Тэрыторыя для сумеснай творчасці

- 11:54Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Вось ужо шосты год паспяхова рэалізуецца праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які стартаваў у 2011 годзе.

Нашы партнёры даволі прыязна паставіліся да новай формы творчага ўзаемадзеяння з газетай, актыўна ўключыліся ў двухбаковае супрацоўніцтва. Час паказаў, што фармат праекта дазваляе максімальна наблізіцца да рэгіянальнай адукацыйнай прасторы, што і было яго галоўнай мэтай, утрымлівае шматлікія кірункі супрацоўніцтва, якія актыўна развіваюцца і ўдасканальваюцца. Ключавую ролю ў гэтым адыгрываюць карэспандэнцкія пункты “Настаўніцкай”, якія паступова былі адкрыты і цяпер дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах. Днямі ў прэс-цэнтры газеты адбыўся чарговы семінар уласных карэспандэнтаў.


Творчую сустрэчу адкрыў галоўны рэдактар газеты Вадзім Аляксандравіч Кнышаў:

— Сапраўды, сёння з упэўненасцю можна сказаць, што праект паспяхова прайшоў усе арганізацыйныя этапы і з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў узаемадзеяння рэдакцыі з усімі рэгіёнамі краіны. Цэнтрамі гэтай работы сталі карэспандэнцкія пункты, каардынуе іх дзейнасць рэдакцыя супольна з кіраўніцтвам упраўлення адукацыі аблвыканкамаў. Пагодзімся, што ніхто ўжо не сумняваецца ў важнасці, неабходнасці, практычнай значнасці праекта для газеты і рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Уласна кажучы, гэта ўжо не праект, а добра адбудаваная і эфектыўна дзеючая творчая мадэль. Але, каб мадэль бездакорна працавала, дынамічна і эфектыўна развівалася, яе належыць пастаянна ўдасканальваць. І ў гэтым кірунку пэўныя крокі рэдакцыяй зроблены: адбыўся трохдзённы прэс-тур на Гомельшчыну, плануюцца прэс-туры ў іншыя вобласці.

Нагадаю, што на мінулым семінары мы абмяркоўвалі прыярытэтныя кірункі развіцця карпунктаў, гаварылі аб неабходнасці па-новаму выбудоўваць адносіны рэдакцыі з рэгіёнамі, кіраўніцтвам органаў кіравання адукацыяй. Шмат увагі ўдзялялі творчым аспектам работы ўласнага карэспандэнта. Што ў нас атрымалася за гэты час? Наколькі паспяхова вы замацаваліся на рэгіянальнай прасторы, наблізіліся да педагогаў, аўтараў, чытачоў, урэшце здолелі адаптавацца ў сістэме і выбудаваць уласную творчую траекторыю?

Пра гэта нам варта паразмаўляць менавіта з вамі, так бы мовіць, паўнамоцнымі прадстаўнікамі газеты ў рэгіёнах: наколькі вас бачаць, чуюць і чытаюць, даведацца пра тое, што вас хвалюе. Мы ўпэўнены, што нашым калегам сёння ёсць аб чым паразважаць, падзяліцца вопытам журналісцкай работы непасрэдна ў рэгіёнах.

Сваімі меркаваннямі аб дзейнасці карпунктаў за мінулы час падзяліліся В.І.Клютчэня, У.У.Фалалееў, Н.А.Кастэнка, Г.М.Ешчанка.

Падчас творчай дыскусіі не было забароненых тэм, бо адкрытае абмеркаванне праблем, пошукі шляхоў іх вырашэння з’яўляюцца асноўным прафесійным складнікам журналісцкай работы. Зразумела, рэй вялі ўласныя карэспандэнты газеты…

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Брэстчына:

— Карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” ў Брэсцкай вобласці быў адкрыты задоўга да пачатку рэалізацыі рэгіянальнага праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” — у 2005 годзе. Таму да моманту практычнага ажыццяўлення праекта ў 2012 годзе ўжо быў назапашаны добры вопыт па цесным узаемадзеянні з органамі кіравання адукацыяй, наладжаны трывалыя стасункі з педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, сфарміраваны калектыў аўтараў-пазаштатнікаў. Праект надаў рабоце карпункта большую сістэмнасць, акрэсленасць і іміджавую важкасць.

Важна, што амаль за 12 гадоў існавання карпункта, які сёння дыслацыруецца на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, асоба ўласнага карэспандэнта стала пазнавальнай у адукацыйнай прасторы Брэстчыны. Ніводнае значнае мерапрыемства ў сферы адукацыі не абыходзіцца без удзелу журналіста профільнага выдання. Гэта дапамагае наладжваць новыя зносіны, знаходзіць цікавыя тэмы і адметных герояў для новых публікацый. Даволі карысным і прадукцыйным у гэтым плане з’яўляецца ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, вучэбна-метадычнымі кабінетамі, школамі, дзіцячымі садкамі, ССНУ, ПТНУ і УВА, якія заўсёды ідуць насустрач у пошуку неабходнай інфармацыі і, што самае важнае, самі прапаноўваюць матэрыялы з вопыту работы педагогаў і ўстаноў адукацыі па розных напрамках дзейнасці. Асаблівая роля ў пошуку цікавых тэм для газеты належыць Брэсцкаму абласному інстытуту развіцця адукацыі, які выступае арганізацыйна-метадычным цэнтрам многіх мерапрыемстваў і акумулюе вопыт лепшых педагогаў.

Радуе, што на працягу 2005—2015 гадоў былі наладжаны сур’ёзныя дзелавыя адносіны з тагачасным начальнікам абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчуком, які ўважліва чытаў “Настаўніцкую газету”, канструктыўна рэагаваў на крытыку, ахвотна рэкламаваў прафесійнае выданне сярод педагогаў і заклікаў іх актыўна пісаць у яго. Сённяшні начальнік упраўлення Ю.М.Прасмыцкі таксама выдатна разумее важнае значэнне газеты ў прапагандзе дасягненняў сістэмы адукацыі Брэстчыны на ўзроўні краіны. Вельмі часта менавіта ад пазіцыі кіраўніка залежыць стаўленне да газеты ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму ці ўстанове адукацыі. Калі газету чытае начальнік аддзела, дырэктар школы ці загадчык ясляў-сада, можна не сумнявацца, што яе будуць чытаць і педагогі.

Праект значна актывізаваў дзейнасць пазаштатнікаў. Педагогі сталі актыўнымі і частымі аўтарамі прафесійнага выдання. Гэта надзвычай важна, бо без зваротнай сувязі з чытачамі газета не можа эфектыўна развівацца. Цяпер нельга, як раней, бяздоказна папракнуць “Настаўніцкую” ў нецікавасці, бо інфармацыйны кантэнт газеты ствараюць самі настаўнікі, прычым часам амаль на 90%. Хацелася б толькі, каб аўтары ўсведамлялі беларускамоўны фармат выдання, у якое амаль заўсёды пішуць па-руску. Даўняе і плённае супрацоўніцтва наладжана з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Насковым, намеснікам загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста Н.С.Дрык, намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчыкам, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава С.М.Шлома, рэктарам Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Івановым і многімі іншымі. Вялікі дзякуй ім за дапамогу ў падрыхтоўцы газетных матэрыялаў.

Таццяна БОНДАРАВА, Віцебшчына:

— Досыць часта ў выказваннях пра нас можна пачуць: “Газета для настаўнікаў і пра настаўнікаў”. Прыгожа, толькі не зусім адпавядае сапраўднасці — таму што нашым прыярытэтам выступае ўсё ж не “для” і “пра”, а “разам”. Не адмаўляючы значнасці для чытацкай аўдыторыі інфармацыйнага і метадычнага складнікаў, хочацца акцэнтаваць увагу на кансалідуючай ролі выдання і фарміраванні спецыфічнага дыскурсу, арыентаванага на развіццё экспертнага мыслення. На гэта скіравана большасць праектаў “Настаўніцкай”, у тым ліку “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Аб гэтым сведчаць нашы публікацыі і чытацкія водгукі на іх. Гэта гучыць лейтматывам канцэртаў, якія рэдакцыя арганізоўвае ў рамках інфармацыйна-рэкламнай акцыі “Будзем разам!”. Фармат профільнага выдання дазваляе падтрымліваць доўгатэрміновыя і моцныя адносіны з чытачамі і забяспечвае ўнікальную зваротную сувязь. Адразу ўспамінаецца, як зусім нядаўна падчас свята на Ушаччыне аб узаемаадносінах педагогаў і газеты добра сказаў галоўны рэдактар Вадзім Кнышаў: “Мы прывыклі ўсё рабіць разам. Журналісты і педагогі разам рыхтуюць матэрыялы ў “Настаўніцкую газету”, настаўнікі і навучэнцы з’яўляюцца героямі большасці публікацый. З Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі праводзім конкурс метадычных распрацовак педагогаў нашай краіны “Адкрыты ўрок”. І адпачываем таксама разам”. Там жа старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Захаранка адзначыла: для яе цеснае, шматбаковае і плённае супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі раёна з профільным выданнем — яскравы паказчык росту прафесійнай самасвядомасці, што каштоўна само па сабе, аднак з улікам спецыфікі мэтавай аўдыторыі набывае стратэгічнае значэнне. Такія словы дарагога вартыя, але ўпэўнена: з падобнай ацэнкай вынікаў нашага супрацоўніцтва, яго перспектыў пагодзяцца як кіраўнікі рэгіянальнай сістэмы і ўстаноў адукацыі, так і пераважная большасць педагогаў. Карыстаючыся выпадкам, не магу не выказаць падзяку за выніковую сумесную работу аддзелам адукацыі, спорту і турызму Ушацкага, Верхнядзвінскага, Аршанскага, Полацкага, Глыбоцкага, Браслаўскага, Мёрскага, Чашніцкага райвыканкамаў, а таксама калектывам лепшых устаноў адукацыі рэгіёна і лепшым педагогам. Наўмысна не стану зараз згадваць назвы, імёны і прозвішчы — чытачам “Настаўніцкай” яны знаёмыя. Прычым ці не штотыднёва да нас далучаюцца новыя сябры — і гэта, відаць, самы важны аргумент на карысць запатрабаванасці газеты.

Наталля ЛУТЧАНКА, Гомельшчына:

— Дзіўна хутка праляцеў час з таго моманту, калі на Гомельшчыне пачаў працаваць карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” і на будынку ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама з’явілася шыльда нашага выдання.

Менавіта адсюль, з нашага рэгіёна, пачыналася рэалізацыя праекта. Тады, магчыма, былі нейкія сумненні і няўпэўненасць, якія заўсёды прысутнічаюць на пачатку чаго-небудзь новага. Сёння, праз 5 гадоў, можна ўжо рабіць высновы і цвёрда сцвярджаць, што праект не толькі паспяхова рэалізуецца, але і дае плён абодвум бакам.

Цяпер адукацыйная сфера Гомельскай вобласці больш шырока прадстаўлена на старонках прафесійнай газеты, а найбольш важныя і цікавыя мерапрыемствы не застаюцца па-за ўвагай. Прыкметна актывізаваліся і педагогі, многія з задавальненнем далучаюцца да творчага рэдакцыйнага калектыву і становяцца аўтарамі цікавых публікацый. Гэта немалаважна. Як адзначаў на сустрэчы з педагогамі Гомельшчыны падчас прэс-туру галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў, без іх творчага ўдзелу галіновае выданне не можа быць паўнацэнным. Насамрэч, мы, рэдакцыя і настаўнікі, робім адзіную справу і ў некаторай ступені з’яўляемся калегамі.

Безумоўна, прысутнасць у рэгіёне ўласнага карэспандэнта значна пашырае інфармацыйныя межы. Тут, на месцы, прасцей арыентавацца, мы бліжэй да людзей, да іх праблем і дасягненняў, да праблем і дасягненняў адукацыйнай сферы вобласці, мы бліжэй да абставін.

Я, як уласны карэспандэнт, даўно стала часткай вялікага педагагічнага калектыву вобласці. Ва ўсялякім выпадку, я так адчуваю. Мы добра спрацаваліся з упраўленнем адукацыі, з аддзеламі ў раёнах, з кіраўнікамі і педагогамі самых розных устаноў адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў. Вельмі ўдзячна кіраўніцтву і спецыялістам упраўлення адукацыі, якія заўсёды ідуць насустрач, прымаюць мае прапановы ў сэнсе асвятлення на старонках газеты тых ці іншых пытанняў, ніколі не адмаўляюць у растлумачэнні і дапамозе. Я бясконца ўдзячна ўсім, з кім прыйшлося супрацоўнічаць за час маёй працы ў якасці ўласнага карэспандэнта, бо заўсёды адчувала разуменне і падтрымку. Людзі адукацыі — гэта інтэлігентныя, адукаваныя, ідэйныя і творчыя людзі. З імі прыемна працаваць, цікава абмяркоўваць розныя рэчы, і, галоўнае, у іх ёсць чаму павучыцца, з імі ты пастаянна развіваешся. Спадзяюся, што наперадзе ў нас яшчэ шмат плённай працы, цікавых сумесных праектаў і сустрэч.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ, Гродзеншчына:

— Дзякуй настаўнікам Гродзеншчыны за іх працу і супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай”! Без гэтай сувязі цяжка ўявіць работу карэспандэнта ў газеце. Амаль кожны дзень на электронную пошту прыходзяць паведамленні з усіх куточкаў вобласці. Так атрымалася, што чарговы адпачынак брала на два тыдні ў маі — і за гэты час прыйшло больш за 40 паведамленняў.

Вельмі падабаецца бываць у сельскіх школах, у гімназіях раённых цэнтраў. Гэта сапраўдныя цэнтры адукацыі, культуры, інавацыйнай работы. Сучасныя тэхналогіі дазволілі дзецям, незалежна ад месца жыхарства, атрымаць сучасныя веды. А сельскія школы, дзякуючы самаадданым настаўнікам, захавалі аўру цеплыні, паважлівых і добразычлівых адносін да вучняў і іх бацькоў. Тут кожны на вачах — і вучань, і настаўнік.

Але толькі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі поспехі навучэнцаў Гродзеншчыны, якія пастаянна дэманструюць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, на алімпіядах, творчых, спартыўных конкурсах і спаборніцтвах, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню, гэта не тлумачыцца. У Гродзенскай вобласці створана і працуе комплексная сістэма навучання і выхавання, якой кіруюць людзі адказныя і прафесіянальныя, здольныя стварыць каманду. І без настаўніка нічога не было б. Адно з вялікіх задавальненняў — гэта сустрэчы з таленавітымі і неабыякавымі педагогамі. Рубрыка “Адукацыя ў асобах” дазваляе прадставіць такіх людзей, пазнаёміць з іх вопытам, адносінамі да вучняў, прафесіі, жыцця.

Калі б спатрэбілася пералічыць самых актыўных аўтараў газеты — дык спіс атрымаўся б вельмі вялікім. Няхай прабачаць тыя, хто зараз не прагучыць. Пачну з сельскіх школ — Гудагайскай Астравецкага раёна, Субацкай Ваўкавыскага, Навасёлкаўскай, Жытамлянскай, Квасоўскай і Капцёўскай Гродзенскага, Новадзявяткавіцкай і Парэцкай Слонімскага раёнаў. Знайсці, як кажуць журналісты, цікавую інфармацыйную нагоду заўсёды можна ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, Навагрудскім, Лідскім, Свіслацкім, Ашмянскім аддзелах адукацыі, спорту і турызму, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

А што засмучае — дык тое, што часам з-за недахопу газетных плошчаў аўтарскія матэрыялы не друкуюцца, і тое, што не заўсёды атрымліваецца асабіста пабываць на мерапрыемствах, куды запрашаюць. Але ж будзем працаваць!

Дар’я РЭВА, Міншчына:

— Восень 2014 года дала старт не толькі чарговаму новаму навучальнаму году, але таксама і новаму этапу ўзаемадзеяння педагагічнай грамадскасці Міншчыны і “Настаўніцкай газеты” — быў адкрыты карэспандэнцкі пункт.

Галоўная задача любога карпункта “Настаўніцкай” — поўнае і ўсебаковае асвятленне сістэмы адукацыі вобласці. І ключавая рэч, якая неабходна для здзяйснення гэтай задачы, — узаемадзеянне. Узаемадзеянне ў першую чаргу з людзьмі. Як усё вялікае складаецца з маленькіх, але важных дэталяў, так і сістэма адукацыі складаецца з асоб — педагогаў, кіраўнікоў. У школах, гімназіях, дзіцячых садках, ліцэях, каледжах, цэнтрах творчасці Міншчыны працуе мноства яркіх, неардынарных, таленавітых людзей. Яны ніколі не стаяць на месцы, заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку і працэсе самаўдасканалення. Такія людзі заўсёды ў фокусе ўвагі карэспандэнтаў. Галасы тых, хто працуе не па шаблоне, выходзіць за рамкі звычайнага, гучаць у артыкулах газеты.

Неабходна і ўзаемадзеянне з установамі адукацыі. Жыццё ў сістэме адукацыі Міншчыны кіпіць і віруе. Ва ўстановах адукацыі прысталічнай вобласці адбываецца шмат мерапрыемстваў рознага ўзроўню — не толькі абласнога і раённага, але таксама і рэспубліканскага і нават міжнароднага. Гэтыя падзеі таксама знаходзяць адлюстраванне на газетных старонках.

Узаемадзеянне — гэта адносіны двух бакоў, таму газета дае магчымасць педагогам выступаць у розных ролях: чытача, аўтара, крытыка. “Настаўніцкая” імкнецца быць не толькі крыніцай актуальнай інфармацыі, прапагандыстам і абаронцай высокага статусу і іміджу педагога, але і сродкам прафесійнага развіцця педагога, з дапамогай якога можна пазнаёміцца з ідэямі перадавога вопыту, адкрыць для сябе новыя актуальныя спосабы дзейнасці, паспрабаваць свае сілы ў конкурсах, падзяліцца ўласным вопытам і проста парадавацца за сваіх калег, свой рэгіён. Мне здаецца, што ўзаемадзеянне наша ладзіцца і дае плён, спадзяюся на яго пашырэнне.

Скажу шчыра, работа карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” асабіста мне прыносіць станоўчыя эмоцыі. Па-першае, асяроддзе, у якім працуе карэспандэнт нашай газеты, — гэта асяроддзе адукаваных, інтэлігентных, разумных і спагадлівых дюдзей, бо менавіта такімі з’яўляюцца педагогі. Па-другое, калі знаёмішся з педагогамі, неабыякавымі да сваёй працы і неабыякавымі да дзяцей, з таленавітымі дзецьмі, якія ў юным узросце ўжо ствараюць праекты і генерыруюць ідэі, здольныя змяніць свет да лепшага, то з’яўляюцца пазітыўны погляд на жыццё і вера ў тое, што наступны дзень будзе лепшы за папярэдні. І хочацца падзякаваць педагогам за іх працу і жыццёвы аптымізм, які яны дораць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ, Магілёўшчына:

— Адкрыццё на Магілёўшчыне карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай газеты” стала значнай падзеяй для рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Магілёўскае настаўніцтва чакала гэтай падзеі, бо яму сапраўды ёсць што паказаць і пра што расказаць. Сёння педагогі Прыдняпроўскага краю могуць ганарыцца багаццем важкіх дасягненняў. Гэта шматлікія перамогі школьнікаў і студэнтаў у рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, пераход навучальных устаноў вобласці на новыя адукацыйныя стандарты і многія іншыя аспекты, пра якія мы разам распавядаем на старонках галіновай газеты.

За час дзейнасці карэспандэнцкага пункта, а гэта амаль чатыры гады, удалося наладзіць узаемадзеянне з усімі раённымі аддзеламі адукацыі, шматлікімі навучальнымі ўстановамі рэгіёна. Усебаковаму і поўнаму асвятленню функцыянавання магілёўскай сістэмы адукацыі вельмі спрыяе падтрымка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і яго начальніка Уладзіміра Уладзіміравіча Рыжкова. Больш разнастайнымі публікацыі робяць і актыўныя пазаштатныя аўтары. Сваім вопытам і метадычнымі напрацоўкамі на старонках выдання рэгулярна дзеляцца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Алена Цывілька, настаўнік гісторыі Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Анатоль Марозаў, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Іна Мядзведская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Цяцерынскай сярэдняй школы Круглянскага раёна Таццяна Жукоўская і многія іншыя прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці.

Праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” спрыяе таму, каб газета была больш змястоўнай і цікавай. Дзейнасць карпункта дазваляе цалкам задавальняць інфармацыйныя запыты аўдыторыі аб мясцовай сістэме адукацыі, што значна ўплывае на падтрымку “Настаўніцкай газеты” магілёўскімі чытачамі. Рэгіён пастаянна знаходзіцца ў лідарах падпіскі на галіновае выданне.

Прапаную магілёўскаму настаўніцтву і далей разам рабіць газету максімальна інфармацыйна насычанай. Мае тэлефоны заўсёды адкрыты для ўсіх званкоў і навін, спадзяюся, наша супрацоўніцтва з цягам часу стане яшчэ больш плённым.

…Сустрэча ўласных карэспандэнтаў і кіраўніцтва газеты доўжылася чатыры гадзіны. Праляцелі яны незаўважна, бо творчым людзям было аб чым і пра што пагаварыць. Напрыканцы размовы ўдзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што стасункі з нашымі партнёрамі складваюцца найлепшым чынам, а гэта надае аптымізму і ўпэўненасці ў тым, што наперадзе яшчэ нямала цікавых сустрэч, знаходак, творчых задумак, якія абавязкова здзейсняцца. Уласна кажучы, праект стаў своеасаблівай тэрыторыяй для супольнай творчасці, на якой камфортна пачуваюцца ўсе яго ўдзельнікі. Значыць, чытачы, як і раней, будуць разам з “Настаўніцкай”!

Генадзь ЕШЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.