Чарговы раз будучых псіхолагаў і тых, хто проста цікавіцца псіхалогіяй, сабрала Міжнародная алімпіяда студэнтаў па асновах педагогікі і псіхалогіі, якая ўжо пяты год запар праходзіць у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
Кожны раз студэнцкія каманды з розных устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі спрабуюць здзівіць арганізатараў, журы і сваіх равеснікаў цікавымі праектамі на зададзеную тэму. Сёлета алімпіяда мела інавацыйную накіраванасць. “Асоба і інавацыя” — так гучала яе назва.
— З псіхолага-педагагічнымі ведамі чалавек сутыкаецца ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, яны носяць універсальны характар, — тлумачыць такі выбар тэматыкі галоўны каардынатар алімпіяды загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Таццяна Шацюк. — Сучаснае грамадства і тэмпы яго развіцця прад’яўляюць асаблівыя запыты на асобу, здольную генерыраваць інавацыйныя ідэі, вось чаму мы прапанавалі студэнтам паспрабаваць сябе ў ролі наватараў.
Насамрэч, перад удзельнікамі стаяла даволі няпростая задача. Аднак жадаючых прадставіць свае праекты аказалася шмат: заяўкі на ўдзел падалі 22 каманды. Традыцыйна каманды дзеляцца на тры профілі: “псіхалогія”, “непсіхолага-педагагічныя спецыяльнасці” і “педагогіка”. Кожная з іх павінна была прайсці чатыры этапы алімпіяды.
Завочнае спаборніцтва
На першым — тэарэтычным — этапе ў адпаведнасці з профілем камандам-удзельніцам неабходна было выканаць 50 заданняў. Пытанні былі закрытага і адкрытага тыпаў, у малюнках і відэапытанні. Па выніках гэтага тура ў кожным профілі асобна вызначаліся лепшыя тэарэтыкі. Так, сярод псіхолагаў была названа студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Эмілія Бурачэўская. У педагогіцы лепшым тэарэтыкам стала студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Юлія Крупкіна. А ў профілі непсіхолага-педагагічных спецыяльнасцей усіх абышлі Дар’я Католікава з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і Алена Калінская з Гомельскага інжынернага інстытута МНС, якія набралі аднолькавую колькасць балаў.
Другі этап — крэатыўны — прадугледжваў падрыхтоўку фота каманды, якое павінна было адпавядаць тэме алімпіяды, назве каманды, мець псіхолага-педагагічны сэнс, адрознівацца эстэтыкай, арыгінальнасцю, мастацтвам. Варта сказаць, што гэта было новаўвядзенне, і сёлетнія ўдзельнікі сталі піянерамі ў гэтым творчым спаборніцтве. Мне як старшыні журы алімпіяды давялося прагледзець усе 22 фотаздымкі. Уражанні былі рознымі. Адны каманды цалкам апраўдалі назву “крэатыўны”, прадставіўшы работы, у якія можна было доўга ўглядацца і разгадваць укладзены ў іх сэнс, іншыя паказалі стрыманасць і парадавалі арыгінальнасцю і мастацкім рашэннем. Былі і тыя, хто, здаецца, не вельмі добра зразумеў задачу. Крэатыўны этап папярэдне ацэньвалі ўсе жадаючыя, якія маглі аддаць свой голас за пэўны конкурсны фотаздымак каманды на вэб-старонцы алімпіяды ў сацыяльнай сетцы. Больш за ўсё прыхільнікаў аказалася ў каманд “Паранойя” Гомельскага інжынернага інстытута МНС, “Атэізм Голуба” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і каманды Future is coming факультэта замежных моў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Аднак, на думку экспертаў, лепш за ўсіх з заданнем крэатыўнага тура справіліся каманды “Агенты Ф.Р.А.Н.К.Л.” (эканамічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны), “Адчайныя ПсіХаЗайкі” і “Галаваломка” (абедзве каманды з факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны) і каманда факультэта замежных моў ГДУ імя Францыска Скарыны Future is coming, якая была адзначана таксама найбольшай колькасцю галасоў у інтэрнэт-галасаванні.
З улікам двух пройдзеных этапаў алімпіяды былі вызначаны прамежкавыя месцы. Але канчатковы вынік угадаць было немагчыма, бо наперадзе ўдзельнікаў чакалі яшчэ два, самыя складаныя і ў той жа час самыя цікавыя, заключныя туры — практычны і творчы.
Прафарыентацыйны момант
Актавая зала Гомельскага дзяржуніверсітэта напоўнілася выкладчыкамі і студэнтамі, сярод якіх былі як гледачы, так і ўдзельнікі. Акрамя ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны, на алімпіяду па псіхалогіі прыехалі каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржуніверсітэта Уладзіслаў Бейзераў уручыў дыпломы і падарункі ўдзельнікам і пераможцам алімпіяды па асновах псіхалогіі і педагогікі сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ужо трэці год напярэдадні студэнцкай алімпіяды факультэт праводзіць і вучнёўскія спаборніцтвы па веданні асноў псіхалогіі. Як правіла, сярод удзельнікаў — тыя, хто мае намер паступаць на псіхолага-педагагічныя спецыяльнасці ўніверсітэта, адрозніваецца высокім узроўнем паспяховасці па вучэбных прадметах, актыўна ўдзельнічае ў навуковых таварыствах навучэнцаў, праяўляе цікавасць да інтэлектуальнага алімпіяднага руху, імкнецца да асобаснага развіцця і самаўдасканалення. У гэтым годзе такіх паспяховых патэнцыяльных абітурыентаў было больш як 200, у асноўным гэта вучні 9—11 класаў школ і гімназій Гомельскай вобласці. Па сутнасці, гэта цікавы фармат прафарыентацыйнай работы.
Алімпіяда навучэнцаў складалася з двух этапаў: тэарэтычнага і творчага. Навучэнцы, як і студэнты, праходзілі тэст на сайце сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання ГДУ імя Францыска Скарыны “Віртуальны ўніверсітэт”. На творчым этапе юнакі і дзяўчаты прадстаўлялі інавацыйныя праекты. Сем навучэнцаў заваявалі дыпломы І ступені, а абсалютнымі пераможцамі сталі Наталіна Мачуленка (11 клас, гімназія № 10 Гомеля), Аляксандра Іскранкова (10 клас, яслі-сад — сярэдняя школа № 73 Гомеля) і Вольга Дудкоўская (9 клас, Двіжкоўская сярэдняя школа Ельскага раёна).
— Я ўдзельнічала ў алімпіядзе навучэнцаў трэці раз, — дзеліцца сваімі ўражаннямі адзінаццацікласніца Наталіна Мачуленка. — Кожны год арганізатары здзіўлялі арыгінальнымі заданнямі. Прызнацца, я вельмі хвалявалася, бо ў мінулыя гады была пастаўлена высокая планка. Аднак заданні былі вельмі цікавымі, і было вельмі зручна выконваць іх праз “Віртуальны ўніверсітэт”.
Сур’ёзныя праекты і вясёлая візітоўка
Пакуль школьнікі атрымлівалі ўзнагароды, удзельнікі студэнцкай алімпіяды з хваляваннем рыхтаваліся да сваіх выступленняў.
У трэцім, практычным, этапе яны павінны былі прадставіць распрацоўку сацыяльна-псіхалагічнага (сацыяльна-педагагічнага, псіхолага-педагагічнага) інавацыйнага праекта і абараніць яго. Асаблівая ўвага ўдзялялася актуальнасці праекта, яго навізне, сацыяльнай і практычнай значнасці — гэта тыя асноўныя крытэрыі, па якіх журы ацэньвала работы. Зразумела, праекты не павінны былі выходзіць за рамкі зададзенай тэмы — “Асоба і інавацыя”.
Работы былі вельмі рознымі і па-рознаму былі прэзентаваны. Парадавалі каманды, якія не паленаваліся творча падысці да справы і здолелі наглядна прадэманстраваць свой праект.
І, нарэшце, апошні этап алімпіяды — творчы — самапрэзентацыя каманд у форме сцэнічных пастановак, відэафільмаў, перформансаў і інш. Тут удзельнікі маглі крыху зменшыць хваляванне, пажартаваць, паспяваць і нават патанцаваць.
Пакуль журы раілася і размяркоўвала ўзнагароды, а камп’ютарная праграма падводзіла агульныя вынікі, вызначаючы пераможцаў, удзельнікі нервова чакалі. Адны абмяркоўвалі свае праекты і праекты канкурэнтаў, другія, стаўшы ў кола, спявалі пад гітару ў фае перад актавай залай, трэція спрабавалі ўгадаць, як суддзі размяркуюць месцы. Было відавочна, што большасць каманд прыйшлі сюды не толькі дзеля ўдзелу, але і з прагай перамогі. І яна, перамога, дасталася тым, хто не ленаваўся працаваць над праектам, хто шукаў інавацыйныя падыходы і праявіў свае творчыя здольнасці.
Так, з сямі каманд профілю “непсіхолага-педагагічныя спецыяльнасці” лепшай была прызнана каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту “Мастацтва ствараць”, якая, дарэчы, трымала за сабой першае месца ў трох этапах алімпіяды з чатырох. На другім месцы — каманда “Агенты Ф.Р.А.Н.К.Л.” эканамічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. Трэцяе падзялілі паміж сабой каманды “Мы — легенда” факультэта журналістыкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і “Паранойя” Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь.
Сярод каманд — удзельніц профілю “псіхалогія” два першыя месцы ў каманд “Атэізм Голуба” БДУ і “Галаваломка” факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны. На трэцім месцы таксама дзве каманды ГДУ імя Францыска Скарыны: “Адчайныя ПсіХаЗайкі” і “Псіхатыпы”. На другім — каманда БДПУ імя Максіма Танка Homo innovatis.
У профілі “педагогіка” пераможныя месцы размеркаваліся паміж камандамі “ТвiКС” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (сацыяльная педагогіка), “РазУМ ДваУМ” Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Future is coming факультэта замежных моў Гомельскага дзяржуніверсітэта.
Наступнай вясной каманды зноў з’едуцца на алімпіяду па псіхалогіі. Тэматыку і фармат будучага мерапрыемства арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце, але абяцаюць цікавыя спаборніцтвы.
Наталля ЛУТЧАНКА.