Прэміі чакаюць лепшых

- 11:55Нашы дзеці

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стартуе на Гродзеншчыне 14 снежня ўручэннем абласной прэміі адораным навучэнцам і студэнтам.

У Гродзенскай вобласці стала добрай трады­цыяй напярэдадні Новага года ўручаць прэмію імя Героя Беларусі А.І.Дубко навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнтам УВА за высокія дасягненні ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Сёлета ўрачыстая цырымонія пройдзе ў Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Тут жа пачнецца абласны відэамарафон “У навагоднюю казку разам!”.

— Усе раёны вобласці рыхтуюць відэачэлендж, які складаецца з некалькіх частак, — расказала дырэктар Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская. — Першая частка — анансаванне Дзедам Марозам старту акцыі “Нашы дзеці”. Дзед Мароз размесціць інфармацыю на знакавых аб’ектах вобласці: на БелАЭС, на сценах замкаў, архітэктурных помніках, установах культуры і прамысловасці. У другім блоку відэа мы ўбачым дзяцей, якія пішуць пісьмы Дзеду Марозу, а ў трэцім — віншаванні раёнаў і перадачу вялікіх шароў, якія тут жа апынуцца на сцэне палаца. Менавіта гэтымі імяннымі шарамі ад раёнаў і будзе ўпрыгожана ёлка. 

23 снежня ў філармоніі пройдзе абласны навагодні баль, у якім прымуць удзел 36 танцавальных пар. А 28 снежня таксама на базе філармоніі адбудзецца абласное дабрачыннае свята для 600 дзяцей ад 8 да 14 гадоў. На свята запрашаюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з мнагадзетных сем’яў, дзеці-інваліды, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў. У рамках свята школьнікі змогуць пагуляць каля ёлкі, пагля­дзець музычны спектакль “Вось і Новы год… ці Як стаць Снягуркай…”, кожны атрымае падарунак.

— На правядзенне абласных мерапрыемстваў у рамках акцыі “Нашы дзеці” выдзелена 56 тысяч рублёў, — расказала галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ханевіч. — Рашэннем аблвыканкама прадугледжана набыццё больш як 1,2 тысячы салодкіх падарункаў, у тым ліку для ўдзельнікаў абласных свята і балю, выхаванцаў школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў абласной формы ўласнасці, дзяцей з сем’яў членаў абласной арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Рашэннем аблвыканкама за 16 інтэрнатнымі ўстановамі, дзіцячымі ўстановамі аховы здароўя замацаваны каля 80 арганізацый для аказання дабрачыннай дапамогі.

Дабрачынныя навагоднія святы пройдуць ва ўсіх раёнах вобласці. Па традыцыі з падарункамі да дзяцей прыходзяць кіраўнікі вобласці і раёнаў, члены аблвыканкама, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый.

Школьнікі Гродзенскай вобласці таксама прымуць удзел у рэспубліканскіх навагодніх святах. 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод якіх — пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з мнагадзетных сем’яў, адправяцца на дабрачыннае свята з удзелам кіраўніка дзяржавы. На навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці пашчасціла пабываць 20 студэнтам і 6 навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, кадэцкага вучылішча. На навагодні паказ у Палац Незалежнасці запрошаны дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзеці з мнагадзетных сем’яў. 

Ірына АНІКЕВІЧ.