Імпартазамяшчэнне па-магілёўску

- 16:26Выхаванне, Рознае

Прайшло ўсяго толькі два месяцы, як завяршыўся мінулагодні этап Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і былі названы яго пераможцы. А цяпер ужо ва ўсю кіпіць работа па распрацоўцы новых ідэй. Ужо пададзена больш за сто заяў з усіх рэгіёнаў. Нядаўна ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы на выставе-кірмашы былі прадстаўлены самыя цікавыя праекты магілёўскай моладзі. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі распрацаваныя Цімафеем Тамковічам (сярэдняя школа № 45 Магілёва) і Уладам Шыкуновым (Ліцэй Беларуска-Расійскага ўніверсітэта) мабільныя памочнікі, галоўная ідэя якіх — выконваць звыклую работу на адлегласці і з мінімальнымі высілкамі.

Пакарміць ката… тэлефонным званком

Час, калі дарослыя скардзяцца, што дзеці надта захапляюцца гаджэтамі, відавочна, пачынае адыходзіць у нябыт. У той жа час маладыя людзі пастаянна даказваюць, што для іх камп’ютар, тэлефон ці планшэт — інструмент для ажыццяўлення самых смелых тэхнічных ідэй. Сапраўды, часта з’яўляюцца вельмі цікавыя распрацоўкі, якія потым з інфармацыйных носьбітаў “перакачоўваюць” на паліцы магазінаў і набываюць папулярнасць у пакупнікоў.
Так, ужо сёння тыя, хто бачыў электронную кармушку дзесяцікласніка Цімафея Тамковіча, запісваюцца ў патэнцыяльныя пакупнікі. І хлопец спадзяецца, што хутка яе змогуць ацаніць гаспадары хатніх жывёл.
Цімафея заўсёды турбавала праблема перапрацоўкі смецця. І, у прыватнасці, праблема старых тэлефонаў. “Раней старыя тэлефоны прадавалі і куплялі, бо новы набыць было дорага, — гаворыць Цімафей. — Сёння ж мабільныя аператары прапаноўваюць мноства бюджэтных мадэляў, а дарагія апараты прадаюць у растэрміноўку, і штомесячная плата па кішэні кожнаму. Таму старыя тэлефоны сёння ніхто не купляе. Вось і атрымліваецца, што “мабільнае” смецце назапашваецца ў нашых дамах. І выкінуць шкада, і карыстацца ім ужо ніхто не будзе. Я купіў сабе новы тэлефон, але хацеў прымяніць і стары апарат”.
А ідэю падкінула дваровая кошка, якая жыла на дачах. Дакладней, яна падкінула Цімафею кацяня, да якога хлопец прывязаўся і не мог пакінуць там на пагібель. Пад восень забраў падгадаваную Нюсю дадому. І калі пачаліся заняткі ў школе, малое заставалася дома галоднае. Пакінуць корм кату на дзень немагчыма: ён з’есць усё зарáз. Была думка купіць прыладу, якая дазволіць карміць Нюсю па загадзя запісанай праграме, але гэта аказалася вельмі дорага. Вось тут Цімафей і знайшоў прымяненне старому тэлефоннаму апарату. Ён стаў галоўным складнікам электроннай кармушкі. Яшчэ спатрэбіліся такія “інгрэдыенты для фізікаў”: пластыкавыя кантэйнеры, мікраматорчык з рэдуктарам са старога касетнага плэера, абрэзкі пліты ДСП, канцылярская гумка, падшыпнік, самарэзы, фольга, бляха, оптапара, рэле, правады і батарэйка.
“Кармушка ўяўляе сабой дыск з кантэйнерамі, напоўненымі кормам, — тлумачыць Цімафей. — Прынцып яго работы вельмі просты: калі на дынамік ці вібраматорчык тэлефона паступае званок, рухавік прыводзіць у рух дыск, а як толькі кантэйнер супадае з адтулінай над латком, размыкаецца рухомы кантакт, дыск спыняецца і высыпаецца корм. Так да наступнага тэлефоннага званка. Такая кармушка можа выкарыстоўвацца для ўсіх жывёл з падворка, а таксама птушак, у тым ліку і дэкаратыўных”.
З усіх дэталяў трэба было набыць оптапару, рэле і батарэйку, што склала ўсяго толькі 40 тысяч рублёў. Для параўнання: аўтаматычная кармушка для сабак і катоў у сярэднім каштуе каля 400 000 (замежныя мадэлі дасягаюць амаль 2,5 мільёна рублёў) і спрацоўвае яна выключна па таймеры, а пра дыстанцыйнае кіраванне размовы не ідзе. Функцыя кармлення па таймеры ў прыборы Цімафея таксама прадугледжана. Акрамя таго, Цімафей разам са сваім навуковым кіраўніком настаўнікам фізікі Сяргеем Вячаслававічам Шэбекам яго яшчэ ўдасканаліў: можна вызначаць, у якім аб’ёме даць корм і які менавіта корм з трох магчымых. Пры жаданні можна скласці разнастайны рацыён для свайго гадаванца на цэлы дзень.
Кармушкай вельмі зацікавіліся адзінокія пажылыя людзі, якія маюць хатніх гадаванцаў. Для іх гэта цудоўная магчымасць не турбавацца за сваіх жывёл, якіх яны пакідаюць дома, калі на выхадныя едуць у госці ці на дачу.

Паліць грады адным “клікам”

Мабільны тэлефон стаіць у цэнтры распрацоўкі і Уладзіслава Шыкунова, адзінаццацікласніка Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яго бацькі з ранняй вясны і да восені кожныя выхадныя праводзяць на дачы. Любая паездка за межы Беларусі становіцца для яго сям’і недасягальнай, бо шкада пакінуць у разгар лета дачу, дзе ўсё высахне і дарма прападзе ўся праца. Цяпер Уладзіславу засталося пратэсціраваць сістэму. Нарэшце можна будзе атрымаць асалоду ад адпачынку на моры ўсёй сям’ёй, бо цяпер паліць грады на дачы і ўвогуле трымаць яе пад кантролем можна і з марскога ўзбярэжжа. А лепш, каб гэта зрабіла самая заўзятая дачніца — мама — адным “клікам” ці кнопкай “мабільніка”.
“Падобныя сістэмы ўжо распрацаваны і выпускаюцца многімі кампаніямі, — расказвае Уладзіслаў. — Напрыклад, сістэма, распрацаваная кампаніяй A.P.Technology, мае магчымасць кіраваць асвятленнем, кліматычным абсталяваннем, жалюзі і роль-аканіцамі, мультымедыйным абсталяваннем, сістэмай бяспекі. Кампанія Kärcher прадстаўляе разнастайныя сістэмы для паліву раслін. У інтэрнэце ёсць таксама апісанне некаторых сістэм аўтаматычнага кіравання, распрацаваных энтузіястамі. Аднак кошт базавых мадэляў гэтага абсталявання дасягае некалькіх тысяч долараў, прычым у рамках такіх сістэм звычайна вырашаюцца праблемы абслугоўвання кватэры (ці дома) або прысядзібнага ўчастка. Але і я, і мае навуковыя кіраўнікі настаўнікі фізікі Сяргей Віктаравіч Гусеў, Аляксандр Эдуардавіч Плятнёў і Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч лічым, што праблемы аўтаматычнага кіравання дачнага дома і ўчастка павінны вырашацца ў комплексе. І галоўнае — распрацаваць сістэму, якая будзе па цане, даступнай масаваму карыстальніку”.
Большасць дачнікаў і самі ўсведамляюць, што танней раз у год, напрыклад, падчас асенніх кірмашоў, закупіць агародніну на ўвесь год. Але па традыцыі ці па звычцы або проста таму, што хочуць вырасціць на сваіх участках экалагічна чыстыя агуркі і памідоры для дзяцей ці ўнукаў, людзі кожны сезон, кожную вольную хвілінку праводзяць на дачах.
Па задумцы Уладзіслава, ратаваць ад спякоты ўраджай можна, узяўшы ў рукі замест водаправоднага шланга камп’ютарную мышку ці мабільны тэлефон. А можна і гэтага не рабіць: “Разумная дача” прадугледжвае і аўтаматычны паліў. У парніках ёсць датчыкі, якія пры высыханні глебы прымушаюць гідранасос уключацца. Прычым для кожнага тыпу глебы будзе свая дапушчальная мяжа. Калі раптам нехта захоча адчуць сябе гаспадаром у вашым доме, на тэлефон прыйдзе паведамленне. Сістэма не дасць пашкодзіцца адрамантаваным столям і сценам: калі пачынаюцца замаразкі і тэмпература ў доме паніжаецца да пэўнага ўзроўню, уключаецца ацяпленне. Не прыйдзецца гаспадару гадаць, ці ўсюды выключыў святло, ці не пакінуў уключаным прас, калі ад’язджаў з дачы. А калі збярэцца на дачу асеннім ці зімовым днём, зможа загадзя ўклю-чыць абагравальнік.
Для дэманстрацыі магчымасцей сістэмы Уладзіслаў сабраў дэманстрацыйны стэнд, на якім кожны святлодыёд інфармуе пра стан нагрузкі ці механізма. Так, для паліву парніковых раслін у разрыў паміж водаправодам і распыляльнікамі ўстанаўліваецца кран з электрычным кіраваннем ці ў якасці нагрузкі падключаецца насос, які ўключаецца па таймеры ці датчыку вільготнасці. Калі вільготнасць глебы менш за ўстаноўлены парог, уключаецца паліў. Такім чынам можна кантраляваць расход вады. Тэмпературны рэжым у парніку кантралюецца датчыкам тэмпературы. У выпадку стабільнага надвор’я тэмпературны рэжым можна забяспечваць з дапамогай таймера, а пры выхадзе значэння тэмпературы за ўстаноўленыя рамкі мікракантролер кіруе награвальным ці ахаладжальным устройствам. Для аховы памяшканняў насупраць лазернага святлодыёда ўстанаўліваецца датчык. Пры перасячэнні “парушальнікам” праменя спрацоўвае апавяшчэнне. Гэта можа быць і гукавы сігнал, і электроннае апавяшчэнне, і іншыя варыянты.
“Сістэма аховы мае вядомыя прынцыпы, але сутнасць не ў ёй, — тлумачыць Уладзіслаў. — Асноўнай маёй задачай было распрацаваць сістэму паліву і ацяплення, а ахова будынка дачы з’явілася ў маёй сістэме, каб паказаць яе ўніверсальнасць, якой можна надаць абсалютна любыя функцыі. У бліжэйшы час я планую дабавіць яшчэ датчык шкодных газаў, і сігналізацыя спрацуе, калі адбудзецца ўцечка газу; датчык руху для аўтаматычнага ўключэння святла, калі чалавек заходзіць у памяшканне ці выходзіць на двор, і некаторыя іншыя”.
Падчас прэзентацыі былі прапановы паклапаціцца і аб тым, каб “Разумная дача” разам з тым, што яна стала эканамічнай, максімальна знізіла выдаткі за газ, награванне вады і яе расход, каб яшчэ і сама плаціла па рахунках. Па словах аўтара, тэхнічна гэта зрабіць нескладана, але няма неабходнасці: сёння і так спрошчана сістэма аплаты, і ўжо даўно ніхто не стаіць у чэргах для аплаты такіх паслуг.
Безумоўна, вызначальны ў гэтай сістэме кошт, які цалкам залежыць ад колькасці функцый. А кожная функцыя — гэта дадатковы датчык. Іх Уладзіслаў распрацоўваў і збіраў самастойна, але іх можна набыць у магазіне. Цана вагаецца ад 50 да 80 тысяч. Так, кошт датчыкаў для “Разумнай дачы” склаў каля 50 долараў, але асноўны кошт самой сістэмы складзе кошт абсталявання.
Праект Уладзіслава ўжо паспеў заваяваць гучныя перамогі. Напрыклад, яго ацанілі на BelSEF (Беларускім навукова-інжынерным конкурсе). На Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у секцыі “Інфарматыка” ён атрымаў абсалютную перамогу і залаты медаль. Літаральна ў бліжэйшыя дні праект адправіцца ў Нарвегію на міжнародны конкурс.
Дарэчы, праект, які хлопец прадстаўляе, не першы раз заваёўвае ўвагу журы. У мінулым годзе, напрыклад, яго распрацоўка “Арганізацыя сувязі транспарту і энергазабеспячэння месяцовых баз” была ўдастоена дыплома на Рэспубліканскай канферэнцыі-конкурсе “Адысей: мы і космас”, дыплома I ступені Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, спецыяльнага дыплома Міжнароднай навуковай канферэнцыі школьнікаў “Сахараўскія чытанні”.
Пажадаем нашым маладым вынаходнікам поспехаў!

 

Святлана НІКІФАРАВА.