«300 талентаў для Каралевы»: наймацнейшымі зноў аказаліся прадстаўнікі Гомельшчыны

- 14:18Новости

У агульнакамандным заліку на заключным этапе ІХ Рэспубліканскага лёгкаатлетычнага спартыўна­масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы” пяты раз запар наймацнейшымі аказаліся прадстаўнікі Гомельшчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На 2-м месцы — юныя лёгкаатлеты Гродзеншчыны, на 3-м — Магілёўшчыны.

Арганізатарамі чатырохдзённага спаборніцтва, якое праходзіла на базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, выступілі міністэрствы адукацыі, спорту і турызму, а таксама Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.

— Мерапрыемства право­дзіцца з 2015 года з мэтай павышэння якасці спартыўнай і спартыўна-масавай работы ва ўстановах адукацыі, папулярызацыі лёгкай атлетыкі, адбору перспектыўных школьнікаў для вучобы ў СДЮШАР і ДЮСШ, — расказаў кіраўнік БФЛА Іван Ціхан. — Лёгкая атлетыка каштоўная тым, што з’яўляецца базавай для ўсіх відаў спорту і ўключае агульнафізічную пад­рыхтоўку. Гэта асабліва важна для малодшых школьнікаў, якія толькі знаёмяцца са спортам ці робяць першыя крокі ў ім. Так, у мінулагодніх ІІ Гульнях краін СНД удзельнічалі юнакі і дзяўчаты, якія пачыналі шлях у лёгкую атлетыку менавіта з “300 талентаў для Каралевы”.

Спаборніцтва праводзілася па правілах сусветнай лёгкай атлетыкі і палажэннях БФЛА. Яго ўдзельнікі выконвалі спартыўныя тэсты ў рамках вучэбнай праграмы па фізкультуры: наймацнейшых вызначалі ў эстафеце 8х50 метраў, кіданні мяча, скачках у даўжыню, бар’ерным бегу і бегу на 500, 600 і 800 метраў. Якасць выканання гэтых практыкаванняў ацэньвалі спецыялісты БФЛА і старшыя трэнеры нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, акрамя двухразовага чэмпіёна свету ў кіданні молата Івана Ціхана, сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі член выканкама Беларускай асацыяцыі школьнага спорту Настасся Мірончык-Іванова і алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў Юлія Несцярэнка, якая таксама пачынала спартыўны шлях з дзіцячых спаборніцтваў.

— Менавіта на іх адчула першы смак перамогі, азарту і барацьбы, — прызналася Юлія Несцярэнка. — Спартыўныя мерапрыемствы для дзяцей надзвычай важныя, бо спорт — універсальны інструмент для развіцця фізічна моцнага і мэтанакіраванага чалавека.

Знакамітая брэстаўчанка часта сустракаецца з юнымі спартсменамі і школьнікамі, праводзіць для іх майстар-класы, якія вельмі натхняюць моладзь. У такіх асобах, як Юлія Несцярэнка, дзеці бачаць прыклад, таму яна ніколі не адмаўляе ім у сустрэчах.

Нягледзячы на напружаную барацьбу, спартыўнае свята падарыла яго ўдзельнікам шмат радасці і ўсмешак. Пераможцы і прызёры мерапрыемства вызначаліся сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у індывідуальным і камандным першынствах, а таксама ў розных узроставых катэгорыях і відах спаборніц­тваў. Без падарункаў не застаўся ніхто!

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара