Каго можна назваць культурным чалавекам? Ці толькі таго, хто валодае пэўнымі манерамі, ведае, калі саступаць месца жанчынам у грамадскім транспарце, вітаецца і гаворыць ветлівыя словы? Канечне, не. Гэта чалавек, які ўмее на роднай мове наладзіць камунікацыю з людзьмі розных сацыяльных груп, ведае духоўныя здабыткі свайго народа, разумее, што нацыянальная мова — крыніца ўзбагачэння яго духоўнага свету, якая фарміруе адукаванага, высокамаральнага чалавека. Таму пры выкладанні беларускай мовы не варта абмяжоўвацца рамкамі развіцця ў вучняў навыкаў практычнага валодання мовай як сродкам зносін.
Неабходна спрыяць фарміраванню ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, пад якой разумеецца “ўсведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, выпрацоўка ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі” (адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская мова”). Рэалізаваць пастаўленую задачу магчыма пры выкарыстанні лінгвакультуралагічнага падыходу да навучання мове.
Падрабязна навучанне беларускай мове на аснове лінгвакультуралагічнага падыходу апісвае В.У.Зелянко. У сваім вучэбна-метадычным дапаможніку аўтар канстатуе, што тэарэтычную аснову лінгвакультуралагічнага падыходу да навучання мове вызначаюць наступныя канцэптуальныя палажэнні:
Мова (маўленне) і культура ў працэсе навучання павінны быць звязаны, паколькі мова разглядаецца як скарбніца культуры, бо ў адзінках мовы — словах, фразеалагізмах, прыказках, прымаўках, тэкстах — захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне культурныя каштоўнасці; мова — гэта сродак фарміравання культуры вучняў.
Мова — універсальны сродак спасціжэння культуры як сістэмы культурных норм і каштоўнасцей. Праз мову чалавек пазнае культуру як у гарызантальным вымярэнні (абмен культуразнаўчай інфармацыяй паміж прадстаўнікамі аднаго пакалення), так і ў вертыкальным вымярэнні (перадача грамадска-гістарычнага вопыту з пакалення ў пакаленне).
Мова з’яўляецца культурна-гістарычным асяроддзем, якое фарміруе духоўную культуру вучняў.
Атрымліваецца, што мадэль “мова (маўленне) + культура” трансфармавалася ў формулу “культура праз мову і мова праз культуру”.
Такі падыход у выкладанні роднай мовы мне вельмі блізкі. Напэўна, значны адбітак пакінула навучанне ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце беларускай філалогіі і культуры. Такога факультэта зараз, на жаль, не існуе. Цікавыя лекцыі па сусветнай і айчыннай культуры пакінулі свой след, чаму я вельмі ўдзячна. Мяне і да сённяшняга часу цікавіць гісторыя, традыцыі, культура розных рэгіёнаў нашай Радзімы.
Метадычныя выезды разам з клубам “Крыштальны журавель” рэалізоўваюць маю даўнюю мару пабываць у самых цікавых мясцінах, аддаленых невялікіх раёнах, пазнаёміцца з іх патаемнымі гісторыямі.
Зараз я не доўга думаю, што падрыхтаваць на чарговы выезд. Спачатку завочна вывучаю прапанаваны рэгіён, выбіраю цікавы культуралагічны матэрыял і на аснове яго ствараю ўрок. Такія ўрокі праходзяць незвычайна. У вучняў непадроблены інтарэс: адкуль настаўнік столькі ведае пра іх край? Павага адчуваецца з першых хвілін урока, і з кожнай новай інфармацыяй цікаўнасць вучняў толькі расце. Асабліва іх падкупляе, калі праводзіш паралель са сваёй мясцовасцю. Так нарадзіліся многія ўрокі.
Вашай увазе прапаноўваю некаторыя заданні з урокаў беларускай мовы ў 6 класе.
Тэма “Назоўнік як часціна мовы” (урок праводзіўся на выездзе ў аграгарадку Воранава)
Ва ўступным слове я расказала вучням, што прыехала да іх са сталіцы 22-га Дня беларускага пісьменства. Спыталася, ці здагадаліся, з якога горада? Адгадалі, сказалі, што са Шчучына. Я дадала, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў тым месцы, у якім ёсць багатая культурная і асветніцкая спадчына. Гімназісты Шчучына перадаюць ім сваё прывітанне і хочуць пазнаёміць іх з сямю цудамі свайго рэгіёна, якія адкрылі да Дня пісьменства. Я расказала і паказала на слайдах Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць часоў Вялікага Княства Літоўскага, Цудатворны абраз Божай Маці Ракавіцкай і цудатворную крыніцу, касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Старыя Васілішкі, які пабудаваны ў стылі неаготыкі польскім архітэктарам Канстанцінам Вайцяхоўскім, пра клуб-музей Чэслава Немана ў вёсцы Старыя Васілішкі, дзе нарадзіўся і жыў самы знакаміты спявак Польшчы ХХ стагоддзя, пра наш маленькі Версаль — палац Друцкіх-Любецкіх, пра плантацыю аксаміту Амурскага (коркавага дрэва), прывезенага з Паўднёвай Амерыкі і высаджанага каля Шчучына, а таксама пра зёлкавыя расліны саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Выказала спадзяванне, што разам нам удасца скласці свае топ-7 Воранаўшчыны.
Для работы вучні выбралі сабе дэвіз “Гаварыць, як з кніжкі браць” (разумна, дакладна).
Дзяленне вучняў адбылося праз выбар карцінак і аб’яднанне іх у тэматычныя групы:
Імёны знакамітых людзей: С.Юндзіл, Л.Нарбут, Ф.Багушэвіч, Ян Карловіч, В.Шукевіч.
Геаграфічныя назвы: Жыжма, Радунь, Воранава, Тракелі, Больцінікі, Беняконі.
Архітэктурныя культавыя збудаванні: дом-крэпасць, касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі, сядзібны дом сына Марылі Верашчакі, абраз “Маці Божая Тракельская”, касцёл Іаана Хрысціцеля (Беняконі).
Словы: сівая даўніна, помнік “Мінуламу і надзеі”, паэма “Гражына”, легенда, стары парк.
Вучні зрабілі высновы, што некаторыя імёны, культавыя збудаванні, культурныя мясціны пераклікаюцца ў нашых раёнах, значыць, нас родніць сама гісторыя: агульныя ўладальнікі мястэчак, аднолькава развіваліся адукацыйныя традыцыі, падобны стыль некаторых культавых збудаванняў.
На кантрольна-вымяральным этапе была арганізавана работа па адпрацоўцы арфаграфічных, пунктуацыйных навыкаў, вызначалася сінтаксічная роля назоўнікаў на аснове тэкстаў краязнаўчага характару.
Тэкст для 1-й групы:
Воранава — цэнтр Воранаўскага раёна. Мястэчка вядома з XVI стагоддзя. Даўняя назва Балотна паходзіць ад ракі Балатнянкі. З XVI па XVIII стагоддзе мястэчкам валодалі Гаштольды, Давойны, Сцыпіёны. Менавіта пры Сцыпіёнах мястэчка стала цэнтрам асветы і навукі. У 1735 годзе кашталян смаленскі і староста лідскі Ян Сцыпіён заснаваў тут пры кляштары школу і калегіум піяраў, у якім выкладалі матэматыку, рыторыку, філасофію.
Шмат знакамітых людзей нарадзілася на Воранаўшчыне. Гэта … (С.Юндзіл, Л.Нарбут, Ф.Багушэвіч, Ян Карловіч, Вандалін Шукевіч).
Тэкст для 2-й групы:
Наш раён багаты на архітэктурныя помнікі. Мноства цудоўных касцёлаў, цэркваў, капліц, сядзіб і палацаў можна знайсці ў такіх вёсках і пасёлках Воранаўскага раёна, як … (Радунь, Воранава, Тракелі, Больцінікі, Беняконі).
Тэкст для 3-й групы:
У Гайцюнішках захаваўся адзіны ў сваім родзе ў Беларусі дом-крэпасць. У самім Воранаве стаіць велічны касцёл Міласэрнасці. У касцёле вёскі Тракелі захоўваецца цудатворны абраз “Маці Божая Тракельская”, вывезены ў 1595 годзе з Вільні.
Заданне для 4-й групы:
Шмат легенд і паданняў звязана з каханнем Адама Міцкевіча да Марылі Верашчакі. Кажуць, што ў старым парку ў вёсцы Больцінікі ёсць камень, на якім высечаны крыж. Нібыта сама Марыля загадала зрабіць помнік мінуламу і надзеі. Калі дакрануцца да яго і загадаць жаданне, яно абавязкова збудзецца. Я загадаю…
У канцы ўрока вучні дзяліліся інфармацыяй, якую даведаліся пра свой край. Прыйшлі да высновы, што Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць. Яна нам застаецца ў спадчыну. Ад таго, як мы будзем гэтую спадчыну берагчы і шанаваць, будзе залежаць працвітанне нашай малой радзімы.
Вучні Воранаўшчыны перадалі маім вучням свае сем цудаў, пра якія я з радасцю расказала і паказала ўжо дома сваім гімназістам.
Тэма “Ступені параўнання прыметнікаў” (урок праводзіўся ў Маладзечне)
На этапе замацавання набытых ведаў пра асаблівасці ўтварэння ўсіх форм ступеней параўнання прыметнікаў прапанавала вучням паслухаць верш і адгадаць, хто яго аўтар і каму ён адрасаваны:
Чутка граеш, гулка граеш
Ты на скрыпачцы сваёй,
К небу з думкай адлятаеш,
Шчасця зычыш для людзей<…>
Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край…
(Аўтарцы “Скрыпкі беларускай”).
Вучням не ўдаецца адразу адгадаць, але я запэўніваю, што яны знойдуць адгадку, калі пройдуць усе этапы ўрока. Так, спачатку выпішуць якасны прыметнік (родны), утвораць ад яго найвышэйшую простую ступень параўнання (найраднейшы). Я сказала, што для мяне найраднейшым краем з’яўляецца Шчучыншчына. Вучні мне адказалі, што іх найраднейшы край Маладзечанскі. Затым я прапанавала правесці завочную экскурсію па гэтых мясцінах, параўнаць іх, знайсці адметнае і агульнае. Магчыма, там і знойдуць адгадку.
Кожная група атрымала фотаздымкі мясцін Шчучыншчыны і Маладзечаншчыны, на аснове даведак правялі параўнанні, зрабілі высновы.
Заданні
1-я група:
* Параўнаць тэрыторыю Гродзенскай і Мінскай абласцей. Запісаць, якая вобласць большая па плошчы.
*Параўнаць час узнікнення гарадоў (Шчучын, Маладзечна). Запісаць, які горад старэйшы і на колькі.
*Параўнаць колькасць насельніцтва ў гарадах, запісаць, у якім жыхароў больш.
2-я група:
* Якая рака працякае каля Шчучына і каля Маладзечна?
* Як рэкі збліжаюць два гарады?
3-я група:
* Пра якія цікавыя гістарычныя збудаванні вы даведаліся? Параўнайце іх час існавання.
* Што лічылася цэнтрам асветы ў Шчучыне і ў Маладзечне? Выкажыце свае адносіны.
4-я група:
* Маладзечна — культурная сталіца. Шчучын — цэнтр адукацыі. Якія традыцыі яны захоўваюць?
* Хто са знакамітых паэтаў пачатку ХХ стагоддзя нарадзіўся на Маладзечаншчыне? Хто са знакамітых паэтаў нарадзіўся на Шчучыншчыне? Што звязвае гэтых творцаў? Знайдзіце адгадку.
Вучні ў парах прад’яўляюць вынік групы, фотаздымкі прымацоўваюць на дошцы, інфармацыю агучваюць. У выніку работы ўсіх груп атрымліваецца праект “Віртуальнае падарожжа па малой радзіме”. Вучні здагадваюцца, што Маладзечаншчына — радзіма Янкі Купалы, Шчучыншчына — Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Тут варта дзецям расказаць пра сяброўства і значнасць дзейнасці паэтаў у час нацыянальнага адраджэння.
Вучні ўважліва слухаюць інфармацыю ўсіх груп і на яе аснове ствараюць тэкст “Новая для мяне мясціна” або “Я хачу там пабываць”.
Такія заданні можна прымяняць для любой мясцовасці, знаходзіць загадкі, на якія вучні з задавальненнем шукаюць адгадкі.
Метадычныя выезды ўплываюць і на наша культурнае развіццё. Гаспадары, калі нас, “жураўлёў”, прымаюць, таксама арганізоўваюць культурную праграму, падчас якой мясцовыя экскурсаводы расказваюць неверагодныя гісторыі, якіх ні ў адной кнізе і нават энцыклапедыі не знойдзеш. З вялікай любоўю і цеплынёй яны распавядаюць пра свае традыцыі, дэманструюць свой каларыт і сваю непаўторнасць. Дзякуй ім за захаванне сваёй спадчыны. І няхай ляцяць “жураўлі” незалежна ад пор года па малых і вялікіх гарадах і мястэчках, заглядваючы ў глыб гісторыі іх жыхароў.
Алена ПАСЮТА,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры, намеснік дырэктара гімназіі Шчучына,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.