Кабінет, дзе працуюць сакратар пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і старшыня прафкама студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, можна вызначыць як адну з самых “гарачых тэрыторый” ГрДУ. Дзверы бесперапынна адчыняюцца — студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі раяцца аб правядзенні спаборніцтваў па лазертагу і дзён факультэта, студэнтка юрыдычнага факультэта прыйшла па накіраванне на работу. І бесперапынна звоняць тэлефоны — гарадскі і мабільны…
Пярвічная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з правамі райкама Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — самая буйная ў вобласці. Яна налічвае больш за 4500 чалавек, што складае 67% ад агульнай колькасці студэнтаў. Колькасць членаў арганізацыі расце штогод.
— Колькасны рост — добрая характарыстыка, але не галоўная, — гаворыць сакратар ПА БРСМ Андрэй Есін. — Сёння колькасць — гэта індыкатар даверу моладзі да арганізацыі. Ад таго, наколькі правільна падабраны формы і метады работы з моладдзю, наколькі запатрабаваны мерапрыемствы, якія праводзіць камітэт БРСМ, залежыць аўтарытэт і рост шэрагаў маладзёжнага саюза.
Праведзенае ва ўніверсітэце апытанне паказала, што амаль 80% рэспандэнтаў лічаць БРСМ арганізацыяй, якая ў найбольшай ступені выказвае інтарэсы моладзі краіны.
Васіль Сянько, прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы:
— Мы разглядаем БРСМ як партнёра ў ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, асабліва па-за межамі вучэбнага працэсу. У аўдыторыі ўплыў на студэнта аказвае выкладчык, у вольны час маладзёжны саюз бярэ на сябе важную ролю па арганізацыі грамадскай, працоўнай, выхаваўчай, творчай, забаўляльнай дзейнасці студэнтаў. Ва ўніверсітэце шэраг патрыятычных і грамадскіх праектаў ажыццявіўся дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву. Адміністрацыя ГрДУ аказвае і матэрыяльную падтрымку пярвічнай арганізацыі на правядзенне розных мерапрыемстваў і акцый. Так, у 2012 годзе было накіравана 9,8 млн недэнамінаваных рублёў, у 2015 годзе — 38,5 млн, за дзевяць месяцаў 2016 года — звыш 42 млн недэнамінаваных рублёў на сумесныя з БРСМ мерапрыемствы і справы.
Дзейнасць арганізацыі БРСМ універсітэта вельмі разнастайная, і ёсць некалькі кірункаў, у якіх яна асабліва моцная. Гэта грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, студатрадаўскі і валанцёрскі рух, падтрымка і развіццё інавацыйнай дзейнасці студэнтаў і маладых выкладчыкаў, інфармацыйная работа. Уся гэтая работа ажыццяўляецца ў цесным кантакце з выхаваўчымі структурамі ГрДУ, грамадскімі арганізацыямі.
Адной з такіх яркіх сумесных акцый стаў грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”. Марафон стартаваў у 2014/2015 навучальным годзе і быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мерапрыемствы марафону праходзілі на працягу некалькіх месяцаў, а на завяршальным этапе на стадыёне “Нёман” прысутнічала каля 5000 чалавек — студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі ГрДУ, школьнікі горада. Фінал марафону быў прымеркаваны да Рэспубліканскага фестывалю “Старт пакаленняў”. Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, які прысутнічаў на мерапрыемстве, адзначыў, што Купалаўскі ўніверсітэт актыўна супрацоўнічае з БРСМ, выхоўваючы ініцыятыўных грамадзян нашай краіны, і рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў.
У 2015/2016 навучальным годзе ўдзельнікамі марафону “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” сталі студэнты 14 факультэтаў, навучэнцы гуманітарнага і тэхналагічнага каледжаў ГрДУ. Упершыню ўдзельнікамі марафону былі каманды навучэнцаў гродзенскіх школ. Марафон прысвячаўся Году культуры і ўключаў чатыры цыклы мерапрыемстваў: інтэлектуальны “Мы — нашчадкі перамогі”, творчы “Студэнцкая творчасць — Году моладзі”, ваенна-спартыўны “Да абароны Айчыны гатовы” і цыкл мерапрыемстваў па выхаванні адказнага стаўлення да сям’і “Разам — у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцей”.
Мерапрыемствы былі накіраваны на развіццё і падтрымку маладзёжнага грамадзянска-патрыятычнага руху, прапаганду каштоўнасцей сям’і і здаровага ладу жыцця. Адбылося звыш 70 конкурсаў і акцый. Заключнае мерапрыемства, дзе былі падведзены вынікі і адзначаны пераможцы, зноў правялі на стадыёне “Нёман”, на ім прысутнічала каля 5000 чалавек. 1-е месца заняў педагагічны факультэт, на 2-м месцы — каманда школ Кастрычніцкага раёна Гродна, на 3-м — факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму і факультэт мастацтваў і дызайну. А галоўнай узнагародай стала паездка пераможцаў і прызёраў па памятных месцах Беларусі.
Актыўнасць і пачынанні членаў БРСМ падтрымлівае кіраўніцтва ўніверсітэта. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль пастаянна сустракаецца з актывам арганізацыі. Ідзе плённы дыялог, падчас якога студэнты прадстаўляюць свае ідэі, абмяркоўваюць планы, раяцца і выказваюць ініцыятывы. На апошняй такой сустрэчы на пачатку гэтага навучальнага года члены БРСМ прапанавалі стварыць Цэнтр валанцёраў для аказання дапамогі пажылым людзям і мнагадзетным сем’ям, абласное аб’яднанне маладзёжных атрадаў аховы правапарадку пры ўдзеле прадстаўнікоў УУС і іншых праваахоўных органаў, карпаратыўны элемент адзення для ўсёй акадэмічнай грамадскасці “купалаўцаў”, праводзіць міжуніверсітэцкія семінары для абмену вопытам паміж студэнцкімі атрадамі, агульнаўніверсітэцкі турыстычны злёт. І ў канцы верасня на Аўгустоўскім канале маштабны агульнаўніверсітэцкі турзлёт адбыўся. А моладзь ужо плануе правядзенне турыстычнага мерапрыемства вясной.
— Кожная справа ці ініцыятыва рэалізуецца тады, калі на чале яе стаяць нераўнадушныя, крэатыўныя і актыўныя асобы, — гаворыць Андрэй Есін. — Мы такіх лідараў знаходзім і падтрымліваем. Пярвічныя арганізацыі БРСМ створаны на кожным факультэце, у кожнай студэнцкай групе. На 1 курсе прыглядаемся да новых членаў арганізацыі, далучаем да правядення мерапрыемстваў, а ўжо на 2 курсе яны становяцца актывістамі і арганізатарамі. У нас ёсць “белы спіс”, куды заносім кантактныя даныя найбольш ініцыятыўных людзей, на якіх абапіраемся ў сваёй рабоце, якія, як кажуць, па першым званку гатовы падхапіць ідэю, уключыцца ў работу, ды і самі яны — пастаянныя генератары ідэй, праектаў. Сёння ў гэтым спісе — 164 чалавекі. Абавязковым элементам работы з’яўляецца пераемнасць, стварэнне рэзерву кадраў.
Традыцыйны семінар “Я — лідар” праводзіцца пад эгідай ПА БРСМ і аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Трохдзённая праграма кастрычніцкага семінара ў гэтым годзе ўключала шэраг мерапрыемстваў: трэнінгі на знаёмства і камандаўтварэнне, выяўленне і развіццё лідарскіх якасцей, па тайм-менеджменце і канфлікталогіі. Удзельнікі семінара распрацоўвалі і абаранялі праекты па правядзенні мерапрыемстваў і арганізацыі сваёй работы.
Віталь Дзержаноўскі, студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі, старшыня ПА БРСМ факультэта:
— Мая актыўная дзейнасць у БРСМ пачалася менавіта з удзелу ў семінары “Я — лідар” на 2 курсе. Я ўбачыў столькі актыўных, вясёлых, крэатыўных людзей, што проста немагчыма было застацца ў баку ад гэтай каманды. Зараз я вучуся на апошнім курсе і хутка пачну самастойную працоўную дзейнасць як выкладчык матэматыкі. Акрамя прафесійных навыкаў ва ўніверсітэце я атрымаў навыкі грамадскай і арганізатарскай работы, навучыўся ставіць мэты, фармуляваць задачу і ведаць, як яе выканаць, нават у плане напісання праекта. Навучыўся разбірацца ў людзях. Упэўнены, што ўсё гэта будзе дапамагаць і ў далейшым жыцці.
Школай жыцця для многіх студэнтаў сталі і будаўнічыя атрады. Штаб працоўных спраў ПА БРСМ у ГрДУ імя Янкі Купалы працуе з 2004 года. За гэты час працаўладкавана больш за 10 000 студэнтаў. Кірункі дзейнасці — будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя, сельскагаспадарчыя атрады, ІТ-атрады, атрады праваднікоў цягнікоў, экалагічныя і добраахвотныя атрады. Студэнты ГрДУ працуюць на ўзвядзенні Беларускай АЭС у Астраўцы. Алег Сырыца і Максім Жураўскі з’яўляліся камандзірамі зводных беларуска-расійскіх будаўнічых атрадаў. Выязджаюць будатрады на работу ў Расійскую Федэрацыю. Штаб працоўных спраў прымаў удзел ва Усерасійскім злёце студэнцкіх атрадаў у Маскве.
Зоя Урбаш, першы сакратар Гродзенскага гаркама БРСМ:
— Штаб працоўных спраў пярвічнай арганізацыі БРСМ Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — лідар будатрадаўскага руху не толькі на Гродзеншчыне, але і ў Беларусі. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр — 2015” быў прызнаны лепшым у Беларусі. Арганізацыя БРСМ універсітэта не толькі самая вялікая па колькасці членаў, але і самая актыўная. Гэтая пазіцыя пацвярджаецца шматлікімі ўзнагародамі і адзнакамі за патрыятычныя і валанцёрскія акцыі і праекты. Моладзь універсітэта адкрыта для супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. Зараз разам з “купалаўцамі” рыхтуемся да правядзення першага гарадскога фестывалю клубаў вясёлых і знаходлівых.
— Наш час — гэта час хуткіх перамен і хуткай інфармацыі, таму работу ў сацыяльных сетках і інтэрнэт-прасторы разглядаем як вельмі важную, — гаворыць Андрэй Есін. — Уся інфармацыя аб дзейнасці нашай пярвічнай арганізацыі размяшчаецца на сайтах brsm.grsu.by, grsu.by. Група ва “УКантакце” БРСМ ГрДУ “Стань ярчэйшым з намі” налічвае больш за 2000 падпісчыкаў. Прысутнічае ПА на “Фэйсбуку”, у “Твітэры”, “Інстаграме”. Штодзённую работу арганізоўваем праз віртуальныя вэбінары, скайп-канферэнцыі, віртуальныя пасяджэнні камітэта.
Студэнты-“купалаўцы” таксама хуткія на новыя ідэі і праекты. Перад пачаткам новага навучальнага года арганізавалі валанцёрскую акцыю “У школу — з добрым сэрцам”, з гэтага года пачаў работу круглагадовы студэнцкі атрад, члены якога будуць працаваць лабарантамі ва ўніверсітэце. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да дня студэнцкага самакіравання.
Раіса Акуленка, другі сакратар Гродзенскага гаркама БРСМ, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы:
— Я была сакратаром пярвічнай арганізацыі аднаго з самых творчых і на той час маладых факультэтаў універсітэта — факультэта мастацтваў. За пяць гадоў навучання ўдзельнічала ў вялікай колькасці мерапрыемстваў і акцый. Гэта і конкурс першакурснікаў “Alma matеr — любоў з першага курса”, “Студэнт года”, трэніроўкі ў клубе славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”, паказальныя выступленні, таксама я ўваходзіла ў склад маладзёжнага атрада аховы правапарадку, узначальвала патрыятычны клуб “Радзіма”. Работа ў БРСМ і ў студэнцкія гады, і сёння дала вельмі важнае разуменне: самае галоўнае ў жыцці — гэта ўмець размаўляць з людзьмі, умець чуць і дапамагаць, тады і людзі да цябе будуць гэтак жа ставіцца. І толькі тады працаваць і жыць будзе значна цікавей і прасцей.
Вось такі закон для аднаго чалавека і для вялікай арганізацыі: будзь цікавы і адкрыты для новых ідэй, новых карысных спраў — і людзі да цябе пацягнуцца.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.