Іна ВІННІК: “Выбірала паміж сініцай у руцэ і жураўлём у небе, а атрымала крыштальнага голуба”

- 14:08Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Імя Іны Рычардаўны Віннік, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, добра вядома не толькі педагагічнай грамадскасці Міншчыны, але і далёка за межамі нашай краіны. Іна Рычардаўна — актыўны ўдзельнік і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яна — лаўрэат сёлетняга Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, лаўрэат конкурсу выкладчыкаў-русістаў Сусветнага фестывалю рускай мовы, уваходзіць у склад творчай групы Асацыяцыі “Конкурс” па распрацоўцы заданняў рэспубліканскага конкурсу “Жураўлік”. У творчай скарбонцы настаўніцы шмат яркіх выступленняў, у тым ліку майстар-клас на І Міжнародным форуме русістаў краін Усходняй і Заходняй Еўропы ў Варшаўскім універсітэце. А сёлета Іна Рычардаўна пакарыла яшчэ адну прафесійную вяршыню: стала абсалютным пераможцам І Міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”. Акрамя таго, яна заваявала дыплом у намінацыі “За мастацтва публічнага выступлення”, узнагароджана нагрудным сярэбраным знакам “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”, памятным знакам ад Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры “За поспехі ў выкладанні рускай мовы і літаратуры”. У Бажэнаўскай зале Вялікага палаца ў Царыцына І.Р.Віннік атрымала гэтыя ўзнагароды. Аб тым, што прывяло настаўніцу да перамогі, якія праблемы ў выкладанні рускай мовы і літаратуры існуюць сёння ў школе і як іх вырашаць, наш карэспандэнт гутарыць з Інай Рычардаўнай.

— Іна Рычардаўна, віншуем вас з абсалютнай перамогай у конкурсе! Раскажыце, калі ласка, пра гэтыя спаборніцтвы. Як вы туды патрапілі? Што ў іх для вас аказалася найбольш складаным?
— Дзякуй за віншаванні. Найбольш цяжкім быў цэйтнот. Але ён са мною амаль усё жыццё. Першым я вымавіла, на жаль, не слова “мама”, а адразу два словы па-руску: “папа” і “часы”, бо прачыналася раніцой разам з гадзіннікам, які будзіў тату на працу. Так увесь час недахоп часу (прабачце за каламбур) проста праследуе мяне, а я спрабую падмануць яго, імкнуся застрэліць двух, а то і трох зайцаў зараз.
Паведамілі мне пра конкурс і падтрымалі на шляху да фіналу метадысты Мінскага абласнога ІРА Т.І.Паўлючэнка і А.А.Махавікова. Гэта быў час падрыхтоўкі да абласнога конкурсу даследчых работ вучняў, раённага этапу алімпіяды, набліжаўся канец чвэрці, я выконвала тэсты і кантрольныя работы і пісала рэферат на дыстанцыйных курсах у АПА… — цэйтнот!
Прайшла тэставую частку першага тура, з вялікім задавальненнем выконвала творчыя заданні. З аднаго боку, трымала сітуацыю пад кантролем, з другога — адпусціла яе, не ставіла мэту перамагчы. Тым болей, не прадбачыла, што выберуць толькі аднаго фіналіста ад краіны. Дарэчы, у конкурсе прынялі ўдзел каля 300 настаўнікаў з краін СНД і Балтыі, Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Паўднёвая Асеція.
Не думала, што так пашанцуе — трэці раз за год трапіць у Маскву: у верасні стала лаўрэатам ХІІІ Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, у сакавіку мае вучні атрымалі дыплом І ступені на адной з секцый Міжнароднай канферэнцыі “Мовазнаўства для ўсіх”. А ў чэрвені мой сын павінен быў удзельнічаць у фінале ХІІІ Міжнароднай алімпіяды па рускай мове, якую праводзіў МДУ імя М.Ламаносава, але яе тэрмін супаў з нашым ЦТ.
У лістападзе збіралася на моўную выставу ў Берлін “Экспалінгва-2013”. З нецярпеннем чакала гэтай паездкі, якая дала б магчымасць трапіць у Аўстрыю, Германію, Чэхію і Польшчу. Па іроніі жыцця яе тэрмін супаў з фіналам конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”. За паўдня трэба было зрабіць выбар паміж сініцай у руцэ і жураўлём у небе. Рызыкнула: выбрала жураўля. А вярнулася з крыштальным голубам — галоўнай узнагародай конкурсу.
Рыхтуючыся да фіналу, вялікую падтрымку адчула з боку Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску (Рассупрацоўніцтва). Вучні і настаўнікі нашай школы ўдзячны яго супрацоўнікам і асабіста кіраўніку Віктару Аляксандравічу Малашанку за кнігі, якія былі падораны, прычым двойчы: у сувязі з Днём настаўніка і Днём маці і ў сувязі з маёй перамогай. Я ўдзячна Паслу Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандру Аляксандравічу Сурыкаву за віншаванні з перамогай і каштоўны падарунак.
У Маскве было нялёгка і фізічна (чатыры выпрабаванні за два дні), і псіхалагічна, бо быць на сцэне, ля дошкі — звыклы для мяне фармат, а сядзець роўненька перад камерай і даваць інтэрв’ю — новы вопыт. Да таго, што мяне здымаюць, калі выступаю на сцэне, стаўлюся даволі спакойна. А вось сам-насам з камерай — гэта іншае. Але настаўніку патрэбен новы вопыт. Калі, напрыклад, я прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе відэаўрокаў, для мяне гэта была барацьба ў першую чаргу з самой сабой, з маёй нелюбоўю да відэаздымання.

— Хто і якім чынам прывіў вам любоў да мовы і літаратуры? Як вы думаеце, калі б не педагогіка, то ў якую сферу дзейнасці вы б звярнуліся?
— Мая матуля па адукацыі не філолаг, але бібліяфіл. Здаецца, ні аднаго вечара не бачыла яе без кніжкі ў руцэ. Яна ніколі не казала “чытай”, проста чытала сама, чытала нам з братам, чытала разам з намі. Дапамагала пісаць сачыненні, тлумачыла, як важна запамінаць новыя, незвычайныя, дзіўныя словы. І ўмела слухаць. Проста садзілася і ўважліва слухала, як я распавядала, напрыклад, які білет выцягнула студэнткай на экзамене, што і як адказвала, якія пытанні задаў выкладчык. Я баялася, што аднойчы яна скажа: “Інеса, я нічога не разумею ў тваёй старажытнаславянскай мове ці гістарычнай граматыцы”. Але яна ніколі так не сказала.
Мае бацькі — мае сапраўдныя сябры — прывівалі не толькі любоў да мовы і літаратуры, але і любоў да пазнання, да вучобы. Цяжка сказаць, які прадмет у школе я не любіла. Мае настаўнікі, такія розныя, навучылі мяне многаму, што дае свае ўсходы нават цяпер, праз чвэрць стагоддзя. Я вучылася ў клецкай сярэдняй школе № 2. Там крыніцы маіх здольнасцей, самастойнасці, настойлівасці, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, творчасці, любові да жыцця, умення быць удзячнай. І сёння я хачу сказаць сваім дарагім настаўнікам: “Мая перамога — гэта і ваша перамога!”
Не скажу, што мой выбар прафесіі быў свядомы. Я выбірала амаль да канца 11 класа, у адрозненне ад майго старэйшага сына, які выбраў хімію з 8 класа і мэтанакіравана імкнуўся стаць студэнтам БДУ, што ў яго і атрымалася. Веды школа мне дала ўсебаковыя, таму прызавыя месцы на раённых алімпіядах я брала па такіх розных прадметах, як біялогія, фізіка, інфарматыка, руская мова. Па двух апошніх я ўдзельнічала ў абласных алімпіядах, па рускай мове — і ў рэспубліканскай. Калі на першым курсе мяне спыталі: “Ты так моцна любіш дзяцей, што абрала педагагічную ВНУ?” — я адказала: “Я люблю рускую мову”. І беларускую — не меней. Любоў да прафесіі прыйшла дзякуючы выкладчыкам Мінскага педінстытута, які за час маёй вучобы атрымаў статус універсітэта: Я.В.Перавознай, Л.П.Дзямідзенка, Т.Г.Козыравай, С.М.Шардыку, М.Г.Булахаву, У.І.Ганчарову, Т.Г.Трафімовіч і многім іншым. Любоў да дзяцей прыйшла разам з пачаткам работы і зносін з імі.
Думаю, нават калі б не стала настаўніцай, усё роўна выбрала б мову, можа, так любімую мною нямецкую, стала б перакладчыкам.

— Іна Рычардаўна, што для вас было ці з’яўляецца самым простым і самым складаным у рускай мове, і як пераадолець гэтыя складанасці?
— Самае простае і самае складанае ў любой мове — уважлівасць да кожнага слова і кожнай літары. Складана знайсці трапнае слова, слова, якое раскрые сэнс з’явы ў поўнай ступені. Райнэр Рыльке пісаў: “Я так боюсь человеческих слов, в них кажется всё настолько простым…” Фёдар Цютчаў папярэджваў: “Мысль изречённая есть ложь…”
Славеснасць — цэлы свет, і ў кожнага ён свой. Напрыклад, пры словах “бабулін дом” у сотні чалавек узнікне сто, а то і дзвесце розных вобразаў, а нам хочацца верыць, што мы разумеем адно аднаго. Цяжка і тое, што часта людзі чуюць тое, што хочуць пачуць, а не тое, што ім гаворыць субяседнік. З другога боку, гэта робіць свет шматгранным і цікавым.
Вывучэнне рускай мовы, як і многіх ін шых, патрабуе цярпення і сілы волі. Польскія студэнты пагадзіліся са мной, што для іх цяжкім з’яўляецца націск у рускай мове, бо ў польскай ён, як вядома, нерухомы і прыпадае на перадапошні склад. Для многіх іншых маіх сяброў з Еўропы складанай з’яўляецца і руская артыкуляцыя, і чаргаванні гукаў у рускай мове. Нам, беларусам, ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму цяжкасцю здаецца вялікая колькасць арфаграфічных “але” рускай мовы. Як пераадолець гэтую цяжкасць? Гэта, канечне ж, тэма для асобнага артыкула. Але галоўнае — практыка, адпрацоўка пэўнага навыку рацыянальнымі спосабамі. Мэтазгодна і спалучэнне розных відаў памяці, і прымяненне асацыяцый, і рэгулярнае чытанне, асабліва ўслых.

— А якія, на ваш погляд, сёння найбольш актуальныя праблемы ў выкладанні рускай мовы і літаратуры?
— Мае сябры з замежных краін на першую пазіцыю ставяць праблему матывацыі пры вывучэнні мовы. І самая моцная матывацыя — эканамічная. Мне пашчасціла выкладаць рускую мову як замежную ў турэцкіх студэнтаў (праўда, вельмі кароткі час). Іх матывацыя была на высокім узроўні, бо прафесія выкладчыка і перакладчыка дазваляе ім разлічваць на высокі заробак. Матывацыя да вывучэння моў у нас абумоўлена многімі фактарамі, са знешніх назаву хаця б неабходнасць выпрабаванняў на ЦТ. Гэта моцны матыў. Сапраўднай асобе патрэбны не толькі вузкія, спецыяльныя кампетэнцыі, але і метапрадметныя. Актуальным з’яўляецца і высокі ўзровень культурнай граматнасці. Мова і літаратура — і інструмент, і неабходныя складнікі пералічанага.
Мне пашчасціла ў чэрвені трапіць у Варшаўскі ўніверсітэт на І Міжнародны форум настаўнікаў і выкладчыкаў рускай мовы краін Усходняй і Заходняй Еўропы, я нават праводзіла там майстар-клас. Калі гаворка ішла пра такую тэндэнцыю ў адукацыі, як дыстанцыйнае навучанне, узнікла дыскусія. З аднаго боку, такая форма вельмі актуальная, асабліва для мегаполісаў, з другога боку, востра паўстае пытанне ідэнтыфікацыі навучэнца і аб’ектыўнасці маніторынгу.
Вельмі важным фактарам з’яўляецца асяроддзе, соцыум. Дваццаты год я жыву і працую у аграгарадку Сноў — вядомай на ўсю краіну гаспадарцы. Інфраструктура, якая тут створана, дазваляе жыхарам адчуваць сябе амаль гарадскімі жыхарамі: шасціпавярховы Дом культуры і адпачынку, музычная школа, школа мастацтваў, бібліятэка, спартыўна-аздараўленчы цэнтр, стадыён, басейн. Трыццаць хвілін — ты ў Баранавічах, дзве гадзіны — у Мінску. Намаганнямі нашых шэфаў — СПК “АК Сноў” — зроблена футбольнае міні-поле са штучным пакрыццём, і штогод праводзіцца рамонт школы. Праўленне агракамбіната выплачвае стыпендыі таленавітым вучням — пераможцам алімпіяд, канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў.
Калектыў школы — творчыя, старанныя і адказныя людзі. Кожны тыдзень з’яўляюцца на стэндзе аб’явы пра перамогі вучняў і настаўнікаў у розных конкурсах. Дырэктар школы Галіна Васільеўна Радаман і яе намеснікі заахвочваюць і ствараюць неабходныя ўмовы для творчасці. Гэта дазваляе нашай школе шмат гадоў быць сярод лідараў раёна, а ў гэтым годзе стаць лепшай па вучэбнай рабоце сярод школ, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці Мінскай вобласці. Упэўнена: у іншай школе я была б іншым настаўнікам.

— Іна Рычардаўна, адна з праблем, якая хвалюе педагогаў, — зніжэнне чытацкага інтарэсу школьнікаў і разам з гэтым чытацкай культуры. На вашу думку, як павысіць матывацыю вучняў да чытання мастацкай літаратуры? Якія метады і прыёмы вы выкарыстоўваеце?
— Нельга знайсці панацэю ў гэтым напрамку. Шляхі розныя і ў кожным канкрэтным класе, і пры вывучэнні канкрэтнага твора. Дзясяты год выкарыстоўваю ў сваёй практыцы прыёмы і стратэгіі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо і тэхналогію педагагічных майстэрняў, якім вучылася ў Санкт-Пецярбургу. Тры кіты ў выкладанні літаратуры — увага да слова, праблемнасць і выразнае чытанне настаўніка. Не прызнаю танных эфектаў у выкладанні літаратуры. Нават майстэрня павінна быць не знешне эфектнай, а ўнутрана эфектыўнай. Урок літаратуры, на мой погляд, — гэта ў першую чаргу ўрок работы з мастацкім словам. Відовішчы — для пазакласнай работы.
Часта выкарыстоўваю такую простую і эфектыўную методыку, як чытанне з прыпынкамі. Тэкст загадзя падзяляецца настаўнікам на адрэзкі, паміж якімі гучаць пытанні прагназуючага характару. Напрыклад: “Як выглядае персанаж з такой мовай?” або “Што адкажа герой?” і г.д. Вучні прапануюць адказы. Настаўнік выпраўляе толькі памылкі фактычнага характару, потым чытае наступны абзац, які і з’яўляецца адказам на пастаўленае пытанне. Вучні не павінны ад зін у адзін адгадаць аўтарскі варыянт, яны спасцігаюць яго праз здзіўленне, параўноўваюць з тым, што намалявала іх фантазія — такім чынам, становяцца актыўнымі чытачамі. Тыя апавяданні, што планую вывучаць па гэтай методыцы, наўмысна не ўключаю у спіс літаратуры на лета, бо тэкст павінен быць абсалютна незнаёмым.
Настаўніку цяжка выхаваць любоў да кнігі без сям’і вучня. Я выкладала мову і літаратуру ў свайго старэйшага сына. Памятаю, як ён паскардзіўся мне на мяне, маўляў, задала шмат старонак чытаць. Гэта быў “Рэвізор” М.Гогаля. Я ўспомніла сваю матулю і прапанавала чытаць разам, па ролях. У выніку ён спытаў супрацьлеглае: “Усё? Мы ўжо ўсё прачыталі?”
Хтосьці абраў бы іншы шлях, але галоўнае — падтрымка.

— Як вы ставіцеся да таго, што вельмі шмат часу дзеці праводзяць у інтэрнэце?
— Рытарычнае пытанне. Як бы я да гэтага ні ставілася, я не магу не прызнаць, што гэта частка нашага часу, нашага жыцця. Гавораць: “Мы жывём у няпросты час, у ХХІ стагоддзі…” А калі час быў простым? Тут можна напісаць любое стагоддзе. Якую біяграфію пісьменніка мы б ні вывучалі, можна сказаць: “Няпросты час”.
У сувязі з вашым пытаннем узгадваецца эксперымент мужа і жонкі Харлоу. Малпачак яны змясцілі ў клетцы, дзе замест бацькоў былі каркасы, абцягнутыя футрам. Звяркі нармальна развіваліся, набіралі вагу, нават далі патомства. Але яны злаваліся на сваіх дзяцей, білі іх, бо не навучыліся ў дзяцінстве быць з дарослымі ў жыцці, і таму самі не сталі сапраўднымі бацькамі.
Камп’ютар і тэлевізар часта і ёсць тыя ж абцягнутыя футрам жалезныя каркасы. Часу не хапае, але для сваіх дзяцей трэба яго шукаць. Дзіця хоча пацвярджэння таго, што яго бачаць, чуюць, разумеюць. Зносіны і сумесная работа — лепшыя складнікі выхавання.

— Моўная свабода ў інтэрнэт-прасторы адмоўна сказваецца на пісьменнасці дзяцей? Як вы змагаецеся з няўважлівымі адносінамі да моўных норм?
— Адкажу цытатай з аднаго свайго эсэ: “Приду. Увижу. Победю. Или побежу? Или побежду? Или… А зачем? Лучше открою. Новую дверь в новый день”. Я стараюся ў першую чаргу не змагацца з парушэннямі, а вучыць нормам. Метады розныя: і рыфмоўка са словамі, нормы ў якіх не выклікаюць сумненняў, і асацыятыўныя малюнкі, і інш. Важнымі з’яўляюцца і прынцыпы прапедэўтыкі і сістэматычнасці, і выкарыстанне для фарміравання моўнай культуры магчымасцей выхаваўчага працэсу.

— Іна Рычардаўна, вы рыхтуеце школьнікаў да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. І яны там дабіваюцца поспеху. У чым сакрэт гэтага поспеху? Раскажыце пра апошнія найбольш значныя дасягненні вашых вучняў.
— Каб запаліць вучня, трэба гарэць самому. Я сама люблю даследаваць. Мабыць, гэта жаданне перадаецца і маім вучням, і маім дзецям. Мая малодшая дачка Віталіна ўдзельнічае ў даследаваннях з 1 класа. Даследчая работа — працэс доўгі, карпатлівы, ён патрабуе цярплівасці, дасканаласці, умення планаваць свой час, быць уважлівым да кожнай дэталі.
Мая вучаніца Ганна Паўлючак, выпускніца гэтага года, два апошнія гады запар атрымлівала дыпломы ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па рускай мове.
Для адораных дзяцей складаецца індывідуальны план развіцця, які ўвесь час удакладняецца, бо жыццё прапаноўвае цікавыя праекты, ад якіх нельга адмовіцца. Але мой прынцып — бачыць не толькі адораных, але проста здольных, і даваць ім магчымасць раскрыцца; быць уважлівай да ўсіх. Адна мая вучаніца, якая зараз піша сачыненні лепш за ўсіх маіх вучняў, на жаль, ужо ў 11 класе і ўдзельнічаць у конкурсах стала толькі ў мінулым годзе. Шкадую, што не разглядзела яе раней.
Мае вучні тройчы атрымлівалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені на рэспубліканскім эпісталярным конкурсе і іншых конкурсах сачыненняў, да якіх я вельмі люблю рыхтаваць. Гэта зусім няпроста, але дазваляе раскрыцца вельмі многім дзецям. Адчуваць, як нараджаецца ідэя, як знойдзены трапны выраз, бачыць, як вучань столькі дзён разам з табой песціць думку пра адно і тое ж, шле табе электронныя лісты з чарнавікамі — гэта дарагога каштуе, асабліва калі ты выкладаеш рускую мову ў беларускамоўнай правінцыяльнай школе. Гэта вельмі важна, не меней важна, чым падрыхтаваць алімпіядніка. Дарэчы, два мае вучні два гады назад атрымалі дыпломы І і ІІІ ступені на Міжнароднай пецярбургскай алімпіядзе па рускай мове і культуры для школьнікаў краін СНД і Балтыі.
Мой сын у мінулым годзе атрымаў дыплом І ступені на Рэспубліканскім творчым конкурсе даследчых работ “Праз творчасць у прафесію жыцця”. Гэта вынік не толькі маёй работы, але і яго настаўніцы хіміі, маёй калегі Вольгі Мяфодзьеўны Даўшко. Менавіта яна дапамагала мне рыхтавацца да конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці”, як і да іншых творчых конкурсаў. Дапамагае мне і падтрымка маёй сям’і, маіх бацькоў, маёй дарагой свекрыві.

— А чым вы яшчэ захапляецеся ў жыцці? У вас ёсць хобі?
— Творчасць і ёсць маё хобі. Я ўдзельнічаю ў спектаклях і канцэртах, якія ставіць народны тэатр “САМІ” (самастойныя, актыўныя, мабільныя, ініцыятыўныя) пад кіраўніцтвам таленавітага рэжысёра нашага былога выпускніка Аляксея Дунчанкі. Два гады запар мы станавіліся з ім дыпламантамі рэспубліканскага конкурсу “Ёлка-фэст”.
Люблю паўказкі Фелікса Крывіна з іх знешняй прастатою і наіўнасцю і ў той жа час глыбокім філасофскім сэнсам. Напісала некалькі сваіх у яго стылі. Наогул, пісаць вельмі люблю. Два эсэ на Пушкінскі конкурс пісала, адточваючы кожнае слова, не спяшаючыся, патроху кожны дзень на працягу некалькіх месяцаў.

— Іна Рычардаўна, на парозе 2014 год. А Новы год — гэта заўсёды чаканне цудаў. З якім настроем рыхтуецеся да яго вы? Чаго чакаеце? Якія планы на найбліжэйшую будучыню? Чаго б пажадалі сваім калегам?
— Новы год — маё любімае свята, уяўляю яго, як малюнкі на паштоўках з дзяцінства. Адчуваю радасць ад таго, што яно хутка надыдзе, і невялікае хваляванне: сын здае першую сесію, а ў мяне мае адбыцца экзамен на катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
У новым годзе ў першую чаргу чакаю поспехаў у маіх вучняў і маіх уласных дзяцей. Мару пра тое, каб было жаданне і сілы ставіць новыя мэты і ісці да іх, хай нават маленькімі крокамі. Спадзяюся, што ўбачыць свет мая кніга “Пяць майстэрняў”.
Жадаю вам, дарагія калегі, не заўсёды верыць гараскопам і не верыць забабонам. У пятніцу, 13-га, нарадзілася мая дачушка, нягледзячы на чортаў тузін, разумніца і прыгажуня. 13-ты год прынёс шмат рэспубліканскіх і міжнародных перамог мне і маім вучням, стаў студэнтам мой сын… Я пачула шмат цудоўных слоў і пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, не згубіла правераных старых сяброў, пачынаю новы год з мноствам цікавых творчых планаў і крыштальным голубам у руцэ.
Калі вам сумна, успамінайце адну з любімых парад псіхолагаў: “Не можаш змяніць абставіны — змяні стаўленне да іх”. Умейце радавацца прыемным дробязям, бо і з іх таксама, як з пазлаў, складаецца наша жыццё!

— Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вам у рэалізацыі задуманага!
З надыходзячым Новым годам!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.