На сустрэчы з педагогамі Віцебшчыны дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук падкрэсліла, што ніводная ініцыятыва і прапанова, выказаныя педагогамі краіны па ўдасканальванні сістэмы адукацыі, не застаюцца без увагі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У ходзе дыялогу з педагогамі Віцебшчыны дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі азнаёміла з асноўнымі вынікамі рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання па пытаннях цэнтралізаванага экзамену. Так, з 6,5 тысячы педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія прынялі ўдзел у анкетаванні, 78% станоўча ацэньваюць навацыю. Многія прапановы педагогаў па ўдасканальванні цэнтралізаванага экзамену на цяперашні час ужо ўлічаны. У прыватнасці, гэта закранае час правядзення іспытаў: плануецца, што ў новым навучальным годзе яны пройдуць 27 і 30 мая, адпаведна, будуць перанесены выпускныя вечары. Што тычыцца сістэмы падліку балаў, то яна будзе максімальна празрыстай, зразумелай кожнаму ўдзельніку ЦЭ і кожнаму з бацькоў.
Па выніках анкетавання, 63% педагогаў лічаць мэтазгоднай арганізацыю спецыяльных курсаў павышэння кваліфікацыі для педагогаў па пытаннях падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ.
Асобна Валянціна Васільеўна спынілася на пытаннях ацэнкі адукацыйных вынікаў вучняў. У краіне склалася практыка правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ (далей — РКР) па вучэбных прадметах. У 2022/2023 навучальным годзе РКР праводзіліся па інфарматыцы ў 8 класе, па гісторыі Беларусі ў 10 і 11 класах. Аб выніках гэтых РКР і рэкамендацыях па ўдасканальванні адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах можна будзе даведацца ў раздзеле нацыянальнага адукацыйнага партала “Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі”.
У новым навучальным годзе таксама плануецца РКР па гісторыі Беларусі ў 11 класе, выпрацоўваюцца падыходы да правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ у 8 і 10 класах, па двух вучэбных прадметах у кожным. Адметнасць новых падыходаў — правядзенне РКР для генеральнай сукупнасці вучняў, гэта значыць выконваць кантрольную работу будуць усе вучні адпаведных класаў.
У лістападзе 2023 года ўпершыню ў нашай краіне пройдзе Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, накіраванае на праверку і ацэнку сфарміраванасці функцыянальнай дасведчанасці (фінансавай, чытацкай, прыродазнаўчай і матэматычнай) навучэнцаў, якія атрымалі базавую адукацыю. Плануецца, што даследаванне ахопіць каля 20 тысяч дзесяцікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і першакурснікаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы ПТА і ССА. Кожнаму з іх будзе прапанавана на працягу 90 мінут выканаць работу з заданнямі на 2 віды дасведчанасці. Разам з тым даследаванне прадугледжвае анкетаванне, нацэленае на выяўленне фактараў, якія маглі паўплываць на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці. Мяркуецца апытаць 4 катэгорыі рэспандэнтаў: вучняў, іх бацькоў (законных прадстаўнікоў), педагогаў, прадстаўнікоў адміністрацыі ўстаноў адукацыі. Арганізаваць мерапрыемства плануецца на электроннай платформе, распрацоўкай якой займаецца Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі. Неабходныя ў падрыхтоўцы да даследавання і яго правядзенні матэрыялы будуць паслядоўна выкладвацца на нацыянальным адукацыйным партале, дзе ўжо створаны спецыяльны раздзел. У верасні тут размесцяць рэпетыцыйны варыянт даследавання. На гэты ж месяц запланавана трэніровачнае тэсціраванне платформы. Акрамя таго, для педагогаў у канцы жніўня — пачатку верасня арганізуюць адпаведныя падрыхтоўчыя семінары.
Згодна з Канцэпцыяй школьнай гістарычнай адукацыі зараз распрацоўваецца змест новага курса “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Вучэбная праграма курса абмеркавана на дыялогавых пляцоўках у лютым — сакавіку 2023 года, дапрацавана з улікам заўваг і прапаноў педагогаў. Новы вучэбны дапаможнік будзе праходзіць апрабацыю з 1 верасня ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара