Сям’я, школа, універсітэт — толькі ў такой трыядзе магчыма дасягнуць поспехаў у выхаванні і навучанні дзяцей, пабудаваць траекторыю паспяховай прафесійнай арыентацыі, развіць гарманічную асобу. Так лічаць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. З мэтай развіцця такога супрацоўніцтва тут арганізавалі канферэнцыю “Мы разам”.
Удзел у канферэнцыі прынялі бацькі і вучні ўсіх школ і гімназій Кастрычніцкага раёна, настаўнікі, студэнты і выкладчыкі факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Права правесці першую такую сустрэчу было дадзена менавіта гэтаму факультэту невыпадкова. Тут склаліся добрыя традыцыі не толькі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для эканомікі краіны, але і ў грамадскім выхаванні і развіцці творчых здольнасцей студэнтаў.
— Вельмі важна не толькі захаваць існуючыя традыцыі ў сістэме адукацыі, але і ўнесці новыя крэатыўныя рашэнні, накіраваныя на фарміраванне інтэлектуальнай, духоўна-маральнай асобы, асобы, якая валодае высокім узроўнем прафесійных кампетэнцый. Сёння мы — школьнікі, бацькі, настаўнікі, выкладчыкі — маем унікальную магчымасць эфектыўнага супрацоўніцтва па стварэнні максімальна спрыяльных умоў для выяўлення і развіцця здольнасцей і талентаў нашых дзяцей, — гаворыць дэкан факультэта кандыдат эканамічных навук Марына Карпіцкая. — У атмасферы творчага супрацоўніцтва, адкрытага дыялогу, канструктыўнага ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу — школы, сям’і, універсітэта — мы разам зможам выбудаваць індывідуальную траекторыю развіцця кожнага дзіцяці. Такія мерапрыемствы дазво-ляць убачыць шляхі нашага супрацоўніцтва.
Адной з галоўных задум мерапрыемства было паказаць дзецям важнасць сям’і, узняць аўтарытэт бацькоў, падкрэсліць іх ролю ў выхаванні і поспехах дзяцей. Пацвярджэннем гэтага стала ўзнагароджанне пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтым годзе ў школьнікаў Кастрычніцкага раёна вельмі высокія дасягненні: 26 чалавек адзначаны дыпломамі рознай ступені. На сцэну разам з дзецьмі запрасілі іх бацькоў, без якіх поспех дзяцей быў бы немагчымым. А павіншаваў школьнікаў, падзякаваў бацькам і настаўнікам, уручыў грашовыя прэміі кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна кандыдат эканамічных навук Анатоль Бубен.
Працягам тэмы стала гульня “Сямейная вясёлка”, якую правялі вучні і педагогі-арганізатары сярэдніх школ №№ 38 і 12. Да яе правядзення далучылася і сям’я Стрыга, якая стала пераможцай раённага конкурсу “Сям’я года”.
— Канферэнцыя “Мы разам” — адзін з этапаў супрацоўніцтва з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, — расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч. — Такое супрацоўніцтва дапамагло нашаму раёну дасягнуць высокіх вынікаў на рэспубліканскай алімпіядзе, заняць лідзіруючую пазіцыю ў вобласці па выніках работы. Асаблівую ўдзячнасць выказваем дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Юрыю Раманоўскаму і загадчыку кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Ірыне Карлюковай за падрыхтоўку нашых матэматыкаў, якія атрымалі на рэспубліканскай алімпіядзе тры дыпломы.
Перад пачаткам канферэнцыі была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак факультэтаў універсітэта, рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі.
Першая канферэнцыя “Мы разам” яшчэ адзін упэўнены крок на шляху супрацоўніцтва ў трыядзе “сям’я, школа, універсітэт”. У тым, што такое супрацоўніцтва будзе працягвацца, што будуць шукацца яго новыя эфектыўныя формы, тут упэўнены.
А завяршылася мерапрыемства яркім выступленнем тэатральнага калектыву факультэта эканомікі і кіравання з пастаноўкай “Сям’я”, у якой студэнты расказалі пра тое, што сям’я — самае галоўнае ў жыцці. Кіраўнік творчага аб’яднання студэнт факультэта Дзмітрый Арцыменя за раскрыццё сацыяльна значнай тэмы сродкамі аўтарскай творчасці быў узнагароджаны ў гэтым годзе гран-пры Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на фестывалі “Арт-вакацыі”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны КАЛАНТАЙ.