыгажосці. Настольнікі ўпрыгожаны карункамі. На сценах — маляванкі, вышыванкі, фотаздымкі і нават гадзіннікі, якія сяляне прывозілі з Заходняй Еўропы. Наступны пакой прысвечаны перыяду 1945—1965 гадоў.
Краязнаўчая праца са школьнікамі — гэта не проста збор экспанатаў, гэта ў першую чаргу выхаванне любові да роднага краю. У дачыненні да сучасных навучэнцаў, аматараў інтэрнэту і электронных гаджэтаў, гэта і элементарнае інфармаванне. “Нядаўна да мяне прыязджалі на экскурсію вучні з вясковай школы. Заўважце, не са сталіцы, не з абласнога цэнтра, а з вёскі. Падчас экскурсіі высветлілася, што пра прызначэнне сярпа ведаюць толькі тры вучні, а карысталася ім усяго адна дзяўчынка. Яшчэ гадоў дзесяць назад такое немагчыма было ўявіць, а серп між іншым — самая архаічная прылада працы, якая дайшла да нас з глыбокай старажытнасці амаль што ў першапачатковым выглядзе”, — дзеліцца Вітаўт Антонавіч.
З “арганаўтамі мінулага”, нягледзячы на тое, што яны родам з горада і многія жывуць у шматпавярховых дамах, такія недарэчнасці ніколі не здараюцца. Для іх назваць той ці іншы прадмет з этнаграфічнага музея — гэта як памножыць два на два. “Нягледзячы на тое, што заняткі гуртка праходзілі пасля ўрокаў, мы заўсёды чакалі іх з нецярпеннем. Яшчэ б! Адна справа — бачыць выявы старадаўніх манет у падручніку, зусім іншая — трымаць манеты ў руках. А знайсці падобны артэфакт падчас краязнаўчай экспедыцыі для нас, дзяцей, было сапраўдным шчасцем. Дзякуючы Вітаўту Антонавічу, я пачаў па-іншаму адносіцца да Мёраў, больш горача палюбіў родны горад. Па характары наш настаўнік далікатны, уважлівы, пры сустрэчы абавязкова пацікавіцца справамі, настроем, здароўем. З ім можна гаварыць не толькі пра гісторыю, але і пра асабістае жыццё. А яшчэ ён кандыдат у майстры спорту па грэка-рымскай барацьбе. З ім не страшна адпраўляцца ў любое падарожжа”, — дзеліцца “арганаўт мінулага” студэнт гістфака БДУ Ігар Кандратовіч.
Кожны мужчына, як вядома, павінен выгадаваць дзіця, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва. Вітаўт Антонавіч як сапраўдны мужчына-краязнавец гэты план выканаў. Сына-гісторыка выгадаваў, дом-музей пабудаваў, а яшчэ высадзіў цэлы сад. А колькі экспанатаў знайшоў, колькі перадаў іх у іншыя музеі? Род Ярмолаў герба Касцеша — род не толькі воінаў-герояў, але і настаўнікаў-краязнаўцаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва В.А.ЕРМАЛЁНКА.