17 гадоў настаўніцкая сям’я Трыфанавых разам у прафесіі і па жыцці

- 12:00Индекс успеха, Могилевская область, Учительский дуэт

Імкненне да педагогікі і ўсебаковае захапленне фізікай — менавіта гэта ў свой час паспрыяла стварэнню згуртаванай настаўніцкай сям’і Міхаіла і Паліны Трыфанавых з Круглянскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Лёс Міхаіла Міхайлавіча і Паліны Браніславаўны вызначаны іх свядомым прафесійным выбарам. Абое пайшлі настаўніцкай дарогай і сталі студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова.

— І зараз дакладна помню нашу першую сустрэчу. Мы пазнаёміліся ва ўніверсітэцкім інтэрнаце. Усмешлівы, пазітыўны, добразычлівы хлопец адразу мне спадабаўся, — падзялілася ўспамінамі Паліна Бранісла­ваўна.

— Я таксама заўважыў прыгожую, ветлівую дзяўчыну. А калі пазнаёміліся бліжэй, зразумеў: яна тая, з кім заўсёды хочацца быць побач, — дадаў Міхаіл Міхайлавіч.

Ажаніліся Міхаіл і Паліна Трыфанавы яшчэ ў студэнцтве. І ўжо сямнаццаць гадоў крочаць разам па жыцці. Сумесна прайшлі прафесійнае станаўленне, адбыліся як педагогі.

— Маладымі спецыялістамі мы прыехалі настаўнічаць на маю малую радзіму — у Круглянскі раён. Так тут і затрымаліся, хоць і былі прапановы паехаць у абласны цэнтр. Пачыналі праца­ваць у Комсеніцкай школе. Зараз выкладаем у сярэдняй школе № 1 Круглага, але я працягваю далучаць да таямніц фізікі і вясковых вучняў, — расказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Свае ўрокі педагогі Трыфанавы будуюць на прынцыпах практыкаарыентаванасці, метапрадметнасці і даследчым метадзе. Настаўнікі стараюцца максімальна наблізіць вывучэнне прадмета да рэальнасці.

— Фізіка — складаная, але вельмі цікавая навука. Праз ці­кавасць і захапляем ёй вучняў. Рэгулярна напаўняем заняткі доследамі. Адна справа — пераказаць тэму па падручніку, і зусім іншая — правесці эксперымент, прадставіць фізічную з’яву на даступным прыкладзе. Даследаванні і эксперыменты навучэнцы заўсёды ўспрымаюць з энтузіязмам, у дзяцей блішчаць вочы, яны пачынаюць самастойна імкнуцца да пошуку ведаў, — адзначыла Паліна Браніславаўна.

Трыфанавы шырока выкарыстоўваюць на ўроках і тэхналогію праблемнага навучання. Заняткі пачынаюць з незвычайнага пытання ці гіпотэзы і на працягу 45 мінут разам з вучнямі шукаюць адказы, вучаць іх крытычна думаць, ставіць мэты і вызна­чаць спосабы іх дасягнення, аналіза­ваць і рабіць высновы. Прычым няправільныя здагадкі настаўнікі ніколі адразу не папраўля­юць. Яны ўпэўнены: дзеці павінны самі ўбачыць свае памылкі і іх выправіць. Настаўнікі нагадваюць навучэнцам пра тое, што памылка ці дрэнная адзнака — гэта не трагедыя, а падстава для работы над сабой.

— Вельмі важнай лічым па­зітыўную псіхалагічную атмасферу ў класе. Стараемся развіваць навыкі ўзаемадапамогі ў вучняў, ствараць для кожнага сітуацыю поспеху, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.

— Эфектыўнасці ў адукацыі не дасягнуць і без матывацыі. Ніколі не шкадуем для навучэнцаў пахвалы, падтрымліваем іх, паказ­ваем, што верым у іх здольнасці, — заўважыла Паліна Браніславаўна.

Такі педагагічны падыход прыносіць адпаведныя вынікі. У класах Міхаіла і Паліны Трыфанавых даволі высокая вучэбная паспяховасць. На іх урокі школьнікі ідуць з задавальненнем, а на перапынках не спяшаюцца разыходзіцца. Вучні добра праяўляюць сябе ў праектнай дзейнасці, неаднаразова стана­віліся пераможцамі разнастайных даследчых конкурсаў.

Адметна, што значную ролю ў рабоце Міхаіл Міхайлавіч і Паліна Браніславаўна адводзяць не толькі трывалым ведам, але і выхаванню падрастаючага пакалення. Педагогі развіваюць у дзецях самастойнасць і адказнасць, фарміруюць асноўныя духоўна-маральныя якасці.

— Мы выкладаем фізіку і інфарматыку. На першы погляд, гэтыя прадметы маюць невялікі выхаваўчы патэнцыял. Аднак, калі праводзіць урокі творча і метапрадметна, магчыма ў лёгкай і ненадакучлівай форме ўклад­ваць у вучняў правільныя арыенціры. Імкнёмся, каб нашы навучэнцы выходзілі са школы дастойнымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі, — падкрэслілі настаўнікі.

Гэтак жа, як і вучняў, Міхаіл і Паліна Трыфанавы выхоўва­юць уласных дзяцей. Яны гадуюць траіх сыноў. Павел, Раман і Антон — сапраўдная бацькоўская гор­дасць. Хлопцы выдатна вучацца, займаюцца спортам, музыкай і творчасцю.

— Мы вельмі ганарымся сынамі. Яны актыўныя, працавітыя, добрыя. Любую вольную хвіліну стараемся праводзіць разам з імі. У нас ёсць традыцыі: усёй сям’ёй катаемся на веласіпедах, перыядычна выязджаем на рыбалку ці ў падарожжы па Беларусі. Такія вандроўкі даюць дзецям шмат яркіх уражанняў і цёплых успамінаў, станоўча ўплываюць на іх выхаванне, — перакананы Міхаіл Міхайлавіч і Паліна Браніславаўна.

Амаль увесь час Міхаіл і Паліна Трыфанавы праводзяць ра­зам. Яны галоўная падтрымка адно для аднаго ва ўсіх справах і пачынаннях. Па іх меркаванні, у гэтым аснова сямейнага шчасця.

— Акрамя кахання, патрэбны ўзаемапавага і давер, адзінства поглядаў і каштоўнасцей. У нас аднолькавыя мэты і памкненні. Гэта дапамагае і ў прафесіі, і ў жыцці, — запэўнілі педагогі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара