Нядаўна на кніжнай паліцы Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” з’явілася новае выданне — “Настаўнік года — 2023”. Кніга, пад вокладкай якой гісторыі яркіх, самабытных і самаадданых педагогаў.
Героі кнігі — фіналісты рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”, які з трыумфам прайшоў у мінулым годзе. Яны ж героі публікацый журналістаў “Настаўніцкай газеты”. Калі задумваўся і пачынаўся цыкл матэрыялаў, прысвечаных канкурсантам, мы не думалі пра кнігу. Хацелася проста пазнаёміцца, каб зразумець матывы, ацаніць прафесійныя дасягненні і магчымасці. І, канечне, расказаць іншым, прадставіўшы вялікай супольнасці беларускіх педагогаў гэтых смелых, амбіцыйных калег.
Але калі дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская прапанавала аб’яднаць усе напісаныя нарысы, інтэрв’ю, эсэ ў кнігу, то стала зразумела, што гэта лагічны завяршальны акорд вялікай калектыўнай працы. У выніку кніга атрымалася яркай, прыгожай, змястоўнай. Яна мае характэрныя асаблівасці, бо адзіная і непаўторная ў сваім родзе. На яе старонках цікавыя гісторыі прафесійнага станаўлення, педагагічныя адкрыцці, метадычныя знаходкі 56 лепшых педагогаў краіны.
Некаторыя паспелі ўжо стаць сапраўднымі сябрамі і аўтарамі “Настаўніцкай газеты”, бо не навічкі ў конкурсным руху. І тут адразу прыгадваюцца настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святлана Здаранкова і настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс. Ды і прозвішча настаўніка геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Андрэя Трэя на слыху.
А некаторыя сталі сапраўдным адкрыццём. І тут гаворка найперш пра пераможцу конкурсу “Настаўнік года — 2023” настаўніка выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргея Шамінскага. Адразу ўспамінаецца суперфінал конкурсу, дзе Сяргей Міхайлавіч скарыў не толькі журы, але і ўсю залу гледачоў. Шчыры, заўсёды з усмешкай, спакойны і разважлівы, адказваў на пытанні, вырашаў педагагічныя сітуацыі і праводзіў міні-ўрок на сцэне.
Запомнілася, як літаральна за 15 мінут педагог прадэманстраваў уплыў мастацтва на развіццё дзіцяці. Яшчэ Сяргей Міхайлавіч віртуозна мяняў віды дзейнасці. Чырвонай лініяй праз урок праходзілі любоў і клопат пра дзяцей. Было весела, эмацыянальна і пазнавальна. Натуральна, наша кніга пачынаецца з гісторыі Сяргея Шамінскага, такой жа цёплай і кранальнай, як сам герой.
Далей ідуць гісторыі іншых удзельнікаў, не менш таленавітых і творчых педагогаў, якія быццам нанізваюцца адна на адну, пашыраючы гарызонты прафесіі педагога. Абсалютна кожны адметны і непаўторны, моцны сваімі ведамі і вопытам. Але ўсе яны маюць агульную мэту — навучыць і правільна выхаваць маленькага чалавека, дапамагчы яму раскрыцца і ўсвядоміць сваю каштоўнасць.
Кніга “Настаўнік года — 2023” дае магчымасць убачыць і ацаніць маштаб асобы фіналістаў, сілу іх інтэлекту, педагагічны кругагляд, маральныя якасці і каштоўнасныя арыенціры, прыклад любові да прафесіі і адданасці выбранай справе. Магчыма, для некага яна стане матыватарам і дапаможа зрабіць крок наперад. Прынамсі, вельмі спадзяёмся.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара